Главная > І.Сацукевіч > ТАПАНІМІКА МЯСЦІН ГОРАДА МІНСКА — К.ЧАПСКІ

ТАПАНІМІКА МЯСЦІН ГОРАДА МІНСКА — К.ЧАПСКІ

Граф Караль Чапскі — адна з найвядомейшых асоб у гісторыі Мінска. Памяць пра славутага гарадскога галаву была вернута нам у апошнія гады, калі у перыядычным друку выйшаў шэраг артыкулаў, прысвечаных Каралю Чапскаму. Безумоўна, самы лепшы з іх — Захара Шыбекі, які з’явіўся ў часопісе «Спадчына» у 2002 годзе. Нельга не пагадзіцца з вядомым гісторыкам, які назваў Караля Чапскага пераўтваральнікам Мінска.

Гэты артыкул хочацца прысвяціць вывучэнню тапанімікі мясцін Мінска, з якімі была звязана дзейнасць энэргічнага горадакіраўніка. Нажаль, назвы вуліц і прадмесцяў. па якіх праязджаў Караль Чапскі, за апошнія сто гадоў непазнавальна змяніліся.

Пра Караля Чапскага казалі, што ён здольны быў сесці на каня ў родным Станькава і праз пару гадзін быць ў Мінску, пераадолеўшы 40 кіламетраў, якія радзялялі ягоны маёнтак і губернскі Мінск. Здзейснім жа такое падарожжа сёння, праз стагоддзе пасля графа Чапскага.

Але яшчэ не паспелі мы ад’ехаць ад Станькава, як узнікла першая праблема: якой дарогай ехаць на Мінск? Справа ў тым, што сучасная шаша Мінск — Брэст, па якой можна трапіць ў Станькава, з’явілася толькі ў 1940-х гадах. Караль Чапскі мог ехаць у Мінск па Койданаўскім тракце (па старой Брэсцкай дарозе). Адлегласць ад Станькава да Койданаўскага тракце ўсяго 6 км, а затым яшчэ 33 км па тракту праз Прылукі (дзе можна было зайсці ў госці да брата Ежы) і Сеніцу. Існаваў і іншы шлях: са Станькава на Самахвалавічы (22 км) і далей па Слуцкім тракце да Мінска (16 км).

Трэба заўважыць, што назвы навакольных вёсак з болышага захаваліся, толькі з’явіўся пасёлак з, можна меркаваць, незразумелай для Чапскага назвай Юбілейны ды старая вёска Бабавозаўшчына ў 1964 годзе, напэўна, пад ціскам савецкага фемінізму стала называцца Ураджайнай.

У канцы XIX стагоддзя два старыя гасцінцы — Койданаўскі і Слуцкі — сустракаліся ў межах вёскі Сеніца. Там захавалася Петрапаўлаўская царква, міма якой неаднаразова праязджаў Караль Чапскі. Далей траса былой дарогі з Койданава супадае ў межах сучаснага Мінска з вуліцай Кіжаватава. Уявіць тагачасную тапаграфію нам дапаможа карта Мінска і ваколіц 1911 года.

Фрагмент карты Мінска і ваколіц 1911 г.
Фрагмент карты Мінска і ваколіц 1911 г.

3 левага боку дарогі за Сеніцай знаходзілася сядзіба заможных памешчыкаў Немаршанскіх. Зараз на тым месцы размяшчаецца галоўны корпус бальніцы хуткай дапамогі. Далей усім, хто па Койданаўскім тракце набліжаўся да Мінска, трэба было праехаць па мосце праз рэчку Лошыцу, злева ад якога знаходзіўся вадзяны млын. Адразу за мостам вандроўнікаў сустракалі хаты сялян вёскі Лошыца-Немаршанская, якая ў 1920-70-ыя гады называлася Лошыцай 2-ой. У гэтым месцы захавалася старая траса Койданаўскага тракту, бо падчас пашырэння ў 1977-78 гадах Слуцкай шашы (у 1979 годзе перайменавана ў вуліцу лейтэнанта Кіжаватава) новая траса дарогі абмінула вёску і пралягла за 300 метраў на ўсход ад яе. Трэба заўважыць, што вёска Лошыца 2-ая была ўключана ў склад Мінска ў 1959 годзе. Былыя вясковыя дамы захаваліся на 1-ым і 3-ім Трубных завулках.

Далей траса Койданаўскага тракту набліжалася да горада па тэрыторыі, якую сёння займае ўзлётная паласа аэрапорта «Мінск-1» (створаны ў 1933 годзе). У канцы XIX стагоддзя там знаходзіўся адзінокі хутар Жыгалка. Працягам старажытнага гасцінца з`яўляецца вуліца Чкалава, якая да 1939 года мела назву Койданаўскі тракт. Першыя будынкі Мінска сустрэлі б нас у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ў раёне сучаснага Палаца чыгуначнікаў і гатэля “Спадарожнік». Там знаходзіліся выключна драўляныя дамкі мінскага прадмесця Добрыя мыслі.

Праз некалькі соцень метраў мы б наблізіліся да пераезду праз рэйкі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Злева знаходзіўся першы мінскі вакзал, які называлі Маскоўска-Брэсцкім, або вакзалам Добрыя мыслі. Сёння на месцы вакзала знаходзіцца пустэча ля прыстанка «Інстытут культуры». Праваруч размяшчалася Францішканскае балота, якое канчаткова было асушана толькі ў 1950-ыя гады. Зараз на яго месцы — будынак Універсітэта культуры.

Прадаўжае Койданаўскі тракт бліжэй да цэнтра вуліца Маскоўская — галоўная вуліца прадмесця Добрыя мыслі. У канцы XIX стагоддзя яна была яшчэ спрэс драўлянай і на ёй яшчэ стаяла карчма «Добра мысль», якая дала назву прадмесцю. У 1892 годзе па ёй прайшла лінія конкі — першага грамадскага транспарту Мінска. Пракладка лініі конкі была магчымай у тым ліку і з-за шырыні вуліцы, якая была адной з самых шырокіх у горадзе і сягала 24 метраў. Перад Заходнім мостам да вуліцы Маскоўскай далучаліся дзве трасы. Злева падыходзіў Дабрамысленскі завулак (захаваўся), працягам якога станавілася Грушаўская вуліца і дарога на Пятроўшчыну, Азярцо і Гарадзішча. Праваруч пралягала вуліца Мала-Георгіеўская (зараз Талстога) — галоўная вуліца прадмесця Уборкі.

Частка плана Мінска 1903 г.
Частка плана Мінска 1903 г.

Праехаўшы пад Заходнім мостам Лібава-Роменскай чыгункі, мы б аказаліся на скрыжаванні вуліц Бабруйскай, Нова-Маскоўскай (Мяснікова) і Захараўскай (Савецкай). Тут у цэнтры сучаснай плошчы Мяснікова ў канцы XIX стагоддзя знаходзілася праваслаўная капліца. Злева ў двухпавярховым будынку размяшчалася яурэйская гімназія (цяпер жылы дом па Мяснікова, 76). Тут жа знаходзілася прывакзальная праваслаўная царква, якая размяшчалася ў аднапавярховым драўляным будынку.

Далей наша вандроўка да цэнтра Мінска пралягае па галоўнай вуліцы горада Захараўскай. У канцы XIX стагоддзя ў гэтай частцы яна была яшчэ поўнасцю драўлянай і аднапавярховай. Яе мадэрнізацыя адбылася пазней, у 1905 — 1915 гадах, калі з’явіліся шматпавярховыя даходныя дамы і Чырвоны касцёл. 3 правага боку тут знаходзілася вялікая па памерах пустэча — закрытыя ў 1873 годзе яўрэйскія могілкі (зараз тэрыторыя плошчы Незалежнасці і універсітэтскага гарадка). Непадалёку злева ўзвышаліся вежы Пішчалаўскага турэмнага замку. Мы падыйшлі да скрыжавання з вуліцай Каломенскай (сучасная Свярдлова) — напрамку на Ігуменскі тракт і Лошыцкую сядзібу. Праз 200 метраў мы апынемся яшчэ на адным скрыжаванні — з вуліцай Серпухаўской (Валадарскага).

Адразу за ім з левага боку ў 1893 годзе Каралем Чапскім быў пабудаваны трохпавярховы будынак Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Будынак быў узведзены па праекце вядома пецярбурскага архітэктара Віктара Шрэтара. Першы паверх дома займалі памяшканні таварыства, верхнія — жылыя кватэры. Зараз на месцы будынка знаходзіцца жылы дом з кінатэатрам «Центральны». Побач заходзіліся яшчэ два будынка, якія належалі Чапскаму. Адразу за імі пачынаўся рог вуліцы Захараўскай з Захараўскім завулкам (цяпер вуліца Гарадскі вал). Цікава, што мінавіта ў гэтым месцы траса Захараўскай вуліцы супадае з сучасным праспектам Незалежнасці і больш не разыходзіцца.

Пераехаўшы яшчэ адну вуліцу Багадзельную (зараз Камсамольская), мы трапілі б на самае галоўнае скрыжаванне дарэвалюцыйнага Мінска — рог Захараўскай I Губернатарскай (Леніна). Павярнуўшы налева, можна было праз 150 метраў убачыць на рагу Губернатарскай і Юраўскай вуліц будынак Гарадской управы — працоўнае месца Караля Чапскага з 1890 да 1901 года. Управа размяшчалася ў двухпавярховым перабудаваным будынку былога францішканскага кляштару. Праедзем па Губернатарскай трохі далей і апынемся на галоўнай плошчы тагачаснага Мінска — Саборнай (Свабоды). Там былі сканцэтраваны асноўныя дзяржаўныя ўстановы Мінскай губерні: палац губернатара (зараз у перабудаваным да непазнавальнасці будынку месціцца музычны каледж), казённая палата (на гэтым месцы зараз размяшчаецца будынак французскай і балгарскай амбасад), прысутныя месцы (плошча Свабоды, 23). Як сумленны каталік, граф Чапскі не мог не знайсці ў Марыінскі касцёл, які таксама размяшчаўся на плошчы. Па Козьмадзям’янаўскай ці Школьнай (сёння не існуюць) вуліцы можна было спусціцца да Ніжняга рынку (зараз тэрыторыя вакол станцыі метро «Няміга»), на якім Чапскі валодаў некалькімі памяшканнямі.

Калі б мы працягнулі шпацыр па Захараўскай вуліцы, то вельмі хутка апынуліся б ля Аляксандраўскага скверу, дзе месціўся Гарадскі тэатр (сучасны Купалаўскі тэатр). Тэатр быў адкрыты ў першы год знаходжання Караля Чапскага на пасадзе гарадскога галавы і, несумненна, граф там быў частым госцем. Насупраць тэатра, на рагу Петрапаўлаўскай (Энгельса) і Падгорнай (Карла Маркса) знаходзіўся двухпавярховы будынак (на тым месцы зараз жылы дом з уваходам на станцыю метро “Купалаўская») Дваранскага сходу, дзе таксама бываў граф Караль Чапскі. Зусім побач, на скрыжаванні Падгорнай і Скобелеўскай (Чырвонаармейская) знаходзіўся, бадай, найпрыгажэйшы будынак з уладанняў Чапскіх у Мінску, вядомы пад назвай палац Чапскага. Будынак выкарыстоўваўся як Грамадскі сход губернскага дваранства (знесены ў 1940 годзе пры будаўніцтве будынку ЦК КПБ).

Намаганнямі Караля Чапскага ў 1894 годзе на Захараўскай вуліцы была адкрыта першая ў Мінску электрастанцыя, будынак якой захаваўся (праспект Незалежнасці, 32б). Яшчэ адзін дом, што належаў Чапскаму, стаяў на Паліцэйскай (Янкі Купалы) вуліцы. Нельга забываць і пра бровар «Багемія», якім валодаў граф Чапскі. Яго будынак захаваўся на вуліцы Кісялёва, праўда, сёння піваварня называецца «Аліварыя».

Усяго Каралю Чапскаму належала ў Мінску 10 будынкаў. Аднак адказаць на пытанне, у якім з іх спыняўся граф падчас знаходжання ў Мінску, складана. Найверагодней, што ў комплексе будынкаў каля таварыства сельскай гаспадаркі, дзе было шмат кватэр, якія здаваліся ў арэнду. Лагічна меркаваць, што адна з іх заставалася для гаспадара.

Праз 6 год масля смерці Караля Чапскага гарадская дума прыняла пастанову аб перайменаванні адной з дзвюх Міхайлаўскіх вуліц у Мінску ў гонар графа Чапскага. Рэч у тым, што ў горадзе сапраўды былі адразу дзве Міхайлаўскія вуліцы, што выклікала пастаянную блытаніну. Адна з іх знаходзілася каля вакзала (сучасная Кірава ад вакзала да Свярдлова), другая знаходзілася на Старажоўцы (сёння Камуністычная). Менавіта гэтая Міхайлаўская вуліца на Старажоўцы, што праходзіла зусім побач з броварам «Аліварыя» і была перайменавана думай. Безумоўна, гэтае рашэнне павінна было вырашыць адразу дзве задачы: увекавечыць імя Караля Чапскага і пазбавіць горад ад падвоеннай назвы. Акружэнне былога горадакіраўніка імкнулася прымаць, як і сам Караль Чапскі, эфэктыўныя рашэнні. Аднак прапанова думы не была падтрымана губернатарам і засталася на паперы.

Але вуліца Міхайлаўская не доўга заставалася неперайменаванай. Ужо ў 1929 годзе яе пераназвалі ў МОПРаўскую — у гонар Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам. У 1954 годзе МОПРаўскую псрарабілі ў вуліцу Калініна. Аднак і ўсесаюзны стараста «не прыжыўся» на ёй — праз тры гады, у 1957 г., яе перайменавалі ў Камуністычную. У 2010 годзе будзе 150-гадовы юбілей Караля Чапскага, гарадскога галавы, які змяніў Мінск. Добрая нагода, каб выканаць рашэнне, прынятае сто гадоў таму.

Іван Сацукевіч «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *