У межах навуковай канферэнцыі, прысвечанай 180-годдзю з дня нараджэння Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, арганізаванай Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, адбылося падарожжа “Род Чапскіх на Міншчыне”. Яго ўдзельнікі пабывалі ў Прылуках, Воўчкавічах, Дзяржынску. Апошнім пунктам сталася мястэчка Станькава, дзе вандроўнікі наведалі краязнаўчы музей мясцовай сярэдняй школы. А стартавала падарожжа ад Нацыянальнай бібліятэкі, дзе гэтымі днямі праходзіла гісторыка-мемарыяльная выстаўка “Жыццё — Айчыне, гонар — нікому”. Дарэчы, вандроўку ажыццявілі нашчадкі роду — Аляксандра Ваньковіч і Аранда Эдуарда Гадлеўскі, якія прыехалі паўдзельнічаць у канферэнцыі з ЗША, а таксама мінчанка, кандыдат педагагічных навук Валянціна Выхота. “К” не аднойчы звярталася як да гісторыі славутага роду, так і шматкроць пісала пра мясціны, звязаныя з Чапскімі. Зараз жа ў цэнтры ўвагі экскурсантаў была рэканструкцыя “Скарбніцы” ў Станькаве…
Разам з імператарам Птушкаловам
Першыя згадкі пра славуты род адносяцца да 930 года, калі, як сведчаць гістарычныя дакументы, маршал германскіх войскаў Эрнрэйх [Эрэнрэйх] фон Гутэн разам з імператарам Генрыхам I Птушкаловам Саксонскім змагаўся супраць гунаў. У 1121-м Гутэны атрымалі тытул графаў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пазней за змаганне з прусамі яны былі залічаны ў лік польскіх рыцараў, а ў XV наблізіліся да каралеўскага двара Польшчы. У XVII стагоддзі прадстаўнікі роду пасяліліся на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Беларуская галіна Гутэнаў валодала землямі, якія займалі тэрыторыю ад Мінска да Стоўбцаў. Прамавугольнік памерам 50 на 100 кіламетраў і плошчай больш за 40 тысяч гектараў, што назвалі Станькаўскім ключом, меў шматлікія вёскі, фальваркі, лясы, млыны, бровары. Падобныя “Ключы” ў Гутэн-Чапскіх знаходзіліся ў Польшчы, Аўстрыі, Францыі, Германіі.
Чапскія, як вядома, аказалі значны ўплыў на культурнае і эканамічнае развіццё Міншчыны. Да прыкладу, Эмерык Чапскі, знакаміты як калекцыянер, збіральнік буйных нумізматычных і мастацкіх калекцый, а яго сын Караль у 1890 — 1901 гг. быў гарадскім начальнікам Мінска, прымаў удзел у наладжванні працы шматлікіх прадпрыемстваў, першай гарадской электрастанцыі.
У Беларусі вывучэннем гісторыі графаў Гутэн-Чапскіх займаюцца многія гісторыкі, краязнаўцы. У іх ліку — члены аб’яднання “Прылуцкая спадчына” Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Мінскага раёна, чыімі намаганнямі на выстаўцы ў Нацыянальнай бібліятэцы можна пазнаёміцца з партрэтамі Эмерыка Чапскага і іншых прадстаўнікоў роду, кнігамі, альбомамі, архіўнымі дакументамі з фондаў аб’яднання.
Пад знакам герба “Леліва”
…З Мінска маршрут экскурсіі “Род Чапскіх на Міншчыне” пралягаў у Прылукі, што знаходзяцца за 8 кіламетраў ад сталіцы. Праз невялікі адрэзак часу перад удзельнікамі падарожжа паўстаў тамтэйшы палац, прыгожы парк.
Сядзіба Прылукі вядомая з ХVII cтагоддзя. З цягам часу палац у ёй набыў неагатычныя рысы. Стары італьянскі парк пераўтварыўся ў пейзажны. З 1872 па 1917 гг. Прылукі былі маёмасцю графа Эмерыка Чапскага, але жыла ў ім сям’я Ежы Чапскага. Прылукі — адзін з вялікіх маёнткаў Станькаўскага ключа.
…Ад уязной брамы да палаца вядзе алея шырынёй 8 метраў. На ёй захавалася 6 старых ліп. Цікава, што даўжыня алеі была 365 крокаў — па колькасці дзён у годзе. Каля партэра знаходзілася 30-метровая чатырох’ярусная неагатычная вежа з гадзіннікам. Цікавы яшчэ і такі факт: у 1926 годзе, у тым ліку і ў Прылуках, кінастудыя “Савецкая Беларусь” зняла першы айчынны мастацкі фільм паводле аповесці Міхася Чарота “Лясная быль”.
Прылуцкаму дому графаў Чапскіх пашанцавала: пасля Другой сусветнай вайны ён быў адноўлены паводле двух малюнкаў Напалеона Орды, які гасцяваў у Прылуках і адлюстраваў палац так, як пабачыў яго ў ХІХ стагоддзі. Захаваўся і адметны тутэйшы парк, закладзены напрыканцы ХVІІ стагоддзя. Галоўная ж уязная ліпавая алея была ў 1963 — 1964 гг. адноўлена навуковымі супрацоўнікамі Беларускага навукова-даследчага інстытута аховы раслін, які размясціўся пасля вайны ў былым графскім палацы.
І калі ліпам больш за 100 гадоў, то самім Прылукам — ужо 500. Першы ўспамін пра гэты край датуецца 1473 годам. Пасля вайны ў будынку размяшчалася лабараторыя па барацьбе з каларадскім жуком, а потым яго заняў згаданы інстытут. Яго супрацоўнікі адкрылі музей, які распавядае пра гісторыю будынка, навуковую ўстанову. Калі знешне палац выглядае так, як яго заспелі апошнія гаспадары — графы Чапскія, дык яго ўнутранае начынне пазбаўлена колішняга шыку. А шкада, бо ранейшыя інтэр’еры палаца, багатыя і прыгожыя, з’яўляліся яркім адлюстраваннем сваёй эпохі. Пакоі палаца мелі дубовы паркет, пазалочаную ляпніну на столях, у парадных пакоях стаяў дубовы, абцягнуты скурай, мэблевы гарнітур у стылі Людовіка ХV, тут знаходзіліся раялі, піяніна, гданьскія куфры, палотны Яна Мацейкі, фамільныя партрэты, мініяцюры ХVIII — XIX стст., срэбра, саксонскі і французскі фарфор ХVIII ст. На першым паверсе месцілася біблітэка, якая змяшчала некалькі тысяч тамоў. Кнігі мелі экслібрыс і родавы герб Чапскіх “Леліва”. Найбольш каштоўныя рэчы на пачатку Першай сусветнай вайны былі страчаны, штосьці трапіла ў Варшаву.
Станькаўскі ключ — кантынент культуры
Экскурсійны маршрут, распрацаваны гісторыкам, кіраўніком аб’яднання “Прылуцкая спадчына” Ігарам Гатальскім, прывёў удзельнікаў падарожжа ў Станькава. Маёнтак графаў фон Гутэн-Чапскіх, які займае плошчу 15 гектараў, уражвае.[15 гектараў — тэрыторыя ангельскага пейзажнага парка, а сам маёнтак мае плошчу ў 25 гектар.] Калісьці сядзібу называлі “кантынентам культуры” і “маленькай Еўропай у вялікай Еўропе”. Аднак час яе не пашкадаваў. Захаваліся кузня, флігелі — для слуг і кухонны з падземным ходам, што вёў у графскі палац. Партызаны спалілі палац, дзе пад час Вялікай Айчыннай вайны былі раскватараваны фашысты, і цяпер на яго месцы знаходзіцца школа-інтэрнат. Захаваліся таксама напалову ацалелая воданапорная вежа, кароўнік, свіран. Ёсць тут камень, пастаўлены у гонар Статута Вялікага княства Літоўскага, “Cкарбніца” — былая бібліятэка, склеп ды альтанка на беразе возера, у якім плавалі белыя лебедзі. З высокага месца, дзе знаходзіўся палац, адкрываецца цудоўны від на храм у гонар Святога Мікалая Цудатворца, што зараз аднаўляецца.
Вакол колішняга палаца знаходзіўся вялікі пейзажны парк. У ім некалі расло больш за восем тысяч дрэў і кустоў.
Зараз ідзе рэканструкцыя, — распавёў наш гід па мясцінах, звязаных з імем Чапскіх, навуковы кіраўнік матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці — Станькаўскага палацава-паркавага ансамбля Дзяржынскага раёна Алег Масліеў, — аднаго з найбольш прыгожых павільёнаў сядзібы — “Скарбніцы”, якую пабудавалі для захоўвання кніг найбагацейшай бібліятэкі, нумізматыкі і мастацкага збору. Гэтыя каштоўнасці славіліся на ўсю Беларусь. У “Скарбніцы” знаходзілася больш за 20 тысяч выданняў, старажытных карт, медалёў, гравюр, карцін, старой парцаляны і зброі.[У палацы ў Станькава знаходзілася больш за 20 тысяч выданняў, старажытных карт, медалёў, гравюр, карцін, старой парцаляны і зброі, у тым ліку ў павільёне Скарбніца знаходзіліся дублікаты каштарысных кніг.] У 1894 годзе, калі Эмерык Чапскі падзяліў свае землі паміж дарослымі сынамі, Станькава займае Караль — будучы “мэр” Мінска, які прыязджае сюды разам са сваёй жонкай Марыяй з роду Пуслоўскіх. Пасля 1917 года “Скарбніца”, дзе знаходзіліся пазалочаныя фаліянты, іконы і манаршыя партрэты, як і сядзіба, была разрабавана.[Пасля 1917 года палац і “Скарбніца”, дзе знаходзіліся пазалочаныя фаліянты, іконы і манаршыя партрэты, як і сядзіба, былі разрабавана.]
…Гісторыя Прылукаў, Станькава не завершана. Сёння яе “пішуць” новыя людзі. Сведчаннем таму — краязнаўчы музей станькаўскай сярэдняй школы, экспанаты якога сабраны высілкамі вучняў, выпускнікоў, краязнаўцаў, энтузіястаў. Шмат зрабіў выпускнік школы Алег Масліеў па аднаўленні станькаўскіх помнікаў архітэктуры. Ён выканаў макеты палаца, іншых збудаванняў сядзібы і падарыў іх школьнаму музею. Па гэтых макетах можна ўявіць, якім быў палацава-паркавы ансамбль пры Чапскіх.