Главная > З.У. Гулецкі > ЭМЕРЫК ГУТЭН-ЧАПСКІ ЯК ПРЫВАТНЫ КАЛЕКЦЫЯНЕР

ЭМЕРЫК ГУТЭН-ЧАПСКІ ЯК ПРЫВАТНЫ КАЛЕКЦЫЯНЕР

Нумізматычная дзейнасць графа, без перабольшання, абумовіла развой навукі аб нумізматыцы Рэчы Паспалітай не меней чым на паўстагоддзя па ягонай смерці. Яго манументальны “Catalogue de la collection des medailles et monnaies polonaises du Comte Emeric Hutten-Czapski” (“Каталог калекцыі медалёў і манетаў польскіх”) у пяці тамох стаў падручнай кнігай усіх даследнікаў і калекцыянераў, не страціўшы папулярнасці і ў наш час – час відовішчных камерцыйных выданняў. Зусім нядаўна ён вытрымаў поўнае перавыданне, што выйшла ў Польшчы і імкліва разыйшлося сярод аматараў нумізматыкі. Чаму? Каталог проста ўтрымлівае высокадакладную інфармацыю аб вялікай колькасці рэдкіх манетаў, іншымі словамі – толькі факты, у адрозненне ад міфалагізму шмат якіх працаў сучаснікаў.

Мне таксама давялося асабіста ўпэўніцца ў крытычнасці і дакладнасці працы графа падчас даследванняў часткі ягонага збору ў 2007 годзе ў Нацыянальным музеі ў Кракаве, дзе мяне ласкава прымаў таксама прысутны тут шаноўны пан Яраслаў Бодзэк. Тады мяне цікавілі перадусім рэдкія тыпы паўгрошаў Жыгімонта Старога, і, не даючы веры некаторым запісам Гутэн-Чапскага, якія выглядалі занадта ўжо несуадносна з маім папярэднім досведам, я накіраваўся ў Кракаў. На месцы вызначылася, што ўсе згаданыя тыпы паўгрошаў існуюць у рэчаіснасці, і супрацоўнікі музею ласкава прадставілі мне нават іх здымкі, каб я мог апублікаваць іх у часопісе Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь “Банкаўскі веснік”, назаўсёды развеяўшы ўсе сумневы ў абазнанасці знакамітага калекцыянера. Як вядома, вялікая частка нумізматычнага збору графа трапіла ў Кракаўскі Нацыянальны музей у выніку дару.

Аднак сёння я хачу сказаць некалькі словаў аб тым, як глядзеў сам Гутэн-Чапскі на сваё нумізматычнае захапленне, спраектаваўшы ягоныя ўласныя словы з іншага выдання, “Удзельныя велікакняскія і царскія грошы Старажытнае Русі”, на сучасныя ўзаемаадносіны прыватных калекцыянераў і музеяў.

Дазволю сабе спачатку працытаваць гэтыя словы ў скарочанным выглядзе, а затым пракаментаваць іх. Ува ўводзінах да працы “Удельные, великокняжеские и царские деньги Древней Руси”, што выйшла ў 1875 годзе, Эмерык Гутэн-Чапскі піша: “ В 1852 году … уже занимаясь польскою нумизматикою … начал обращать внимание на попадавшиеся мне… памятники древне-русского быта. В следующем году удалось мне приобрести в Ярославле большую часть собрания одного из первых собирателей русских монет… недавно умершего… помещика Павла Шишкина … Заграничные нумизматические центры … часто доставляли мне по умеренным ценам редчайшие деньги, иные совсем неизвестные, так как надписи на них не читались или же плохо понимались заграничными торговцами монет. Времена эти безвозвратно миновали; если теперь редкая деньга или медаль попадается, то ей знают цену, или вернее, ей уже цены не знают, и кто хочет собирать русские деньги или медали, тот должен вперёд быть подготовленным к большим затратам… Нумизматика, как вспомогательная наука к истории, могла бы оказать большие услуги. Собирателей старых денег много, но как мало из них внесли в русскую свою лепту, и наоборот, как много известных в истории фактов остаются неизвестными для собирателя, не имеющего времени посвятить себя историческим исследованиям. Помочь этому было бы истинною заслугою для науки; поэтому желательно… чтобы собиратели печатали как можно больше каталогов и печатно заявляли о встречаемых ими неразгаданных деньгах”.

Гэтак, Гутэн-Чапскі ўважаў сваю місію за дапаможную для развіцця гістарычнае навукі, выконваў яе вельмі аддана, і пабуджаў іншых калекцыянераў публікаваць свае знаходкі і даследаванні. Граф казаў пра гэта яшчэ ў 1875 годзе, а між тым, у нас на Беларусі, калекцыянеры ўключыліся ў даследніцкую дзейнасць толькі ў апошнія гады, што можна звязаць з актыўнасцю Беларускага Нумізматычнага Таварыства, Нацыянальнага Банка і нумізматычнага партала “ Ізрой”. Раней у збіральнікаў проста не было дзе друкаваць свае адкрыцці, і яны бадай што не ўспрымаліся сур`ёзна музеямі і іншымі афіцыйнымі ўстановамі. Тым не менш, у беларускіх калекцыях ёсць шмат малавядомых і ўнікальных манетаў, якія з часам маглі бы стаць не менш значным упрагожаннем любога музейнага збору, чым калекцыя Гутэн-Чапскага для Кракаўскага музея.

У прыватныя калекцыі трапляюць вельмі рэдкія манеты ранняга перыяду ўласнага грашовага абарачэння ВКЛ — пенязі асобных тэрыторыяў княства XIV-XV стагоддзяў. Многія тыпы вядомыя навуцы яшчэ меней за дзесяцігоддзе. Тым не менш, нажаль, беларускія музеі не лічаць патрэбным падтрымліваць сяброўскія адносіны з калекцыянерамі, дапамагаць ім публікаваць свае знаходкі, набываць унікальныя экзэмпляры, прадаваць ім свае дублі, праводзіць выставы збораў. Ці могуць яны спадзявацца на падобную прыхільнасць, што аказаў прыватны калекцыянер Гутэн-Чапскі Кракаўскаму музею?

Жадаючы зварушыць гэтую нягодную традыцыю ўзаемнага ігнаравання, беларускі нумізматычны партал “Ізрой” абвесціў гэты год Годам Калекцыянера. І будзе надзвычай актуальным на гэтай канферэнцыі, прысвечанай найзнакаміцейшаму калекцыянеру, што нарадзіўся на беларускай зямлі – графу Эмерыку Гутэн-Чапскаму, уручыць Нацыянальнаму музею Беларусі падарунак ад калекцыянераў-карыстальнікаў партала “Ізрой” – срэбную манету XIV стагоддзя Кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча.

З.У. Гулецкі «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *