Главная > Ігар Гатальскі > Юрый Чапскі – апошні ўладальнік сядзібы Прылукі

Юрый Чапскі – апошні ўладальнік сядзібы Прылукі

Юрый (Jerzy, Георгий) Эмерыкавіч Гутэн-Чапскі нарадзіўся 14 лістапада 1861 года ў Станькаве, ахрышчыны 24 студзеня 1862 года. Граф, вызнанне рымска-каталіцкае. Скончыў нямецкую гімназію імя Святой Ганны ў Санкт-Пецярбургу, затым паступіў у імператарскі Дэрпцкі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт.

Менавіта Юрыя, свайго малодшага сына, бацька – граф Эмерык-Захарый-Мікалай-Севярын фон Гутэн-Чапскі – перад сваёй смерцю паставіў галоўным спадчыннікамі, бо ягоны старэйшы сын Караль – уладальнік маёнтка Станькава – меў слабае здароўе. Менавіта Юрый падпісаў акт аб перадачы калекцый Эмерыка Чапскага гораду Кракаву. Упарадкаваннем гэтых збораў пасля смерці Эмерыка Чапскага займалася ягоная ўдава – Лізавета Чапская.

Юрый Чапскі меў добрыя арганізатарскія здольнасці і займаў адказныя пасады ў грамадскіх арганізацыях Мінска і Мінскай губерні. З 1899 па 1902 гады ён выбіраўся ганаровым Міравым суддзёй пры Мінскім міравым з`езде.

У 1901 годзе на Юрыя Чапскага лёг асноўны цяжар арганізацыйнай работы па падрыхтоўцы Мінскай сельскагаспадарчай выставы, прымеркаванай да 25-годдзя Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Выстава праходзіла з 26 жніўня па 4 верасня. Яна складалася з 12 аддзелаў. У ёй удзельнічалі Мінская, Віленская, Віцебская, Валынская, Гродзенская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Смаленская, Чарнігаўская губерніі. Самым значным экспанентам быў брат Юрыя – Караль Чапскі. Ён дэманстраваў чыстапародную буйную рагатую жывёлу, коней станькаўскага племзавода, авечак, сабак, флянсы ананасаў, цэглу, дрэнажныя трубы, дахоўку. Падчас выставы арганізоўваліся розныя забавы: канкур, выезды на трэку, балі ў Грамадскім сходзе і прыватных дамах, канцэрты. У гарадскім садзе гралі аркестры. Паўсюль былі вывешаны сцягі, усё ўпрыгожвалася кветкамі. Пасля выставы адбыўся грандыёзны аўкцыён.

У 1911 годзе Юрый Чапскі займаў пасаду Мінскага губернскага дваранскага маршалка (прадвадзіцеля дваранства). У 1915 годзе, ва ўмовах наступленія на беларускія землі нямецкіх войск і значнага пагаршэння сродкаў зносін, як асоба, што стала пражывал ў той час у губернскім Мінску, Юрый Чапскі быў абраны старшынёй Саюза землеўладальнікаў Мінскай губерні, створанага на аснове Мінскага сельскагаспадарчага таварыства для абароны маёмасці гаспадароў зямлі падчас Першай сусветнай вайны. У жніўні 1915 года Юрый Чапскі ўзначаліў Мінскі губернскі камітэт апекі над эвакуаваным насельніцтвам. Яго аснову склалі сябры Мінскага аддзелу Таварыства дапамогі ахвярам вайны.

 Партрэт Юрыя Чапскага
Партрэт Юрыя Чапскага

Юрый Чапскі быў шматгадовым Старшынёй Мінскага дабрачыннага таварыства. У 1918 годзе (подчас нямецкай акупацыі Беларусі) ён з`яўляўся ўпаўнаважаным Галоўнай ўправы Чырвонага Крыжа і пражываў у Міснку па вул.Захар`еўскай, 58, меў кватэрны тэлефон (дадзеныя на 21 красавіка 1918 года). У тым самым годзе Юрый Чапскі ўзначаліў дэлегацыю да галоўнакамандуючага нямецкай арміі, генерала фон Фалькенхейна са зваротам аб жаданні мясцовых землеўладальнікаў стварыць, абапіраючыся на гістарычныя традыцыі, Вялікае Княства Літоўска-Беларускае пад нямецкім пратэктаратам. У пачатку 1920 года, калі беларускі край быў заняты палякамі, былі адноўлены шляхецкія інстытуты кіравання ў губернях і паветах, і “губернскім маршалкам быў вылучаны ўсімі паважаны старшыня “Саюза землеўладальнікаў” граф Юрый Чапскі”.

Юрый Чапскі валодаў у Мінскім павеце маёнткамі Прылукі, Каралёва, Скарынічы, Сакольшчына, Юнцэўшчына і іншымі, агульная плошча якіх складала 7938 дзесяцін зямлі. Летам 1920 года перад наступленнем Чырвонай Арміі і канчатковым ўсталяваннем савецкай улады ў Беларусі Юрый Чапскі назаўжды пакінуў Прылукі.

Юрый Эмерыкавіч быў жанаты з Юзафінай-Марыяй-Каралінай-Сідоніяй графіняй фон Тун-Гогенштайн (1867-1903). Вяселле адбылося 7 жніўня 1886 года. Бацька нявесты – граф Фрыдрых фон Тун-Гогенштайн (1810-1881) – камерарый аўстрыйскага імператара, сапраўдны таемны дарадца, з 1859 па 1863 год з`яўляўся паслом Аўстрыйскай імперыі ў Расіі. Маці – Леапальдзіна, народжанай графіня фон Ламберг, дачка графа Эдварда і Караліны, народжанай графіні Штэрнберг – фрэйліна аўстрыйскай імператрыцы, кавалерственная дама ордэна Сузор`я Крыжа. Яе братам быў Яраслаў фон Тун, намеснік аўстрыйскага імператара ў Чэхіі. Тун-Гогенштайны валодалі значнымі абшарамі на землях Чэхіі. У Празе побач з Градчанамі захаваўся палац Тунаў, дзе цяпер размяшчаецца пасольства Італіі ў Чэхіі. У гэтым палацы нарадзіліся трое з сямі дзяцей Юрыя і Юзафіны Чапскіх – дачка Марыя і сыны Юзаф і Станіслаў. Юзафіна Чапская памерла адносна рана – ў 1903 годзе пры нараджэнні свайго восьмага дзіцяці. Другой жонкай Юрыя Чапскага Паліна Анненкава (1873 — 1955), іх шлюб адбыўся ў 1925 годзе. Першы муж Паліны Анненкавай быў з роду Ахматавых.

 Юрый Чапскі і Юзэфа Тун, Прылукі, 1886 г.
Юрый Чапскі і Юзэфа Тун, Прылукі, 1886 г.

Памёр Юрый Эмерыкавіч Чапскі ў 25 ліпеня 1930 г. у Польшчы ў маёнтку Морды, які належаў сам`і ягонай дачкі Караліны, якая была замужам за Генрыхам Пшэвлоцкім.

 Дзеці Юрыя і Юзафіны
Дзеці Юрыя і Юзафіны

Дзеці Юрыя Чапскага – Марыя і Юзаф – у сваіх мемуарах пакінулі каштоўныя ўспаміны пра сваіх бацькоў. Згадваючы сваё дзяцінства, яны апісваюць амаль ідылічнае жыццё ў Прылуках:

Пад вялікай карцінай з намаляваным ілбом карага каня з белай шыяй мы сядзелі на канапе ў кабінеце бацькі і слухалі яго гучнае чытанне. Ён чытаў нам па чарзе “Трылогію”, “Давіда Коперфільда” і шмат іншых кніг. Як жа ясна я бачу яго твар у белым святле спіртовай лямпы, ягоны профіль з вялікім арліным носам, густыя цёмныя вусы і старанна пабрыты падбародак, які рухаецца падчас чытання над цвёрдым накрухмаленым каўняром і заўсёды чорным гальштукам. Галава, схіленая назад, абапіраецца на моцна нахіленную спінку скуранога зялёнага фатэля, слёзы, якія ён імкнуўся схаваць, і якія ў яго цяклі з унутранага краю вока, калі была хвалюючая сцэна. Яшчэ я чую яго хвалюючую збянтэжанасць, калі нечакана ён чытаў нейкі ўрывак, які не падыходзіў, на яго думку, для дзяцей.

Юрый Чапскі вельмі шмат часу праводзіў на службе ў губернскім Мінску, дома ж дзецьмі апекавалася маці з нянькай (“Бабуськай”) і прыслугай. Юзафіна Чапская — жонка Юрыя – была жанчынай пабожнай, добрай, ласкавай. Такой мы бачым яе ў мемуарах тых самых аўтарах:

А хвіліны шчасця? Яркі дыван з цёмным малюнкам, і я баўлюся на ім з кубікамі. Мама сядзіць побач у фатэлі ці за столікам-бюро (чырвонае дрэва і пазалочаная з бронзы акоўка), пах гіяцынтаў у вазонах, якія садоўнік прыносіў увесну, шмат сонца. Залатаруды бляск маміных валасоў у святле. Ці гэта мне сёння здаецца? Абсалютнае і “назаўжды” пачуццё бяспекі, шчасце.

У ранняй маладосці – ці памятаю, што я колісь пачуваўся шчаслівым? Але гэта памятаю добра: была ў нас такая забава, называлася Мельшнайден (Mehlschneiden), прыйшла да нас з Аўстрыі. На дошцы ляпілі з мукі піраміду, па шырыні як у вялікага торта, і на яе вяршыні ўтыкалі пярсцёнак. Кожны павінен быў вялікім кухонным нажом адрэзаць кавалак гэтай піраміды. Нарэшце, пярсцёнак тырчэў на крохкім вузкім абеліску, які ў нейкую хвіліну распадаўся, і пярсцёнак апынаўся глыбока ў муцэ. Той, на каго, рэжучы па чарзе слупок з мукі, прыходзіўся гэты выпадак, мусіў “у пакаранне” выцягнуць зубамі з мукі пярсцёнак. Шалёная радасць, калі гэтае пакаранне выпадала на старога дзядзьку (вуяшка) з вялізнымі вусамі. Бачу яго яшчэ абгорнутага вялікімі абрусамі, з тварам у муцэ і пярсцёнкам у зубах. Маці яшчэ была жывая, яе пярсцёнак, сапфір з двума брыльянцікамі бачу на пірамідзе з мукі, значыць, меў тады не больш за 6 гадоў.

Суботнюю малітву з усёй службай, якая сканчалася Літаніяй да Божай Маці і спевам “Пад тваю апеку”, спраўляў бацька. Пасля яе праветрывалі спальню бацькоў, дзе адбывалася набажэнства, і прылеглы калідор ад цяжкога паху махоркі, поту і фурманскіх ботаў. У час Вялікага Посту штопятніцу адпраўляўся Крыжовы Шлях; у спальні бацькоў развешвалі абразкі 14 стацый, і пад кожнай адмаўляліся хорам звароты: “Хто за нас пакутаваў ад ран. Езу Хрысце, змілуйся над намі!

Дзеці Юрыя і Юзафіны Чапскіх

Смерць Юзафіны Чапскай ў 1903 годзе з`явілася вялікай стратай для сям`і Юрыя Чапскага:

Учора я бачыў і маму ў салоне, і сябе на дыване, і мае шчасце пры ёй, ці, хутчэй, бяспека, і як рана прыходзіла яна ў пакой Бабуські, як кідаліся да яе абдымкі; яе сціплая постаць, залатыя валасы, моцныя рукі, і чорная сукенка з аплікацыямі. І мая абыякавасць, і мой смех у парку ў час, калі яна памірала, і словы паненкі Scroup: “Які ты шчаслівы, што нічога не разумееш”, і бліскучую на сонцы труну, і маё прымушэнне да слёз.

Юзафіна Чапская пахавана на могілах каля вёскі Воўчкавічы, дзе захаваўся надмагільны помнік з вялікім крыжам, зроблены ў Варшаве майстрам А.Прушынскім. Увосень наступнага 1904 г. на гэтых могілках на сродкі Юрыя Чапскага быў закладзены новы мураваны касцёл Маці Божай і Сэрца Пана Езуса у стылі мадэрн. Драўляны касцёл у Воўчкавічах быў заснаваны ў 1806 г. тагачаснай гаспадыняй сядзібы Воўчкавічы Марцыянай Іваноўскай. У яго сутарэннях былі пахаванні Іваноўскіх. Мураваны касцёл будаваўся побач са старым драўляным. У 1930-я гг. касцёл быў зачынены. Пасля Другой сусветнай вайны цэглу храма разбіралі для будаўніцтва хат і печаў. У пачатку 1960-х гг. рэшткі храма былі ўзарваныя. У сярэдзіне 1990-х гг. на падмурку касцёла пасярод могілак быў пастаўлены высокі металічны крыж.

 Магіла Юзафіны Чапскай
Магіла Юзафіны Чапскай

Адлегласць ад сядзібы Прылукі, дзе жыў Юрый Чапскі з сям`ёй, да касцёла у Воўчкавічах складала ўсяго 5 км. Але добрай дарогі да яго не было. Таму на вялікія рэлігійныя святы Чапскія накіроўваліся ў невялікі касцёл каля сядзібы Вязань (цяперь гэта вёска ў Дзяржынскім раёне каля горада Фаніпаль). Шлях туды быў даўжэйшы (каля 13 км), але значна лепшы: ад Прылук па старажытным Койданаўскім (Наваградскім) тракце праз фальварак Атолін да вёскі Грычына, далей дарогай у бок станцыі Фаніпаль, і за чыгуначным пераездам ужо быў бачны мураваны касцёл. Яго заснаваў Ігнат Багдашэўскі – гаспадар сядзібы Вязань – у сярэдзіне XIX стагоддзя як пахавальню для свайго роду. У склепах касцёла ў цынкавых трунах ляжалі нябожчыкі. Храм быў зачынены і разрабаваны яшчэ ў даваенны час, яго сцены ў 1960-я гг. былі канчаткова разбураныя сапёрамі. Едучы па шашы Мінск-Брэст, справа ад дарогі каля Фаніпаля можна ў бярэзніку заўважыць падмуркі гэтага будынка.

Касцёл у Воўчкавічах
Касцёл у Воўчкавічах

Дарэчы будзе сказаць, што Юрый Чапскі ахвяраваў 1000 рублёў на будаўніцтва па ініцыятыве Вайніловічаў касцёла Сымона і Алены – славутага Чырвонага касцёла ў Мінску.

Дзеці Юрыя Чапскага вельмі любілі сваю няньку, якую ласкава звалі “бабуськай”:

Адной з першых асоб – хатняй прыслугі ў Прылуках была Канстанцыя Якубоўская, якая ўсіх нас ўзгадавала – каханая Бабуська, і яе муж, повар, якога звалі Дзядусь. Абое яны ўвайшлі ў нашу сям`ю. (…) Уцехай нашага дзяцінства і вялікай любоўю была наша няня — Бабуська. Мы ніколі не маглі яе ўволю нацалаваць і напесціць. А калі яна баранілася ад нашай бесцырымоннай пяшчоты, мы казалі “ to z milosci (“ гэта ад любові”), а яна – “ z milosci polamali kosci” (“ ад любові паламалі косці “). А на нашы словы “Babuska to nasza pociecha “ (Бабуська – гэта наша радасць “) адказвала: “ Pociecha starego Wojciecha” («Радасць старога Войцеха”). Гэтая заўжды гавораная яе показка вельмі падабалася нам. (…)

Пасля смерці нашай маці Бабуська была для нас самай галоўным чалавекам, незаменным, больш за ўсіх каханым. Яна дакладна памятала дні і гадзіны нашага нараджэння, усе сямёра з нас прайшлі праз яе клапатлівыя рукі. Не памятаю ніводнага злога слова ці нуднага бурчання з яе вуснаў. Яна не ўмела пісаць, а чытала толькі з кніжкі для набажэнстваў, але яна дала на ўсім, пад кіраўніцтвам нашай маці, асновы выхавання і дысцыпліны, робячы гэта ўласнай дабрынёй, тактам, прыроджатым педагагічным пачуццём. (…)

Увосень 1909 года Бабуська цяжка захварэла. Лекары вызначалі запаленне лёгкіх з эксудатам. Хварэла яна без скаргаў, у адзін дзень сказала толькі: “ І не пабачу ўжо майго Юзка ў мундзіры!…” (Браты павінны былі ўвосень 1910 г. паступаць у гімназію.) (…)

Я сядзела ля вокна і вучыла фізіку. Раптам дзверы адчыніліся. У іх стаяла Карля, бледная, босая, у кашулі: “Бабуська памерла!” Ні перад тым, ні пасля не памятаю такой роспачы. Жыццё апусцела.

Па характар Юрыя Чапскага — свайго бацькі — згадвае Юзаф Чапскі:

Наш бацька, які пасля смерці нашай маці застаўся ў вёсцы з семярымі дзецьмі на карку, ніколі не быў інтэлектуалам. Ён меў вельмі кансерватыўныя погляды, калі гаварыць наконт польскасці. (…) Магчыма, гэта мае сыноўнія забабоны, але сапраўды яго звалі “добры граф” і вельмі любілі. І ў горадзе, дзе ён быў прэзідэнтам дабрачынных і сельскагаспадарчых таварыстваў, і сярод службоўцаў – паўсюль яго лічылі справядлівым, добрым чалавекам. А калі казаць пра мяне, то сапраўды, калі я меў смеласць штосьці супраць бацькі казаць, то ўсё роўна ён вельмі мяне любіў.

Менавіта Юрый Чапскі вырашыў, што ягоныя сыны павінны атрымаць адукацыю ў сталічным Санкт-Пецярбургу, а не ў іншых месцах, больш прывабных для польскай моладзі:

Калі было вырашана паслаць нас са Стасем на вучобу – то мы хацелі ехаць у Польшчу. Хацелі ехаць у Львоў, дзе жыў стрыечны брат (кузін) Франусь Чапскі, які навучаўся ў Львове. Мы вельмі жадалі паехаць у Польшчу. Але не, трэба атрымаць навучанне ў Расіі, каб мець там пэўныя правы, быць міравым суддзёй ці нешта такое. Цалкам для нас незразумелае і ўвогуле непатрэбнае. (…) Тады [у Пецярбургу] пачаліся мае інтэлектуальныя зацікаўленні, я пачаў чытаць, праз школу адкрыў для сябе рускую літаратуру (а не польскую), і першыя моцныя перажыванні тады былі пераважна рускія.

Пра тое, як выглядаў палац знутры, даведваемся з энцыклапедыі Р.Афтаназы:

Унутраная архітэктура палаца пры Чапскіх была адносна сціплая. Пакоі, пераважна вялікія, мелі сцены, размаляваныя алеем у разнастайных пастэльных колерах. Рэпрэзентатыўныя памяшканні дэкарыраваліся ляпнінай на столі, паркет быў узорысты, у кожным пакоі быў свой узор. Усюды стаялі белыя кафляныя печы, на першым паверсе яны былі абкладзены штампаванай кафляй. У салоне і кабінеце меліся мураваныя комінкі.

Паколькі Эмерык Чапскі набыў спалены будынак, рухомы інвентар палаца быў вельмі сціплы. Пераважна яго начынне паходзіла з навейшых часоў. Мэбля стылёвая і старадаўняя знаходзілася толькі ў некаторых пакоях. У сталоўцы, аздобленай абсталяваннем з дубу, стаялі вялікі стол і крэслы, абабітыя цялячай скурай, яшчэ дзве прыгожыя “гданьскія” і адна “галандская ” шафы, збоку ад іх – два гданьскія куфры. У салоніку пані быў камплект мэблі ў стылі Людовіка XV, абабіты вішнёвым аксамітам, далей быў палісандравы туалет XVIII ст. з аплікацыямі і срэбны туалетны камплект у стылі Людовіка XVI. Мэбля ў салоне была накрытая паўшаўковым матэрыялам паласатага зялёнага колеру. З таго самага матэрыялу была выканана драпіроўка на дзвярах і вокнах. У старым зашклёным серванце захоўвалася каштоўная польская і замежнай еўрапейскай вытворчасці парцаляна. На серванце стаялі бюсты Людовіка XVI і Марыі Антуанеты.

Калі Прылукі апынуліся ў валоданні Чапскіх, іх галоўнай сядзібай было даўно абжытае Станькава, і акурат там знаходзіліся шматлікія сямейныя рэліквіі і каштоўныя творы мастацтва. Прылуцкія зборы абмяжоўваліся набыткамі Юрыя Эмерыкавіча Чапскага. Выключэннем быў перайшоўшы ў спадчыну пасля Эмерыка Чапскага партрэт караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з лістом у руцэ (пендзля Яна Батыста Лампі), а таксама партрэты: Фабіяны Чапскай з Абуховічаў – жонкі Караля Чапскага ў ампірнай сукні вышынёй каля 5м; Эмерыка Чапскага, зроблены невядомым расійскім мастаком; а таксама каля 10 сямейных мініяцюр пераважна XVIII ст. і першай паловы XIX ст. Жывапіс іншага роду ў Прылуках прадстаўляла вялікая карціна Юзафа Брандта “Пад`езд татараў, што вяртаюцца з разбойнага паходу” на фоне зарыва пажару, буйное на палову сцяны палатно Генрыха Вейсенгофа “Крывавы след” з выявай груганоў над снежным покрывам, пазначаным крывавымі слядамі ног, малюнак Пятра Стахіевіча “Галава польскага хлопца”, некалькі накідаў Яна Матэйкі, акварэлі Юліуша Косака, розныя працы Лявона Вычулкоўскага, партрэт Юрыя Гутэн-Чапскага аўтарства чэшскага мастака Брожыка (1855 — 1900), вялікі, у пераплёце, малюнак Маці Божай на сцяне, партрэт жонкі Юрыя Чапскага – Юзафіны Караліны, намаляванай у атласнай белай сукенцы, у фатэлі, каля цвітучага дрэва, і іншы партрэт той самай асобы, выкананы Людамірам Яноўскім ў год яе 30-годдзя (1897).

З іншых дэкаратыўных прадметаў і твораў мастацтва заслугоўвалі ўвагі: бронзавыя габрэйскія падсвечнікі з польскім арлом (каля 10 шт.), гадзіннік Boulle на такой самай падстаўцы, яшчэ адзін гадзіннік у стылі Людовіка XV, шырмы з чорнага дрэва з устаўленымі ў іх пейзажамі Альпаў, Неапалю, Рыму і іншымі аутарства Соф`і Мейендорф (з роду Штакельберг) пачатку XIX ст., разьбяны залаты (ці пазалочаны) келіх, ахвяраваны калісьці Францішку Станіславу Чапскаму (апошняму хэлмінскаму ваяводзе, пасля 4-гадовага Сойму), сталовае срэбра, саксонская і французская парцаляна, дываны і некалькі турэцкіх шаляў, якія аздаблялі сцены і мэблю. Былі ў палацы два фартэпіяна Bechstein і піяніна.

У зале на другім паверсе стаялі дубовыя зашклёныя шафы з буйным (некалькі тысяч тамоў) кнігазборам, пераважна дублетамі станькаўскай бібліятэкі. У ім захоўваліся матэрыялы па гісторыі, успаміны, прыродазнаўчыя працы і шмат мастацкай літаратуры, пераважна на замежных мовах – французскай, нямецкай, англійскай, з адносна невялікай колькасцю тагачасных польскіх кніг. Шмат выданняў, пераважна старых, мелі прыгожыя скураныя ці паўскураныя пераплёты і ўласны экслібрыс з надпісам “Georgius Comes Hutten-Czapski” і гербам Ляліва ў цэнтры. У спецыяльнай скрыні, якая захоўвалася ў свірне, месціўся сямейны архіў са шматлікімі дакументамі, замацаванымі старымі васковымі пячаткамі.

За 6 км на захад ад сядзібы Прылукі знаходзіцца невялікі лясны масіў, які з`яўляецца помнікам прыроды і мае назву “Прылуцкі лясны заказнік”. Гісторыя яго пачалася пры Чапскіху у другой палове XIX стагоддзя. Эмерык Чапскі займаў у сярэдзіне XIX стагоддзя высокі пост кіраўніка ляснога дэпартамента Расійскай імперыі. З-за нявзгоды з імператарам Аляксандрам II у справах раздачы лясоў Чапскі пакінуў пасаду і з`ехаў у свой маёнтак Станькава. Пасля набыцця значных зямельных угоддзяў і стварэння Станькаўскага ключа на гэтых землях пачынаецца развіццё лясной гаспадаркі і доследаў. Справу Эмерыка працягваў ягоны сын Юрый – гаспадар Прылук. У сельскай гаспадарцы ён увёў васьміпольны севазварот, у суседніх паселішчах Сеніца і Самахвалавічы з дапамогай графа Юрыя былі адкрыты спецыяльныя вучэльні, у якіх выкладаліся асновы земляробства і садаводства. (Невыпадкова на базе тых доследных пляцовак і плантацый ужо ў свавецкія часы былі створаны даследчыя інстытуты пладаводства, агародніцы, бульбаводства, і сёння ў Сеніцы дзейнічае дзяржаўны аграрна-камерцыйны каледж, а ў Самахвалавічах – інстытут пладаводства і бульбаводства). Пасадкі ў Прылуцкім лясным заказніку ствараліся адразу пасля высечкі графам Юрыем старога лесу, які прадаваўся ў Англію, Францыю і Амерыку. Граф запрашаў высокакваліфікаваных ляснічых з Польшчы, якія даглядалі новыя пасадкі і ставілі тут эксперыменты. У 1910 годзе яны заклалі пасадкі лістоўніцы еўрапейскай. У шырокіх міжрадкоўях, калі лес быў яшчэ малады, вырошчваліся зерневыя культуры – так немагчыма было разрастацца пустазеллю. Пасля ўсталявання савецкай улады, у 1922 годзе, была створана “Пастаянная камісія по лясной доследнай справе БССР”. На Прылуцкай лясной дачы пачалі праводзіцца навуковыя доследы. У 1930-я гг. тут высаджваліся ілжэтсуга Мензіса, хвоя Веймута, хвоя Банкса, хвоя Мурэя, ясень пенсільванскі. У пасляванны час тут пасаджаны культуры аксаміта амурскага, арэха маньчжурскага. На падставе ўсяго гэтага і быў створаны ў 1977 годзе заказнік. Побач з вышэйпералічанымі рэдкімі для Беларусі раслінамі ў ім растуць і звычайныя для нас дуб чарэшчаты, хвоя звычайная, елка звычайная, ясень звычайны, асіна, бяроза, рабіна.

Юрыю Чапскаму прыйшлося перажыць цяжкія часіны страты ўласнай маёмасці і, урэшце, страты роднай зямлі. Старажылы Прылук і суседніх вёсак паводле аповедаў іх бацькоў і дзядоў згадваюць апошніх гаспадароў Прылук як добрых і чуйных людзей.

Ігар Гатальскі «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *