Главная > Книга > СЯД3ІБНА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС У ПРЫЛУКАХ

СЯД3ІБНА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС У ПРЫЛУКАХ

Сядзібна-паркавы комплекс у в. Прылукі з’яўляецца адным з найбольш значных архітэктурных помнікаў у наваколлі Мінска. Гэты архітэтурны ансамбль эпохі рамантызму ў свой час быў своеасаблівым культурным цэнтрам, дзе збіраліся літаратары, мастакі, музыканты і акцёры.Тут неаднаразова бываў Чэслаў Манюшка са сваім сынам Станіславам. У Прылуках гасцяваў мастак Напалеон Орда. Тут нарадзіліся два яго пейзажы, якія аўтар уключыў у свой альбом знакамітых месцаў Беларусі.

У сядзібе была сабрана выдатная калекцыя твораў мастацтва, многія з якіх пасля трапілі ў зборы розных еўрапейскіх музеяў. У XIX ст. маёнтак Прылукі лічыўся адной з перадавых гаспадарак. У сярэдзіне XIX ст. непадалёк ад панскай рэзіденцыі быў закладзены буйны комплекс па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. Да нашых дзён захавалася некалькі будынкаў гэтага комплексу. Гэта 2 вытворчыя карпусы, у тым ліку і бровар, флігель, які выкарыстоўваўся пад жыллё для працоўных, а таксама вялікі свіран, дзе захоўвалі сыравіну і гатовую прадукцыю.

У другой палове XX стагоддзя ўсе пабудовы комплексу выкарыстоўваліся пад жыллё (акрамя свірана). Вытворчыя машыны і механізмы да цяперашняга часу не захаваліся. Былі цалкам страчаны інтэр’еры ўсіх прамысловых будынкаў.

Першыя публікацыі, прысвечаныя сядзібна-паркавага комплексу ў Прылуках, з’явіліся яшчэ ў XIX ст. Сярод іх неабходна вылучыць артыкул А. Ельскага ў «Польскім геаграфічным слоўніку», дзе даволі падрабязна ахарактарызаваны стан сядзібы ў 2-й палове XIX ст. Найбольш значнай публікацыяй, прысвечанай сядзібнаму комплексу ў Прылуках, з’яуляецца праца вядомага польскага даследчыка Р. Афтаназі, па гісторыі шляхецкіх рэзідэнцый на Міншчыне. У гэтай працы аўтар прысвяціў Прылукам спецыяльны раздзел. На яго думку, першапачаткова маёнтак Прылукі належаў роду Статкевічаў, ад якіх потым перайшоў да Іваноускіх. Пасля шлюбу Людвікі Іванаўскай з Францішкам Ашторпам у першай палове XIX ст. Прылукі сталі ўласнасцю гэтага роду. У 1851 г. сядзібу атрымала ў спадчыну дачка Леона Ашторпа Людвіга, па мужу Горват, у 1871 г. Прылукі набыў граф Эмерык Гуттен-Чапскі. Пасля яго смерці ў 1896 г. Прылукі адышлі да малодшага з яго сыноў Ежы Гуттен-Чапскага (1861-1930).

Р.Афтаназі лічыў, што першапачаткова палац у Прылуках пабудавалі яшчэ Статкевіч або Іваноўскі , а ўжо Людвіка Горват рэканструявала стары палац, надаўшы яму рамантычныя рысы неаготыкі. Ёй жа належала ідэя будаўніцтва невялікага флігеля, аздобленага высокай шмат’яруснай вежай з гадзіннікам, і вялікай мураванай стайні побач з палацам, якая таксама мела вежу. Палац у Прылуках моцна пацярпеў падчас пажару ў 1868 г. і быў адноўлены Э.Чапскім ў 1872 г. Афтаназі меркаваў, што падчас гэтай рэканструкцыі было значна зменена архітэктурнае аблічча палаца, а ў канцы XIX ст. да яго прыбудавана аднапавярховае крыло.

Шмат увагі Р. Афтаназі ў сваёй працы надае апісанню інтэр’ераў палаца ў Прылуках. Ёсць у яго звесткі пра калекцыі мэблі, срэбра, фарфору і інш., сабраныя Чапскімі. Падрабязна пералічваюцца жывапісныя палотны, які захоўваліся ў сядзібе, згадваецца багатая бібліятэка. З іншых пабудоў сядзібы, Афтаназі згадвае толькі “мураваны свіран на арках”, капліцу ў парку і вялікую трех’ярусную вежу з гадзіннікамі, і літаральна некалькі радкоў у яго прысвечаны парку. На жаль, пра іншыя гаспадарчыя пабудовы, акрамя свірана, у кнізе нічога не сказана.

Сярод беларускіх публікацый пра Прылукі неабходна вылучыць два артыкула Ю. Якімовіча. Першы пад назвай “Замак у Прылуках” быў надрукаваны у газеце “Вячэрні Мінск”, а другі ў “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”. У сваіх публікацыях аўтар лічыць, што палац у Прылуках адносіццы да помнікаў неагатычнай архітэктуры. Ён прыводзіць кароткія звесткі па гісторыі помніка і адзначае, што сядзібны комплекс быў моцна пашкоджаны ў гады Другой сусветной вайны і адноўлены ў 1950-я гады. Ю.Якімовіч падрабязна аналізуе архітэктурныя асаблівасці палаца, а таксама акцэнтуе ўвагу на высокай вежы з гадзіннікам, якая размяшчалася непадалёк ад палаца (вежа не захавалася). З іншых пабудоў комплексу згадваецца капліца, свіран і млын. Шмат увагі надаецца парку, які на думку аўтара, адносіцца да змяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу. Парк быў падзелены на 2 часткі. Перад паркавым фасадам знаходзіўся сад у італьянскім стылі. Перад галоўным фасадам – невялікі партэр і пейзажная частка парку, абмежаваная пад’язнымі дарогамі.

Амаль цалкам згаданы вышэй матэрыял паўтарае Т. Чарняўская ў “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”.

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захоўваецца цэлы шэраг дакументаў, звязаных з гісторыяй маёнтка ў Прылуках. Галоўным чынам гэта матэрыялы гаспадарчага і маёмаснага характару. На жаль, у гэтых дакументах практычна адсутнічаюць дадзеныя аб пабудовах палацава-паркавага комплексу.

Сярод архіўных збораў удалося выявіць некалькі графічных матэрыялаў па маёнтку Прылукі. У першую чаргу гэта «План Минской губернии н Минского уезда участка земли вымежеванного из им. Прилуки владения гр. Георгия Змериковича Чапского…», датаваны 1918 г., а таксама цэлы шэраг геаметрычных планаў маёнтка, на якіх, на жаль, не былі пазначаны пабудовы сядзібы.

Значную цікавасць уяўляюць акварэлі Н. Орды, створаныя ў другой палове XIX ст. Адна з іх пад назвай «Прылукі» датуепца 1876 г. На акварэлі добра бачны галоўны і бакавы фасады палаца, а з правага боку — вялікая вежа з гадзіннікам, якая стаіць на высокай тэрасе. Другая акварэль называецца «Прылукі. Калісьці ўласнасць Ашторпа, пазней Атона Горвата, а цяпер графа Эмерыка Чапскага». Яна таксама датуецца 1876 г. Гэта выгляд сядзібы з боку ракі Пціч. На акварэлі акрамя палаца намалявана капліца з вежай і гаспадарчыя будынкі з аранжарэяй. На жаль, на работах Орды адсутнічаюць выявы цікавага комплексу прамысловых будынкаў маёнтка.

Нам удалося выявіць значную колькасць фотаздымкаў сядзібы, якія датуюцца другой паловай XIX — пачаткам XX ст. Большасць з іх паходзіць з прыватнага архіва аднаго з нашчадкаў апошняга ўладальніка Прылук Януша Пшэвлоцкага з Варшавы. На гэтых здымках добра зафіксаваны не голью знешні выгляд палаца і яго інтэр’еры, але і іншыя пабудовы сядзібы, асаблівасці парка, навакольныя ландшафты.

У дакументах НГАБ згадваюцца ўладальнікі сядзібы ў Прылуках, пачынаючы з другой паловы XVIIIст., калі маёнтак належаў Максімільяну Іваноўскаму. Пасля яго смерці ўся маёмасць перайшла да жонкі нябожчыка Магдалены з Прушынскіх. У 1805 г. Прылукі перайшлі да яе дачкі Людвікі Іваноўскай. У выніку шлюбу Людвікі Іваноўскай з Францішкам Ашторпам у першай палове XIX ст. маёнтак перайшоў да гэтага роду.

У 1846 г. уладальнікам Прылук становіцца Леон Ашторп. У адным з дакументаў ён паказваў: «После кончины матери моей Камергерши Польского Двора Людвиги Ивановской и по разделенному документу между сёстрами моими 1846 г. марта 22 дня учиненному и того же года в Минской Палате Гражданского Суда совершенному, получил я в вотчинное владение правом наследства имение Прилуки с деревнями… и фольварками… о чем составлен вводный акт… ».

На думку большасці аўтараў, што пісалі пра сядзібу ў Прылуках, палац быў перабудаваны дачкой Леона Ашторпа Людвікай па мужу Горват, якая атрымала ў спадчыну маёнтак пасля смерці бацькі. Вось як піша пра гэта Аляксандр Ельскі: «Яна [Людвіка Горват.Аўтар] палац (колішній манастыр), які да таго быў вялікім чатырохвугольнікам, аздобіла крапаснымі зубцамі і вежамі…».

На самой справе рэканструкцыю сядзібна-паркавага ансамбля ў Прылуках пачаў яшчэ Л. Ашторп. У 1850 г. ён «… заключил контракт… с мещанином Савелием Климова сыном Влазневым [які паходзіў з Чарнігаускай губерні. — Аўтар] на нижеследующих условиях: Я, Ошторп, имею в своем имении Прилуки каменный дом, который желаю возобновить с прибавкою новых пристроек по составленному на то плану с фасадом, и я Влазнев обязался его Превосходительству Ошторпу на возобновление такового дома и на произведение пристроек вчерне доставить на 17 апреля наступающего 1851 г. 16 человек в которых 10 нужно быть штукатуров, знающих совершенно свою работу…».

Нагляд за будаўнічымі працамі і агульнае кіраўніцтва ажыццяўляў мінскі губернскі архітэктар К. Хршчановіч. С.Влазнёў быў абавязаны «…ему повиноваться во всем, что мне будет указано без малейшего отступления от имеющегося на то плана и фасада…». Для разборкі старых канструкцый і ўборкі будаўнічага смецця Л. Ашторп абавязаўся даць сваіх рабочых і прылады.

Ужо пасля смерці бацькі Людвіка Горват прадоўжыла работы на рэканструкцыі сядзібы і «…усе будынкі, якія знаходзяцца побач з палацам, упрыгожыла архітэктурнымі задумамі…».

Пасля завяршэння рэканструкцыі самога палаца яшчэ доўгія гады вялося будаўніцтва іншых гаспадарчых пабудоў сядзібы. Прычым яшчэ ў 1871 г. пра вялікі мураваны свіран, які стаяў недалёка ад самой сядзібы, гаворыцца як пра «нанова збудаваны».

У 1868 г. палац у Прылуках моцна пацярпеў падчас пажару. У 1871 г. была складзена «Опись с оценкою строений, мельниц и корчем и имении Прилуках и принадлежащих к нему фольварках, застенках и других угодий Минской губернии и уезда, пожизненного владельца помещика Горвата, составленная мая 19 дня 1871 г…».

На жаль, пра сам палац у гэтым івентары вельмі мала звестак: «Жилой господский дом. оставшийся от пожара, каменный двухэтажный, под которым сутерень и погреба, без крыши, потолков и полов, оштукатурен и выбелен; в нем две железные лестницы, четыре балкона и три крыльца с железными решетками, два железных камина, дверей двойчатых дубовых и сосновых окованных и крашенных с железными петлями, клямками, замками, ключами — 44, дверей от сутерень и погребов — 3, дверей одиночных — 21 штука, окошек двойчатых со стеклом – 74, и с побитыми стеклами — 16, к ним полукруговых верхних с разноцветным стеклом — 50; окошек из сутерень и погребов — 28; труб железных для стека воды из крыши целых — 15. Ценится десять тысяч рублей».

У гэтым жа годзе маёнтак Прылукі перайшоў у валоданне да графа Эмерыка Гугтен-Чапскага «…по купчей крепости, совершенной в Минской палате Уголовного и Гражданского суда, 4 июля… 1871 года». Сучаснікі адзначалі, что Эмерык Чапскі аднавіў палац «… па вобразу старога», але гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці. Паводле аналізу выяўленага намі іканаграфічнага матэрыяла, можна прыйсці да высновы, што падчас гэтай рэканструкцыі было часткова зменена архітэктурнае аблічча фасадаў будынка, а таксама карэнным чынам былі перароблены і ітэр’еры палаца.

У 1886 г. у маёнтку Прылукі пасяліўся малодшы сын Эмерыка Ежы Чапскі са сваёй маладой жонкай, а ў 1894 г. маёнтак цалкам перайшоў у валоданне да Ежы Чапскага, які жыў тут да 1917 года.

Як успамінае дачка Ежы Чапскага Марыя, у 1886 г. толькі частка палаца была прыведзена ў парадак. На першым паверсе знаходзіліся салон жонкі, пазней кабінет графа Эмерыка. Там жа была вялікая сталовая і шэраг жылых пакояў.

Пазней Эмерык Чапскі правёў рэканструкцыю ітэр’ераў усіх памяшканняў, а ў канцы XIX ст. з паўднёвага ўсходу да палаца было прыбудавана аднапавярховае крыло з крытай верандай, дзе знаходзілася вялікая сталовая.

Мяркуючы па іканаграфічных матэрыялах другой паловы XIX – пачатак XX ст., палац у Прылуках уяўляў сабой прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты вальмавым дахам. Вуглы палаца, афомленыя 8-граннымі вежамі, завершаны зубцамі. Да паўднёвазаходняму фасаду прымыкала масіўная квадратная ў плане вежа, накрытая вальмавым дахам.

Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад, разделены на два ярусы прафіляванай цягай, выдзелены цэнтральным рызалітам. Рызаліт мае лоджыі з праёмамі, аздобленыя спічастымі і кілеподобнымі нішамі. Рызаліт завершаны невысокім атыкам, аздобленым ў цэнтры складанай па форме нішай. Паркавы фасад аформлены 5-гранным эркерам з вежаподобным завяршэннем.

У свой час Прылукі лічыліся адной з найбольш прыгожых шляхецкіх рэзідэнцый на Міншчыне.

Афтаназі адзначае, што інтэ’еры палаца былі вырашаны даволі сціпла. Вялікія пакоі былі размаляваны алейнымі фарбамі, столі мелі ляпны дэкор. У кожным з рэпрэзентабельных пакояў быў паркет з узорамі. Абсталяванне ў большасці інтэр’ераў было выканана ў канцы XIX- пачатку XX ст. Толькі ў сталовай знаходзіўся дубовы гарнітур, абцягнуты скурай. Там стаілі і дзве цудоўныя гданьскія шафы і адна галандская, а таксама два гданьскія куфры. У салоне гаспадыні знаходзіўся выдатны гарнітур у стылі Людовіка XV. У палацы быў стары сервант для посуду. На ім стаялі бюсты эпохі Людовіка XVI і Марыі Антуанеты.

Вядома, што асноўная калекцыя твораў мастацтва, якая была сабрана Эмерыкам Чапскім, знаходзілася ў галоўнай рэзідэнцыі Чапскіх ў Станькаве. Калекцыю ў Прылуках склалі Ежы Чапскаг. У гэтай калекцыі былі творы Яна Матэйкі, генрыха Вейсенхофа, Юлія Косака, шмат фамільных партрэтаў XVIII – XIX ст., а таксама вялікі збор акварэляў і мініяцюр. Акрамя таго, у Прылуках захоўвалася шмат твораў дробнай пластыкі, страдаўнія гадзіннікі ў стылі Людовіка XV, срэбра, рэдкая зброя ды інш.

У холе на першым паверсе палаца знаходзілася бібліятэка, якая складала некалькі тысяч тамоў.

Вакол палаца быў разбіты парк рэгулярна – пейзажнага тыпу, падзелены на двзе часткі. У паўднёва-ўсходняй частцы быў створаны сад у італьянскім стылі. Перад галоўным фасадам палаца быў разбіты невялікі партэр.

Парку ў Прылуках прысвечаны спецыяльны раздел кнігі А.Федарука. Ён лічыць, што гэты парк адзін з найстарэйшых у Беларусі, заснаваны ў другой палове XVIII стагоддзя. На яго думку, парк Прылуках “… адносяцца да ліку рэгулярных паркаў з выцягнутай воссю, у кампазіцыі якіх найбольш поўна выявіліся элементы тэрасавання”. А.Федарук прыводзіць і некаторыя звесткі по гісторыі сядзібы.У прыватнасці, ён нагадвае, што пры апошнім уладальніку сядзібы Е.Чапскім парк атрымаў далейшым наслаенні пейзажнага стылю.

Цэнтрам кампазіцыі парку з’яўляецца палац. Парк быў падзелены на дзве зоны — парадную і так званую “запалацавую”. У аснову планіровачнага рашэння параднай часткі парку “пакладзены прынцып светлавога кантрасту, дзякуючы пераходу ад успрымання затененых пейзажаў да добра асветленых”.

Галоўная алея праходзіць ад уязной брамы да палаца Даўжыня яе роуна 240 м, а шырыня 8 м. Інтэрвал паміж дрэвамі складае 1м. Дрэвы змыкаюцца кронамі, ствараючы калідоры з зяленым скляпеннем. Прысады замыкае вялікі партэр.
А.Федарук згадвае, што пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі парку быў высаджаны шэраг новыхдэкаратэўных культур. Гэтыя пасаджэнні амаль цалкам закрылі былую перспектыву ад уязной алеі на палац.

Іншая частка парку размешчана на схіле на паўднёвы ўсход ад палаца. У аснове кампазіцыі гэтай часткі парку “… ляжыць прынцып раскрыцця далёкіх перспектываў на тэрасы, пойму ракі і навакольны ландшафт. Бліжні план складае невялікі паркавы партэр на першай тэрасе невялікі паркавы партэр на першай тэрасе. Яе параўнальна высокі (да 8 м) і круты схіл з газонам меў мармуровую лесвіцу і быў дэкараваны па перыметры шэрагавой пасадкай бэзу звычайнага. Перапады паміх другой і трэцяй, трэцяй і чацвётрай тэрасамі складаюць 1,5-2 м. Другая і трэцяя тэрасы вузкія (адпаведна 40 і 30 м), з іх бакоў знаходзіліся лінейныя пасадкі елкі і лістоўніцы еўрапейскай. Самая шырока (каля 100 м) чацвертая тэраса займае непасрэдна пойму і акаймляецца групамі ясеня і алешыны. Вось перспектывы завяршаецца воднай сістэмай, у якую ўваходзяць адводны канал і два невялікія вадаёмы”.

На рацэ была абсталявана купальня, а на адной з сажалак стаяў вадзяны млын. Як лічыць А.Федарук: “Цяпер сістэма парушана, вадаёмы зараслі. Дрэвы разрасліся і закрылі відавыя кропкі з боку палаца”.

Пасля рэканструкцыі Прылуцкай сядзібы ў другой палове XIX ст., а таксама стварэння прамысловай зоны, рэканструяваны і сам парк, які набыў рысы эпохі рамантызму. “У ансамбль у якасці малых архітэктурных форм былі ўключаны будынак старога млына, мост, вежа. У стылі пейзажных паркаў ствараецца водная сістэма. Пейзажнымі прыёмамі афармляецца тэрыторыя ўздоўж уязной алеі. Невялікія групы дрэў тут спалучаюцца з адкрытыім палянамі. У группах разам з мясцовымі відамі дрэў (клён, бяроза, ліпа, асіна) шырока выкаростоўваюцца экзоты… З заходняга боку алеі знаходзіліся тэнісная пляцоўка, а перад партэрам – высокая мураваная вежа з гадзіннікам…”. Цікава, што Федарук называе гэтую вежу капліцай, але на самой справе гэта была адмысловая па архітэктуры лядоўня.

Каштоўнай крыніцай па гісторыі парку з’яўляюцца ўспаміны Марыі Чапскай, дзе яна прыводзіць апісанне парку ў Прылуках канца XIX — пачатку XX ст.

Пасля 1917 г. Чапскія былі вымушаны пакінуць свій родавы маёнтак у Прылуках. Ім удалося вывезці ў Польшчу частку калекцый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама сямейны архіў і бібліятэку.

У 1920 – 1930-я гады сядзібна –паркавы комплекс у Прылуках быў прыстасаваны пад дом адпачынку ЦК КП(б)Б. У гады Другой сусветнай вайны палац моцна пашкоджаны у час пажару, але астатняя частка пабудоў комплекса і парк ацалелі.
Аднаўленне і рэканструкцыя палацава-сядзібнага комплекса пасля Другой сусветной вайны.

Разбураны падчас вайны будынак палаца доўгі час знаходзіўся ў закінутым стане. Толькі ў 1956 г. пачаліся спробы знайсці заказчыка для аднаўлення гэтага каштоўнага помніка архітэктуры. Тады было прынята рашэнне аб перадачы палаца і парка Усесабзнага НДІ аховы раслін для стварэння на яго базе Мінскай комплекснай навукова-даследчай станцыі па вывучэнні каларадскага жука, нематоды і рака бульбы.

17 красавіка 1957 г. выканкамам Мінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных прынята рашэнне №141 “Аб выдзяленні ўчатска зямлі Мінскай навукова-даследчай станцыі па раку бульбы з зямель калгаса імя Гастэлы”.

Адначасова яшчэ ў 1956 г. было пачата праектаванне. Так, 8 кастрычніка 1956 г. віце-прэзідэнтам УАСГНІЛ (ВАСХНИЛ) Л.Альшанскім было зацверджана праектнае заданне на аднаўленне і рэканструкцыю комплекса сядзібы і прыстасавання для навукова-даследчай станцыі. У будынку былога палаца планавалася змясціць галоўны адміністрацыйна-лабараторны корпус.Побач з палацам планавалася збудаваць комплекс жылых будынкаў для супрацоўнікаў навукова-даследчай станцыі.

У архіве Беларускага навукова-даследчага інстытута ў Прылуках захавалася праектна-каштарысная дакументацыя, звязаная з праектаваннем аднаўлення і рэканструкцыі палаца ў Прылуках, якая дазваляе падрабязна прасачыць гісторыю, звязанню з аднаўленнем гэтага помніка архітэктуры ў 1950-я гады. Дакументацыя складаецца з некалькіх тамоў, у якіх ёсць у першую чаргу падрабязныя архітэктурныя абмеры як самога палаца, так і некаторых будынкаў, якія планавалася аднавіць. У палацы планавалася змясціць адміністрацыйна-гаспадарчы аддзел станцыі.

19 чэрвеня 1957 г. спецыяльна камісія ў складзе абласнога архітэктара, прадстаўнікоў праектнага інстытута “Белсельпроект”, землеўпарадчыка Мінскага райвыканкама і прадстаўнікоў навукова-даследчай станцыі правяла абследаванне ўчастка ў Прылуках для размяшчэння навук навукова-даследчай станцыі, аб чым быў скаладзены спецыяльны акт, у якім падрабязна апісана тэрыторыя будучай станцыі, а таксама тэхнічны стан будынкаў.

Пра будынак палаца гаворыцца, што “… існуючая каробка, якая намячаецца да аднаўлення пад лабараторны корпус, цалкам прыдатная для гэтай мэты. Стары сцены і падмуркі будынка знаходзяцца ў здавальняючым стане. Астатнія канструкцыі разбураныя альбо разабраныя. Існуючая вежа знаходзіцца ў здавальняючым стане і можа быць адноўлены для выкарыстання ў якасці вадацяжнай вежы і помпавай”. Падкрэслівалася неабходнасць канструктыўнага ўмацавання муроў палаца і вежы. Пад час праектавання знешні архітэктуры выгляд будынка палаца і вежы планавалася цалкам захаваць і адрэстаўраваць.

Архітэктурна-планіровачнае заданне датуецца 23 жніўня 1957 г., зацверджана начальнікам Міснкага абласнога аддзела будаўніцтва і архітэктуры Т.Сянчуком Тут таксама гаварылася аб неабходнасці захавання палава-паркавага комплексу.

Праўда, пры гэтым агаворвалася магчымасць некаторай “таннай” мадэрнізацыі. У кастрычніку 1957 г. была палрыхтавана “Тлумачальная запіска да архітэктурна-будаўнічай часткі комплекснага праектнага задання доследнай НДС у Прылуках”.

Зыходнымі дадзенымі для практавання паслужылі інжынерныя і абмерныя працы, выкананыя інстытутам “Белсельпроект” у ліпені 1957 года.

У раздзеле III “Архітэктурна-будаўнічая частка” падрабязна разгледжана архітэктурна-планіровачнае рашэнне аднаўляемага комплексу. “Размяшчэнне Мінскай НДС па раку бульбы на маляўнічым рэльефе, а службова-вытоварчага будынку ў былым парку, наяўнасць сфарміраванага архітэктурнага комплексу – існуючая каробка [палаца], вежа і навакольная забудова – абумовілі асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю будынка, які аднаўляецца і дабудоўваецца. […] Замкавы характар архітэктурны былой загараднай графскай сядзібы, складанасць архітэктурных форм і іх старажытнасць не дазволілі аўтару распаўсюдзіць архітэктурную тэму існуючага аб’ёму на частку будынка, які планавалася дабудаваць. Формы і дэталі, якія добра захаваліся, пакінуты ў сваім першапачатковым выглядзе”.

Новую прыбудову да палаца планавалася вырашыць у простых формах і гарманічна злучыць з гістарычным будынкам. “Адзінства каляровага спалучэння (“белакаменныя” дэталі на чырвонай сцяне…) аб’ядноўваюць існуючую і новую частку будынка ў адное цэлае, сугучна аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй і каляровай гамая з навакольным асяроддзем”.

У аснову новай планіроўкі была пакладзена тэхналагічная схема, прапанаваная аўтарам праекта архітэктарам Я.Цюковым, якія павінны былі забяспечыць функцыянаванне навукова-даследчай станцыі.
Пры рэканструкцыі былога будынка палаца меркавалася максімальна захаваць і выкарыстаць гістарычныя канструкцыі помніка.

У “Тлумачальнай запісцы да рабочых чарцяжоў рэканструкцыі лабараторнага корпуса навукова-даследчай станцыі …” гаворыцца, што пры распрацоўцы рабочага праекта былі ўнесены некаторыя змены ў праектнае заданне агульнай планіроўкі будынка лабараторнага корпуса. Яны былі разгледжаны і адобраны тэхнічным саветам інстытута “Белдзіпрасельбуд” 8 верасня 1958 года.

Сярод графічных матэрыялаў праекта найбольшую цікавасць для нас прадстаўляюць абмерныя чарцяжы будынка палаца, якія былі выкананы ў 1957 г. На жаль, у праекце адсутнічаюць абмеры фасадаў помніка, якія былі кімсьці забраны з дакументацыі. У дакументах захаваліся разрэзы, абмеры архітэктурных дэталяў, планы сутарэнняў, усіх паверхаў будынка.

Акрамя абмераў самога палаца, былі выкананыя і абмеры вежы лядоўні, якая выкарыстоўвалася як вадацяжная вежа. Усе працы па пднаўленню, рэканструкцыі і прыстасаванню палаца для патрэб навукова-даследчай станцыі былі цалкам завершаны ў 1959 г. З гэтага часу ў будынку знаходзілася навукова-даследчая станцыя, якая праз некаторы час была рэарганізавна ў Беларускі навуковы-даследчы інстытут аховы раслін.
Заключэнне

Выяўленыя намі крыніцы дазваляюць падрабязна прасачыць гісторыю сядзібна-паркавага комплекса ў Прылуках на працягу канца XVIII – пачатку XX стст. І падзяліць яе на некалькі перыядаў.

Сядзібна –паркавы комплекс пачаў фарміравацца ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. У гэты перыяд быў закладзены парк і пабудаваны мураваны палац, аб першапачатковым архітэктурным выглядзе якога нам не ўдалося выявіць ніякіх матэрыялаў, таму што архіў, які знаходзіўся ў сядзібе ў Прылуках, не захаваўся. Марыя Чапская згадвае пра яго ў сваіх мемуарах.

У 1850 г. Леон Ашторп распачаў работы па карэннай рэканструкцыі ўсяго сядзібна-паркавага комплекса. Т.Ярашэўскі ў сваёй фундаментальнай працы “Аб неагатычным сядзібах у Польшчы” піша, што “… невядома імя архітэктара, які перабудоваў палац …”. Мы ж можам выказаць меркаванне, што аўтарам гэтага праекта мог быць мінскі губернскі архітэктар Казімір Хршчановіч, які ажыццяўляў архітэктурны нагляд і цалкам кіраваў будаўніцтвам. Ярашэўскі адносіць палац у Прылуках да аднаго з найбольш папулярных тыпаў неагатычных рэзідэнцый XIX ст. — “рэгулярнага” палацу, для якога характэрна геаметрычна правільная “рэгулярная” форма.

Наступны перыяд гісторыі сядзібна паркавага комплекса ў Прылуках звязаны з яго пераходам у валоданні да Чапскіх. Эмерык і Ежы Чапскія аднавілі палац пасля пажару 1868 г. падчас рэканструкцыі была рэстаўравана і часткова зменена першапачатковая архітэктура фасадаў будынка і зроблены цалкам іншыя інтэр’еры.

Пасля таго як у 1920-я гады палац быў прыстасаваны пад санаторый ЦК КП(б)Б, звесткі пра яго перабудовы і рамонты адсутнічаюць.

Наступны перыяд пачаўся пасля Другой сусветнай вайны. Ён звязаны з аднаўленнем разбуранага палаца і прыстасаваннем яго пад патрэбы БелНДІ аховы раслін. Аўтарам праекта рэканструкцыі Я.Цюковым была ў большай ступені захавана гістарычная архітэктура помніка, але цалкам праігнаравана яго першапачатковая планіровачная структура.

У 1981 г.сядзібна-паркавы комплекс у Прылуках быў прыняты пад дзяржаўную ахову як помнік гісторыі і культуры. Адначасова пачаліся работы по яго вывучэнню і распрацоўцы праекта рэстаўрацыі, які да сённяшняга дня не рэалізаваны.

Уладзімір Дзянісаў «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *