Главная > Б. Іванова > ПРЫЛУКІ ВА ЎСПАМІНАХ МАРЫІ ЧАПСКАЙ “EUROPA W RODZINIE”

ПРЫЛУКІ ВА ЎСПАМІНАХ МАРЫІ ЧАПСКАЙ “EUROPA W RODZINIE”

Ваколіцы Прылук, нашага роднага дома, якія былі куплены нашым дзедам Эмерыкам Чапскім пасля 1863 года, былі пагоркавыя, пакрытыя невялікімі лясамі і купкамі дрэў, якія раслі ў полі на старых курганах. Нас вельмі інтрыгавалі гэты курганы…. “Паміж Прылукамі і Станькавам, адлеглым на 20 кіламетраў, праходзіў водападзел, бо наша прылуцкая рэчка Пціч, якая цячэ ў амбрамленні вольхаў, належыць да бассейну Прыпяці і Дняпра, а Нёман, які бярэ пачатак у станькаўскіх землях, бяжыць на поўнач да Балтыйскага мора” – так успамінае свойскі і прывычны для нас, сучасных прылучан, пейзаж Марыя Чапская ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя, пражыўшы большую частку жыцця далёка ад роднага дома.

Нарадзіўшыся ў 1894 годзе ў Празе ў палацы крэўных сваёй маці Юзэфіны Тун, Марыя Чапская вырасла ў Прылуках каля бацькі – паляка, маці – аўстрыячкі і сярод беларускага насельніцтва. Марыя належала ўжо да чацвертага пакалення той галіны Чапскіх, якая воляй лёсу ад канца 18 стагоддзя была звязана з нашымі мясцінамі. Роданачальнік гэтай галіны Францішак Станіслаў Чапскі ў год першага падзелу Рэчы Паспалітай – 1772 – у Франкфурце ажаніўся з Веранікай Радзівіл. Ягоныя сядзібы ў г. зв. Каралеўскай Прусіі былі ўжо адарваныя ад Польшчы, і маладыя да смерці мужа ў 1802 годзе жылі ў Варшаве ў вялікім недастатку, бо пасагу сваёй жонкі ад швагра Караля Радзівіла (“пане Каханку”) Чапскі не дачакаўся. Застаўшыся ўдавой з двума сынамі, Вераніка атрымала свой пасаг праз суд. Сыны Веранікі Караль і Станіслаў скончылі калегіум братоў-піяраў ў Вільні, ажаніліся з дваюраднымі сёстрамі Абухавічанкамі. Старэйшы брат Караль ( жанаты з Фабіянай Абуховіч) асеў у Станькаве. У 1812 годзе пасля адыходу рускіх войскаў ён быў выбраны Маршалкам Мінскай шляхты, стаў куратарам школ Слуцкага павету, сябрам Адукацыйнай камісіі. Адным з яго трох сыноў быў Эмерык, які ажаніўся з Альжбетай Мейендорф і пераняў ад бацькі Станькаў. Ён доўгі час быў на царскай службе і быў даволі зрусіфікаваны (яго маці Фабіяна плакала, калі ўнукі звярталіся да яе па-расейску “бабушка”). Польскасць яго абудзілася позна, але памёр ён у Кракаве гарачым польскім патрыётам. У Станькаве застаўся ягоны старэйшы сын Караль, ад 1890 па 1901 год прэзідэнт горада Мінска, а малодшы, Ежы, бацька Марыі, атрымаў набытыя Прылукі. Ежы Чапскі ажаніўся па волі бацькі. З Юзэфінай Тун ён пазнаёміўся ў Сангушкаў, і ў 1886 годзе адбыліся афіцыйныя заручыны. Пасля шлюбу маладыя адразу выехалі ў Мінск, а адтуль чацвёркай коней – у Прылукі. Пад`язжджаючы да Прылук, маладая гаспадыня здалек убачыла вялікае гняздо буслоў на старой ліпе. Быў жнівень месяц і ўжо былі маладыя буслікі, якія вучыліся лётаць. Здалёк была бачна таксама гадзіннікавая вежа, якую Юзэфіна прыняла за касцельную. Маладых сустрэлі на парозе дома хлебам і соллю. Тут ім было суджана пражыць 17 гадоў, і тут гаспадыня памерла такой маладой, пакінуўшы сіротамі сямёра дзяцей. Яна пахавана ў Воўчкавічах, дзе і цяпер над яе магілай узвышаецца велічны помнік.

А тады 19-гадовая гаспадыня Прылук у абсалютна невядомых умовах, не ведаючы мовы, хутка зжылася з роднымі і атачэннем мужа. Нехта з першых гасцей маладой пары напісаў у гасцявой кніжцы: “ Каб такія жанчыны на камяні нараджаліся!”

Марыя была чацвёртым дзіцем у гэтай вялікай сям`і. Успаміны аб месцы, дзе прайшло яе дзяцінства і маладосць, напісаныя немаладой ўжо жанчынай у 60-я гады мінулага стагоддзя, ярка і падрабязна распавядаюць пра наваколле і людзей, якія былі побач.

“Дом стаяў на пагорку, — піша Марыя Чапская, — які на поўдні спускаўся чатырма тэрасамі да двух ставаў, млынарскага і паркавага, злучаных рэчкай Пціч, а ад усходу быў лагодны спуск да гаспадарчых будынкаў і трэцяга става, дзе на выспе, зарослай трыснягом, жылі лебедзі. На поўнач бегла ліпавая алея да бярозавага тракту, які дугой ахінаў паўночна-усходні ўскрай парка і цягнуўся да ракі. Алея мела 365 крокаў, столькі, колькі дзён ў годзе. Дрэвы былі старыя і пасаджаны так цесна, што імкнуліся ўверх, утвараючы высокае скляпенне. З захаду парк строма, таксама тэрасамі, спускаўся да гасцінца і ракі. Месца было выключна маляўнічае, а тэрасы і ўвесь парк, мяркуючы па старых дрэвах: ліпах, клёнах, каштанах і італьнскіх таполях, быў запланаваны і закладены значна раней, чым быў збудаваны дом. З захаду, на самым высокім месцы стаяла каплічка, прымітыўна мураваная, пабеленая. Уваход у яе быў з боку парку, яна мела два ўзроўні: на вышэйшым стаяла фігура св. Яна Непамуцэна, разьблёна з дрэва, а ніжэй – фігура Божай Маці з Лурда. Святы Ян быў звернуты тварам да гасцінца або да суседняга пагорка, яякі зваўся Лысай Гарой. На гэтым пагорку не было дрэваў, а няроўная паверхня паказвала на тое, што пад муравой, якая вясной расцвітала махнатымі кветкамі сон-травы, былі магілы. Там некалі была уніякая царква. Пагорак строма абрываўся з боку ракі. На гэтым пагорку таксама была маленькая каплічка на месцы алтара былой царквы. Каля гэтай каплічкі мы складалі косці, якія з`яўляліся на паверхні, каб потым выкапаць ямку і засыпаць іх пяском. На другім баку тракту, на скрыжаванні гасцінца і палявой дарогі, стаяў высокі абамшэлы крыж, на якім вясковыя кабеты вешлаі фартушкі і ручнікі. Па каплічку св. Яна штогод з Лысай Гары прывозілі для дзяцей пясок, і з гэтага цвінтарнага пяску мы, усе сямёра, ляпілі бабкі і будавалі замкі”.

Калі маладыя Юзэфіна і Юрый пасля шлюбу прыехалі ў Прылукі, падрыхтаваны на жыллёвыя патрэбы быў толькі партрэт. Дом, як большасць двароў і палацаў ў той час, не меў каналізацыі. Але потым, ужо як сягала памяць нават старэйшых сясцёр, на ўсіх трох узроўнях дома была бягучая вада і каналізацыя, а таксама ванная, рэч у той час даволі рэдкая. Каля стайні быў калаўрот, дзе старая каштанка доўгія гадзіны пампавала ваду на патрэбы ўсяго двара і прылеглых да стайні службовых кватэр. За гэта адказваў стары Жукоўскі, які на гэтай жа каштанцы прывозіў таксама дровы ў дрывотню ў сутарэнні.

Напачатку Юрый Чапскі сам кіраваў маёнткам з дапамогай спецыялістаў, якіх яму рэкамендаваў бацька. Адным з такіх спецыялістаў быў Станіслаў Гофман, аграном па адукацыі. З часам ён, тым больш, што не любіў падзелу ўлады, усё кіраванне ўзяў на сябе. Чапскі, не будучы па адукацыі сельскагаспадарчым спецыялістам – пагадзіўся. Дзеці лічылі пана Гофмана самым разумным чалавекам сярод знаёмых і меркавалі, што ён мог бы быць нават каралём Польшчы.

У Станькаве служба была праваслаўная, а ў Прылуках маладая гаспадыня, шчырая каталічка, паклапацілася, каб гэта былі католікі – найчасцей збяднелая шляхта, засценкі і ваколіцы якой былі густа рассыпаны на Міншчыне, як па ўсім краі ад Дзвіны да Дняпра.

Адной з найбольш значных асобаў у доме была Канстанцыя Якубоўская, любімая Бабуська, якая выгадавала ўсіх дзяцей. Яе муж, Адам Якубоўскі, быў кухарам у доме, дзеці звалі яго Дзядусь. Гэтая простая жанчына, якая ўмела толькі чытаць, надзеленая ад прыроды дабрынёй, прыродным розумам, дасканалым пачуццём гумару, як магніт прыцягвала людзей. Нікому нічога не навязвала, але ўся служба лічылася з ёй. У яе пакойчыку ахвотна збіраліся па нядзелях: упраўляючы Гофман, выкладчык Іваноўскі, ксёндз Зэльба – усе любілі з ёй пагаманіць, пажартаваць. Адукаваныя настаўніцы зайздросцілі ёй і папракалі дзяцей: “Не паспееш кніжку загарнуць, як ужо бяжыш zur alten Baba” – казала немка фразу Кэмпэн. А дзеці ніколі не стамляліся абдымаць і цалаваць сваю каханую Бабуську. Калі яна баранілася, дзеці казалі: “То ж з мілосці!” “З мілосці – паламалі косці” – адказвала яна. Усе сямёра дзяцей Ежы Чапскага прайшлі праз яе клапатлівыя рукі, а потым яшчэ і дзеці яго старэйшай дачкі Леапальдыны. Яе смерць у 1910 годзе сталася для дзяцей другім сіроцтвам.

Яшчэ адной значнай асобай у доме быў ксёндз Юзаф Зэльба, апякун, спаведнік і таварыш дзяцей. Быў пробашчам на Кальварыі, а потым, як пабудавалі касцёл у Воўчкавічах, служыў там. З тонкімі рысамі твару, спартыўны, чарнавокі і чарнавалосы, поўны жыцця, дынамізму, але і непахіснай веры. Да самага канца жыцця сям`і ў Прылуках ён быў тут найжаданейшым госцем і прыяцелем. Любіў дзяцей, з захапленнем удзельнічаў ва ўсіх іхніх забавах: малодшых цягаў за плячыма і куляўся з імі праз галаву; падкасаўшы сутану, з захапленнем біў па мячы і гуляў у тэніс са старэйшымі.

Першым лакеем быў Ян Лазоўскі – спачатку малады мясцовы хлапчук, які выціраў нос абрусам, а потым, вышкалены гаспадыняй, стаўся апорай дома, падаваў да стала заўсёды ў фраку і белых пальчатках. Другім лакеем быў Аляксандр Панько. Касірам быў Андрыеўскі, пісарам – Шпілеўскі, ляснічым – Ванглінскі, аканомамі – Шаблоўскі і Белановіч, рымарам – Талочка, паробкамі і пакаёўкамі – Мадзалеўскія, Белановічы, Трацэўскія, Доўнары, Дашкевічы. Паміж сабой яны гаварылі па-беларуску, але дбалі, каб іх дзеці ўмелі па-польску. Тлумачылі: “Нашай мовы нам не трэба вучыцца, яе мы і так ведаем”. Гэтых дзяцей старэйшыя дочкі Чапскіх вучылі польскай мове, рахунку, рэлігіі.

А яшчэ захавала памяць трох прылуцкіх габрэяў: зброшчыка малака сівабародага Шмуйлу, які штодзень адвозіў малако ў Мінск у вазку або санях, млынара Лейбу і чорнага кудлатага каваля з-за ракі, які заўсёды ў час Вялікага Тыдня прыносіў у дом вялікі стос мацы, загорнутай у чысты ручнік, за што бацька даваў яму залатую пяцірублёўку. Дзеці вельмі любілі гэтую мацу і елі яе з маслам. У Мінску тады было мноства габрэйскіх крамаў і крамак: на Захар`еўскай, Губернатарскай вуліцах, Кафедральнай плошчы. Сярод уладальнікаў былі таксама знаёмыя і прыязныя гэбрэі.

Яркія ўспаміны захавала аўтарка і пра суседзяў, хоць, маючы вялікую сям`ю, калі з семярых дзяцей амаль заўсёды нехта хварэў, бацькі сустракаліся з імі і не вельмі часта. Найчасцей ў доме бывалі Лэнскія з Гатава, Пётр і Габрыеля Ваньковічы са Сляпянкі. Адметнай асобай, якая даволі часта бывала ў Прылуках, была Ядвіга Любанская з Лошыцы: чароўная, ў шалясцячых шаўковых сукенках і арэоле парфумы, для дзяцей яна была ўвасабленнем грацыі і элегантнасці.

Недалёкай ад Ваўкавічаў Строчыцай валодала небагатая шляхецкая сям`я Джаневічаў, у якой было 14 дзяцей. Усе ўжо разляцеліся па свеце, у фальварку застаўся старэйшы сын Казімір, былы ўдзельнік бітвы пад Цусімай, і яго сястра Габрыэля, якая пасля пабудовы касцёла ў Воўкавічах узяла на сябе клопаты пра яго.

Вялікае значэнне ў побыцце Прылуцкага дома мелі поры года… З пачаткам зімы рыхтаваліся да Божага нараджэння, якое заўсёды было ўрасчыстым. Аканомы чатырох прылуцкіх фальваркаў больш далёкага ключа Самуэлева і Каралёва павінны былі скласці спісы дзяцей фальваркавай службы да 14 гадоў з пазначэннем імёнаў і ўзросту. Для гэтых дзяцей у доме шылі сукенкі, штаны, куртачкі, кашулі. Для немаўлят дзяўчынкі самі вязалі шапачкі. Усё гэта складалася ў пакункі і рассылалася па фальварках. Усе слугі ў Прылуках атрымалівалі на свята пакет ласункаў і нейкі індывідуальны падарунак. Потым дзеці ў радасным настроі пад акампанемент маці спявалі калядкі. “Наша Божае Нараджэнне, як заўсёды, было прыгожае і вясёлае, з усімі дарагімі дзецьмі ў добрым здароўі, падарункі атрымалі 362 асобы…” – пісала ў адным з лістоў маці.

Калядная вячэра ў прылуцкім доме была традыцыйная, посная, з куццёй, грыбным супам, шчупаком па-габрэйску, кампотам з сушаных сліў і яблыкаў. Пад абрус клалася сена, а ў чатыры куты ставіліся снапкі збожжа. Перад вячэрай маці і бацька, а потым бацька са старэйшай дачкой спускаліся ў сутарэнне, дзе стаялі доўгія сталы для службы і ламаліся аплаткам са слугамі, і толькі потым – з дзецьмі. Пасля вячэры наступала асаблівая хвіліна, калі насцеж адчыняліся дзверы ў сталовую, дзе на доўгім стале стаяла ёлка аж да столі, у бляску свечак, а пад ёлкай – падарункі. Сюды ж, па свае падарункі, прыходзілі пасля вячэры дамашнія і стаенныя слугі.

Рэшта зімы праходзіла дома ў занятках з настаўнікамі, але кожнага ранку ў поўнай кветак гасцёўні маці адбываліся ўрокі рэлігіі, напачатку са старэйшымі сёстрамі, потым з малодшымі, і нават 5-гадовы Юзаф быў удзельнікам гэтых урокаў.

Рэгулярна, 21 або 22 сакавіка па старым стылі, прыляталі ў Прылукі буслы. Той, хто заўважаў іх першы, паведамляў іншым, і столькі было радасці са звароту на старыя гнёзды гэтага “штандару вясны”! Але лугі звыйчайна яшчэ былі мёртвыя, у лесе ляжаў снег, ноччу ціснулі замаразкі, жабак нідзе не было відаць… Усе хваляваліся: як утрымаюцца, ці не згінуць з голаду? А ўжо нашмат пазней, без акрэсленай даты, у нейкі халаднаваты вечар з`яўляліся ў небе першыя ластаўкі… Прагулкі вясной (нават французкія ці нямецкія, калі было забаронена гаварыць на іншай мове), былі прыемныя і пазнавальныя. Першай з`яўлялася ў лесе фіялетава-ружовая медуніца, хутка ў глыбі лесу пачыналі ярка свяціцца блакітныя пралескі, а на пясчаных пагорках высоўваліся з-пад дзёрну махнатыя купкі сон-травы, потым прыходзіў час жоўтых ключыкаў на доўгіх крохкіх сцяблінках, і толькі ў маі ў вільготных месцах вялікага Мінскага лесу зацвіталі ландышы. Пасля вячэры дзеці гулялі з настаўніцамі ў розныя настольныя гульні або праглядалі ілюстраваныя журналы. Потым настаўніцы адыходзілі да сябе і наступаў час чытання ўслых. Вельмі добрым чытальнікам быў бацька. Дзеці, слухаючы, займаліся ручной работай: вышывалі, вязалі, а хлопчыкі рабілі ружанцы (дзеля гэтага маці прывозіла з-за мяжы спецыяльныя запасы дроту, пацерак, крыжыкаў і спецыяльныя абцугі). Літаратурныя тэксты захаплялі, і дзеці са страхам сачылі за хуткім ходам стрэлак гадзінніка, але як толькі наступала дзевятая гадзіна, бацька са словамі: “Дзеці, спаць!” загортваў кнігу.

Велікодныя святы традыцыйна былі шчодрымі. Сярод бабак, мазуркаў, тартоў, розных шынак і каўбасаў пачэснае месца займала смажанае парася, а часам глушэц, аздоблены барадатай галавой, веерам хваста і распасцёртымі крыламі. Ва ўласных лясах Чапскіх глушцы не вадзіліся, і гэтыя велікодныя былі або з Прусінава або, пасля, з лясоў швагра Леана Лубенскага, з-пад Оршы.

Навакольны люд, як католікі, так і праваслаўныя, пасля суровага Вялікага посту, спешна, аж курылася на дарогах, раз`язджаўся пасля велікоднай службы, якая адпраўлялася на досвітку.

Дзеці падраслі, наступілі захапленні, няўдачы, расчараванні… “Бацька нічога нам не адмаўляў, пакідаў нам свабоду, стараўся зразумець нашы памкненні, старшым дазваляў паездкі, пакрываў выдаткі, толькі што яго дома амаль ніколі не было”,піша Марыя Чапская.

Пачалася Першая сусветная вайна, адбыліся рэвалюцыі, Мінск пераходзіў з рук у рукі. Усё скончылася Рыжскім трактарам, па якім Беларусь была падзелена і палова яе разам з Мінскам аддадзена Саветам. У 1920 годзе сям`я Чапскіх назаўсёды пакінула Беларусь і свой родны дом.

“На пагорку, над лугамі, трыма здзічэлымі тэрасамі над зацягнутымі мулам ставамі, можа, яшчэ засталіся нейкія астаткі сцен і купка друзу, пакрытага крапівой”, — так уяўляе аўтарка ўспамінаў месца свайго роднага дому у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

Але яна не ведала, што ў гэты час, ужо адноўлены пасля разбурэнняў Другой сусветнай вайны, дом яе дзяцінства і юнацтва пачаў ўжо іншае жыццё, якое працягваецца і дагэтуль…

Бярнарда Іванова «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *