Палацава-паркавы комплекс “Прылукі” з‘яўляецца сёння найбольш значным архітэктурным помнікам у ваколіцах г. Мінска. У час свайго росквіту, у другой палове XIX – пачатку XX стагоддзяў, сядзіба “Прылукі” акрамя палаца аб‘ядноўвала шмат будынкаў прамыслова-гаспадарчага прызначэння і іншых пабудоў (вежы, капліца і інш.), якія, нажаль, не захаваліся да нашага часу (большасць з іх была разбурана ў першай палове XX стагоддзя).
У скалад экспазіцыі гістарычнай выстаўкі “Прылукі праз вякі”, якая распрацавана і падрыхтавана гісторыка-краязнаўчым аб‘яднаннем “Прылуцкая спадчына”, уваходзяць габелены, аб‘яднаныя агульнай назвай “Страчаная спадчына”. Ідэя стварэння габеленаў з‘явілася ў той час, калі супрацоўнікі аб‘яднання адшукалі шэраг рэдкіх фотаздымкаў пачатку XX стагоддзя (1914-1915 гг.). Як стала вядома, у Прылукі прыязджаў вядомы ў той час фатограф Ян Булгак, і ў архіве аб‘яднання есць дакладны яго здымак стайневага флігеля, якія ўваходзіў у сядзібу “Прылукі”. У сувязі з гэтым можна дапусціць, што фотаздымкі і іншых пабудоў, зробленыя ў той час, належаць Яну Булгаку.
Вельмі прыгожай пабудовай была гадзіннікавая вежа. Яна была разбурана апошняй (у 1963-1964 гг.). Фотаздымкаў вежы, зробденых у розны час, ёсць шмат. Ёсць яна і на малюнку Напалеона Орды, зробленым у 1876 г. Ёсць некалькі здымкаў і каплічкі, падрабязнае апісанне якой мы знаходзім у літаратуры. Нажаль, невядома, у якім месцы сядзібы яна знаходзілася. Габелен з выявай кухоннага флігеля зроблены таксама на аснове старога фотаздымка. Зараз на падмурку флігеля ўзведзены другі будынак, які неаднаразова перабудоўваўся.
У 1876 г. у Прылукі прыязджаў Н.Орда і зрабіў два малюнкі палаца ў Прылуках: з паўдневага і паўночнага бакоў. З цягам часу найбольш значныя змены будынак палаца атрымаў менавіта з паўдневага фасаду, ад ракі Пціч, якая таксама вельмі змянілася. Менавіта малюнак палаца з поўдня выкарыстаны намі для стварэння габелена.
Габелены. “Страчаная спадчына”
Чырвоны касцёл Сэрца Ісуса у вёсцы Воўчкавічы быў пабудаваны Ежы Чапскім і адкрыты ў 1904 г. За год да таго, у 1903 г., каля яго па ўласным завяшчанні была пахавана Юзэфіна Чапская, гаспадыня сядзібы “Прылукі”. Па архітэктурным выглядзе касцёл быў вельмі падобны на касцел Сымона і Алена ў г. Мінску на плошчы Незалежнасці. Касцёл у в.Воўчкавічы быў разбураны ў першай палове XX стагоддзя.
Маляўнічае наваколле Прылук з даўніх пор натхняла жывапісцаў і фотамастакоў. Намі таксама створаны шэраг габеленаў пад агульнай назвай “Прылуцкія краявіды”, якія ў складзе выстаўкі “Прылукі праз стагоддзі” экспанаваліся, акрамя г. Мінска, у многіх гарадах Беларусі.
Усе работы выкананы ў тэхніцы набіўкі іголкай па тканіне, якая адрозніваецца ад іншых тэхнік тым, што работа выконваецца з левага, адваротнага боку і ў сувязі з гэтым мае пэўную складанасць. Колер на гістарычных габеленах падабраны паводле літаратурных звестак аб колерах пабудоў сядзібы ў пачатку XX стагоддзя.
Марыя Старасціна «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»