Главная > І. Зварыка > МАТЭРЫЯЛЫ ГУТЭН-ЧАПСКІХ У МУЗЕІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

МАТЭРЫЯЛЫ ГУТЭН-ЧАПСКІХ У МУЗЕІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю прадстаўнікоў роду Гутэн-Чапскіх, не маглі не трапіць ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь – вельмі шчыльна звязаны гэты род з лёсам Мінска і яго ваколіц. Але назапашванне акрэсленых матэрыялаў не было мэтанакіраваным, ніхто ў савецкі і постсавецкі час не ставіў задачу стварыць адмысловы фонд Чапскіх для ўшанавання іх памяці. Матэрыялы акумуляваліся ў музеі спарадычна. На сённяшні дзень у нашым музеі захоўваецца больш за 30 прадметаў, аўтэнтычных і капійных, так ці інакш звязаных з жыццём і дзейнасцю прадстаўнікоў роду Гутэн-Чапскіх. Матэрыялы гэтыя знаходзяцца ў наступных сямі калекцыях: — выяўленчага мастацтва (4 адз.); — дакумэнтаў (14 адз., з іх 7 аўтэнтычных, 7 капійных); — картаў, планаў, схем (2 адз.); — каштоўных металаў і камянёў (1 адз.); — сфрагістыкі (2 адз.); — фалерыстыкі (3 адз.); — фотадакумэнтаў (6 адз.).

Частка з іх экспануецца ў стацыянарных экспазіцыях музея, частка захоўваецца ў фондасховішчах. Назавём даты і крыніцы паступлення гэтых матэрыялаў. Найбольш раннія паступленні адносяцца да 1920-х гг. Гэта – збор Беларускага Дзяржаўнага Музея (БДМ, цяпер – Нацыянальны гістарычны музей Республікі Беларусь) у першы перыяд яго дзейнасці. У гэты час у музей паступіў комплекс аднатыповых дакумэнтаў – інфармацыйных афіш-улётак, якія адлюстроўвалі дзейнасць Мінскай гарадской думы ў 1892, 1893, 1896 гг. (часу першай і другой кадэнцыі Караля Чапскага (1860-1904) на пасадзе мэра Мінска) – разам 5 адзінак. Лёс іх не быў простым. У красавіку 1944 г. гэтыя дакумэнты разам з мноствам іншых музейных прадметаў былі вывезенымі ў Германію. У 1948г. рээвакуіраваны ў Беларусь і толькі ў 1965 г. праз Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (далей — музей вайны) чатыры з іх вярнуліся ў наш збор (у той час – Дзяржаўны музей БССР). У гэтым жа БДМаўскім комплексе знаходзіўся яшчэ адзін прадмет такога ж кшталту – афіша з пастановамі Мінскай гарадской думы 1893г. — аб нумарацыі дамоў у Мінску. Але гэты дакумэнт вярнуўся да нашага збору з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў 1962 г. і таксама з рээвакуацыі. З той жа самай крыніцы, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў 1967 г. разам з іншымі, непрофільнымі для гэтага збору матэрыяламі да нас трапіла паштоўка, выдадзеная на пачатку 1920-х гг. арганізацыяй “Беларускі Чырвоны крыж”. На адвароце па-беларуску і па-французску выдрукавана “Менск. Вайсковы шпіталь». На паштоўцы – добра знаёмы будынак, палац Чапскіх на рагу былых вуліц Падгорнай і Скобелеўскай (цяпер – раён скрыжавання вуліц К.Маркса і Чырвонаармейскай). Штамп на адворце сведчыць аб прыналежнасці гэтай паштоўкі да збору БДМ.

Обязательные постановления Минской думы
Обязательные постановления Минской думы

Объявление
Объявление

Пачынаючы ад 1961 г., на працягу амаль усяго дзесяцігоддзя з розных крыніц у музей прыходзіла па адной-дзве, не болей за шэсць, адзінак прадметаў, звязаных з Чапскімі. Да прыкладу, у снежні 1961 г. Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перадаў нам пячатку-клішэ з гербам Ляліва ( гербам, якім карысталася мноства родаў, у т.л. Чапскія). Гэты прадмет у даваенны час знаходзіўся ў зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Пасля яго ліквідацыі ў 1945 г. ён трапіў у Гістарычны музей Літвы, адтуль – у музей вайны, а затым ужо да нас.

Пячатка-клішэ з гербам Ляліва
Пячатка-клішэ з гербам Ляліва

У маі 1962 г. са Слонімскага раённага краязнаўчага музея нашы супрацоўнікі прывезлі пячатку ганаровага міравога суддзі Мінскай акругі графа Караля Эмерыка Чапскага, а таксама план 1898 г. фальварка Шыкутавічы (цяпер — Шыкатавічы) маёнтка Станькава, які належаў Каралю Чапскаму.

Пячатка ганаровага міравога суддзі Мінскай акругі графа Караля Эмерыка Чапскага
Пячатка ганаровага міравога суддзі Мінскай акругі графа Караля Эмерыка Чапскага
План 1898 г. фальварка Шыкутавічы (цяпер - Шыкатавічы) маёнтка Станькава, які  належаў Каралю Чапскаму.
План 1898 г. фальварка Шыкутавічы (цяпер — Шыкатавічы) маёнтка Станькава, які належаў Каралю Чапскаму.

У сакавіку 1963г. з Ашмянскага раённага краязнаўчага музея паступiў альбом з 69 фотаздымкамі сям`і паэта Ф. Багyшэвіча, а сярод гэтых здымкаў — фота на кардоне, цяпер добра вядомае з публікацыяў, — чацвёрка дзяцей Караля Чапскага. Фотаздымак зроблены ў 1905 г. у Францыі. Дачка паэта, Канстанцыя, была гувернанткай гэтых дзетак. (У ідэнтыфікацыі асобаў на фотаздымках, што адбылася ў 1963 г., браў удзел шяноўны сп. Адам Мальдзіс).

Красавік 1965 г. з мястэчка Ляхавічы Брэсцкай вобласці, з сярэдняй школы № 2 паступае вельмі калярытны дакумент 1848 г. — дазвол на шлюб селяніну Ігнату Мухе, выдадзены адміністрацыяй маёнтка Круговічы Слуцкага павету, які (маёнтак) належаў графіні Фабіяне з Абуховічаў Чапскай ( 1794? — 1876), маці Эмерыка-старэйшага.

У 1967 г. у сакавіку, чэрвені і ліпені музей купляе ў трох розных прыватных асобаў з Мінска, Масквы і Вільнюса наступныя прадметы: — два медалі, адзін з якіх — юбілейны срэбраны ў гонар 25 — годдзя навуковай дзейнасці Эмерыка Гутэн-Чапскага (паступленне з Мінска); — вялікую падборку стэрэаскапічных фотаздымкаў, сярод якіх — 4 выявы сельскагаспадарчай і прамысловай выставы 1901 г. у Мінску, арганізаванай пры найактыўнейшым удзеле Караля Чапскага (паступленне з Масквы) — медаль, якім узнагароджвалі удзельнікаў вышэй названай выставы (паступленне з Вільнюса).

Юбілейны срэбраны медаль ў гонар 25 - годдзя навуковай дзейнасці Эмерыка Гутэн-Чапскага
Юбілейны срэбраны медаль ў гонар 25 — годдзя навуковай дзейнасці Эмерыка Гутэн-Чапскага

Медаль сельскагаспадарчай і прамысловай выставы 1901 г. у Мінску
Медаль сельскагаспадарчай і прамысловай выставы 1901 г. у Мінску

Сярод масіву фотакопій, зробленых у архівах БССР у 1972 г. (ЦГИА БССР, цяпер — НГАБ), 1982 г. (ЦГИА…), 1984 г. (ЦГИА…) і 1988 г. ( ЦГАОР БССР, цяпер — НАРБ) таксама выяўлены дакументы, звязаныя з дзейнасцю Чапскіх. Выяўлена 5 архіўных фотакопій: 1) прашэнне графа Г.Э. Чапскага мінскаму ryбернскамy камісару ў сувязі з ростам сялянскіх выступленняў пасля з’езда сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. Мінск. 11 мая 1917 г. (факсімільная копія); 2) квітанцыя аб атрыманні ад графа Караля Чапскага 100 рублёў на будаўніцтва тэатра ў Мінску. Мінск. 1888 г.; 3) данясенне загадчыка вінакурнымі заводамі ў Станькаве і Прусінаве, якія належалі графу Чапскаму, аб колькасці рабочых, гадавым заробку, кошце вырабленага тавару ў 1899 — 1900 гг. Мінск. 5 мая 1900 г.; 4) ліст праўлення акцыянернага таварыства коннай чыгункі ў Варонежы і Мінску да графа К. Э. Чапскага аб пачатку і тэрмінах будаўніцтва коннай чыгункі ў Мінску. Масква. 2 сакавіка 1691 г.; 5) паведамленне мінскага гарадскога галавы графа К. Чапскага на запыт Акадэміі мастацтваў пра магчымасць адкрыць у Мінску школу малявання. Мінск. 1894 г.

Асобным радком, з вялікай падзякай неабходна адзначыць акт ахвяравання — дар музею, здзейснены ў 1975, 1976 і 1978 гг. Эмерыкам Гутэн-Чапскім (1897-1979), які на той час жыў у Рыме. Унук Эмерыка Захарыяша Mікалая Северына, сын Караля Яна Аляксандра падараваў музею медаль у гонар сваіх бацькоў, Караля і Марыі з Пуслоўскіх, выкананы ў 1974 г.; дзве цудоўныя лігаграфіі з краявідамі Мінска 1840 г. (мастак Барталамей Лявэрнь); карту Вялікага Княства Літоўскага работы картографа Матыяса Зойтара 1745 г.; дзве фотакопіі старадаўніх дакументаў, якія захоўваюца ў Рыме.

Медаль Караля і Марыі з Пуслоўскіх, выкананы ў 1974 г.
Медаль Караля і Марыі з Пуслоўскіх, выкананы ў 1974 г.
Карта Вялікага Княства Літоўскага работа картографа Матыяса Зойтара 1745 г.
Карта Вялікага Княства Літоўскага работа картографа Матыяса Зойтара 1745 г.

У лісце Эмерыка на адрас музея, датаваным 17 ліпеня 1975 г. з пералікам таго, што адаслана, было напісана і аб кароткіх успамінах пра Караля Чапскага, яго бацьку, надрукаваных у 1904 г., адразу пасля яго смерці. Гэтыя ўспаміны ён таксама меў намер выслаць. Быць можа, гэта некралог, напісаны Аляксандрам Ельскім і змешчаны ў часопісе “Нумізматычна — археалагічныя ведамасці» («Wiadomości Numizmatyczno-Archeologiczne»)? Але знайсці іх ані ў зборах, ані ў бібліятэцы музея нам не ўдалося.

У гэтым жа лісце шаноўны пан Эмерык Чапскі пісаў: «Роsуłam to w darze w dowód mojego przywiązania do Mińszczyzny, miejsca źycia і pracy kilku pokoleń mojej rodziny…» («Дасылаю гэта ў дар як сведчанне маёй прывязанасці да Міншчыны, месца жыцця і працы некалькіх пакаленняў маёй сям’і …»)

З імем Эмерыка Чапскага — малодшага звязаны яшчэ адзін прадмет з нашага збору. У жніўні 2000 г. у прыватнай асобы з г.Барысава музей набыў срэбраны падсвечнік вышынёй 267 мм, у ніжняй частцы якого па колу, паміж дзвюма выявамі крыжа кавалерскага выгравіраваны надпіс: «Do Kościoła na Zyrowiczach od Emeryka Czapskiego Posła na Sejm» (“Касцёлу ў Жыровічах ад Эмерыка Чапскага пасля на сойм»). 3 надпісу гэтага вынікае, штo Эмерык-малодшы Чапскі, каторы ў 1930 і 1935 гг. выбіраўся паслом на Сойм Польскай Рэспублікі, падараваў Кальварыйскаму (Крыжаўздвіжанскаму) касцёлу ў Жыровічах срэбраны падсвечнік з дарчым надпісам. На той час Эмерык жыў у родавай сядзібе Сынкавічы, недалёка ад Жыровічаў.

Срэбраны падсвечнік вышынёй 267 мм
Срэбраны падсвечнік вышынёй 267 мм

Назавём яшчэ дзве работы з калекцыі выяўленчага мастацтва — аўтарскія работы сучаснага мастака-геральдыста Андрэя Леўчыка з серыі «Гербы шляхецкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага». Гэта выявы з гербам Ляліва роду Чапскіх 1802 і 1874 гг. (папера, гуаш). Работы адрозніваюцца дасканаласцю выканання і з 2007 г. знаходзяцца ў экспазіцыі.

Асобны сюжэт стварае даследаванне ужо згаданай вышэй пячатцы — клішэ з гербам Ляліва. У часе яе даследавання нечакана паўстала праблема. Як адзначалася раней, першапачаткова (у міжваенны і ваенны час) яна захоўвалася ў зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, цяпер жа знаходзіцца ў нас, дэманструецца ў экспазіцыі «Беларусь XVI—XVIII ст. у партрэтах і геральдыцы» і трактуецца як мемарыяльная, якая мае непасрэднае дачыненне да прадстаўнікоў роду Чапскіх.

Неабходна сказаць пра герб Ляліва. Ён — старадаўні, у Еўропе знаёмы ці не з XII, а ў Кароне і Княстве з XIV ст. Але сама выява — шасціпрамянёвая зорка над маладым месяцам — сустракаецца яшчэ на шумерскіх таблічках за тры тысячы гадоў да нараджэння Хрыста. Рыцары, абаронцы Труны Божай, успрынялі выяву падчас крыжовых паходаў. Старадаўняя шумерская выява, набыўшы статус герба, зафіксавана ў гербоўніках як герб Ляліва. У такім выглядзе ім карысталіся сотні фамілій. Чапскія не выключэнне.

На нашай пячатцы-клішэ, што была ў музеі Івана Луцкевіча, Ляліва адрозніваецца ад традыцыйнага яе выгляду. На ёй маладзік, калі можна так сказаць, гyманізаваны, выкананы ў гyманістычнай традыцыі рэнесансу. Мастацкая трактоўка гэтага герба — арыгінальная аўтарская работа. Абсалютна такая ж выява Лялівы змешчана на рэверсе юбілейнага мэдалю Эмерыка Чапскага 1896 г. Аўтарам мастацкага рашэння медалю быў мастак Казімір Барташэвіч. 3 гэтага вынікае, што герб на клішэ і на медалі спраектаваны адным і тым самым мастаком.

Але тут узнікае непаразуменне. Рэч у тым, што ў інвентары беларускага музея ў Вільні за 1922 г., у разделе «Пячаткі» пад № 60 гэты прадмет запісаны так: клішэ да друку на медзі, «герб Ляліва (Тышкевічаў)». Удакладненне ў дужках, прыналежнасць прадмета да прадстаўнікоў роду Тышкевічаў, дае падставу меркаваць, што прывязка да гэтага імя не выклікала сумніву. Кажам так таму, што ў іншым месцы гэтага ж раздзелу «Пячаткі», прадмет, названы пячаткай Міндоўга (№ 1), пазначаны знакам пытання. У апошнім выпадку, у адрозненне ад прадмета пад № 60, у захавальніка, які рабіў запіс, няма ўпэўненасці наконт прыналежнасці пячаткі Міндоўгу. У Вільні Тьшкевічаў велымі добра ведалі: у сярэдзіне ХІХ ст. тут квітнеў музей старажытнасцяў, заснаваны братамі Яўстахам і Канстанцінам. Іх родавы герб — Ляліва.

Пячатка
Пячатка

Магчыма і хутчэй за ўсё, запіс ў інвентарнай кнізе памылковы. Але ён пасеяў сумнівы. У гэтым святле прадстаўляецца наступны факт. Разам з юбілейным медалем Эмерыка Чапскага паводле дызайну таго ж самага мастака, Казіміра Барташэвіча, быў створаны памятны альбом для аўтографаў і зычэнняў сяброў, знаёмых, прыхільнікаў юбіляра. На вокладцы гэтага альбома змешчаны reрбавы шчыт такой самай формы і ў абсалютна такіх жа прапорцыях, як на медалі, але — з традыцыйнай выявай Лялівы.

Памятны альбом быў створаны Казімірам Барташэвічам.
Памятны альбом быў створаны Казімірам Барташэвічам.

Hiдзe болей на гербах Чапскіх нам не ўдалося знайсці выявы, ідэнтычнай клішэ з былога збopy музея Івана Луцкевіча ў Вільні. Да прыкладy, экслібрысы Эмерыка-старэйшага, яго сыноў Караля і Ежы маюць Лялівы традыцыйнага аблічча. На пячатцы Эмерыка-унука (ёю пазначаныя дасланыя музею карта і літаграфіі) — таксама традыцыйная Ляліва. Выглядае так, што з’яўленне «рэнесансавай» Лялівы на юбілейным медалі 1896 г. — адзіны эпізод, які не меў працягу ў далейшым карыстанні ў сям’і Чапскіх.

Экслібрысы
Экслібрысы

А ў родзе Тышкевічаў? Каму належала пячаткя-клішэ, якая цяпер у нашым зборы? Хто, дзе і для якіх мэтаў з яе карыстаўся? На гэтыя пытанні пакуль адказаў не маем.

Ірына Зварыка «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *