Главная > А.І. Валахановіч > Легенда пра графаў Чапскіх: Графскі садоўнік

Легенда пра графаў Чапскіх: Графскі садоўнік

Надыходзіла вясна. У графскім парку маёнтка Станькава сышоў снег, і зямля пад ім была мяккая, духмяная, цёплая і вільготная. Яшчэ не было ніякіх кветак — на клумбах не прыжываюцца лясныя падснежнікі, — але таямнічы водар зямлі, якая прачынаецца для нараджэння новага жыцця, быў такім моцным, такім дурманлівым, што дайшоў, урэшце, і да пакояў гаспадароў маёнтка Станькава. Ён прымусіў графіню Мальвіну ўскінуцца ў адной толькі лёгкай кашулі з шыкоўнага залататканага ложка, падбегчы да акна і расчыніць яго насустрач сонцу, цяплу, нечаканай радасці, веснавому лёгкаму ветру.

Юнай вясной магла падацца ў гэта імгненне маладая графіня Чапская — зеленавокая, золатавалосая, незвычайна мілая ў сваёй ранішняй непрыбранасці, калі б не так моцна зіхацеў пад сонечнымі промнямі на руцэ яе абручальны пярсцёнак. Акальцаваць можна птушку і прыгожанькую жанчыну. Вясну акальцаваць, зачараваць, прыняволіць, падпарадкаваць чужому жаданню немагчыма. — Уставайце, граф! Няўжо вы хочаце праспаць такую цудоўную раніцу? — з усмешкай звярнулася графіня Мальвіна да некага, хто з пыхценнем вазіўся ў алькове, засланяючы вочы ад шматлікіх вясёлых зайчыкаў.

Граф Чапскі, непаваротлівы, нязграбны, ужо немаладога ўзросту, урэшце рэшт, таксама падняўся. — Не разумею, што вас так узрадавала? На вуліцы звычайная ранішняя сырасць! — прабурчаў ён незадаволеным голасам, цяжка падышоўшы да акна. — Але вы паслухайце, як спяваюць птушкі! Яны вітаюць вясну! — усклікнула маладая жанчына. — Ну што ж, тады, мабыць, настаў час прыцягнуць да працы нашага садоўніка. У мінулы год ён занадта марудзіў з нарцысамі, і яны ў нас з’явіліся значна пазней, чым у суседзяў, — па-дзелавому пачаў разважаць граф Чапскі, канчаткова скінуўшы з сябе ранішні сон.

Граф адышоў ад акна раскурыць любімую люльку. А графіня ўсё ўдыхала водар зямлі і не магла надыхацца.

І раптам на фоне трапяткіх веснавых дрэў яе маладыя вочы вылучылі далёкую постаць. Чалавек у высокіх ботах ішоў па алеі, часта спыняючыся і падыходзячы то да аднаго, то да другога дрэва. Ён схіляўся перад імі, мацаў — правяраў глебу ў карэннях, праводзіў далонню па шурпатых стромах, нават прыкладваў вуха да іх, услухоўваючыся ў тое, як гуляюць пад карою веснавыя сокі.

Чалавек моцна кульгаў, прыпадаючы на левую нагу. Графіня Мальвіна пазнала ў ім садоўніка Стася. «Які малайчына, — падумала яна, — граф яшчэ толькі ўспомніў аб ім, а ён ужо выйшаў на работу».

Але тут з суседняга пакоя данёсся раздражнёны голас графа Чапскага: — Вы ўжо занадта доўга стаіце ля адчыненага акна. Вы можаце прастудзіцца! Ідзіце лепш сюды! Цяжка ўздыхнуўшы, маладая жанчына павольна адышла ад акна.

Старэйшы сын селяніна Данілы, які жыў у суседняй вёсцы Ляхавічы, Станіслаў, нарадзіўся калекам. Левая нага яго была нашмат карацейшай за правую. Гэта было няшчасце, бо ўбогае дзіця, калі яно толькі не памірала ў маленстве, станавілася для сям’і вялікім цяжарам, «лішнім ротам».

Стась не памёр у дзяцінстве, а вырас у даволі гожага, зграбнага, шыракаплечага мужчыну. Калецтва, як і прадбачыў бацька, перашкодзіла Стасю стаць пасля яго карміцелем сям’і, і гэты цяжар усклалі на свае плечы малодшыя сыны Данілы. У Стася адкрыліся вялікія здольнасці ў садоўнічай справе. Яго і узяў граф Чапскі да сябе ў станькаўскі маёнтак.

Хаця Стасю было толькі 27 гадоў, іншым дваровым графаў Чапскіх ён здаваўся амаль старым. Сутулы, маўклівы, моцна кульгаючы, зарослы жорсткай барадой, ён імкнуўся пазбягаць усялякіх размоў са слугамі і парабкамі, і нават калі сам гаспадар маёнтка заводзіў з ім гутарку, адказваў коратка і неахвотна. Стась саромеўся свайго калецтва, баяўся насмешак і здзекаў і таму выконваў работу ціха, старанна і непрыкметна. Так было да тых часін, пакуль ў маёнтку Станькава на з’явілася маладая гаспадыня.

Парковый партер перед дворцом.
Парковый партер перед дворцом.

Быццам веснавы вецер, лёгкі і ап’яняючы, уварвалася яна ў жыццё беднага садоўніка, і раптам Стась пачаў заўважаць, што, гледзячы на прыгожую юную графіню, ён усё часцей і часцей успамінаў, што ён — мужчына. І ўсё часцей стала з’яўляцца ў маладога калекі жаданне зрабіць нешта такое, каб яго заўважылі, пахвалілі за добрую работу, проста ўсміхнуліся.

Садоўнік пачаў працаваць на знос. Раніцай, яшчэ да сонейка, яго можна было ўжо бачыць ля клумбаў перад графскім палацам. Папрацаваўшы ўвесь дзень, позна ноччу Стась яшчэ рабіў абход парку, правяраў стан кожнага дрэўца, выяўляў хворыя і непрыдатныя, каб пры выпадку замяніць іх іншымі, каштоўнымі заморскімі пародамі дрэў.

Цяпер не звярнуць увагу на маладога садоўніка было немагчыма. Але Стась не ведаў, што, разглядзеўшы ўрэшце рэшт пад густой расліннасцю на яго шчоках прыгожы малады твар, многія дзяўчаты спрабавалі пазнаёміцца з ім бліжэй.

Не ведаў таму, што ўсе свае сілы аддаваў на тое, каб звярнуць на сябе ўвагу маладой графіні Мальвіны. Не, ён не страчваў галаву: дабіцца кахання прыгожай жанчаны, гаспадыні, ды да таго ж замужняй, яму было нерэальна. Але калі б яна падаравала яму ўсяго толькі адно ласкавае слова, ён змог бы урэшце, паверыць у сябе, у сваю моц, маладосць, упэўненасць, чалавечую годнасць — ва ўсё тое, што адабрала ў яго калецтва.

У тую сонечную раніцу, калі юная графіня ўпусціла ў свой пакой праз акно вясну, Стась прыдумаў, нарэшце, спосаб заслужыць пахвалу сваёй гаспадыні.

Ён сказаў графу Чапскаму, што хоча ўпрыгожыць станькаўскую сядзібу трыма незвычайнымі кампазіцыямі з дрэў, жывымі скульптурамі-алегорыямі Веры, Надзеі і Кахання.

Здзіўлены граф даў згоду. Для працы былі абраны тры даволі высокія дрэвы амаль пад вокнамі графскай спальні. І некалькі дзён Стась толькі хадзіў вакол іх, углядаўся ў распалажэнне галін, нешта вымяраў. А потым некалькі работнікаў прывезлі высокую дашчатую агароджу і паставілі яе вакол. З раніцы да позняга вечара штодзень стаў прападаць малады садоўнік за высокай агароджай, мудруючы нешта над дрэвамі. Ён акуратна абразаў галіны, надаючы ім нейкую новую форму, рабіў надрэзы на ствалах, прывіваючы да іх маладыя новыя галіны.

У гэтым клопаце прайшла вясна і большая частка лета. Тады, урэшце, Стась аб’явіў графу Чапскому аб тым, што работа яго скончана. Граф Чапскі паспяшаўся запрасіць гасцей, якія ўжо даўно цікавіліся, што робіцца за высокай агароджай амаль ля вокнаў графскага маёнтка. Разам с тым графа хвалявала думка: ці не сапсаваў садоўнік дрэвы, зрабіўшы з іх вырадкаў, якіх варта будзе толькі спілаваць. Ён нават хацеў паглядзець на работу Стася загадзя, каб несароміцца перад панамі-суседзямі. Але ўпершыню за ўвесь час сваёй службы ў графа Чапскага пасмялелы садоўнік упэўнена і пераканаўча параіў свайму гаспадару не спяшацца. І граф Чапскі, здзіўлены нечаканай упартасцю і рашучасцю халопа, адступіў.

І, нарэшце, надышоў дзень адкрыцця таямніцы. І ўпалі покрывы, за якімі хаваліся цудоўныя жывыя скульптуры. І на імгненне змоўклі ўражаныя госці ўбачным у маёнтку Станькава свайго суседа і сябра.

Першае дрэва было, быццам у захапленні і падзяцы ўзняўшы рукі да неба чалавек, — Вера. Урачыстым гімнам Богу гукала гэта работа садоўніка-скульптара. Здавалася, у працягнутыя насустрач Богу рукі-галіны з небёсаў сыплецца залаціста-зялёны дождж Боскай ласкі, створаны з жывой лістоты.

Скульптура ж, якая адпавядала алегорыі Надзеі, была нібыта згорблены чалавек з кульбаю ў зялёным доўгім плашчы. Гэты чалавек узнімаў угару галаву, як бы чакаючы, што хтосьці моцны і добры працягне адтуль яму руку дапамогі.

Алегорыя Кахання была самай незвычайнай. Трэцяе дрэва не мела падабенства да чалавечай постаці, але расло быццам бы дагары карэннямі. Як удалося садоўніку зрабіць усё так, нібыта вырвалі дрэва гэтае з глебы і, абкарнаўшы ўсе галіны, утыркнулі вершалінаю ў зямлю! Падпарадкоўваючыся нейкай невядомай сіле, карэнні, якія трапілі ў нябёсы, выпусцілі лісце.

Доўга ўглядалася ў гэтую апошнюю работу маладая графіня. І неўзабаве адкрылася ёй яшчэ больш вялкая таямніца — тонкая, нервова-хваравітая, добрая, прыгожая душа чалавека, стварыўшага такое цуда.

«Хіба не падобны мы ў час кахання, — думалася графіні, — на гэтае дрэва? Хіба не пераварочвае вялікае пачуццё існасць нашу, ставячы ўсё з ног на галаву. Самае недарэчнае, самае незразумелае і, тым не менш, самае трывалае на свеце пачуццё — пачуццё чалавечага кахання. Але якім жа сэрцам павінен валодаць чалавек, якому прыйшло ў галаву такое параўнанне!». І ўпершыню зірнула юная гаспадыня на халопа з даверам і разуменнем. І сустрэўся погляд гэты з сур’ёзным, насцярожаным, але незвычайна страсным поглядам садоўніка. І здзіўленне графіні Мальвіны змянілася незразумелым захапленнем: яна заўважыла, урэшце, і маладосць, і прыгожасць, і мужчынскую моц, і духоўную сілу Стася. І не вытрымала графіня. Пад гоман і шматлікія ўсклікі задаволеных гасцей кінулася яна, ахопленая незразумелым парывам, да садоўніка, і на вачах усіх гасцей пацалавала яго…

Толькі злёгку нахмурыўся граф Чапскі і тут жа пачаў з энтузіязмам абмяркоўваць з кімсьці з гасцей іншае. І тады ўсе зрабілі выгляд, быццам нічога незвычайнага не адбылося.

Назаўтра граф Чапскі абвінаваціў графіню Мальвіну ў залішніх знаках увагі да садоўніка Стася. — Паверце мне, вы жорстка памыляецеся! — са слязамі ў голасе апраўдвалася графіня Мальвіна. — Не трэба, мадам, — злосна ўсміхнуўся граф. — Мне ўчора ледзь удалося адцягнуць ад вашага глупства ўвагу людзей. Вам што ж, недастаткова кахання нармальнага мужчыны? Ну што ж, з вамі мне ўсе ясна, а гэтага дзёрзкага халопа чакае пакаранне.— Але ў чым жа вінаваты гэты няшчасны садоўнік? — спытала з міжвольным хваляваннем маладая жанчына. — Дык вы яшчэ і шкадуеце яго? — пачаў вар’яцець граф. — У ланцугі злачынца! Да вялікага валуна загадаю прыкуць! Голадам замару, каб ведаў, з кім мае справу. Зазанаўся, быдла, майстрам вялікім сябе ўявіў! Ну дык адразу апусціцца на зямлю, у бруд, з якога паходзіць!..

Зоркай жнівеньскай ноччу да вялікага валуна, дзе быў прыкуты Стась, хутаючыся ў шырокі плашч, наблізілася графіня Мальвіна Чапская. І зноў вочы гаспадыні сустрэліся з вачыма халопа. Толькі гэта была ўжо зусім іншая сустрэча. Не бедны, забіты, прыніжаны ўласным калецтвам раб глядзеў на графіню Мальвіну, а мужчына, поўны чалавечай годнасці, і, што дзівіла яе, незвычайна спакойны, быццам бы і не падвяргалі яго ні бізунам на стайні, ні гэтаму прынізліваму пакаранню.

— Прабачце мяне! — прашаптала графіня. — Гэта я ва ўсім вінавата.Не трэба, пані, — перарваў яе Стась. — Я ўдзячны вам, бо вы дапамаглі мне ўпэўніцца, што і я таксама чалавек.— Мой муж вырашыў загубіць вас, Станіслаў! — памаўчаўшы, зноў загаварыла маладая жанчына. — Ён страціў розум ад рэўнасці! Але я не магу дапусціць вашай пагібелі!— Дзякуй вам, гаспадыня, за дабрату вашу!

І прыкмеціла графіня Мальвіна, што ў словах гэтых было больш годнасці, чым рабскай удзячнасці таму, хто вызваляе яго ад пакарання.— Вось ключ ад вашых ланцугоў! — працягнула яго графіня халопу.— Вызваляйце сябе і ідзіце са Станькава. Вы дастойны свабоды!— Куды ж ісці мне, добрая пані? — горка ўсміхнуўся Стась.— Не ведаю… Але ж кудысьці знікаюць беглыя мужыкі?— Хіба вам будзе прыемна даведацца, што ваш былы садоўнік займаецца ў лясах нядобрай справай? — спытаў ён.— Не, Станіслаў, не! Толькі не гэта! Ёсць Сібір, ёсць Амерыка. Лепей туды! — параіла яна.— Што ж, хай будзе па-вашаму, добрая пані! — прагаварыў Стась і адамкнуў ключом замок, які быў на ланцугу: — Вы дапамаглі мне скінуць ланцугі і памятайце: гэта вы паказалі мне шлях да волі!.. — сказаў на развітанне Стась графіні Мальвіне. Ён хуткім крокам пакінуў станькаўскі парк графаў Чапскіх і, як падалося графіні Мальвіне, амаль не кульгаў.

Прайшло шмат гадоў. Пайшлі з жыцця станькаўскія графы Чапскія, заняпаў іх маёнтак, здзічэў станькаўскі парк. Загінула ад чыёйсці сякеры дрэва — алегорыя Веры. Вывезена ў Германію ў час нямецкай акупацыі дрэва Надзея — як рэдкі экзэмпляр.А дрэва Каханне перажыло ўсе часы і нягоды і захавалася ў сваёй непаўторнасці. І толькі яно ды яшчэ вялікі валун, да якога калісці быў прыкуты графскі садоўнік Стась, напомінаюць нам аб дзівосных падзеях далекага мінулага ў маёнтку Станькава графаў Чапскіх. Знайдзіце час і зазірніце ў вёску Станькава, што пад Дзяржынскам! Вы іх там і ўбачыце!

А.І. Валахановіч «Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі, 2003 г.»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *