Главная > З. Шыбека > Граф з піўной этыкеткі, або Пераўтваральнік Менска

Граф з піўной этыкеткі, або Пераўтваральнік Менска

Здаецца, найлепш гэтае імя вядомае аматарам піва. “Граф Чапскі” – чытаюць яны кожны раз, калі адкаркоўваюць піўную бутэльку. Адны лічаць графа аматарам піва ці нават ледзь не прапойцам. Іншыя ведаюць, што гэта былы гаспадар старажоўскага бровару “Багемія”, які доўгі час называўся “Беларусь”, а цяпер мае назву “Аліварыя”. І толькі асобныя гісторыкі могуць расказаць пра графа значна больш. Урэшце, гэтая асоба нібыта і вядомая, але ж вядомая зусім мала.

Візітоўка

Дык хто ж ён, граф Кароль (Карл Эмерыкавіч) Чапскі? Напаўміфічны півавар, менскі гарадскі галава, самазадаволены буржуй-вусач, з абавязковым куфлем у руках і пенай на вусах? Кароль Ян Аляксандр Гутэн-Чапскі нарадзіўся 15 жніўня (ст.ст.) 1860 г. у маёнтку Станькава (за 40 км ад Менска). Быў рыма-каталіцкай веры. Род Чапскіх вядомы ў Польшчы (Гданьскае Памор’е) ад XVI ст., ад XVIII ст. таксама і ў ВКЛ, праз шлюбы пароднены ледзь не з усёй Еўропай, асабліва з курляндскімі і чэшскімі родамі. Бацька Караля Эмерык Захары Мікалай Севярын (1828—1896), з ліку вядомых царскіх вяльможаў, займаў паслядоўна пасады наўгародскага губернатара, пецярбургскага віцэ-губернатара і дырэктара Ляснога дэпартаменту Расеі. Шлюб з Лізаветай з роду баронаў Маендорфаў (1833—1916) даў Эмерыку Чапскаму доступ у самыя высокія колы расейскай арыстакратыі, улучна сямейнікаў царскай фаміліі. Прычым давер да яго быў нагэтулькі вялікі, што наўгародскім губернатарам ён прызначаны ў крывавым 1863 г. – амаль неверагодна для паляка! Акрамя таго, Эмерык Чапскі меў славу вядомага нумізмата і археолага, валодаў унікальнымі калекцыямі даўніны, сабранымі ў Станькаве. Напрыклад, тутэйшая картаграфічная калекцыя была найлепшай не тое што ў Беларусі, але ўва ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Цяпер значная частка станькаўскіх скарбаў знаходзіцца ў музеі Чапскіх у Кракаве, уфундаваным Эмерыкам Гутэн-Чапскім перад самай смерцю. Замілаванасць старажытнымі помнікамі перадалася і сыну. З волі маці Караль вучыўся ў нямецкай гімназіі Санкт-Анэн-Шуле ў Санкт-Пецярбургу. У 1882 г. скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт са ступенню кандыдата палітэканоміі і статыстыкі.

Бацька Караля - Эмерык Захары Мікалай Севярын Гутэн-Чапскі (1828-1896) і маці Караля - Лізавета Чапская з Маендорфаў (1833-1916)
Бацька Караля — Эмерык Захары Мікалай Севярын Гутэн-Чапскі (1828-1896) і маці Караля — Лізавета Чапская з Маендорфаў (1833-1916)

Па завяршэнні вучобы вярнуўся ў Станькава, каб кіраваць бацькавай гаспадаркай. Велізарная латыфундыя Чапскіх займала 34 545 дзесяцінаў зямлі. Акрамя Станькава, ў яе ўваходзілі фальваркі Каралёва, Прылукі, Скарынічы, Негарэлае, Прусінава, Стукаціцкая лясная дача і тры засценкі ў Менскім павеце, а таксама фальварак Самуілава і 5 засценкаў – у Ігуменскім павеце. У 1894 г. бацька падзяліў сваю маёмасць: Станькава дасталося ў спадчыну Каралю, Прылукі сталі маёнткам малодшага брата Ежы (1861—1930). Караль быў жанаты з Марыяй Пуслоўскай (1870—1968), прадстаўніцай не менш знакамітага шляхоцкага роду. Меў чатырох дзяцей.

Маёнткам у Станькаве Гутэн-Чапскія валодалі з 1772 г., калі адкупілі яго ў Радзівілаў. Стары сядзібны дом быў разбураны бацькам Караля - Эмерыкам Чапскім, які на месцы ранейшага збудаваў новы палац. Пра гэты будынак сучаснікі казалі, што ён хоць і не вызначаецца адмысловасцю архітэктуры, нагадвае агромністую скарбонку, напоўненную найвялікшымі каштоўнасцямі
Маёнткам у Станькаве Гутэн-Чапскія валодалі з 1772 г., калі адкупілі яго ў Радзівілаў. Стары сядзібны дом быў разбураны бацькам Караля — Эмерыкам Чапскім, які на месцы ранейшага збудаваў новы палац. Пра гэты будынак сучаснікі казалі, што ён хоць і не вызначаецца адмысловасцю архітэктуры, нагадвае агромністую скарбонку, напоўненную найвялікшымі каштоўнасцямі

З 12-гадовага ўзросту (1872 г.) ягонае жыццё, паводле ўласнага прызнання, звязана з Менскам. Ён уваходзіў у лік самых багатых менчукоў. Валодаў амаль 10-цю самымі лепшымі ў горадзе будынкамі. У 1897 г. маёмасны цэнз перавышаў 86 тыс. руб. Сувымернымі багаццямі валодалі ў горадзе ўсяго дзве-тры асобы. Ягоныя дамы месціліся на вул. Захар’еўскай, Падгорнай, Праабражэнскай, Скобелеўскай і на Прывакзальным пляцы (рог Бабруйскай і Пецярбургскай). На Скобелеўскай меўся ўласны сад. Высокі маёмасны цэнз і выдатная адукацыя спрыялі таму, што ў 1890 г. у 30-гадовым узросце ён абіраецца на пасаду гарадскога галавы г. Менска. І з таго часу пачынаецца самы адметны, але і самы цяжкі перыяд у жыцці графа.

Папярэднікі

Пасля паўстання 1863 г. гарадское самакiраванне, і дагэтуль значна абмежаванае, яшчэ больш падпала пад кантроль царскай адмiнiстрацыi. Закон ад 22 траўня 1864 г. забараняў “палякам”, дакладней каталiкам, займаць дзяржаўныя пасады ў заходнiх губернях. Прэтэндэнтаў на кіраванне ў тых губернях пачаў зацвярджаць сам мiнiстр унутраных спраў.

У 1880 г. на пасаду гарадскога галавы Мiнска заступiў М.Галiневiч, якi выконваў абавязкi мунiцыпальнага лiдэра да сваёй смерцi ў 1889 г. Расейскi чыноўнiк, прадстаўнiк праваслаўнага дваранства Менскай губернi, ён карыстаўся вялiкай падтрымкай i даверам з боку мясцовай царскай адмiнiстрацыi. Аднак пачатая Л.Дэльпацэ мадэрнізацыя гарадской гаспадаркі працягвалася і пры ім. Ужо ў 1886 г. Менск меў найбуйнейшую сярод губернскiх гарадоў Беларускага краю даходную частку бюджэту.

На жаль, пакуль не складзены поўны спіс выбарных кіраўнікоў нашай сталіцы, пачынаючы ад увядзення магдэбургскага права і да нашых дзён. Нават звесткі з недалёкага ХІХ ст. на гэты конт няпоўныя. У 1836—1839 гг. гарадскiм галавой Мiнска быў Леапольд Дэльпацэ, мясцовы купец iтальянскага паходжання (з г. Верона) i рыма-каталiцкага веравызнання. Пазней, у 1851—1854 гг. ён перавыбiраўся на гэтую пасаду, бо карыстаўся вялiкай павагай сярод мiнчукоў за дэмакратызм i сумленнае стаўленне да абавязкаў.

Першая кадэнцыя 1890—1893 гг.

Пасля смерці М.Галіневіча царскія ўлады доўга не маглі падабраць годнага пераемніка. Прэтэндэнтаў сярод праваслаўных, якія б валодалі маёмасным цэнзам, было мала. Ды і сярод выбаршчыкаў пераважалі домаўладальнікі-каталікі, якія пасля забароны пашырэння сваіх землеўладанняў у сельскай мясцовасці (1865) паспешліва набывалі маёмасць у Менску. Яны і забяспечылі абранне маладога і энэргічнага Караля Чапскага на пасаду гарадскога галавы. Пецярбург зацвердзіў кандыдатуру. Царскі ўрад у той час змякчаў дыскрымінацыю каталікоў, каб не ўскладняць дачыненні з мясцовымі землеўласнікамі і не абцяжарваць фармаванне муніцыпальных органаў на захадзе імперыі.

Абранне графа на пасаду гарадскога галавы Менска не ўсім падабалася. Прадстаўнікі праваслаўных колаў (пераважна чынавенства) адразу ж напісалі губернатару данос: не дапускае праваслаўных у гарадскую думу, ганьбіць годнасць гарадскога галавы тым, што прыкрывае сваім імем “жыдоўскія кабакі” (прыгадалі графскія шынкі, дзе працавалі гэбраі). Але і гэбрайскія камерсанты сустрэлі новага кіраўніка насцярожана. Ім не надта падабалася, што нейкі амбітны малады пан пачаў муніцыпалізаваць даходныя артыкулы гарадской гаспадаркі – бойню для жывёлы, гандлёвыя крамы на Нізкім рынку. Ды і адзіная ў горадзе недзяржаўная газета “Минский листок” спачатку з недаверам паставілася да планаў К.Чапскага, назваўшы яго ў 1890 г. чалавекам увлекающимся. Але новы гарадскі галава дзейнічаў рашуча і
паслядоўна. Вось толькі некаторыя яго здзяйсненні на адказнай пасадзе:

1890 год. Завяршылася будаўніцтва тэатру і выкуплены будынак летняга тэатру ў Губернскім парку. Гараджане пачалі карыстацца тэлефонам. Муніцыпальнай уласнасцю стала частка Нізкага рынку, што дагэтуль знаходзілася ва ўладанні прыватных асобаў.

Пачатак кадэнцыі Караля Чапскага адзначаны завяршэннем будаўніцтва новага гарадскога тэатру паводле праекту архітэктара К.Казлоўскага (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы)
Пачатак кадэнцыі Караля Чапскага адзначаны завяршэннем будаўніцтва новага гарадскога тэатру паводле праекту архітэктара К.Казлоўскага (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы)

1891 год. Праведзена ўладкаванне гарадской бойні для жывёлы, пачаў дзейнічаць ламбард, пабудаваныя 172 гарадскія крамы і распачата ўмацаванне набярэжнай Свіслачы, якая прыносіла менчукам шмат клопатаў падчас вялікіх дажджоў і паводак. Надбудаваны трэці паверх над гарадскім домам на рагу вул. Губернатарскай і Юр’еўскай (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца аддзяленне “Беларусбанку”, вул. Леніна, 3).

1892 год. Адбылося ўрачыстае адкрыццё руху на конна-чыгуначнай дарозе (“концы”). Гэта быў той жа трамвай, толькі цяглавай сілай служыла пара запрэжаных коней. Пасля ўсталявання новай вадапомпавай машыны, значна павялічылася магутнасць водаправоду. Менскія “бамжы” атрымалі дом прытулку. Ламбард перамясціўся ў нанава адбудаваны гарадскі дом. Забрукаваная Койданаўская шаша, якая злучала горад з урадлівымі землямі паўднёва-заходніх паветаў губерні і маёнткам графа Чапскага. Гарадское самакіраванне арганізавала чарцёжнае бюро і ўзялося за планамерны кантроль за гарадской забудовай. Пачалося санітарнае аздараўленне гораду: адкрыўся гарадскі санітарны камітэт, праведзены антыхалерныя мерапрыемствы. Cанітарны камітэт месціўся ў адным з дамоў К.Чапскага. Арэндная плата была мінімальная – 375 руб. у год.

Менская
Менская «конка». Пачатак ХХ ст на маршруце ад вул.Гандлёвай да Саборнага пляцу (цяпер пляц Волі) пад`ём пераадольваўся з дапамогай дадатковых коней. Новы від транспарту з`явіўся ў Менску на год раней, чым у Вільні

1893 год. Эпідэмія халеры падштурхнула да заснавання аналітычнай станцыі і дэзінфекцыйнай камеры. На гарадскія сродкі адчынілася 2-я прыходская вучэльня. Праведзена значнае добраўпарадкаванне гораду. Забрукаваны некаторыя галоўныя вуліцы і Ракаўская шаша, па якой Менск атрымліваў большую частку дроваў. Пабудаваны новы Нізка-Базарны мост (сучасны мост праз Свіслач, які злучае вул.Нямігу і Багдановіча), каб працягнуць лінію “конкі” ў бок Траецкага рынку і піваварнага бровару графа Чапскага. Сем’і пажарнікаў атрымалі асобныя казармы. У гарадскую рысу ўвайшлі землі вёсак Пятроўшчына і Сеніца.

Другая кадэнцыя 1893—1897 гг.

У 1893 г. К.Чапскі лёгка перавыбіраецца на другі тэрмін. Пасада дазваляла паводле статусу атрымаць годнасць калежскага асэсара. У 1894г. граф адмаўляецца ад дзяржаўнага жалавання і надалей працуе бясплатна.

1894 год. У Менску ўведзена электрычнае асвятленне. Гарадская ўправа ўзяла пад кантроль выдаленне з гораду выкідаў, выкупіўшы ў прыватнай асобы асенізацыйны абоз. У сувязі з будаўнічым бумам праведзена інвентарызацыя муніцыпальных земляў, складзены іх план.

1895 год. Адчынена рамесная вучэльня, для якой горад набыў асобны дом, а таксама 3-я прыходская вучэльня. У доме графа Чапскага на вул. Захар’еўскай пачаў дзейнічаць радзільны прытулак, які атрымліваў з гарадскіх сродкаў штогадовае фінансаванне. Зацверджаны новы план гораду.

1896 год. Пачало дзейнічаць крэдытнае таварыства, якое выдавала іпатэчны крэдыт для рамонту і будаўніцтва новых дамоў, пераважна камяніцаў. Тады ж горад выдзеліў спецыяльны пакой для правядзення аўкцыёнаў і набыў новую электрамашыну.

1897 год. Пабудаваны новы Ляхаўскі мост, што злучыў скарбовы вінны склад з цэнтрам. Пры гарадской бойні ўпарадкаваны загонны двор для жывёлы. Праведзеныя антыдэзінтэрыйныя мерапрыемствы.

Першая менская электрастанцыя пачала працаваць 12 студзеня 1895 г. Дзякуючы амбіцыям Чапскага. Менск на 6 гадоў раней за Вільню пачаў карыстацца электрычным асвятленнем. Перабудаваны пасля апошняй вайны, будынак электрастанцыі дажыў да нашых дзён (праспект Скарыны, 32б). На здымку 1920-х гг. тут яшчэ электрастанцыя. Шкада, што сёння на ім няма мемарыяльнай дошкі з барэльефам графа...
Першая менская электрастанцыя пачала працаваць 12 студзеня 1895 г. Дзякуючы амбіцыям Чапскага. Менск на 6 гадоў раней за Вільню пачаў карыстацца электрычным асвятленнем. Перабудаваны пасля апошняй вайны, будынак электрастанцыі дажыў да нашых дзён (праспект Скарыны, 32б). На здымку 1920-х гг. тут яшчэ электрастанцыя. Шкада, што сёння на ім няма мемарыяльнай дошкі з барэльефам графа…

Трэцяя кадэнцыя 1897—1901 гг.

Чарговыя выбары гарадскога галавы адбыліся ў 1897 г. І на гэты раз К.Чапскі лёгка перамог. Ніхто не рызыкнуў нават выставіць альтэрнатыўную кандыдатуру. Бурлівая дзейнасць ужо знакамітага гарадскога галавы працягвалася.

1898 год. З’явіўся шпіталь для прастытутак. Горад выкупіў у прыватных асобаў Юбілейны пляц і набыў зямельны надзел для Вольнага пажарнага таварыства.

1899 год. Адчынена 2-я жаночая гімназія. Пачала дзейнічаць бясплатная амбулаторыя. Атрымана права на выпуск аблігацыйнай пазыкі. Працягвалася землеўпарадкаванне: складзены новы план гораду, набытая зямля для Малочнага рынку, у гарадскую рысу ўлучаныя 145 дзесяцінаў з прыгараднага маёнтка Лошыца Яўстаха Любанскага.

1900 год. Менск займеў публічную бібліятэку. Для гарадской электрастанцыі набыта новая дынама-машына. Пры рамеснай вучэльні заснаваная медналіцейная майстэрня. Траецкі рынкавы пляц забрукавалі. У Саборным скверы ўзведзены помнік Аляксандру ІІ.

Вуліцы брукаваліся ўвесь час. К.Чапскі добра разумеў цану брукаванак. Ягоны бровар, як і іншыя прадпрыемствы, патрабавалі шмат паліва. Ад перавозу дроваў і іншых цяжкіх грузаў хутка псаваліся грунтавыя дарогі, на якіх з’яўляліся выбоіны, што выклікала незадаволенасць гараджанаў.

Напружаная праца падарвала здароўе графа. Ён захварэў на сухоты. У 1900 г. гарадскі галава два месяцы адпачываў і лячыўся ў санаторыі пад Бадэнам. На пасадзе яго часова замяняў надзейны сябра Тэафіль Гольцберг, прадстаўнік менскіх лютэранаў.

Помнік Аляксандру ІІ
Помнік Аляксандру ІІ

Чацвёртае перавыбранне

На выбарах 1901 г. становішча К.Чапскага аказалася хісткім. Для пачатку неабходна было трапіць у склад менскай гарадской думы, распарадчага органу гарадскога самакіравання. Гэтага ўдалося дасягнуць, але цаной вялікіх намаганняў. У 90-тысячным Менску выбарнае права меў тады толькі 101 гараджанін. Дык вось, з гэтага ліку выбаршчыкаў 48 галасавалі супраць. А калі дума выбірала сябраў гарадской управы (выканаўчы орган), паплечнікі графа Станіслаў Дабравольскі і Тэафіль Гольцберг – людзі дасведчаныя, з вышэйшай адукацыяй — былі забалатаваныя. Граф прайшоў у склад управы. Ён прасіў абраць яго галавой Менска, каб упарадкаваць справы, пасля чаго абяцаў падаць у адстаўку. У выніку дамогся свайго даволі значнай большасцю галасоў (25 – за, 10 – супраць).

Аднак умоў для працы не было. Абвастрыліся дачыненні з губернскімі ўладамі. Гарадскую касу ў чарговы раз рэвізавала адмысловая камісія. Ужо 29 траўня 1901 г. К.Чапскі падае прашэнне аб адстаўцы, “бо хвароба і доктар таго патрабуюць”. У верасні адстаўка прымаецца. Дума маўчаннем выявіла на тое сваю згоду.

Пераемнікі

Пасля адстаўкі К. Чапскага былі выпадкі, калі ў гарадской касе не заставалася ані капейкі. Гарадская маёмасць апісвалася за няплату тэрміновых ратаў у Маскоўскі зямельны банк, а гарадскія служачыя не атрымлівалі зарплату. Новае кіраўніцтва на чале з Мечыславам Райкевічам узялося за павелічэнне падаткаабкладання гараджанаў. “Вестэрнізацыя” гораду прыпынілася. Сродкі, што паступалі ў гарадскую касу, выкарыстоўваліся на ўтрыманне шматлікіх камісіяў і падвышэнне акладаў сябрам гарадской управы. Многія гараджане і асобныя лаўнікі (сябры думы), што прывыклі да самаахвярнай дзейнасці папярэдняга гарадскога галавы, выказвалі незадаволенасць. Новыя муніцыпальныя лідэры, хоць і крытыкавалі К.Чапскага, мусілі ў пэўнай ступені працягваць ягоныя пачынанні. Праўда, ажыццяўленне графскіх планаў пераемнікам было не пад сілу.

Сакрэт поспеху

Чаму ж так шмат удавалася К.Чапскаму? Найперш, безумоўна, дзякуючы высокай адукаванасці, ініцыятыўнасці і дзелавітасці. Былому гарадскому галаве пашчасціла ўзначаліць гарадское самакіраванне Менска ў досыць спрыяльную эпоху, калі дасягненні цывілізацыі імкліва ўваходзілі ў жыццё. Немалую ролю адыграла і рэпутацыя бацькі, аднаго з найвышэйшых царскіх саноўнікаў. Пэўны ўклад ўнеслі і папярэднікі. Дзейнасць Чапскага разгортвалася не на голым месцы. І ўсё ж, адкуль ў правінцыйным Менску браліся сродкі?

Караль Чапскі пачынаў з таго, што ў 1890—1891 гг. набраў крэдытаў на 225 тыс. руб. і пачаў добраўпарадкоўваць гарадскую гаспадарку. Але плаціць працэнты і вяртаць даўгі гораду не было чым. Тады граф пайшоў на неардынарны крок – выклаў з уласнай кішэні больш за 28 тыс. руб. на аплату працэнтаў і нядоімкі. Гарадскі галава быў перадавым для свайго часу эканамістам – разглядаў гарадскую гаспадарку як спрыяльную сферу для прадпрымальніцтва, разумеў важнасць крэдыту і інвестыцыяў для яе развіцця. А таму сістэматычна браў кароткатэрміновыя крэдыты для гораду ў Менскім і Маскоўскім зямельных банках, Азова-Данскім банку, Менскім камерцыйным банку, Дзяржаўным банку, Менскім таварыстве ўзаемнага крэдыту, але зноў жа – за ўласнымі зарукай і подпісам. У 1892 г. ягоная пазыка гораду склала ўжо больш як 48 тыс.руб., у 1893 г. – больш за 27 тыс. руб. , у 1894 г. – каля 16 тыс. руб., у 1898 г. – 38,6 тыс. руб. На 1 студзеня 1899 г. горад быў вінаваты крэдыторам 803,948 руб. З гэтай сумы 37,468 руб. належала вярнуць гарадскому галаве.

К.Чапскі адзін з першых у Расейскай імперыі ў 1899 г. дамогся дазволу на паўтарамільённую муніцыпальную пазыку для Менска на 50 гадоў. Рэалізацыя гарадскіх аблігацыяў адбывалася ў 1899—1907 гг. па ўсёй Расеі. Праўда, неспрыяльная кан’юнктура пачатку ХХ ст. хутка абясцэньвала аблігацыі і тым руйнавала амбітныя планы гарадскога галавы. Не чакаючы рэалізацыі аблігацыйнай пазыкі, ён ўсё ж праводзіў пашырэнне водаправоду, брукаванне Траецкага рынку, менскіх вуліцаў ўласным коштам. У сувязі з рэалізацыяй аблігацыяў горад завінаваціўся К.Чапскаму да пачатку 1901 г. больш чым 200 тыс. руб.

Такім чынам, на працягу 90-х гг. адзіная надзейная крыніца фінансавання гарадской гаспадаркі Менска – беспрацэнтныя пазыкі з уласных сродкаў гарадскога галавы ды яшчэ кароткачасовыя пазыкі банкаў пад ягоную ж заруку. Гэтыя пазыкі потым пагашаліся па меры паступлення даходаў. Відавочна, што горад трапляў у пэўную эканамічную залежнасць ад графа, але ж і Чапскі быў асабіста зацікаўлены ў пашырэнні прыбытковасці гарадской гаспадаркі, каб вярнуць свае грошы. Газета “Минский листок” не без гонару за менскага галаву ў 1900 г. пісала, што і ў Адэсе з’явіўся “свой Чапскі” – гарадскі галава Дзмітрыеў, які будаваў шпіталь уласным коштам. Граф Чапскі добра знаўся на заблытаных судовых працэдурах Расейскай імперыі. Сярод мноства ягоных абавязкаў была і пасада ганаровага сугоднага (міравога) суддзі Менскай акругі, якую да гэтага займаў ягоны бацька Эмерык.

Граф Чапскі і князь Трубяцкой

На ўзроўні кожнай расейскай губерні існавала своеасаблівая “вертыкаль” у асобе губернатара і ягонай адміністрацыі. У сувязі з гэтым здзіўляе, як Чапскі пераадольваў яе супраціў на шляху да ажыццяўлення сваіх мэтаў? Ці мо з боку мясцовых уладаў былі разуменне і падтрымка?

Менскі губернатар князь Мікалай Трубяцкой правіў губерняй прыкладна ў тыя ж гады, што і Кароль Чапскі горадам. Менск звязаў гэтых двух арыстакратаў і адміністратараў. Заслону канфідэнцыйнасці іхных дачыненняў прыўзнімае ліставанне Мікалая Трубяцкога з дырэктарам Дзяржаўнага дэпартаменту МУС Дзмітрыем Сіпягіным з нагоды чарговага перавыбрання Чапскага ў 1901 г. на пасаду гарадскога галавы. Менскі губернатар пісаў, што не лічыць зацвярджэнне яго на той пасадзе “карысным для справы”, што нежаданне гарадскога галавы падпарадкоўвацца думе і губернскай адміністрацыі прывядзе да заняпаду гарадской гаспадаркі. Заганаў у графа князь адшукаў шмат — не толькі, маўляў, дрэнны выканаўца, але і няўмелы нібыта адміністратар, даверлівы да падначаленых. Жыве ў маёнтку, дзе вядзе гаспадарку, і толькі два разы на тыдзень наведвае гарадскую ўправу, раз’язджае ў Пецярбург і за мяжу, адкрытыя ім установы працуюць не заўсёды добра, ягоная хвароба патрабуе пражывання ў цёплым клімаце, у замежнай краіне. (А сябры Чапскага, між іншым, захапляліся, што ён часам вершнікам пераадольваў 40 км паміж горадам і ўласным маёнткам у любое надвор’е і любую пару года.)

Шмат якія са сваіх будынкаў Чапскі на льготных умовах здаваў розным муніцыпальным установам і грамадскім арганізацыям, стварэнне якіх сам жа ініцыяваў. У палацы Чапскіх на рагу вул. Падгорнай і Скобелеўскай знаходзіўся Грамадскі сход
Шмат якія са сваіх будынкаў Чапскі на льготных умовах здаваў розным муніцыпальным установам і грамадскім арганізацыям, стварэнне якіх сам жа ініцыяваў. У палацы Чапскіх на рагу вул. Падгорнай і Скобелеўскай знаходзіўся Грамадскі сход

Высокі царскі чыноўнік з Пецярбурга шкадаваў, што супраць К.Чапскага не былі ўжыты належныя меры. М.Трубяцкому прыйшлося апраўдвацца. Аказваецца, стрымаць графа было не так проста. Ён мог прыцягнуць на свой бок грамадскасць, настроіць яе супраць губернскай адміністрацыі. Як чалавек юрыдычна дасведчаны, мог і абараніць правы гарадскага самакіравання ў законным парадку. На ўсялякі ўціск скардзіўся ў сенат. І тут губернатар успамінаў, як у 1898 г. гэты сенат стаў на бок менскага гарадскога галавы, пацвердзіўшы ягонае права займацца гаспадарчымі справамі незалежна ад губернскіх уладаў. Гэта значыць, што з таго часу менскі муніцыпалітэт меў магчымасць будаваць, скажам, прыбіральню, без дазволу на тое губернатара. Да таго ж К.Чапскі быў неблагім дыпламатам. Паводле словаў М.Трубяцкога ўсе заўвагі прымаў, але працягваў рабіць свае справы.

Як бачым, князь Мікалай Трубяцкой доўгі час цярпеў эканамічную незалежнасць гарадскога галавы. І толькі напрыканцы трэцяй кадэнцыі (1900) ягонае цярпенне скончылася. Слава К.Чапскага выклікала асцярогу ў Пецярбургу, а таксама зайздрасць асобных менчукоў, самога губернатара. Губернскае начальства пачало трактаваць пазыкі К.Чапскага незаконнымі, здзейсненымі без адпаведнага дазволу. Так што ідыліі супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж М.Трубяцкім і К.Чапскім, на жаль, не было. Паміж імі рачэй пралягала бездань. Прадстаўнік еўразійскай імперыі цяжка разумеў прадстаўніка еўрапейскай культуры. Усё, што рабілася няўрымслівым гарадскім галавой, рабілася на свой страх і рызыку, а часам і насуперак волі губернатара.

І ўсё ж Пецярбург у чарговы раз зацвердзіў К.Чапскага на пасадзе. Граф сам прасіў міністра зрабіць гэта з тым, каб пасля навядзення ў гарадскіх справах належнага парадку, добраахвотна сысці ў адстаўку. Шляхоцкаму слову, verbum nobile, прынамсі ў выпадку Чапскага, можна было давяраць. Да просьбы ён прыклаў спіс сваіх справаў. За 11 гадоў, якія з поўным правам можна назваць эпохай Чапскага, іх набралося 57. Спіс уражваў. Да таго ж становішча ў Менску было не вельмі спакойнае. Горад уцягваўся ў нарастаючы рэвалюцыйны рух, і з гэтай нагоды было б неразумна абвастраць там сітуацыю. К.Чапскі меў шмат прыхільнікаў.

Пазіцыя гарадской думы

Дума, якая складалася пераважна з гараджанаў-каталікоў, большую частку эпохі Чапскага падтрымлівала гарадскога галаву. У той жа час нейкая яе частка была незадаволеная ростам падаткаў, якія выкарыстоўваліся і для фінансавання бясконцых праектаў. Апазіцыю ў гарадской думе ўзначальваў Віктар Янчэўскі, будучы дэпутат І Дзяржаўнай думы. Ягонымі намаганнямі 26 кастрычніка 1898 г. менская дума зацвердзіла інструкцыю для рэвізійнай камісіі. Меркавалася ўвядзенне папярэдняй рэвізіі ўсёй дзейнасці гарадской управы. К.Чапскі рашуча пратэставаў, бо гэта, на ягоную думку, перашкаджала ўправе аператыўна і эфектыўна дзейнічаць. Прапанова К.Чапскага думе выпрацаваць сумесную з управай інструкцыю не была прынятая. Губернатар М.Трубяцкой не зацвердзіў інструкцыі – ані складзенай думай, ані складзенай управай. Ён сам устанаўліваў правілы кантролю за кіраўніцтвам гораду. Гарадская дума палічыла, што К.Чапскі занадта далёка пайшоў у сваіх пераўтварэннях, прыняла бок губернскіх уладаў і пачала правальваць усе прапановы гарадскога галавы, што вельмі негатыўна адбілася на ягоным здароўі.

Водгулле некалі зацятай барацьбы партыяў Чапскага і Янчэўскага дайшло да нашых дзён. Некаторыя распавядаюць, што прыбіральня ў Цэнтральным скверы Менска, ля сённяшняга Нацыянальнага тэатру, пабудаваная як дакладная копія палацу К.Чапскага, каб дапячы яму. Нібыта лагічна і прыгожа. Толькі факты пярэчаць таму. Цяперашняя прыбіральня пабудаваная ў 1912 г. паводле праекту менскага гарадскага архітэктара Эдуарда Генэлія. А ў той час змаганне ўжо ішло паміж іншымі партыямі і людзьмі — муніцыпальнымі лібераламі і чарнасоценцамі на чале з Густавам Шмітам. Магчыма, што згаданы шэдэўр архітэктурнай пародыі і ёсць копія менскага дома скандальнага чарнасоценца, — тонкая помста муніцыпальных дзеячоў свайму палітычнаму апаненту.

Навядзенне парадку ў гарадскіх справах

Ціск на К.Чапскага ў 1900 г. узмацніўся. Каб спыніць нястомнага мадэрнізатара, і губернская адміністрацыя, і дума гатовыя былі абвесціць яго злачынцам. Рэвізійная камісія на чале з магістрам фізіка-матэматычных навук Г.Румбовічам з Вільні (карцела, відаць, віленчукам дапячы гораду-канкурэнту!) ў 1900 г. правярала справаздачы гораду за 1898—1899 гг. У яе складзе быў і прадстаўнік з Пецярбурга. Крыміналу не выявілі. Але вынікам рэвізіі стала забарона ўсіх фінансавых аперацыяў гарадской управы без адпаведнага рашэння гарадской думы. Чакаць даводзілася доўга, а гэта паніжала эфектыўнасць будучых капіталаўкладанняў.

К.Чапскі таксама заяўляў, што перавыбіраецца ў 1901 г., каб навесці парадак у гарадскіх справах. Сілы змагацца за завяршэнне сваіх праектаў ён ужо не меў, а таму навядзенне парадку звялося да спробы вяртання выдадзеных гораду даўгоў. Тым больш што грошы патрабаваліся на лячэнне. Але гарадская каса была пустая. У 1901 г. на паседжаннях гарадской думы даходзіла да адкрытых сутычак К.Чапскага з лаўнікам В.Янчэўскім, за плячыма якога стаяла губернская адміністрацыя. Напачатку бальшыня думы падтрымлівала права хворага графа на вяртанне доўгу. Але потым пад адміністрацыйным ціскам думцы пакінулі свайго кіраўніка ў адзіноце. Думская рэвізійная камісія прызнала ў 1902 г. несапраўднымі шэраг крэдытаў, узятых для гораду сябрамі гарадской управы, ды абавязала іх унесці ў гарадскую касу больш як 44 тыс. руб., пагражаючы крымінальным пераследам. Раней дума ўсе расходы ўхваляла, але пад ціскам зверху пачала кваліфікаваць іх няправільнымі.

К.Чапскі. Фота зроблена на пачатку XX ст.на Лазурным беразе.
К.Чапскі. Фота зроблена на пачатку XX ст.на Лазурным беразе.

К.Чапскі не прызнаваў сябе вінаватым і пісаў губернатару доўгія тлумачэнні. Нічога не дапамагала. Тады ён, каб атрымаць даўгі, заклаў у Дзяржаўным банку 400 тыс. гарадскіх аблігацыяў і атрымаў крэдыт у 200 тыс. руб. Вярнуўшы сваё, пакінуў пасаду. Але губернатар прызнаў у 1902 г. такую “ракіроўку” незаконнай і прымусіў графа выкупіць аблігацыі ў банку і вярнуць іх. Узаемныя прэтэнзіі гораду і былога гарадскога галавы абвастрыліся. Прызначаная для вывучэння справаздачы гарадской управы за 1898–1900 гг. рэвізійная камісія наўмысна зацягвала працу. Граф так і не дачакаўся вяртання ўласных грошай.

Смерць

Уночы з 17 на 18 студзеня 1904 г. К.Чапскі памёр у Франкфурце над Майнам ад сухотаў на 44-м годзе жыцця. Дума ўшанавала памяць былога гарадскога галавы ўставаннем. А доктар Рычард Яноўскі выступіў з чуллівай прамовай, што выклікала незадаволенасць партыі В.Янчэўскага. 4 траўня цела нябожчыка, прывезенае з-за мяжы, хавалі ў Станькаве. Сябры К.Чапскага – Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Ельскі (аўтар некралогу ў пецярбургскім “Краі”) — вельмі высока ацэньвалі яго арганізацыйныя здольнасці і стваральную працу.

Няздзейсненыя праекты

Газета “Голос провинции” пісала ў 1906 г.: “Паслужы граф яшчэ пару гадоў – і Менск стаў бы Парыжам”. І сапраўды, для такога меркавання былі пэўныя падставы.

У 1893 г. гарадскі галава займаўся праблемай забеспячэння горада таннымі дровамі і лесаматэрыяламі. Каб выціснуць з дравянога гандлю пасярэднікаў, меў намер стварыць пры Менскім таварыстве сельскай гаспадаркі лясны двор. Гэтую ж ідэю імкнуўся правесці і праз гарадскую думу. Але стыхія рынку аказалася мацнейшай за жаданне графа хоць неяк урэгуляваць яго.

У тым жа годзе ён прапанаваў Менскаму таварыству сельскай гаспадаркі стварыць таварыства сухой асенізацыі з мэтай перапрацоўкі гарадскіх выкідаў ва ўгнаенне для сельскай гаспадаркі. Ідэя К.Чапскага дагэтуль не рэалізаваная.

У 1896 г. пачалася распрацоўка праектнай дакументацыі на пабудову каналізацыі. Дума большасцю галасоў адмовілася выдзеліць неабходныя сродкі. Тады К.Чапскі з ўласнай ініцыятывы звярнуўся да інжынера Дроса з просьбай распрацаваць адпаведны праект. У 1898 г. праца была завершана. Але і тады дума не згадзілася аплаціць заказаны праект, як ні пераконваў яе гарадскі галава. Расчараваны граф з прыкрасцю заўважыў, што менчукі баяцца нават слова “каналізацыя”, як тая бабулька слова “граматыка”. Грошы давялося плаціць з уласнай кішэні. У Вільні ж першыя 5 км падземнай каналізацыі з’явіліся ўжо ў 1899 г. Як жа непрыемна было графу прайграваць у гэтай гонцы!

З успамінаў Эдварда Вайніловіча: «Чалавек непаспалітых здольнасцей, энэргіі, ініцыятывы, шырокіх поглядаў, чалавек працы і незвычайнай моцы. Пасля весела праведзенай у клубе ночы, на доcвітку сядаў на каня і гнаў у роднае Станькава за 5 міль ад Менска, каб даць разгон эканому і вярнуцца ў горад, каб паспець на паседжанне гарадской управы і абмеркаваць праекты, якія мусілі ў будучыні запэўніць развіццё дабрабыту гораду. Магла дарога ад вакзалу да гораду быць завузкай, але ён яе выбрукаваў; мог электрычны генератар ці водаправодная помпа быць занадта слабымі, магла конка функцыянаваць дрэнна – але горад ужо ніколі не вярнуўся да дарогі сланай фашынамі, газавага асвятлення, да ваджэння вады бочкамі і разбітых амнібусаў.»

У канцы 1898 г. менская гарадская дума на чале з гарадскім галавой падрыхтавала праект усеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання дзяцей ад 7 да 12 гадоў, які Мікалай ІІ проста высмеяў. Менск на 10 гадоў апярэдзіў падзеі, звязаныя з такой жа ініцыятывай расейскага земства ў 1908 г.

У 1901 г. К.Чапскі ўзнавіў ініцыятыву аб адкрыцці ў Менску ўніверсітэту. Своеасаблівай “лебядзінай песняй” гарадскога галавы стала падрыхтоўка да Менскай сельскагаспадарчай выставы 1901 г. Сам граф прадстаўляў на ёй калекцыю лясных флянсаў, кароў і быкоў шведскай, тырольскай і галандскай пародаў, пародзістых коней і сабак, а таксама керамічныя вырабы (дрэнажныя трубы, дахоўку і цэглу) з уласнага маёнтку Станькава Менскага павету. Дрэнажныя трубы, пэўна, прызначаліся для няздзейсненага праекту каналізацыі Менска…

Эмблема сельскагаспадарчай выставы 1901 г. ў Мінску.
Эмблема сельскагаспадарчай выставы 1901 г. ў Мінску.

Увогуле, усё сведчыць пра тое, што К.Чапскі меў грандыёзны праект паэтапнай “вестэрнізацыі” Менска. Ажыццявіць яго цалкам не ўдалося. Перашкаджалі губернскія ўлады, зайздроснікі з муніцыпальных служачых, стан здароўя.

Прадпрымальніцтва

Дзейнасць К.Чапскага не абмяжоўвалася гарадскімі справамі. У сваім улюбёным Станькаве ён змог наладзіць узорную для таго часу гаспадарку. Найбольш прыбытковым было броварства. Гаспадар не толькі вырабляў спірт, але і паспяхова гандляваў ім. Меў ў Менску гуртовыя склады і шынкі. Пасля ўвядзення ў 1896 г. дзяржаўнай манаполіі на продаж спіртных напояў, стаў адным з заснавальнікаў Менскага таварыства броварных заводчыкаў, якое збывала спірт па ўсёй Расеі. Сядзіба Таварыства знаходзілася ў доме графа Чапскага на вул. Падгорнай. На заводзе ў Станькаве спірт ачышчаўся халодным спосабам, разліваўся ў бутэлькі і пастаўляўся дзяржаўнаму скарбу. Вялікую ўвагу граф надаваў сяброўству ў Менскім сельскагаспадарчым таварыстве. Ягоная дзейнасць у гэтай славутай арганізацыі, што гуртавала абшарнікаў-каталікоў не толькі Менскай, але і суседніх губерніяў, і сталася галоўным асяродкам эканамічнай самаарганізацыі і тэхналагічнага пераўзбраення краёўцаў, рабіла Чапскага дзеячом краёвага маштабу.

 Бровар
Бровар «Багемія» (цяпер «Аліварыя») — выдатны помнік прамысловай архітэктуры канца XIX ст.- адзін з нямногіх матэрыяльных сведкаў энергічнай дзейнасці легендарнага графа, што дажыла да нашых дзён.

Даволі часта ён выступаў у Таварыстве з навуковымі рэфератамі. Дамогся для яго права выконваць ролю галоўнага агента маскоўскага Паўночнага страхавога таварыства ў так званым Паўночна-Заходнім краі, а ў далейшым сканцэнтраваў гэтую справу ў адмысловым Менскім таварыстве ўзаемнага страхавання земляробаў. Шмат зрабіў К.Чапскі і для таго, каб зацікавіць упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі застацца ў Менску. Ён нейкім чынам яшчэ знаходзіў час і для працы ў рэвізійнай камісіі акцыянернага таварыства запалкавай фабрыкі “Маланка” ў Мазыры.

Самы вядомы сучаснаму сярэднестатыстычнаму беларусу з усіх аспектаў дзейнасці К. Чапскага – гэта, безумоўна, ягоная спроба заняцца піваварствам. Выкуплены яшчэ ягоным бацькам на пачатку 1890-х гг. умяшчанаў Фрумкіных драўляны бровар (заснаваны ў 1864 г.) быў пераўтвораны ў буйное акцыянернае таварыства “Багемія”, а ў 1893 г. узведзены мураваны будынак новага бровару, які, на шчасце, захаваўся да нашых дзён. Аднак захапленне Чапскага піваварствам працягвалася не так і доўга. Каля 1897 г. ён прадаў “Багемію” самым спрактыкаваным піваварам краю – братам Лекертам, якія ўжо валодалі значнымі броварамі ў Гомелі і Магілёве, і такім чынам утварылася самая буйная піваварная група Беларусі, якая праіснавала да 1918 г.

Разлік гораду са спадкаемцамі Чапскага

Нябожчык К.Чапскі быў выдатным прадпрымальнікам і муніцыпальным дзеячом. Аднак пасля смерці на ім ляжаў цень злачынцы. Толькі ў канцы 1904 г. камісія, якая амаль чатыры гады вывучала справу памерлага графа, прадставіла гарадской думе сваю справаздачу. Чапскага абвінавацілі ў спекуляцыі гарадской зямлёй і зрабілі налік у памеры 243 тыс. руб. Пасля тлумачэнняў апекуноў некаторыя налікі думай былі адменены. У выніку рэвізійная камісія не змагла зад аволіць ніводны бок канфлікту і была распушчаная. Крыху пазней, 14 снежня 1904 г., дума ўвогуле прызнала неабгрунтаванасць усіх налікаў на былога гарадскога галаву. Больш за тое, яна пагадзілася выплаціць спадкаемцам К.Чапскага доўг гораду, выбрала камісію для канчатковага разліку з імі і выказала пажаданне завяршыць гэты разлік палюбоўна. Новая камісія працавала два гады. На гэты раз яе высновы былі зусім іншыя. 30 кастрычніка 1906 г. дума на падставе справаздачы камісіі вырашыла выплаціць Чапскім каля 105 тыс. руб. пасля рэалізацыі гарадскіх аблігацыяў, бо гэтыя грошы граф выклаў на патрэбы, якія планавалася пакрыць праз аблігацыйную пазыку (пашырэнне водаправоду, брукаванне Траецкага рынку, іншых вуліцаў). Прадстаўнікі графскай сям’і пагадзіліся прыняць і гэтую, у два разы меншую, суму, каб больш не звязваць добрае імя нябожчыка з судовай справай да гораду, якому ён прысвяціў сваё жыццё. Тым не менш менскі губернатар рашэнне думы прыпыніў. Міхал Валовіч, апякун над малалетнімі дзецьмі К.Чапскага, мусіў скардзіцца міністру ўнутраных справаў. І толькі ўмяшальніцтва Пецярбурга пакінула рашэнне думы ў сіле. У шматгадовых судовых справах нарэшце ставілася кропка.

 Будынак Менскага сельскагаспадарчага таварыства. У гэтай арганізацыі, на працягу 40 гадоў самай уплывовай у эканоміцы краю, К.Чапскі быў адной са знакавых постацяў.
Будынак Менскага сельскагаспадарчага таварыства. У гэтай арганізацыі, на працягу 40 гадоў самай уплывовай у эканоміцы краю, К.Чапскі быў адной са знакавых постацяў.

Губернская адміністрацыя тройчы (1900, 1906, 1910) рэвізавала муніцыпальную дзейнасць К.Чапскага, але ніякага крыміналу так і не знайшла. Адсутнасць калегіяльнасці ў дзеянні управы, заблытанасць справаводства, разбэшчанасць служачых. Так, усё гэта было. Але не больш за тое. Урэшце, пасля чарговай рэвізіі гарадскага самакіравання ў сакавіку 1910 г. губернская камісія не магла не адзначыць, што дзякуючы “шырокай ініцыятыве і дзейнасці нябожчыка графа” гарадская гаспадарка Менска набыла значны размах. Недарэчнае абвінавачанне ў прысваенні К.Чапскім гарадскіх грошай даказаць было немагчыма. Насамрэч гарадскі галава фактычна займаўся дабрачыннасцю — цярпліва чакаў, пакуль напоўніцца гарадская каса, а ў 1894 г., як вядома, увогуле адмовіўся ад дзяржаўнага жалавання, — а гэта 3000 руб. штогод. Граф і ў сваім маёнтку пабудаваў уласным коштам шпіталь для лячэння заразных хваробаў у навакольных жыхароў.

Эпілог

З гадамі жарсці ўлягліся. Значнасць справаў К.Чапскага станавілася ўсё больш відавочнай. Нават былыя крытыкі прызнавалі графа выдатным муніцыпальным дзеячом, які мае велізарныя заслугі перад горадам. 11 гадоў на пасадзе мэра нашай сталіцы — перыяд ці не самых ініцыятыўных рэформаў гаспадаркі і культуры гораду за ўсю гісторыю. Такіх тэмпаў развіцця ён, бадай, ніколі не ведаў. Чапскі інстынктыўна адчуваў будучы сталічны статус Менска, імкнуўся надаць яму еўрапейскі выгляд, бляск і саліднасць не меншыя, чым мелі калі не Пецярбург з Масквой ды Варшавай, дык, прынамсі, Вільня з Кіевам: задача не з лёгкіх. Можна сказаць, пры ім за адно дзесяцігоддзе Менск з правінцыйнага губернскага гарадка зрабіўся сапраўдным сучасным еўрапейскім горадам. Яшчэ пры жыцці К.Чапскага называлі пераўтваральнікам Менска. У 1909 г. гарадская дума абмяркоўвала хадайніцтва аб перайменаванні вул. Міхайлаўскай (цяпер Камуністычная) у вул. К.Чапскага, але, на жаль, далей абмеркавання справа не пайшла. Не ўганараваны граф і званнем пачэснага жыхара Менска. Наўрад ці робіць гонар і нам, менчукам ХХІ ст., што памяць самага энэргічнага, адукаванага і бескарыслівага з выбарных кіраўнікоў нашага гораду дагэтуль ніяк не ўшанаваная. Толькі сціплы стэнд у экспазіцыі “Старажытная геральдыка Беларусі” Нацыянальнага музею нагадвае пра слаўнае мінулае роду Чапскіх. Жыццё з цяжкасцю мяняе нас. У пачатку 1960-х гадоў удава былога знакамітага гарадскога галавы, якая яшчэ жыла тады ў Рыме, прыслала ўраду БССР ліст з прапановай прыняць на захаванне асабісты архіў К.Чапскага, але камуністычны ўрад адмовіў ёй.

Захар Шыбека «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

1 комментарий

  1. Это один из самых полных и самых хороших материалов о городском голове, знаменитом мэре города Минска Кароле-Яне-Александре графе фон Гуттен-Чапском. Здесь собрано всё весьма ёмко и по фактам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *