Главная > Ігар Гатальскі > Cядзіба Прылукі ў ХХ стагоддзі

Cядзіба Прылукі ў ХХ стагоддзі

Гісторыя Прылук у ХХ стагоддзі складаная і часам вельмі драматычная. Да 1917 года сядзіба жыла сваім звычайным жыццём. Гаспадарка была добрая, вялікая. Меўся 8-польны севазварот. У Воўчкавічах адчыніў дзверы вялікі чырвоны прыгожы касцёл, пабудаваны на сродкі Юрыя Чапскага. Было гора. Памерла гаспадыня – графіня Юзафіна, асірацелі сямёра дзяцей.

Юрый Чапскі з сям`ёй на ганку палаца ў Прылуках
Юрый Чапскі з сям`ёй на ганку палаца ў Прылуках

Трагедыя 1917 года не мінула Прылук. Пасля рэвалюцыі землі, якія належалі Юрыю Чапскаму, былі нацыяналізаваны, і на іх утвораны некалькі “нацыяналізаваных маёнткаў”.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захавалася шмат дакументаў, па якіх нам удалося аднавіць гісторыю сядзібы ў ХХ стагоддзі.

6 лютага 1919 года сядзіба Прылукі, як і ўсе іншыя сядзібы, была перададзена ў карыстанне павятовага ўпраўлення нацыялізаваных сельгаспрадпрыемстваў. Сядзібы падзяляліся на тры катэгорыі. Прыкі былі аднесены да 1-й групы, у якую ўваходзілі тыя сядзібы, дзе меліся тэхнічны інвентар і прадпрыемствы, ўмовы для развіцця спецыяльных галін сельскай гаспадаркі, добры культурны стан і невялікая адлегласць ад эканамічных цэнтраў.

Пасля канчатковага ўсталявання савецкай улады Прылукі сталі “народным маёнткам” Наркамзема БССР, а ў пачатку 1921 года, згодна архіўных дакументаў, гэта саўгас “Прылукі”, якому належалі вёскі Прылукі, Падгай, Каханаўшчына, Слабада, Лецкаўшчына і Прылучкі.

Пасля заснавання у Мінску Беларускага Дзяржаўнага універсітэта Прылукі на кароткі тэрмін сталі “вучэбнай фермай” БДУ. У гаспадарцы была 21 дзесяціна орнай зямлі. Вырашана ўзнавіць 9-польны севазварот, займацца зерневымі, агародніннымі, ягаднымі, пладовымі культурамі і бульбай. Былі таксама сенакос, майстэрні і кузня, малочны статак каля 30 галоў. Гаспадарку абслугоўвалі 26 коней. Адначасова маёнтак выкарыстоўваўся як вучэбная ферма і дом адпачынку для прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ.

У верасні 1922 г. ферма Прылукі перададзена нанова арганізаванаму Беларускаму Дзяржаўнаму інстытуту сельскай гаспадаркі імя Леніна. У Нацыянальным архіве Республікі Беларусь захоўваецца вельмі падрабязны акт перадачы ад 5 верасня 1922 г. народнай гаспадаркі “Прылукі” Самахвалавіцкай воласці Мінскага павету інстытуту, а таксама загад № 111 ад 12 жніўня 1922 г. па наркамзему. Праз тры гады інстытут быў пераведзены ў Горкі, а маёнтак Прылукі зноў перададзены наркамзему БССР.

Загад № 111
Загад № 111

З архіўных крыніц вядома, што 5 кастрычніка 1937 г. быў адкрыты дом адпачынку “Прылукі” ЦК КП(б)Б. У Нацыянальным архіве намі знойдзена дакладная запіска намесніка фінансава-гаспадарчага сектара ЦК КП(б)Б Баранава на імя сакратара ЦК П.Панамарэнкі “О состоянии дома отдыха “Прилуки” ”, складзеная ў 1938 годзе. З яе бачна, з чаго складалася маёмасць дома адпачынку і каго ён абслугоўваў. Сярэдняя наведвальнасць адпачываючых у звычайныя дні разам з сем`ямі была 66 чалавек, у выхадныя дні – 130 чалавек. Дом адпачынку фінансаваўся па лініі наркамату аховы здароўя і СНК БССР.

Дакладная запіска
Дакладная запіска

Падчас вайны ў сядзібе была рэзідэнцыя вышэйшых чыноў акупацыйнай фашысцкай адміністрацыі, тут бываў гаўляйтэр В.Кубэ. Пры адступленні фашыстаў палац быў спалены. Ад яго засталіся толькі сцены і капітальныя перагародкі. Мясцовыя жыхары бралі з руін цэглу для сваіх патрэб.

Вільгельм фон Кубэ ў Прылуках
Вільгельм фон Кубэ ў Прылуках

У час вайны парк моцна пацярпеў, ад яго захаваліся толькі некалькі старых клёнаў, лістоўніц, а на цэнтральнай алеі і паўднева-заходнім схіле – ліпы. Тэрасная частка парка добра праглядалася: дрэвы, у адрозненне ад сённяшняга часу, раслі толькі па баках тэрас. Дамы гаспадарчага комплекса сядзібы выкарыстоўваліся пад кватэры жыхароў Прылук і для гаспадарчых патрэб. Памяшканні былога пастаялага двара былі прыстасаваны пад школу.

Руіны палаца ў Прылуках, фота 1956г.
Руіны палаца ў Прылуках, фота 1956г.

У 1957 г. рашэннем Савета Міністраў БССР палац і парк былі перададзены Мінскай выпрабавальнай станцыі па каларадскім жуку, нематодам і раку бульбы Усесаюзнага інстытута аховы раслін. Праект аднаўлення палаца быў распрацаваны Беларускім дзяржаўным інстытутам праектавання сельскагаспадарчага будаўніцтва (архітэктар Я.Цюкаў). У 1959-1961 гг. Палац быў адноўлены. Тады да яго быў дабудаваны двухпавярховы Г-падобны корпус. Значную ролю ў аднаўленні палаца адыграла дырэктар Даследчай станцыі Ц.С.Гандэльман. Былі таксама пабудаваны чатыры двухпавярховыя шматкватэрныя дамы, вадацяжная вежа, дзіцячы садок, гаражы, кацельня.

З 1944 г. у Прылуках размяшчаецца Беларускі прыёмны радыяцэнтр, які быў створаны пасля вызвалення БССР і ажыццяўляў радыёвяшчанне і радыёсувязь з Масквой. Спачатку ён працаваў у прыстасаваным нямецкім бараку. У кастрычніку 1946 года яго перавялі ў стайневы флігель сядзібы, а ў 1956 г. – у пабудаванае для яго памяшканне, дзе ён працуе і цяпер. Для супрацоўнікаў радыяцэнтра пабудваны жылыя дамы па вуліцах Лясной і Радыстаў.

У канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. У Прылуках было пасаджана шмат маладых дрэў. У парку ў 1963-1964 гг. была адноўлена цэнтральная ліпавая алея.

Вельмі хутка Прылукі пачалі развівацца пасля таго, як на базе выпрабавальнай станцыі ў лютым 1971 г. быў створаны Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін.

Першым яго дырэктарам стаў доктар біялагічных навук, член карэспандэнт АН Беларусі А.Л.Амбросаў (1971-1978 гг.). У гэты час быў распрацаваны генеральны план забудовы Прылук (на 25 гадоў), якога прытрымліваюцца і цяпер. Больш за 30 гадоў будаўніцтвам кіраваў намеснік дырэктара інстытута П.Л.Гладкі.

Вялікая роля ў станаўленні навуковага патэнцыялу інстытута, яго матэрыяльнай базы, усталявання міжнародных сувязей, а таксама ў развіцці Прылук належала акадэміку Акадэміі аграрных навук, заслужанаму дзеячу навукі В.Ф.Самерсаву, які быў дырэктарам інстытута на працягу 20 гадоў. Цяпер у Прылуках ёсць вуліца, якая носіць яго імя.

У гэты час былі пабудаваны шматпавярховыя дамы, цяплічна комплекс для навуковых даследаванняў, лабараторны корпус з бульбасховішчам, газавая кацельня, гаражны комплекс, новы водазаборнік, вялікі дзіцячы садок, Рэспубліканская біялагічная лабараторыя, адкрыты магазін прадуктовых і прамысловых тавараў. У 1976 годзе ўзведзены новы будынак сярэдняй школы са стадыёнам і спартыўнай залай. Вакол школы пасаджаны парк.

У 1981 годзе палацава-паркавы комплекс у Прылуках быў прыняты пад дзяржаўную ахову, а ў 1990-1991 гг. Беларускі рэстаўрацыйна-праектным інстытутам распрацаваны праект яго рэстаўрацыі. У прамысловай зоне сядзібы Прылукі частка будынкаў была разбурана яшчэ ў міжваенны час, захаваліся толькі стайня з аркадамі, флігель для рабочых, вінакурня. У апошнія гады вядуцца работы па аднаўленні гэтага кутка сядзібы, да якога шчыльна падыйшлі катэджы. Гістарычная значнасць комплекса прамысловых пабудоў Прылуцкай сядзібы унікальная – тут яшчэ да адмены прыгонніцтва быў створаны буйны прамысловы цэнтр, побач з якім па адзінаму плану ўзводзілася жыллё для рабочых.

На працягу 1990-х – 2000-х гг. на ўсход ад “прамысловай зоны” XIX стагоддзя пабудаваны пасёлак з дамамі катэджнага тыпу. Сучасныя Прылукі налічваюць каля 2 тысяч жыхароў.

У Прылуках таксама размешчаны Беларускі праектны інстытут аэрафотагеадэзічных даследаванняў. Інстытут і шматкватэрны дом для яго супрацоўнікаў пабудаваны на Лысай гары.
У памяшканні былога стайневага флігеля пасля Айчыннай вайны быў адкрыты клуб, які існаваў да 1995 года. Пастановай Мінскага выканкама ў тым самым годзе быў створаны Прылуцкі цэнтр народнай творчасці (кіраўнік – заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Л.А.Ваўчок), які праводзіць значную работу сярод насельніцтва Прылук і навакольных вёсак. Творчы калектыў цэнтра шырока вядомы сярод устаноў культуры Мінскага раёна. Сярод чатырох калектываў, маючых званне “народных”, з ліпеня 2002 года дзейнічае і гісторыка-краязнаўчае аб`яднанне “Прылуцкая спадчына”.

Ігар Гатальскі, Інэса Кароль «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *