Главная > В. Калясінскі > ЛЁС НУМІ3МАТЫЧНАЙ КАЛЕКЦЫІ ЭМЕРЫКА ГУТЭН-ЧАПСКАГА

ЛЁС НУМІ3МАТЫЧНАЙ КАЛЕКЦЫІ ЭМЕРЫКА ГУТЭН-ЧАПСКАГА

Унікальныя нумізматычныя зборы Эмерыка Гутэн-Чапскага захоўваюцца ў філіяле Нацыянальнага музея Кракава, які носіць яго імя. Эмерык Чапскі ўзвёў будынак музея і разам з калекцыяй перадаў гораду Кракаву. Гэта і забяспечыла захаванне калекцый. Гісторыя пабудовы музея і яго экспанаты дастаткова вядомы і апісаны. Нас цікавяць манеты і медалі, якія не трапілі ў Кракаўскі музей. Вядома, што ў Кракаўскім музеі захоўваецца так званая “паланістыка», якая складаецца з манет і медалёў, якія чаканіліся ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім. Другая частка калекцыі, так званая «русістыка» у якую ўваходзілі манеты і медалі расійскага паходжання, была пакінута ў Станькаве на захаванне Каралю Чапскаму. Эмерык Чапскі вывез у Кракаў частку калекцыі, якая мела дачыненне да Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Ён выбіраў экспанаты па тэрытарыяльнай прыкмеце, а не па гістарычнай, навуковай ці матэрыяльнай каштоўнасці. Таму, ведаючы пра ўнікальныя зборы ў Кракаве, можна сцвярджаць і пра выключнасць «русістыкі». Поўных звестак пра гэты раздзел калекцыі Э.Чапскага няма, таму нельга адказаць на пытанне, якая частка калекцыі найбольш каштоўная.

У адрозненне ад Кракаўскіх збораў, лёс калекцыі. якая засталася ў Станькаве, да канца не высветлены. Новы ўладальнік Станькава Караль Чапскі быў мінскім галавой з 1890 па 1901 год. Пры ўсіх сваіх добрых якасцях ён, на вялікі жаль Э. Чапскага, не пераняў захаплення бацькі калекцыянаваннем. Адмовіўшыся ад дзяржаўнага жалавання ў 1894 годзе, Чапскі за свой кошт рэалізоўваў у Мінску многія амбіцыёзныя праекты. Калекцыя магла разглядацца ім як матэрыяльная крыніца. Пасля смерці Чапскага ў 1904 годзе нашчадкамі калекцыі сталі яго жонка Марыя Чапская з Пуслоўскіх і малалетнія дзеці. Звесткі пра калекцыю губляюцца, як і сама калекцыя.

Ці можна ўзнавіць калекцыю «русістыка» Э.Чапскага, якая засталася ў Станькаве? Манеты і медалі раздзела «паланістыкі» былі апісаны ў пяцітомным нумізматычным каталогу. Калекцыя «русістыкі» так і засталася некаталагізаванай. Узнавіць калекцыю «Русістыкі» і іншыя раздзелы дапамагаюць надчаканкі, якімі Э. Чапскі пазначаў сваю калекцыю. Надчаканка ўяўляе сабой маленькую літару «C», у сярэдзіне якой знаходзяцца рыска і кропка, якія сімвалізуюць радавы герб Гутэн-Чапскіх «Ляліва». Рыска азначае маладзік, а кропка — шасціканцовую зорку. Памеры надчаканкі — каля аднаго міліметра. Літара «С» азначае першую літару прозвішча Чапскага па-польску.

Усе манеты і медалі Э.Чапскі пазначаў з аднаго боку. Гэта мог быць аверс ці рзверс. Клеймо псуе знешні выгляд манеты ці медаля, асабліва калі яны маюць невялікі памер. З пачуццём жалю глядзіш на манеты і медалі добрага захавання, на якіх вылучаецца клеймо. Гэта адназначна псуе ўнікальныя творы медальернага мастацтва, вядомыя ў некалькіх ці адзіным экзэмпляры. Якімі падставамі кіраваўся Эмерык Чапскі, ставячы асабістае клеймо на манету ці медаль? Можа, граф хацеў такім чынам абараніць сваю калекцыю ад крадзяжу ці прадчуваў яе знікненне.

У нашым выпадку клеймо на манеце ці медалі дае магчымасць атрыбуцыі да калекцыі. Не трэба толькі блытаць клеймо і контрмаркіроўку, калі пазначаліся манеты для грашовага абарачэння. На медалях контрмарка наогул не ставілася.

Расійскія манеты і медалі, а таксама нумізматычны матэрыял іншых краін, не прадстаўлены у Кракаўскім музее, разышліся па прыватных калекцыях і дзяржаўных музеях. Часам такія манеты можна бачыць у каталогах аукцыёнаў. В. Н. Рабцэвіч апісаў манеты з надчаканкай Э.Чапскі са збораў Нацыянальнага музея ЗША пры Смітсонаўскім інстытуце (Вашынгтон).

Так склалася, што хаця асноўным заняткам Э.Чапскага была дзяржаўная служба і гаспадарчая дзейнасць, еўрапейскую вядомасць прынесла яму калекцыянаванне, якім ён займаўся апантана, але ў вольны час. Толькі апошнія два гады жыцця былі прысвечаны будаўніцтву музея і сістэматызацыі калекцыі.

Цікавасць да калекцыі Э. Чапскага мае і практычны сэнс у сувязі з планам па стварэнні музея ў палацава-паркавым комплексе Чапскіх у Станькаве, дзе плануецца экспанаваць фотаздымкі манет і медалёў з калекцыі Э. Чапскага. Таксама можна па магчымасці сабраць і вядомыя выявы манет і медалёў з раздзела «русістыкі». Упрыгожваннем музея павінны стаць і арыгінальныя рэчы. Калі вяртанне калекцыі з Кракава не можа і разглядацца, таму што ўсе экспанаты былі асабіста перададзены Э. Чапскім, то трэба спадзявацца толькі на вяртанне манет і медалеў з раздзела «русістыка» і тых экзэмпляраў, якія не трапілі ў Кракаўскі музей.

Валерый Калясінскі «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *