Главная > Книга > ГІСТАРЫЧНЫ НАРЫС ВЁСКІ ПРЫЛУКІ

ГІСТАРЫЧНЫ НАРЫС ВЁСКІ ПРЫЛУКІ

Прылукі – вёска ў Сенніцкім сельсавеце Мінскага раёна, у якой налічваецца 1797 чалавек і 765 гаспадарак (на 01.01.2008 г.). І гэта ўжо сапраўднае мястэчка. Размяшчаецца яно паабапал ракі Пціч і даўняга вялікага гасцінца Менск – Койданава – Навагрудак. Не выключана, што Прылукі, як і старажытны Менск на рацэ Менцы каля вёскі Гарадзішча, існавалі ўжо ў X ст., бо і на прылуцкім археалагічным селішчы на левым беразе ракі Пціч, на паўднёвы ўсход ад палаца графоў Чапскіх, на схіле паўночнага берагу штучнай сажалкі знойдзены керамічны посуд X-XIII і XVI-XVIII стст. Гэтае селішча выявіў і абследаваў у 1997 г. беларускі археолаг Юрый Заяц, але раскопкі там яшчэ не праводзіліся.

Каля Прылукаў, пры ўездзе ў вёску з боку Менска, былі два курганныя могільнікі, адкрытыя ў 1893 г., абследаваныя А.Рынейскім у 1930 г., С.А.Дубінскім у 1933 г. і Валянцінам Собалем у 1978 г. Археолагі налічылі 59 курганоў у 10 месцах на беразе Пцічы ва ўрочышчы Царковішча і ў напрамку на вёску Лецкаўшчына. На левым беразе Пцічы пры дарозе Лецкаўшчына – Прылукі ёсць вялікі курган. (Ці не яго раскапаў гаўляйтар Вільгельм Кубэ са сваімі жаўнерамі ў апошнюю вайну, калі ён бываў тут, у Прылуках, у сваёй загарднай рэзідэнцыі, а матэрыялы раскопак (мошчы 2-мятровага чалавека) адправіў у Германію для даследавання (паводле расповяду Аніты – жонкі В.Кубэ пісьменніку Васілю Якавенку; фота з раскопак Прылуцкага кургана ў архіве Л.А.Алкаловіча)? Дарэчы, у 1894 г. у гэтай вёсцы Лецкаўшчына быў знойдзены скарб з 502 арабскіх манетаў.

Што да рамантычнага апавядання “Прылукі” беларускага пісьменніка Каруся Каганца (Казімера Кастравіцкага, які бываў у Прылуках, праязджаючы іх на шляху з Койданаўшчыны ў Менск), то яно ня мае ў сабе гістарычнай праўды і ня можа служыць абгрунтаваннем паходжання самой назвы Прылукі. Рамантык канца XIX ст., К.Каганец піша пра баярскі двор знатнага баярына Яраслава на гары на востраве пасярод Птыча-ракі, пра ягоную жонку Любляну, з-за якой прыдумалі мужчыны “страляцца з лукаў, стаўшы кожны на сваёй гары праз рэчку. І за трэцімі стрэламі пакаціліся. Тое месца з тых пор Прылукамі стала звацца”. Выдуманае паданне пра такое паходжанне Прылукаў абапіралася на некаторыя рэальныя асаблівасці мясцовасці. Сапраўды, у 1635 г. у Прылуках існавалі дзве гары, на якіх былі збудаваныя цэрквы: на Германаўскай гары царква пад назваю Ўзнясення Маці Божай, а на Святатраецкай гары – царква Святой Тройцы, пры якой паўстаў манастыр, пазней перароблены на палац.

У славянскім свеце (Украiна, Расея, Балгарыя, Польшча і інш.) вядомы дзесяткі назваў населеных пунктаў Прылук(і), якія спачатку часта мелі форму мужчынскага роду Прылук, потым змянялі яе на жаночы род Прылука і ўрэшце пераходзілі на множналікавую форму Прылукі.У нас, на Ліцве-Беларусі, акрамя падменскіх Прылукаў, можна ўспомніць яшчэ пяць вёсак Прылукі: Прылукі Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці, Вялікія і Малыя Прылукі Кобрынскга раёна, Прылукі на Бугам Берасцейскага раёна і Прылукі (Буракі) недалёка ад славутага Гняздзілава Ельніцкага павета на беларускай Смаленшчыне. Назва ж вёсак узнікла ад агульнаславянскага геаграфічнага тэрміна прылук(а) – узвышаны бераг у луцэ ракі.

Спачатку і на працягу нескалькі стагоддзяў нашыя падменскія Прылукі былі вялікакняскім дваром, бо ім распараджаліся самі вялікія князі ВКЛ. Яны аддавалі двор у дзяржанне іншым князям або панам. Упершыню Прылук Менскага павета ўпамінаецца 10 красавіка 1473 г. як былое валоданне князя Яўлашкі Цяляціны: “далі есьмо пісару нашому пану Ваську Любічу тое село (Прілук), што небощік князь Евлашко Телятіна держал, со всім с тым по тому, как он держал. А што пак мы былі прідалі князю Евлашку Телятіне два чоловекі Клімовічі, а Чолятічі, тых пісару нашому Ваську ж есьмо далі”. Крыху ніжэй на аркушы 48 ідуць дакладна невядомага часу спарадычныя запісы пра вёску Шчытомерычы, а яшчэ праз тры запісы наданняў зноў заходзіць гаворка пра Яўлашку Цяляціну як нібыта жывога. Відаць, ён атрымаў сабе падданых яшчэ раней, як у 1473 г.: “ Князю Евлашку Телятіне два чалавекі Скорінічі: Грідко а Хотян”. (Сягодня вёска Скарынічы знаходзіцца паміж Сенніцай і Прылукамі). Хаця ў запісе 1473 г. называюцца не самі Прылукі, а толькі некаторыя суседнія вёскі, запіс 16 ліпеня 1493 г. ад вялікага князя Аляксандра Ягелончыка сведчыць на карысць Прылука – ім ужо валодаў не Васіль Паўлавіч Любіч, а ягоны пляменнік Пятрашка Хамініч Любіч, таксама пісар ВКЛ: “Біл нам чолом пісар наш Пятрашко Хомініч Любіча, што перво сего небожчік отец наш (Казімір IV Ягелончык – Л.А.) король его мілосць подавал был пісару сваему пану Ваську Любічу … в Менском павете Прілук на реце на Пцічі, што небольщік князь Телятіно держал, со всім тым, што к тым іменьем слушіць. На гэта ёсць упамін 1645г. на “Ліст (без даты, але, напэўна, 1473 г.) короля е.м.Аляксандра до наместніка Менского князя Івана Юревіча, пісаный в Городне, о поданье того Телятініна пану Ваську Любічу. Пра князя Цяляціна мала гістарычных звестак, і яго прозвішча зафіксавана ў 1460 г. на Меншчыне (паводле “ Polskiej Encycklopedyi Szlacheckiej”, t. XI, 349) як князя невядомага паходжання ў чацвёртай групе з 30 княскіх прозвішчаў. У 1482 г. лістом князя Андрэя Канстанцінавіча чыніцца замена грунтоў у Прылуках за гумном Пятрашкі Хоміча Любіча. 28 лістапада 1488 г. пан Пятрашка Хоміч Любіч, пісар караля Аляксандра, выдае ліст-фундуш Менскаму Ўзнясенскаму манастыру на палавіну пажытку з млына на рацэ Пцічу ў двары Прылуках і на палавіну вымелка (платы за памол у млыне) з пруда свайго Каханкавых (гэты фундуш пазней пацвердзіў Жыгімонт-Аўгуст 22.12.1551 г.). 21 ліпеня 4 індыкта (1505?г.) кароль Аляксандар піша ліст да мітрапаліта Кіеўскага Ананія пра затрыманне пажытку на Ўзнясенскі манастыр у Менску з млына на рацэ Пцічы ў двары Прылуках і з пруда Пятроўскага , што на Пцічы супраць людзей яго Каханкавых, “ абы о задержанье пожітку с того млына жоны Грігоревое Новогородцовое, бывшее Петрашковое і сына ее Міхалейца, справедлівосць учініл”. Як бачым, яшчэ ў самым пачатку XVI ст. Прылуцкі маёнтак знаходзіўся ў дзяржанні былой жонкі Петрашкі Любіча і яе сына Міхала. 4.08.1508 г. кароль Жыгімонт I Стары пацвердзіў менскаму намесніку князю Багдану Іванавічу Заслаўскаму валоданне “дворцом в Менском павете на імя Прылук, штож брат наш щасное памяці Аляксандр, кароль і вялікій князь его мілосці, і теж для шкод і впаду его велікого, который ся ему стал от поганства татар”.

Прывілей я.м.Казіміра, дадзены 26 чэрвеня 1511 г. “межі іншымі добрамі на іменье Телятінское у Прілуце” Міхайлу Пятровічу, сыну Пятрашкі Хоміча Любіча, ужо называе новага ўладальніка Прылукаў.

Пра шырокую і даўнюю ў той час вядомасць пра князя Цяляціна гаворыць і ліст продажу 5 ліпеня 1532 г. тым самым Міхайлам Петрашкевічам (Любічам) “того ж іменья Телятіновского в Прілуце пану Стецку Петровічу — войту Слуцкому”. Наступнымі валадарамі Прылукаў становяцца Сцяцкевічы. У 1541 г. той самы кароль Жыгімонт даў ліст свайму двараніну князю Янушу Раманавічу Любецкаму ў тым, “іж маршалок наш, державца менскій, пан Ян Стецкевіч, відячі не шкодное наше господарское і разумеючі, іх на таковых велікіх переездах послом і купцом і каждому чалавеку жадных станов нет, дазволіл ему поставіті на іменьі жоны его Прілуцком, которое она дзержіць у суме пенязей, дзве корчме, адну на дарозе могілевской в пяці мілях от места нашего Менского на реце Волме на пушчы на землі его блізко селішч его старіх Бреелевскіх, которые суть от непріяцелей нашіх спустошоны, і другую также на Слуцком гостінцы тры мілі от Менска над речкою Крупіцою, такеж на яго землі…”.

Захаваўся вялікі судовы вырак, пісаны ў Вільні 7.10.1542 г., князю Васілю Таланчынскаму і князю Андрэю Адзінцэвічу і іхным жонкам-княжнам Заслаўскім, з князем Янушам Любецкім пра “іменье Прылукі (Прілук)”, і тастамант княгіні Ганны-Агаф`і Багданаўны Жаслаўскай па мужу Янавай Раманавіча Любецкай, пісаны “у Прілуце”. З тых дакументаў высвятляецца, што князь Багдан Іванавіч Жаслаўскі “взял по жене своей, дотце пана Івана Ходкевіча, воеводы кіевского, тісечу коп грошей і в той суме пенезей отпісал ей тое іменье свое Прілукі с стадом і с челядью невольною”. Князі Васіль Талачынскі і Андрэй Адзінцэвіч разам са сваімі жонкамі княжнамі Жаслаўскімі скардзіліся на князя Януша Любецкага, які “дзержіць іменье Прілукі, отчізну жон нашіх, а ім поступіті не хочет, менечы, якобы жонка его Ганна, сестра жон нашіх, тое іменье ему запісала, в чом сама моцы не мела”. Віленскі суд на чале з віленскім ваяводам і дзяржаўцам Янам Юравічам Глябовічам прысудзіў тое ”іменье (Прылук(і)) жоне князя Толочінского княгіні Марьі, а княгіні Андреевой Одінцевіча Феді, і сестре іх княжне Томіле – Богдановнам Жославскім”. Цікава, што ў кнізе судовых спраў 14 разоў называюцца нашы Прілукі ў розных формах напісаннях: іменье Прілук, Прылукі і Прілукі, на йменью Прілуках, на іменьі моем (своем) Прілуце і толькі адзін раз Прылуцкі двор: “челядь невольную всю того двора Прілуцкого “. У 1542 г. ўжо існавала царква Найчысцейшае Божае Маці са сваімі двума святарамі: “А тот дастамент расказывала есьмі пісаті духовніку моему свещеньніку Пречістое Богоматеры у Прілуце Данілью справляті. А пісал свещенік прілуцкій Ільінскій Іван”. 16 верасня 1567 г. Фёдар Лецка Есман, сам то служачы князю Слуцкаму, з`явіўся на перапіс войска ВКЛ, ставячы “з іменей своіх с Прілук, а з Закревя коні два, панцыр, прылбіцу, сагайдак, шаблю, раганіцу … драба 1 з ручніцай”. 26 верасня 1567 г. “пані Павловая Есманова Богдана Грігорьева Горская вдова з іменей своіх з Мусцян …, а с Понізья…, а з Кгердутішок, а з Прілук, а з Вербковіч в Менском повете ставіла коней 8 зройне …, драбі 4 з ручніцою а з мечі”. 4.10.1567 г. “пані Львовая Росская з іменей своіх – з Оболі …, з Мошкова …, з Беніцы і з Олісеевшчізны …, з Прілук коні 2, драб 1”.

З 16.05.1582 г. распачынаецца судовая справа з-за Прылуцкага двара пані Дзям`янавай Валадковічавай Паланеі Лядскай па скарзе зямянкі гаспадарскае Менскаму павету пані Фёдаравай Лецкавіча Есманавае Зофеі Фурсаўны “о кгвалтовное і безправное выбітье с покойного держанья ее с того двора Прылуцкого, так і повете Ошменском лежачых”. 17.06.1582 г. трэцім дзяржаўцам (часовым уладальнікам вялікакняскага маёнтка) Прылукаў быў пан Багдан Сцяцкевіч з жонкаю сваёю княжною Аўдоцяю Горскаю, які, наехаўшы на двор Звераўшчыну Менскага павету, да двара іх Прылук “ отпроваділ”. Паводле падзелу князёў Горскіх з сёстрамі і іх шваграмі ў 16??-ыя гады, “маетность Прілукі достала се кнежне Овдотьі Горской Богданоновой Стеткевічовой, маршалковай его королевской мілості”. У пачатку XVI ст. ў Прылуках быў заснаваны праваслаўны манастыр (праіснаваў да 1740 г.), якому Ганна з Агінскіх Сцяцкевіч 25.12.1635 г. надала фундуш – 3 валокі зямлі ў в.Слухочыны (сучасная вёска Стукацічы) за Прылукамі. 26.01.1636 г. яе міласць пані Ганна Агінская Вільгельмавая Сцяцкевічавая, падкаморынавая Браслаўская, выдае тамтэйшаму манастыру “чотыры тысячы золотых польскіх, абы законніцы в том манастыры зостаючые выжывене меті моглі”, і згадвае зноў манастыр і “село до Прілук прыслухаючое Слухатчыны с подданымі, гору Германовскую, на которой негдысь Успенья церков заложенья Богородіцы была”, а “в церкві маетності Прылуцкой у Менском воеводстве лежачой заложенья Светое Троіцы под послушенством светых Патриархов Ерозолимского и Константынопольского ….з домовства Князей Окгінскіх, Стенкевічов і іных которых тела з век веков трваючои погребеные впокое опочываюць”. Менскі генерал (возны) Я.К.М.Севярын Сухарэбскі сваім інтрамісійным квітом у кнігах менскіх актаў засведчыў аддачу Прылуцкаму праваслаўнаму манастыру Святой Тройцы вёскі Слухатчычы (Стукацічы) і Германаўскай гары “честному отцу Іосіфу Гурковічу, старшому манастыра прылуцкого і браці его законноі”. Ганна Агінская-Сцяцкевіч памерла недзе ў канцы 1644 ці ў самым пачатку 1645 г., бо ў лісце ад 16 лютага 1645 г. яна называецца нябожчыцай і пахавана сама ў Прылуцкай царкве пры сваіх родных блізкіх. Названы ліст-запіс складзены ў Прылуках і 1 ліпеня 1645 г. ўпісаны ў справы Менскага городскага суда, якім браслаўскі падкаморы Крыштоф Сцяцкевіч, мсціслаўскі кашталян Багдан Сцяцкевіч, аршанская харужынавая Кацярына Сангушкаўна Янавая Сцяцкевічавая, аршанскі харужыч Самуэль Сцяцкевіч ад імя сваіх малетніх братоў і сясцёр пацвярджаюць фундушы маці-нябожчыцы Ганны Агінскай Вельгельмавай Сцяцкевічавай на чатыры тысячы польскіх залатых з маентка Прылукі на Прылуцкі манастыр і царкву Святой Тройцы ў ім, у якой пахавана вельмі многа цел князёў Заслаўскіх, Вішнявецкіх і нямала іншых з шляхецкага народу, а таксама яе фундуш на манастырскі фальварак і сяло Слухочычы (Сухочычы, мо Стукочычы) з падданымі і 12 валокамі зямлі і сенажацямі над рэчкай Пціччу, адмяжоўваючы іх з чатырох бакоў ад вёсак Шпілек, Цяхоўшчыны (мо Каханаўшчына?), Цімошкаў, Падгая над ракой Пціччу. Акрамя таго, паны Сцяцкевічы патрабуюць ад айца ігумена Ёзафа Груковіча і яго наступцаў ня ўводзіць у Прылуцкім манастыры вуніі і рымскага набажэнства і не прымушаць да гэтай веры. Прылуцкі ігумен Іосіф Груковіч (у іншым дакуменце Гурковіч) атрымаў дабраславенне на ігуменства ад архіяпіскапа Кіеўскага, мітрапаліта Пятра Магілы і знаходзіўся пад апякунствам Менскага ігумена царквы святых апосталаў Пятра і Паўла.

5 траўня 1645 г. быў напісаны інвертар маёнтка Прылукі для сына Ганны Агінскай-Сцяцкевіч, браслаўскага падкаморыя і азярышчанскага старасты Крыштофа Сцяцкевіча, дзе называюцца прыналежныя прылуцкаму двару вёскі з імёнамі і прозвішчамі сялянаў-мужчынаў і іхнымі сынамі – Цімошкавічы (26 дамоў), Прылучкі (33 дамы), Лецкаўшчына (29 дамоў), Шчомысліца (19 дамоў), Слабада (9дамоў), Каханаўшчына (19 дамоў) і Падгаі (32 дамы). У Віленскім архівах знаходзяцца інвентары Прылуцкага маёнтка за 1651, 1694, 1772 гг. і пазнейшыя часы.

28.12.1645 г. галоўны трыбунал ВКЛ выдаў дэкрэт, якім пацвердзіў дэкрэт Менскага земскага ўраду ад 16.01.1644 г. па прэтэнзіі ігумена менскіх Узнясенскага і Святадухаўскага манастыроў вялебнага айца Кастанта Вітапольскага і ўсяе капітулы рэгулы святога Базыля на права карыстання паловаю пажытку з млына на рацэ Пцічу іменья і двара Прылук. Скарга менскіх манастыроў, праўда, засталася незадаволенай. Цяперашнімі пасэсарамі двара Прылук(аў) называюцца пан Крыштоф Сцяцкевіч, падкаморы Браслаўскі і стараста Азярышчанскі, і ягоная жонка пані Хрысціна Друцкая-Скалінская, якім Прылуцкі маёнтак дастаўся ад нябожчыцы-маці князя княжны Ганны Агінскай Вільгельмавай Сцяцкевічавай і яе мужа Вільгельма Багданавіча Сцяцкевіча, падкаморыя Браслаўскага, які памёр у 1616 г.

18.01.1656 г. Прылукі былі спадчынным уладаннем Яна Крыштофавіча Сцяцкевіча, харужага казацкай харугвы (ягоны стрыечны брат Крыштоф Янавіч Сцяцкевіч). 16.11.1661 г. кароль Ян II Казімір канфірмаваў Яну-Крыштофу Сцяцкевічу маёнтак Прылукі Менскага ваяводства. У 1667 г. ў маёнтку Прылукі было 19 дамоў. З канца XVI і ў XVII ст. дзяржаўцамі Прылукаў былі Сцяцкевічы. Але часткаю Прылукаў валодаў пэўны час і другі шляхецкі род Прылуцкіх гербу Сляпыворан, які вядомы ў нас на Літве-Беларусі з 1659 г., калі Каспар Прылуцкі атрымаў ў дзяржанне Славагоры і Астравы. Антон Прылуцкі ў 1730 г. быў мазырскім чашнікам. Прылуцкая ў канцы XIX — пачатку XX стст. мелі свае землеўладанні ў Кобрынскім, Пружанскім і Берасцейскім паветах Гарадзенскай губерні (у Кобрынскім і Берасцейскім паветах існуюць здаўна вёскі Прылукі) і Бабруйскім, Слуцкім, Рэчыцкім і Мазырскім паветах Менскай губерні. Некаторыя з Прылуцкіх гербу Сляпыворан даказалі сваё шляхецкае паходжанне ў Кіеўскай губерні, Менскай у 1823 і 1854 гг.(І частка радаводнай кнігі; указ Урадавага сянату пра пацверджанне 20.02.1861 г.), Гарадзенскай (6 ч. р. кн) і Віцебскай губернях, дзе ў апошняй яны запісаныя ў 6-ю частку дваранскай радаводнай кнігі ў спаланізаванай форме як Пржіленцкі (Przylecki) (указ Урадавага сянату пра пацверджанне 21.08.1856 г.). У радаводнай справе пра дваранскае паходжанне роду Прылуцкіх Менскай губерні ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Менску самым раннім доказам шляхецтва выступае выпіска дарчага акту з Галоўнага Трыбуналу ВКЛ ад 20.02.1718 г. Родапачынальнікам прызнаецца Дамінік Ісакавіч Прылуцкі, які разам са сваім сынам двухіменным Іванам-Дамінікам па дарчым запісе роднага брата родапачынальніка-беспатомнага Івана Ісакавіча Прылуцкага атрымалі ў валоданне частку двора (іменья) Прылук з сялянамі ў Менскім ваяводстве: Дамініку Ісакавічу перадаў у пажыццёвае, а Івану-Дамініку Дамінікавічу – у вотчыннае валоданне. Паводле адказнага ліста, учыненага 28.05.1764 г., а 7.07.1764 г. яўленага ў Менскім галоўным каптуровым судзе, сыны Івана-Дамініка Міхал і Васіль Прылуцкія былі ўведзеныя пасля смерці іхнага бацькі ў валоданне Прылукам, якое потым “по крепости 6.04. состоявшейся, а 30.09.1780 г. совершенной в Минском городском суде” прадалі Вікенцію Пятровічу. Была ўчынена праверка законнасці дарчага акту 1718 г., бо актавая Трыбунальная кніга за 1718 г. згарэла ў час пажару 1762 г. у Менску. Уратавала справу прызнання першапачатковага акта 16.02.1718 г. тое, што “значущаяся на ней подпись реента Еленскаго по сличении оной посредством секретарей с другими его подписами оказалась справедливою”. 22.01.1853 г. Менскі Дваранскі Дэпутацкі Сход запатрабаваў даведкі на наянасць маёнтка Прылукі ў Менскім ваяводстве. І “Минское губернское правленіе определило, что населенное крестьянами имение Пржилуки, показанное по документам рода Пржилуцких, существовало в бывшем Минском воеводстве, а ныне существует в Минском уезде под названием Прилуки и документам рода Пржилуцких, существовало в бывшем Минском воеводстве, а ныне состоит во владении помещицы Людвики Горватт”. Архімандрыт Мікалай у 1860-я гады сцвярджаў, што былы Прылуцкі Свята-Траецкі мужчынскі манастыр, прыпісаны да Менскага Петрапаўласкага манастыра, знаходзіўся ў вёсцы Прылуках, дзе цяпер “двор помещика Прилуцкого”.

Больш за сто гадоў праваслаўныя манахі валодалі Прылуцкім манастыром, пакуль менскі стараста Іосіф Іваноўскі ў 1740 г. не разагнаў манахаў, гвалтоўна захапіў манастыр і ягоны маёнтак Стукацічы. 19 снежня 1741 г. Іосіф Іваноўскі скардзіўся на менскіх дызунітаў, што тыя давялі да запусцення Прылуцкую вуніяцкай царкву на месцы былой праваслаўнай Свята-Духаўскай. 26 ліпеня 1755 г. Іосіф-Міхал Іваноўскі зрабіў фундушны запіс Прылуцкай вуняцкай царкве на адну валоку зямлі. Вядома, што пані Іваноўскі ў 1763г. пабудавала ўніяцкага прыходскага святара Свята-Духаўскую (раней Пакроўскую) драўляную царкву на гары, аддзенай ад прылуцкага двара паштоваю дарогаю.

2 траўня 1767 г. падкаморскім дэкрэтам Прылуцкі двор быў размежаваны з дваром Сякснаравічы, або Русінавічы. 27 красавіка 1776 г. адбыўся асэсарскі дэкрэт па справе пра захоп менскім судовым старастам Ігнатам Іваноўскім царквы Прылуцкага праваслашнага манастыра і ягонага фундушнага фальварка Слуховічы (Стукацічы). Паны Іваноўскія валодалі Стукацічамі да 1778 г., у якім Стукацічы былі вернуты паводле распараджэння ўрада Менскаму Петрапалаўскаму манастыру. Паводле інвентароў 1779 г. вёска Прылучкі была адделена ад маёнтка Прылукі.

Дзяржаўцы-валадары двара (Іменья) Прылук (і) ад XV да пач. XX ст.
Дзяржаўцы-валадары двара (Іменья) Прылук (і) ад XV да пач. XX ст.
Дзяржаўцы-валадары двара (Іменья) Прылук (і) ад XV да пач. XX ст.
Дзяржаўцы-валадары двара (Іменья) Прылук (і) ад XV да пач. XX ст.

Леанід Акаловіч «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *