Главная > Книга > БРАТЫ ЧАПСКІЯ Ў ЭКАНАМІЧНЫМ ЖЫЦЦІ МІНСКАГА КРАЮ

БРАТЫ ЧАПСКІЯ Ў ЭКАНАМІЧНЫМ ЖЫЦЦІ МІНСКАГА КРАЮ

Радует той факт, што мы паступова пачынаем знаёміцца са сваімі героямі – заснавальнікамі эканамічнай культуры на нашым землях. Вялікая плеяда таленавітых людзей упарта працавала над дабрабытам сваіх маёнткаў, а ў выніку – над дабрабытам усяго краю. Можна і трэба назваць Эдварда Вайніловіча, Аляксандра і Рамана Скірмунтаў, Аляксандра і Вільгельма Ельскіх, Льва Ваньковічаў і шмат іншых. Сярод іх вылучаліся асобы і гаспадаркі графаў Кароля і Юрыя Чапскіх.

Караль Чапскі (1860-1904) і Юрый Чапскі (1861-1930)
Караль Чапскі (1860-1904) і Юрый Чапскі (1861-1930)

У апошнія дзесяцігоддзі XIX ст. і амаль поўнасцю два першыя дзесяцігоддзі XX ст. важнейшая, калі не галоўная, роля ў сельскагаспадарчым развіцці краю належала Мінскаму таварыству сельскай гаспадаркі (МТСГ). Афіцыйнай датай яго стварэння лічыцца 1876 г., а фактычнай – 1878 г., калі ў яго склад па рашэнні тагачаснага губернскага маршалка ўвайшлі пяць прадстаўнікоў мясцовых землеўласнікаў. Паступова іх кола ў складзе МТСГ пашыралася, а выразны росквіт таварыства пачаўся з 1888 г., калі яго фактычна ўзначаліў такі аўтарытэтны гаспадарнік, як Э.Вайніловіч. У хуткім часе колькасць членаў у МТСГ дасягнула некалькі соцень, у ліку актыўных удзельнікаў былі браты Кароль і Юрый Чапскія. Яны ўступілі ў рады таварыства на памежжы 1880-1890-х гг. і ў далейшым занялі ў ім адно з вядучых месцаў, дзякуючы сваёй кампетэнтнасці, гаспадырчаму таленту, у тым ліку і асабістым якасцям. На кожным пасяджэнні МТСГ граф К.Чапскі праяўляў прыметную актыўнасць. Ён выступаў ініцыятарам будаўніцтва элеватара ў Негарэлым, за арганізацыю таннага крэдыту, наладжванне працэсу сушкі фруктаў, іх продаж і г.д.

Напрыклад, толькі на адным пасяджэнні МТСГ 10 студзеня 1888 г. граф К.Чапскі прапанаваў абмеркаваць пытанне аб стварэнні таварыства з пасрэдніцкімі функцыямі па найме добрасумленных сельскагаспадарчых служачых. У сваю чаргу пасля актыўных выступленняў графа яму было прапанавана арганізаваць у Мінску продаж цэльнага малака і малочных прадуктаў, а таксама вывучыць пытанне аб магчымасці продажу садавіны гандлярам, а не працягваць эканамічна нявыгадную здачу садоў у арэнду.

Дастаткова шырока вядома дзейнасць К.Э.Чапскага на пасту гарадского галавы ў Мінску. Ён накіроўваў сваю энергію на розныя бакі развіцця горада. Вельмі трапна і пранікнёна зазначыў Э.Вайніловіч: “ Яму не хапала добрых аднадумцаў: хай сабе пад`езная вуліца з вакзала ў горад была вузкай, але затое вымашчанай; хай сабе машына , якая асвятляла горад, была невялікай магутнасці, але затое працавала, хай трамвай не заўсёды функцыянаваў, але ён быў… Ён пачаў работу над распрацоўкай праекта каналізацыйнай сістэмы…”. Дарэчы, пасля смерці К.Э.Чапскага горад меў запазычанасць перад яго нашчадкамі ў 1 млн. рубл., але яна так і не была выплачана.

Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі ў развітальным слове так ацаніла дзейнасць графа К.Чапскага: “ Яго ініцыятыве і працы абавязаны сваім існаваннем многія ўстановы і пачынанні – аб`яднанне вінакурных заводчыкаў, арэнда гарадскіх скатабойняў і інш”. Такі аўтарытэтны ў краі чалавек , як віцэ-старшыня МТСГ Э.Вайніловіч, у сваіх успамінах піша: “ На першае месца я хачу паставіць пакойнага графа Караля Чапскага – прэзідэнта г.Мінска, чалавека адмысловых здольнасцей, энергіі, ініцыятывы, шырокіх поглядаў, чалавека велізарнай працаздольнасці. Ён не шкадаваў сябе і, мабыць таму, так рана пайшоў з жыцця. <…> Аграрнаму таварыству граф удзяляў увагі столькі, колькі мог. Прыдзе, падкіне ідэю, выведзе са стану апатыі… .Спачатку старэйшы Караль, а пасля яго смерці малодшы з сыноў Эмерыка Чапскага – Юры – былі абраны членамі Савета таварыства і, не шкадуючы сіл і часу, працавалі на карысць краю.

Браты Чапскія, кожны ў сваім маёнтку, наладзілі эфектыўную гаспадарку, асабліва славіліся правільна арганазаваная лясная яе частка і штучнае лесаразвядзенне. Ляная гаспадрка графа Ю.Чапскага вылучалася МТСГ на атрыманне залатога медаля. У лясах графа праходзілі практычныя заняткі аб`ездчыкаў прыватнаўласніцкіх лясоў.

Ю.Чапскі спачатку падтрымаў ідэю, а потым і матэрыяльна арганізацыю вопытнага поля МТСГ у Тугановічах, таму што і ў яго маёнтку праводзіліся вопыты з яравымі культурамі.

У 1912 г. Цэтральнае таварыства сельская гаспадаркі ў Царстве Польскім звярнулася ў МТСГ з просьбай назваць маёнткі, у якіх гаспадарка вядзецца на аснове навейшых навуковых адкрыццяў і практычных дасягненняў. Было названа 11 маёнткаў і першым – Прылукі графа Ю.Чапскага.

Безумоўна, жыць і працаваць у пэўным асяроддзі і быць незалежным ад яго маль немагчыма. Як прадстаўнікі тытулаванай знаці графы Чапскія павінны былі прымаць удзел у афіцыйных мерапрыемствах, якія ладзіліся кіраўніцтвам Мінскай губерні. Адно з першых і прыметных быў візіт у 1888 г. у Мінск вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча. У сустрэчы з высокім госцем прымалі ўдзел усе мужчыны сям`і Чапскіх, на чале з бацькам – графа Эмерыкам. А вось на каранацыю Мікалая II граф Ю.Чапскі ехаць адмовіўся, аб чым у архіве захавалася яго запіска.

Граф Ю.Чапскі ўдзельнічаў у абмеркаванні надзённых праблем грамадскага жыцця, сведчаннем чаго з`яўляецца яго работа ў каміссіі МТСГ па аграрным пытанні, створанай ў 1905 г. Была распрацавана праграма, якая прадугледжвала змены ў стане сялянскай гаспадаркі, ліквідацыю беззямелля і малазямелля без парушэння прынцыпу прыватнай уласнасці, арганізацыю шырокага народнага крэдыту, ліквідацыю неадукаванасці сялян і г.д.

З канца XIX ст. Ю.Чапскі ўзначальваў Мінскае дабрачыннае таварыства, якое ў той час налічвала 170 правадзейных сяброў. Яно мела прыют для сірот і падкідышаў, з 1911 г. існаваў прыют для старых, шпіталь на 245 ложкаў, у год раздавалася бедным больш за 30 тысяч абедаў.

Падчас Першай сусветнай вайны граф Ю.Чапскі ўсклаў на сябе цяжкі абавязак – узначаліў камісію па распрацоўцы пытанняў кампенсацыі сельскім гаспадаркам, якія пацярпелі ў 1915 г. ад адступаючых войскаў і бежанцаў. Яму было даручана азнаёміць мінскага губернатара з аналітычнай запіскай, у якой прапаноўваліся меры па навядзенні парадку і наладжванні эканамічнага жыцця ў новых умовах. Самая надзённая праблема на кастрычнік 1915 г. – гэта падсумоўванне ўбыткаў. Па Мінскай губерні яны складалі 22 руб. з дзесяціны. Больш пашыраная запіска была накіравана за подпісам графа Ю.Чапскага на імя міністра ўнутраных спраў і міністра фінансаў.

І першая, і другая, і трэцяя запіскі даюць самае дакладнае, выразнае і праўдзівае апісанне эканамічнага стану сельскай гаспадаркі Мінскай губерні ў 1915-1916 гг. Адна з самых балючых праблем – гэта запазычанасць маёнткаў Віленскаму зямельнаму банку, якая дасягала 40 млн.руб. Землеўласнікі Міншчыны, спасылаючыся на немагчымасць падчас вайны рэгулярна пагашаць тэрміновыя плацяжы, прасілі ў міністраў дапамогі ў адтэрміноўцы нядоімак да канца вайны і зняць з таргоў, якія аб`явіў банк на 9 снежня 1915 г., 220 маёнткаў.

Граф Ю.Чапскі ўзначаліў групу з трох чалавек, якія па даручэнні МТСГ у кастрычніку 1915 г. наведалі ў Петраградзе вышэйшых чыноўнікаў дзяржавы, у тым ліку сенатара Зубчанінава. Апошні абяцаў дапамогу і на самай справе ў тэлеграме за яго подпісам ад 20 кастрычніка 1915 г. мінскаму губернатару паведамлялася: “ Граф Чапскі просіць паскарэння выдачы кампесацыі. Спадзяюся, што сто тысяч ужо атрыманы. … Пажадана пачаць выдачу …”

Безумоўна, браты Чапскія былі здольнымі гаспадарнікамі-эканамістамі, што называецца ўмелі “рабіць грошы”. Да прыкладу, выставка 1901 г., адным з арганізатараў якой быў Ю.Чапскі і на выручку ад якой мала хто разлічваў, прынесла выручку 3300 руб. Нават камісія па распрацоўцы пытанняў кампенсацыі сельскім гаспадарам, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў, змагла за тры месяцы зрабіць 4,5 тыс.руб.

Праўда, не было ўдачы ў іншым. Напрыклад, у маёнтку Прылукі быў рэквізаваны ўвесь лес, прыкладна 1200 десяцін. Уладальніку не пакінулі ні адной дзесяціны для гаспадарчых патрэб.

Для абмеркавання спрэчных пытанняў па вяртанні ўбыткаў былі створаны параённыя камісіі пры штабах расійскіх армій, у якія ўваходзілі прадстаўнікі ад земстваў і МТСГ. Пры штабе X арміі ў параённую камісію ад земства разам з князем І.Э.Друцкім-Любецкім увайшоў і граф Ю.Чапскі. Як член павятовага земства граф Ю.Чапскі прымаў самы актыўны ўдзел у рашэнні ўзніклых спрэчных пытанняў: ад кошту коней, якія пастаўляліся ў войска, да працы ў камісіі па захаванні вытворчых сіл краю.

Як прыклад, дзейнасць Койданаўскай узорнай кустарнай ткацкай майстэрні, што была адкрыта пры МТСГ і статут якой зацверджаны ў снежні 1914 г. Апекуном яе быў прызначаны граф Ю.Чапскі, у рабоце майстэрні прымалі ўдзел яго дочкі. У гэтай якасці граф Ю.Чапскі зрабіў падрабязную справаздачу аб яе дзейнасці з 1 верасня 1914 г. па 1 студзеня 1916 г., г. зн. за ўсё ваенныя месяцы. Ён падрабязна далажыў, колькі было выткана палатна, рушнікоў для параненых і іншых вырабаў. Паведаміў, што было навучана ткацкаму майстэрству 10 дзяўчат. На 1 студзеня 1916 г. астатак сродкаў склаў 724 руб. 17 кап. У заканчэнні граф называе жанчын, у тым ліку і сваю дачку Лізавету Георгіеўну, якім просіць аб`явіць удзячнасць ад імя МТСГ. У адказ старшыня Э.Вайніловіч прапануе выказаць глыбокую падзяку графу Чапскаму як апекуну Койданаўскай школы, але галоўным чынам яго дочкам, нястомным працаўніцам, а таксама іншым дамам.

Падсумоўваючы сказанае, адзначым, што многія з тых, хто жыў у Беларусі, працавалі на карысць яе далейшага развіцця. Яны як маглі добраўпарадкавалі сваю малую радзіму, патрымлівалі яе эканамічна і ўмацавалі асноўныя кірункі яе развіцця ў тагачасных умовах і на будучыню.

На гэтым можна было б і закончыць, аднак хацелася б прывесці некалькі фактаў з паслярэвалюцыйных часоў. Як вядома, уладанні Чапскіх аказаліся на савецкай тэрыторыі. Маёнтак Станькава перадаваўся на баланс армейскіх атрадаў харчавання, якія накіравалі туды атрад конных чырвонаармейцаў на чале з Бацвіннікам. Аказалася, што ён зусім не ведае земляробства, і ў выніку з 300 дзесяцін 34 чырвонаармейцы пры 33 конях узаралі толькі 30 дзясяцін.

Перадача маёнтка ў Станькаве армейскім органам прывяла да сур`ёзнага канфлікту, сутнасць якога відаць з пісьма батракоў ад 23 красавіка 1921 года: “ Пераход саўгаса Станькава ў веданне Харчбела пазбавіла нас нашых надзелаў, якія давалі нам і нашым дзецям магчымасць неяк пражыць. Пры цяпершнім становішчы нам пагражае поўны голад… Усё жыццё мы працавалі на памешчыка і жылі. Няўжо нам пры савецкай уладзе пагражае галодная смерць?..”. Такім чынам былі разбураны даволі хутка высокакультурныя гаспадаркі.

А ў гэты час граф Чапскі (дакумент не ўдакладняе імя, хутчэй за ўсё гэта граф Юрый) знаходзіцца непадалёку ад родных мясцін, але ўжо за мяжой, у Столбцах, камендантам якіх ён сябе аб`віў. Да яго сцякаюцца розныя людзі, галоўным чынам дэзерціры, усе, хто не прыняў савецкую ўладу і “спрабуюць рабіць усякае зло”.

Вось так рэвалюцыя змяніла і лёс людзей, і лёс іх уладанняў. Стэрэатыпы класавай недобразычлівасці садзейнічалі непрызнанню заслуг сям`і Чапскіх перад родным краем, адлучэнню іх да гісторыі нашай Радзімы, і тым самым пэўнага ігнаравання іх заслуг перад пакаленнямі, якія прыйшлі ім на змену.

Марыя Бяспалая «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *