З XVI ст. у вёсцы Прылукі Мінскага павету існавала праваслаўная царква, а пасля і манастыр. Іх лёс не зусім тыповы да цэркваў Міншчыны. Справа ў тым, што Прылуцкая царква заставалася праваслаўнай у часе двух перыядаў найбольш моцнага уніяцкага «прэсінгу» — канца XVI — 30-х гг. XVII стст. і 80-х – 90-х гг. XVII ст. З 20-х гг. XVII царквою апекаваўся Мінскі праваслаўны Петрапаўлаўскі манастыр.
Прылукі вельмі шчыльна прымыкалі да Койданаўскага графства – часткі так званых «Нойбургскіх маёнткаў». Асаблівасцю гэтых земляў было тое, што яны належалі спадчыннікам Радзівілаў – нямецкім князям-пратэстантам Нойбургам, якія не спрыялі працэсу пераводу праваслаўных цэркваў на сваіх землях пад юрысдыкцыю уніяцкіх мітрапалітаў. Дзякуючы гэтаму на Міншчыне сярод масіву уніяцкіх парафій доўгі час захоўваліся невялікія праваслаўныя анклавы ў раёне мястэчак Койданава, Рубяжэвічы, Станькава і інш. Хаця ўрэшце рэшт уніяцтва распаўсюдзілася і сюды. Гэты пераход быў у большай ступені добраахвотным. Падзеі вайны 1654-1667 гг. і асаблівасці канфесійнай палітыкі расійскіх улад на акупаваных тэрыторыях прымусілі мясцовае насельніцтва «грэцкай рэлігіі» паглядзець на унію па-новаму. Так, у 1703 г. праваслаўнае насельніцтва Койданава склала супліку (прашэнне) на імя уніяцкага мітрапаліта аб жаданні далучыца да уніі. Да сярэдзіны XVIII ст. зрабіліся уніяцкімі суседнія з Прылукамі парафіі ў вёсках Гарадзішча і Сенніца.
Змаганне за Прылуцкую царкву паміж праваслаўнымі і уніятамі пачалося, відавочна, у 1741 г., калі 19 снежня таго ж году калятар царквы, мясцовы землеўладальнік Юзаф-Міхал Іваноўскі склаў скаргу аб запусценні «мінскімі дызунітамі» царквы і манастыра. У працах XIX ст. гаворыцца аб закрыцці праваслаўнага манастыра годам раней, у 1740 г., але гэтая інфармацыя не атрымала пацвярджэння архіўнымі дакументамі. Так ці іначай, ужо тады Іваноўскі лічыў неабходным перадаць Прылуцкую парафію уніятам. Свае захады ў некаторым часе ён падмацаваў матэрыяльна. 26 ліпеня 1755 г. быў складзены фундуш на 1 валоку зямлі для прылуцкага святара, які павінен знаходзіцца пад юрысдыкцыяй уніяцкіх мітрапалітаў.
Факт такога позняга надання фундуша (праз 14 гадоў пасля рашэння аддаць царкву уніятам) паказвае на тое, што да 1755 г. матэрыяльных падстаў для існавання уніяцкай парафіі ў Прылуках не было. Гэтую выснову пацвярджаюць і некаторыя іншыя факты. Па-першае, Іваноўскі разам з наданнем фундуша не прадставіў уніяцкаму мітрапаліту прэтэндэнта на пасаду святара – не склаў так званую «прэзенту», абавязковы дакумент , без якога пасада святара лічылася вакантнай. Прэзента была выдадзена наступным уладальнікам Прылукаў Ігнатам Іваноўскім толькі праз чатыры гады, 25 траўня 1759 г. Па-другое, сам фундуш быў актыкаваны ў Мінскім гродскім судзе только 11 ліпеня 1765 г. Гэта значыць, што да гэтага часу ён практычна не меў законнай сілы. Па-трэцяе, на месцы занядбанага і спарахнелага будынка Прылуцкай царквы, запусценне якога Іваноўскі апісваў яшчэ ў 1741 г., новы быў узведзены толькі ў 1763 г. Гэта была новая «пад трыма купаламі з жалезнымі крыжамі» царква. Але і яна з-за працяглых спрэчак паміж канфесіямі за права валодання будынкам пэўны час не дзейнічала. У спісе уніяцкіх цэркваў Мінскага дэканата 1766 г. Прылуцкая царква не значыцца.
Проект Рождества Богородицкого храма 1863 года архитектора Сигорского.
Паводле ўскосных дадзеных мы велічылі той момант, з якога Прылуцкую царкву ўжо можна лічыць канчаткова перададзенай уніятам. Як гаварылася вышэй, Ігнат Іваноўскі яшчэ ў 1759 г. прэзентаваў уніяцкаму мітрапаліту Ф. Грабніцкаму прэтэндэнта на пасаду прылуцкага пароха — Аляксея Красніцкага. Амаль восем гадоў той чакаў абавязковага прызначэння з боку мітрапаліта і атрымаў яго толькі 2 студзеня 1767 г. ад новага мітрапаліта Ф.-П. Валадковіча. Гэтую дату і патрэбна лічыць пачаткам дзейнасці паўнавартаснай уніяцкай парафіі ў Прылуках. Як бачым, пераход парафіі пад уніяцкую юрысдыкцыю доўжыўся амаль 26 гадоў.
У 1780 г. царква Святога Духа ў Прылуках выглядала наступным чынам: «Сама царква брусаваная, пакрытая гонтам, абабітая дошкамі, мае падлогу і столь, пад трыма купаламі з жалезнымі крыжамі. Дзверы на завесах з унутраным замком. Закрыстыя з дзвярыма на завесах. Цвінтар неабгароджаны. У купале 1 звон». Для гэтага звона ў тым жа 1780 г. коштам калятараў у купале царквы была зроблена сігнатурка – не вялікая вежачка. У будынку адзначаецца наяўнасць мураванага Вялікага Алтара – фарбаванага пад золата і срэбра – і двух бакавых, адзін з абразом укрыжаванага Хрыста, другі – з абразом Святога Ігната. Другі бакавы алтар быў зроблены, відавочна, у гонар калятара Ігната Іваноўскага.
У візіце 1792 г. унутраная планіроўка царквы распісана падрабязней, але ўжо адзначаюцца і прыкметы спарахнеласці будынку: «Сама царква брусаваная, дах гонтавы стары дзіравы, ёсць столь і падлога з дошак, пад трыма абдзёртымі з даху купаламі з жалезнымі крыжамі. Хор на слупах. Лавак для сядзення пары тры, адна пад хорам. Адно вялікае крэсла. Абразок Найсвяцейшай Панны Марыі за шклом. Абразоў на сцяне пасярэдзіне царквы малявых на палатне два. У вежачкавым акне звон адзін большы, другі малы. Закрыстыя пры Вялікім Алтары. Дзверы да яе на завесах з клямкай і прабоямі. Дзверы да царквы на завесах з унутраным замком.Вокнаў сем. Цвінтар неабгароджаны. Уся царква ўсярэдзіне пафарбаваная».
Макет реставрации храма Свято-Рождества-Богородицкого храма. О.Маслиев
Візітатар, абат Полацкага базыльянскага кляштара Св. Барыса і Глеба Ісай Шулякевіч 29 траўня 1792 г. адзначыў, што «царква Прылуцкая архітэктурай як звонку, так і ўсярэдзіне не самага горшага аздаблення, але сапсаваная згнілым дахам і ападлымі купаламі так, што начынне мокне і гніе». Негледзячы на кепскі стан духу, царква працягвала дзейнічаць. Пад 1800 г. узгадваюцца дзейныя Прылуцкая царква і Воўчкавіцкая капліца. Па-новаму будынак быў перакрыты толькі ў 1808 годзе. Да 1819 г. выгляд царквы застаўся нязменным – тагачасная візіта апісвае знешні выгляд будынка адзін у адзін з візітамі 1780 г. і 1792 гг. Фактычная адсутнась будаўнічных работ тлумачылася тым, што «на пабудову царквы і яе рамонт не агаворана сродкаў у фундушы».
Сам жа фундуш Юзафа Іваноўскага ад 26 ліпеня 1755 г., акрамя зямельнага надзелу ў 1 валоку, гарантаваў святарам штогадовую выдачу з Прылуцкага двара: кожнага віда збожжа па адным карцы, віна для літургіі і воску для асвятлення царквы; а таксама дазваляў парохам трымаць бровар, вольна карыстацца панскім лесам і пашай. За гэта штотыдзень у царкве павінны былі служыцца дзве імшы за душы калятараў. Адзначалася, што якасць зямлі, адведзенай прылуцкім святарам, пакідае жадаць лепшага, да таго ж ландшафт у многіх месцах гарысты, што вельмі ўскладнае апрацоўку. Побач з самой плябаніяй працякала рэчка Пціч, у якой парохам дазвалялася вольная лоўля рыбы.
Паводле стану на 1819 г., землі Прылуцкай царквы штогод прыносілі чыстага прыбытку 40 срэбных рублёў, ахвяраванні парафіянаў – 12 рублёў. З гэтых грошай 4 рублі сыходзілі на выраб свечак, на ўтрыманне служак і парабкаў 30 рублёў, на гаспадарчыя патрэбы 3 рублі, на ўтрыманне сям`і святара 15 рублёў.
Парафія Прылуцкай царквы паводле стану на 1819 г. цягнулася на 1 мілю (7,7 км) уздоўж і на 3 вярсты (4,6 км) ушыркі. У параўнанні з іншымі уніяцкімі парафіямі Міншчыны яна была невялікая – усяго 518 душ у 1792 г. і 694 душы ў 1819 г. Інстэнсіўнасць спаўнення трэбаў у прылуцкіх парохаў была слабой, у 1819 г. было ахрышчана 27 чалавек, пахавана 29 чалавек і пашлюбавана 18 пар маладых.
Комплекс метрычных кніг па Прылуцкай уніяцкай царкве захаваўся даволі няблага. Найбольш раннія метрыкі – аб народжаных за 1775-1796, 1798-1801 гг., шлюбаванных за 1791-1796, 1798-1801 гг. і памерлых за 1774-1796, 1798-1801 гг. — захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў г. Санкт-Пецярбургу. Астатнія заховаўюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску. Гэта метрыкі об народжаных, шлюбаваных і памерлых за 1798-1799, 1818-1829, 1831-1839 гг.
У 1792 г. на тэрыторыі Прылуцкай парафіі ўзгадваецца капліца пад тытулам Апекі Панны Марыі ў вёсцы Воўчкавічы. «Брусаваная, крытая гонтам, … пад трыма купаламі з жалезнамі крыжамі, у адным купале невялікая сігнатурка». Капліца «прыгожай пабудовы». Пабудаваная на сродкі старасціны Іваноўскай. У больш ранняй візіце 1780 г. капліца ў Воўкавічах не адзначана. Адсюль вынікае, што яе ўзвядзенне можна датаваць канцом 80-х гг. XVIII ст. Будынак доўгія гады не рамантаваўся (аб праблемах з будаўнічымі выдаткамі ў прылуцкіх парохаў гаварылася вышэй). Урэшце ў 1816 г. капліца праз недагледжанасць і ні разу не рамантаваны дах прыйшла ў заняпад, і набажэнствы ў ёй адпраўляцца перасталі.
Пастановай Полацкага сабора 1839 г. Брэсцкая унія ў так званых «Заходні губернях» была скасавана , а ўсе ўстановы і будынкі уніяцкай царквы былі перададзены праваслаўным. Праваслаўнымі зрабіліся ў сваёй большасці і парафіяне Прылуцкай царквы. Але пэўная іх частка перайшла ў каталіцтва. А на месцы былой уніяцкай капліцы ў вёсцы Воўчкавічы быў заснаваны каталіцкі касцёл.
Дзяніс Лісейчыкаў «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»