У прыватнай калекцыі ў Мінску захоўваецца сярэбраная расійская манета “полуполтинник» 1799 года з надчаканкай, якую паставіў Эмерык Захарый Мікалай Севярын Гутэн-Чапскі. На аверсе манеты — чатырохканцовы крыж з аднолькавымі бакамі, які складаецца з чатырох літар /П/, над кожнай з якіх карона і адной лічбай /1/ у сярэдзіне крыжа.
Імператарская карона, пад якой літара /П/ з лічбай /1/ у сярэдзіне поля, з`яўляецца вензелем расійскага імператара Паўла I. Гэта не першая манета ў расійскай нумізматыцы, калі вензелі ўтвараюць крыж. Вядомы рубель Пятра I 1724 года, які мае неафіцыйную назву “крестовик» і рубель Пятра II 1729 года. Па кругу манеты – надпіс, які перарываецца каронамі на вензелях /полу/ /полти/ нникъ/ /1799.г./. На рэверсе ў сярэдзіне манеты — двайная рамка, у якой маецца надпіс у чатыры радкі /не намъ/ /не намъ/ /а имяни/ /твоему/. Пад надпісам літары /С.М./ справа і злева /І.Ц./. 3 чатырох знешніх бакоў рамкі — раслінны арнамент, які размежаваны кропкамі. Па краю манеты на аверсе і рэверсе праходзіць кант з кропак. Гурт рубчаты з нахілам ці, як прынята называць, «вяроўкай».
Паўпалціннікі наогул рэдкія манеты ў расійскай нумізматыцы. Высокая калекцыйная вартасць манеты складаецца з яе рэдкасці, адсутнасці дэфектаў чаканкі і тых пашкоджанняў, якія ўзнікаюць падчас грашовага абарачэння і няправільнага захоўвання. Важна, што на манеце захавалася натуральная патына. Усе гэтыя прыкметы робяць манету вартай калекцыі самага высокага ўзроўня.
На аверсе манеты выразна вылучаецца надчаканка. Гэта адзіная выява на манеце, якая зроблена контррэльефам. Надчаканка пастаўлена ў полі манеты ў сярэдзіне літары /П/ з такім разлікам, каб яна не псавала выгляд манеты і была добра бачная. Таму было выбрана месца ў сярэдзіне вензеля Паўла I. Трэба адзначыць, што ўсе надчаканкі Э. Чапскі ставіў у полі манет і ніколі — на выяве. Па кампазіцыі надчаканка знаходзіцца ў верхней частцы крыжа з манаграмай Паула I, калі ўлічваць, што з гэгага боку пачынаецца надпіс /полу/ /полти/. Пад надчаканкай вертыкальная лічба /1/. Можна адзначыць, што надчаканка ўдала ўпісана ў кампазіцыю манеты. Усё гэта гаворыць аб уважлівых адносінах Э. Чапскага да манеты і яе значнасці для калекцыі.
Манета магла стаць дублікатам ці знаходзіцца ў асноўнай калекцыі «русістыкі», якая была пакінута Э. Чапскім у сваім радавым маёнтку Станькава пасля яго ад’езда ў Кракаў. Калекцыя ў Станькаве не збераглася, і манеты, медалі, антыкварыят, творы мастацтва папоўнілі ці сталі асновай для новай калекцыі.
Прасачыць усіх уладальнікаў паўпалцінніка пасля ліквідацыі калекцыі немагчыма, як і знайсці месца, адкуль манета трапіла да Э. Чапскага. Вядома, што манета трапіла ў мінскую калекцыю каля дваццаці год таму, недзе напрыканцы 80-х гадоў XX ст. ад калекцыянера з Беларусі і была ў яго адзінай з надчаканкай Э. Чапскага.
Кожная калекцыйная манета мае сваіх уладальнікаў. Калі ўладальнікам манеты быў Э. Чапскі, то манета ўспрымаецца як адно звяно цудоўнага ланцужка з манет. Чым больш знойдзецца такіх звёнаў, тым больш каштоўным з пункту гледжання нумізматаў будзе гэты ланцужок.
Валерый Калясінскі «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»