Главная > В. Урублеўскі > КРЫНІЦЫ ПА ГЕНЕАЛОГІІ СЯЛЯНСКАГА НАСЕЛЬНІЦТВА МАЁНТКА ПРЫЛУКІ

КРЫНІЦЫ ПА ГЕНЕАЛОГІІ СЯЛЯНСКАГА НАСЕЛЬНІЦТВА МАЁНТКА ПРЫЛУКІ

Пры даследаванні гісторыі пэўнай мясцовасці важным момантам з`яўляецца збор і назапашванне генеалагічнай інфармацыі аб яе жыхарах, якія непасрэдным чынам у выніку сваёй жыццядзейнасці ўплывалі на тыя ці іншыя падзеі мясцовага жыцця. На сённяшні час у гістарычнай навуцы больш прыярытэтным з`яўляецца даследаванне шляхецкай генеалогіі, аднак паступовае паглыбленне цікавісці да мікрагісторыі вымагае ад нас звароту да генеалогіі саслоўя непасрэдных вытворцаў, а менавіта, сялянства.

Маёнтак Прылукі на працягу свайго існавання ўключаў у свій склад розныя паселішчы. Адныя з іх знікалі, другія, наадварот, засноўваліся. Цікавым феноменам з`яўляецца адсутнасць у маёнтку самога паселішча Прылукі. Прылукамі па сутнасці называўся сам цэнтр шляхецкай уласнасці, што ўключала ў сябе панскую сядзібу, гаспадарчыя пабудовы, панскую і сялянскую зямлю.

Найбольш раннім адшуканым на сёння дакументам з генеалагічнай інфармацыяй па маёнтку Прылукі з`яўляецца г. зв. рэвізійны інвертар, складзены пасля смерці Ганны Агінскай для яе сына Крыштафа Вільгельмавіча Статкевіча, падкаморыя браслаўскага, старосты азярышчанскага. Інвертар быў складзены на польскай мове 6 траўня 1645 года (верагонда, для лепшага размеркавання падаткаў і павіннасцяў сярод насельніцтва), актыкаваны на старабеларускай мове ў Менскім городскім судзе 5 ліпеня таго ж года. Дадзены дакумент з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ) цікавы перш-наперш у падачы генеалагічнай інфармацыі аб сялянскім несельніцтве маёнтка. Гэтая інфармацыя ўключае імя і проізвішча двораўладальніка і імёны ўсіх яго сямейнікаў мужчынскага полу.

Інвертар (ад лац. inventarium – вопіс) – перыядычны вопіс дзяржаўнай і феадальнай маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці, дзе фіксаваліся звесткі, у тым ліку і генеалагічныя, аб прыгонных і дзяржаўных сялянах. Інвертар прадстаўляе сабой адзіную прамую генеалагічную крыніцу, якая датычыцца толькі сялянскай генеалогіі.

У дадзены інвертар увайшлі сем населенных пунктаў маёнтка. У дакуменце яны названы сёламі. Гэта наступныя паселішчы – Цімошкавічы (суч. Цімошкі), Прылучкі, Лецкаўшчына, Шчомысліца, Слабада (суч. Прылуцкая Слабада), Каханоўшчына (суч.Каханаўшчына) і Падгай. На сённяшні момант усе яны ўваходзяць у склад Самахвалавіцкага, Сеніцкага і Шчомысліцкага сельскіх саветаў Менскага раёна.

Сямейна — роднасныя сувязі пазначаюцца ў дакуменце праз сваяцтва ўладальніка дыма (двара) з астатнімі мужчынамі ў сям`і. Звычайна яновымяраецца па схеме: гаспадар – сыны гаспадарка. Такіх выпадкаў выяўлена 124 з агульнай колькасцю дымоў у 162, што станоўча сведчыць пра достаткова высокі паказчык рэпрадукцыйнасці народанасельніцтва ў межах канкрэтна ўзятай мясцовасці. Апроч гаспадароў не было больш мужчын у 29 дварах. У астатніх гаспадарках радство паміж сямейнікамі можна пазначыць схемамі: гаспадар-браты, гаспадар-зяць, гаспадыня-зяць. Такіх выпадкаў зафіксавана 9.

Сем`і з`яўляюцца, як правіла, двухпакаленнымі, хаця маюцца выключэнні ў выглядзе трох пакаленняў адной сям`і (3 выпадкі). Зафіксавана адна чатырохпакаленная сям`я – сям`я Лявона Гладкага са Слабады.

Дадзеная крыніца па генеалогіі з`яўляецца цікавай і пры даследаванні распаўсюджанасці пэўных імён і прозвішчаў сялян мясцовасці. Імёны жыхароў Прылуцкага маёнтка носяць дастаткова традыцыйны хрысцянскі характар. Аднак маецца і выключэнне – некананізаванае славянскае імя Ждан ( сустрэча ў 4 выпадках). Той факт, што гэта імя на момант 1645 г. яшчэ не адышло ў нябыт, можэ быць звязаны з яго семантыкай, у аснове якой ляжыць сакральнае жаданне бацькоў убачыць сына – пераемніка. Не выключэнне, што ва ўсіх чатырох выпадках сяляне мелі і дадатковыя хрысціянскія імёны. Аднак, як сведчыць дакумент, славянскаму імені надавалася перавага.

Найбольш пашыранымі з`яўляюцца наступныя мужчынскія імены: Іван (разам з формамі Івашка, Ян, Янка, Янушка) – 56 выпадкаў, Васіль (разам з формай Васька) – 31 выпадак, Сямён ( з формай Шыман) – 25 выпадкаў, Грыгор (з формамі Грыгоры, Грышка, Грышай) – 23 выпадкі, Яська – 21 выпадак. Дастаткова рэдкімі і малараспаўсюджанымі ў мясцовым анамастыконе з`яўляюцца імёны: Мікалай, Мірон, Мікіта, Тарас, Аляксандр, Сяргей і інш. Некаторыя імены ў сувязі з асаблівасцямі свайго напісання цяжка паддаюцца нейкай ідэнтыфікацыі, напрыклад, Сатусь (магчыма маецца на ўвазе Самусь), Крыська (Крыштаф), Грошка (Грышка) і г.д. Некаторыя імёны, напрыклад, сялян Сурымтовічаў са Шчомысліцы, пададзены ў польскамоўным варыянце, як Шыман і Ежы. Наяўнасць у тым жа паселішчы носьбітаў імён Сямён і Юрка сведчыць аб тым, што з боку асоб, якія фіксавалі дадзеную інфармацыю, не было яе скажэння. Тое самое прасочваецца і на прыкладзе шматлікіх мясцовых Янкаў і Іванаў. Імёны падаюцца ў інвентары ў такім выглядзе, у якім яны ўжываліся ў асяродку бытавання. Таму ў дадатку, дзе публікуецца генеалагічная частка інвертара, імены падаюцца без скажэння, як у арыгінале (гл.Дадатак 1).

Дадатак 1
Дадатак 1
Дадатак 1
Дадатак 1
Дадатак 1
Дадатак 1

У межах адной сям`і асабовыя імёны дастаткова часта паўтараліся. Так, у Шчомысліцы пражывалі браты Камары з аднолькавым імем Яська. У вёсцы Прылучкі, у сям`і Федара Максімовіча былі два сыны з імем Грыгор.

На тэрыторыі маёнтка па дадзеных 1645 г. зафіксавана 112 прозвішчаў. Самымі распаўсюджанымі прозвішчамі з`яўляюцца прозвішчы з памяншальна-ласкавымі канчаткамі –онак, – ёнак (29 прозвішчаў – Амбразёнак, Белажонак, Краўчонак, Юрчонак і г.д.). Прозвішчы з такімі канчаткамі найбольш распаўсюджаны на Магілёўшчыне. Менавіта там, у Мсціслаўскім ваяводстве, знаходзіліся маёнткі Статкевічаў Любавічы і Сяменічы. Лагічна меркаваць, што Статкевічы маглі перавесці некалькі сялянскіх сям`яў з гэтых маёнткаў у маёнтак Прылукі. Шырока распоўсюджанымі з`яўляюцца проізвішчы на –іч (18 прозвішчаў – Белазановіч, Паўлюковіч, Лаўрыновіч і г.д.). Прозвішча Белазановіч можа быць асіміляваным на цэнтральнабеларускі манер варыянтам прозвішча Белажонак. Далей ідуць прозвішчы з фармантамі – еня, – эня (7 прозвішчаў – Юрчэня, Гадзіленя, Алашчэня і г.д.) Большасць проізвішчаў з прыведзенымі канчаткамі ўтвораны ад імён, мянушак і роду заняткаў жыхароў. Фармант –ец, – яц сустракаецца ў пяці выпадках (Занямонец, Кравец, Стараселец, Бегунец, Ярэц). Таксама мае месца ў пяці выпадках фармант –кі, – цкі (Глябоцкі, Дуброўскі, Мядліцкі, Астрыцкі, Гладкі). Дзве апошнія групы прозвішчаў часткова вызначаюць мянушкі, але ў большасці адасабляюць чыннік паходжання іх носьбітаў з пэўнага населенага пункта (напрыклад, Стараселец са Стараселля, Дуброўскі з Дубровы).

Два прозвішчы сканчаюцца на –энка, –енка (Чарэнка, Каленка). Насуперак усталяванай думцы, што прозвішчы з такім фармантам маюць выразнае украінскае паходжанне, можна прапанаваць гіпотэзу аб іх эвалюцыі ад магчымых прозвішчаўці мянушак Чаронак і Калёнак, з распаўсюджанымі у Прылуцкім маёнтку фармантамі –онак, –ёнак. Адпаведна сям`я альбо нашчадкі Чаронка і Калёнка маглі з часам называцца Чарэнкамі і Каленкамі.

Прозвішчы-прафесіі прадстаўлены ў сямі выпадках (Бондар, Ткач, Дойліда, Маляр, Каваль, Півавар, Кравец). Два прозвішчы цалкам нагадваюць асабовыя імёны – Архіп, Ілля. Блізкія да імён прозвішчы:Курка, Санька, Хомка і Цітка. Зафіксаваны два прозвішчы этнанімічнага паходжання – Ліцвіновіч і Цыган.

У плане багатага генеалагічнага і анамастычнага матэрыялу дадзеная крыніца з`яўляецца вельмі каштоўнай пры даследаванні мікрагісторыі мясцовасці. Аднак на практыцы пры выкананні генеалагічных запытаў НГАБ дадзеную крыніцу немагчыма прымяніць, бо няма сувязі з наступнымі пакаленнямі сялян Прылуцкага маёнтка. У сувязі з неадшуканасцю генеалагічных крыніц XVIII стагоддзя на сённяшні момант ствараецца лакуна прыблізна ў пяць пакаленняў, якія аддзяляюць сярэдзіну XVII і XIX стагоддзі. Менавіта на XIX ст. прыходзіцца складанне на тэрыторыі Беларусі рэвізскіх сказак – генеалагічнай крыніцы, што падае дакладную карціну сямейна-роднасных сувязяў жыхароў маёнтка.

Асноўнай крыніцай для вывучэння дынамікі народанасельніцтва Расійскай імперыі XVII – першай паловы XIX ст. з`яўляецца рэвізіі (ад лац. revisio – пераглядаю). Назва выклікана тым, што звесткі перапісу ўдакладняліся і першапачатковыя дадзеныя дапаўняліся). Асноўнай мэтай гэтага мерапрыемства быў улік усіх падаткаплацельшчыкаў (з часоў Пятра I “падушны падатак” замест падворнага падаткаабкладання). Першапачатковым матэрыялам рэвізій была рэвізская сказка, што складалася на пэўную асобу або сям`ю. Рэвізская сказка змяшчае наступныя генеалагічныя і іншыя звесткі: нумар двара па рэвізіі (10-я рэвізія, напрыклад, дадаткова падае адпаведны нумар па 9-й рэвізіі), прозвішча, імя і імя па бацьку гаспадара сям`і і ўсіх яго сваякоў мужчынскага полу, узрост па папярэдняй рэвізіі, адзнака аб выбыцці (адзначалася насупраць патрэбнай асобы калі і куды выбыў, напрыклад у 1842 г. “памер” ці “паступіў у рэкруты”) або адсутнасць падчас рэвізіі (напрыклад, з 1857 г. “у адлучцы”), узрост на час складання новай рэвізіі для іх жа – на адвароце першага ліста злева, нумар па рэвізіі (той жа), імя і імя па бацьку ўсіх сваякоў жаночага полу, адзнака аб адлучцы і з якога часу, узрост на час складання рэвізіі для іх жа на другім лісце справа. Унізе кожнай старонкі ставілася агульная колькасць асоб (з падзелам па полу), што пражывалі ў паселішчы на момант складання рэвізіі.

Рэвізская сказка ад 31 кастрычніка 1850 г. падае нам даволі цікавую інфармацыю аб насельніках маёнтка Прылукі XIX стагоддзя. Новымі пасельшчамі ў складзе маёнтка выступаюць Воўчкавічы, Максімілія і Зязюлеўка. У параўнанні з 1645 г. колькасць сялянскіх двароў ва ўсіх іншых вёсках моцна знізілася. У Падгаі – 16 двароў, у Лецкаўшчыне – на 17, у Прылучках – на 18 і г.д. Разбуральныя войны сярэдзіны XVII – першай паловы XVIII ст. і сацыяльна-эканамічныя працэсы другой паловы XVIII-першай паловы XIX ст. моцна паўплывалі на мясцовае народанасельніцтва. Многія прозвішчы, што адрозніваліся распаўсюджанасцю ў інвертары 1645 г., не згадваюцца ў рэвізскай сказцы 1850 г. (Дубінчонак, Занямонец, Ліцвіновіч). Больш не з`яўляюцца дамінатнымі прозвішчы на –онак, -ёнак. Прозвішчаў, што згадваюцца і ў інвертары, і ў рэвізскай сказцы зафіксавана ўсяго 7 (Бабурка, Гладкі, Дзяргай, Мятліцкі, Таракан, Хмыль, Цыркун). З гэтага можна зрабіць выснову, што склад насельніцтва ўсіх паселішч маёнтка за двесце год сур`ёзна змяніўся. Аднак прадстаўнікі карэнных родаў XVII ст. пэўным чынам вылучаліся на фоне стракатай масы новых прозвішчаў. У некаторых выпадках іх колькасць заўважна павялічылася. Так, Дзяргаі з Лецкаўшчыны ў 1645 г. 2 двары з 29, у 1850 г. – 9 з 12. Шырокім быў арэал распаўсюджанасці прозвішча Гладкі (Прылучкі – 2 двары, Максімілія – 1, Падгай – 3, Цімошкі -3, Слабада – 1, Каханоўшчына – 5, Зязюлеўка – 1). Працэс міграцыйных хваляў прасочваецца па дадзеных 1850 г. у з`яўленні на тэрыторыі маёнтка сем`яў сялян, пераведзеных з Віленскай (6 сем`яў, у асноўным з прозвішчам Маліноўскі) і Магілёўскай ( 10 сем`яў, у трох выпадках з вёскі Касцюкова) губерняў. З вёскі Матураў (суч.Матарова) Ігуменскага павета ў двор Прылукі пераведзены 18-гадовы Калюстра Кутуз, у вёску Каханоўшчыну – сям`я Людвіга Запольскага. Звотчыны Іваноўскіх Чаркасы ў вёску Слабаду была пераведзена сям`я Хведара Васілёва Хвалько.

Немалаважнай крыніцай сацыяльна-эканамічнай гісторыі маёнтка, якая таксама падае інфармацыю генеалагічнага кшталку, з`яўляюцца матэрыялы адмены прыгоннага права за 1863 г., а менавіта падрабязныя спісы сялян, абавязаных рабіць плацяжы са сваіх надзелаў у карысць памешчыцы Людвікі Горват. Сяляне-гаспадары з вёсак Падгай, Прылучкі, Лецкаўшчына, Слабада, Максімілія, Каханоўшчына, Цімошкі (усяго 80 чал.) абавязаны былі плаціць 23 руб. 60 кап. за год.

Кантрэтную інфармацыю аб падзеях нараджэння, вянчання і смерці падаюць метрычныя кнігі – крыніцы, якія складаліся ў культавых установах і маюць грамадскае значэнне. Метрычныя кнігі аб народжаных, пабраных шлюбам і памерлых па Прылуцкай Георгіеўскай уніяцкай царкве захаваліся ў НГАБ за 1798-1839 гг.

Метрычныя кнігі аб народжаных змяшчалі наступныя генеалагічныя і іншыя звесткі: нумар па парадку, магчыма, нумар па парадку асобна для мужчынскага і жаночага полу, дата нараджэння, дата хрышчэння, званне (звычайна ўказанне саслоўе і месца прыпіскі), прозвішча, імя і імя па бацьку бацькоў і іх веравызнанне, званее, прозвішча, імя і імя па бацьку ўспрыемнікаў. Метрычныя кнігі аб узяўшых шлюб змяшчалі наступныя генеалагічныя і іншыя звесткі: нумар па пардку, дата ўзяцця шлюбу ( у дадзеным выпадку адпавядае даце спраўлення культавага абраду), званне, прозвішча, імя і імя па бацьку жаніха, які шлюб (г. зн. першы – маладзён, другі – удавец ці разведзены) і ўзрост; адпаведна такая ж інфармацыя пра нявесту, проізвішча, імя і імя па бацьку сведкаў шлюбу. Метрычныя кнігі аб памерлых змяшчалі наступныя генеалагічныя і іншыя звесткі: нумар запісу па парадку, магчыма, нумар па парадку асобна мужчынскага і жаночага полу, дата смерці, званне, прозвішча імя і імя па бацьку памерлага, яго ўзрост, ад чаго аб якой хваробы памёр, дата і месца ( на якіх маогілках) пахавання.

Метрычных кніг Прылуцкай Георгіеўскай царквы другой паловы XIX — пачатку XX стст. у НГАБ на захаванні не маецца. У сувязі з адсутнасцю спавядальных ведамасцяў губляецца яшчэ адна важная крыніца, якая магла прадставіць нам карціну роднасных сувязяў жыхароў Прылуцкага маёнтка. Але захаваліся пасямейныя спісы мінскіх мяшчан, куды трапілі і жыхары згаданага маёнтка, а менавіта – сям`я Арцішэўскіх са Шчомысліцы.

Перад тым, каб пачаць шырокае асвятленне згаданых генеалагічных крыніц і вышэйпазначанага роду звернемся да кароткай гісторыі асобнага паселішча ў складзе Прылуцкага маёнтка.

Назва Шчомысліца носіць вельмі старажытны характар. Існуе некалькі версій паходжання назвы паселішча. Паводле адной з іх, назва паходзіць ад славянскага імя ўласнага Шчомысел. Аднак дакументальнага пацверджання існавання гэтага імя на сёняшні момант няма. Паводле другой версіі, назва паходзіць ад стараславянскга “мыслівец” – паляніўчы, што можа ўказваць на пражыванне тут прадстаўніка дадзенага роду заняткаў. Трэцяя версія засноўваецца на паўлегендарным уяўленні аб тым, што на тэрыторыі паселішча існавала г.зв. “госьбішча” – сезонны кірмаш, дзе гандляры з Украіны пыталіся ў пакупнікоў аб грошах наступным чынам: “Шчо мысліш мне даць за тавар?”.

Як і большасць паселішчаў маёнтка Прылукі, Шчомысліца ўпершыню ўпамінаецца ў інвентары 1645 г., дзе ў ей згаданы 19 двароў. У 1800 г. – вёска ў Менскім павеце, уласнасць старасціны М.Іваноўскай, 2 двары, 11 жыхароў. У 1850 г. – Шчомысліца, уласнасць сапраўднага стацкага радцы Л.Ф.Ашторпа, 3 двары, 19 чалавек (11 мужчын і 8 жанчын). Пражывалі сем`і Тамаша Фёдарава Бабуркі, Івана Тамашова Алексейчыка, Пятра Іваноыва Крыстафовіча.

Да 1863 г. вёска Шчомысліца знікла, і таму не ўпамінаецца ў матэрыялах адмены прыгоннага права ў маёнтку Прылукі (яе жыхары былі пераведзены ў суседнюю вёску Слабодка). Але існавала яшчэ адно паселішча з такой назвай. У канцы XIX ст. згадваецца засценак Шчомысліца ( у 1897 г. – з дв., 16 жых.), дзе жыла сям`я мінскіх мяшчан Арцішэўскіх. Верагодна, змяшчаўся засценак паблізу былой аднайменнай вёскі. Першым выдомым прадстаўніком гэтага праваслаўнага роду быў Васіль Міхаўловіч Арцішэўскі (памёр у 1890 г.), што пражываў у засценку Шчомысліца на зямлі Чапскіх і займаўся хлебапашніцтвам. У пасямейныя спісы мінскіх мяшчан за 1882 і 1894 гг. трапілі і тры пакаленні яго нашчадкаў. Гэтыя дакументы даюць пойнае ўяўленне аб гісторыі згаданай сям`і ў канцы XIX – пачатку XX ст.

Пасямейныя спісы складаліся пасля адмены прыгоннага права для ўліку прызыўнікоў у войска з падатных станаў і служылі падставай для складання прызыўных спісаў. Пасямейныя спісы асоб, што былі як Арцішэўскія прыпісаны да мяшчанства, складаліся пры гарадскіх управах. Пасямейны спіс змяшчае наступныя генеалагічныя і іншыя звесткі: нумар па парадку, нумар па рэвізіі 1858 г., прозвішча, імя і імя па бацьку гаспадара і ўсіх яго сваякоў мужчынскага полу, узрост па рэвізііі на час складання спіса і дата нарадэжэння па метрыцы для іх жа, адзнака аб прыбыцці (выбыцці) мужчын пасля складання спіса (сюды запісваліся звесткі аб памерлых, нованароджаных і ўзяўшых шлюб па прадстаўленні выпісаў з метрычных кніг), адзнака аб асобах, што прызываліся за апошнія 6 гадоў да складання спіса ці падлягаюць прызыву і ў якім годзе, імя і імя па бацьку ўсіх сваякоў жаночага полу і іх узрост на час складання спіса, адзнака аб прыбыцці (выбыцці) жанчын пасля складання спіса, у тым ліку аб узяўшых шлюб.

Жонкай Васіля назывецца Францішка, што па звестках 1882 г. ужо лічылася памерлай. У сям`і былі два сыны – Адам (памёр маладым) і Канстанцін (нар. у 1835 г.), таксама дачка Уршуля, што значыцца паводле спіса як замужняя.

Канстанцін разам з жонкай Мар`янай мелі шасцёра дзяцей: Петра (нар. у 1860г.), Апалонію (нар. у 1863 г.), Тодара (нар. у 1864 г.), Якуба (нар. у 1868 г.), Ануфрыя (нар. у 1871 г.) і Андрэя (нар. 01.01.1876). На момант 1894 г. сям`я амаль у поўным складзе пражывала ў засценку Шчомысліца маёнтка Прылукі.

Пётр на 1 студзеня 1894 г. пражываў з сям`ёй у фальварку Ількова Ігуменскага павету, затым у маёнтку Сляпянка Сеніцкай воласці Мінскага павета. Ён быў жанаты два разы: першы раз шлюб быў заключаны 03.07.1888 г. з Марыяй Іванавай (1870-03.07.1895), праваслаўнай; другі раз – 11.07.1904 г. з Фларэнцінай Ігнтавай (нар. у 1851 г.), рыса-каталічкай. З першага шлюбу вядомы наступныя дзеці Пятра – Іван (нар. 02.02.1889), Ганна ( нар. 22.01.1891) і Марыя (нар. 01.02.1894). У 1906 г. Пётр Канстанцінавіч згадваецца як арандатар зямлі ў засценку Шчомысліца, дзе тады знаходзілася летняя рэзідэнцыя паноў Чапскіх. Аб гэтым факце могуць укосна сведчыць старыя таполі, што захаваліся ў некаторых месцах паселішча ( у асноўным у раёне вул.Кірунікава), пасаджаныя ў строгім парадку.

6 чэрвеня 1915 года Пётр разам з жонкай і дзецьмі пераведзены ў разрад сялян Станькаўскай воласці Мінскага павета загадам Мінскай палаты пад нумарам 50354. Верагонда, пасля рэвалюцыі сям`я засталася тамака.

Тодар быў жанаты (з 13.09.1898) з Ганнай Людвікавай ( нар. у 1880 г.). Вянчанне маладых адбылося ў Прылуцкай царкве. У шлюбе нарадзіўся сын Віктар (нар. 13.08.1900). Пасля смерці Тодара (памёр 30.11.1903) Ганна с сынам перасялілася ў г.Менск, дзе пражывала на вул.Міхалішскай у доме яўрэя па-прозвішчу Метрыка.

Ануфры знаходзіўся на вайсковай службе з 1891 па 29 жніўня 1895 гг. 28 ліпеня 1904 г. выключаны з аклада павіннасцей, прадпісаных Мінскай Казённай палатай за нумарам 24903 з залічэннем на пасаду паштальёна.

Андрэй знаходзіўся на вайсковай службе з 1897 па 20 жніўня 1901 гг. У снежні 1904 г. быў прызваны з запасу і, верагодна, прыняў удзел у руска-японскай вайне, бо вярнуўся ўжо па яе сканчэнні ў студзені 1906 года.

У 1917 г. Шчомысліца згадваецца як фальварак, дзе пражывала 78 чал. Пасля рэвалюцыі паселішча зноў атрымала статус вёскі. Знаходжанне каля чыгункі, пракладзенай у 1871 г., садзейнічала ўзбуйненню населенага пункта. Сюды пасяліліся сем`і Гарцэвічаў, Аляшкевічаў, Бабуркаў, Клочкаў, Жукоўскіх, Харытановічаў, Шэлютаў, Мурашкаў і г.д.

Даследаванне генеалогіі насельніцтва маёнтка Прылукі ахоплівае шырокі дыяпазон крыніц, якія разам з генеалагічнай інфармацыяй прадстаўляюць інфармацыю па гісторыі, геаграфіі, анамастыцы, статыстыцы, дэмаграфіі рэгіёна. Адпаведны мікрагістарычных ўхіл садзейнічае вызначэнню асноўных асаблівасцей развіцця тэрыторыі, дазваляе раскрыць глыбінныя сувязі працэсаў і з`яў мясцовай гісторыі.

Вадзім Урублеўскі «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *