Главная > І.Сіляўка > Станькаўская варона (паданне)

Станькаўская варона (паданне)

Вёска Станькава, што ў Дзяржынскім раёне, знакамітая зараз тым, што ў мясцовым ваенным гарнізоне пад наглядам амерыканскіх інспектараў праводзіўся дэмантаж грозных ракет. Гісторыя ж гэтага населенага пункта пачынаецца з сівой мінуўшчыны. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі вёска належала багатаму роду графоў Чапскіх. Тут да нашых дзён захавалася возера з старадаўнім паркам, некаторыя будынкі, пра якія ходзяць легенды. Некалі нават фільм па аповесці Пушкіна «Дуброўскі» сюды прыязджалі знімаць. Бо не маглі знайсці лепшага дваранскага гнязда.

Зрэшты, пра саму вёску таксама складзены паданні. Яшчэ ў маленстве мне не адзін раз прыходзілася чуць «станькаўская варона». Так звычайна ў нас называлі людзей занадта даверлівых, якія вельмі легка падмануць, абдурыць Панясе, бывала, з нашай вёскі ў цяжкія пасляваенныя гады ў Негарэлае які-небудзь дзядзька прадаваць яблыкі. Пакладзе на лаўку некалькі ранетак, а мяшок паставіць ля ног. Пакуль таргуецца з пакупнікамі, падшыванцы, залезшы пад лаўку, цягаюць з мяшка яблыкі дарэмна. Спахопіцца дзядзька, ды позна, мяшок ужо, лічы, пусты.

Прыйдзе ён дамоў і пачынае расказваць жонцы, як аб’ягорылі негарэльскія блазнюкі. Тая слухае, ківае галавой, а пасля і гаворыць:

– Дрэнна абышліся з табой негарэльцы.
Але ж і самому не трэба станькаўскай варонай быць.

Ужо калі падрос, вырашыў я спытаць у дзеда, чаму разявак у вёсцы называюць не інакш, як станькаўскімі варонамі.

Дзед усміхнуўся ў свае пышныя белыя вусы, пачасаў касмыляватую бараду і сказаў:

– Хто яго ведае, унучка. Даводзілася чуць паданне, нібыта даўным-даўно ў станькаўскім парку развялося занадта шмат варон. Гэта выводзіла графа Чапскага з сябе. Справа ў тым, што ён быў заўзяты паляўнічым. А тут нейкае вараннё ні днём, ні ноччу не дае спакою. Іншы раз такі гармідар наладзяць, што хоць ты каравул крычы. Спрабаваў граф са сваімі слугамі і ляснічымі страляць па варонах, ды дзе ты іх усіх пераб’еш. Пораху ды шроту не хопіць.

Параіў тады нейкі мудрэц валадару Станькава наладзіць падкормку крыклівых птушак, папярэдне абставіўшы гэтыя мясціны сеткамі. Прыляцяць вароны сілкавацца, толькі рассядуцца, а адзін са слуг графа пацягне за вяроўку і яны аказваюцца нібы ў мяшку. Б’юць крыламі бедныя птушкі, а ўзняцца не могуць.

– Вось дурныя вароны, – гаварылі людзі, бачачы, што птушкі раз за разам трапляюць у лавушку.
– Няўжо яне не могуць зразумець, што графскія слугі сыплюць мякіну для таго, каб заманіць іх у хітра пастаўленыя сеткі?

Неўзабаве варона стала рэдкай птушкай не толькі ў Станькаве, але і бліжэйшым наваколлі. Затое выраз «станькаўская варона» трывала прыжыўся і дайшоў ажно да нашых дзён.

Оригинал

І.Сіляўка «Родны край», 1993 г. № 23. 27 сак. С3. (г.Лагойск)

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *