Главная > А.І. Валахановіч > СТВАРЭННЕ ЭМЕРЫКАМ ЧАПСКІМ МУЗЕЯ Ў СТАНЬКАВЕ — КРАКАВЕ

СТВАРЭННЕ ЭМЕРЫКАМ ЧАПСКІМ МУЗЕЯ Ў СТАНЬКАВЕ — КРАКАВЕ

Найбагацейшыя і найцікавейшыя музейныя «Зборы імя графа Эмерыка Гутэн Чапскага» з’явіліся на свет божы дзякуючы цудоўнай аматарскай калекцыі графа Эмерыка Чапскага, якую ён старанна збіраў на працягу дзесяткаў гадоў у сваім прыгожым маёнтку Станькава. У Кракаў гэта ўнікальная калекцыя была перавезена ім жа самім пад канец жыцця з думкаю аб даступнасці яе для азнаямлення шырокіх колаў грамадскасці старажытнага Кракава. Яе пуцяводнай ідэяй сталі словы графа Э. Чапскага «Памяткі бацькоўскія, уратаваныя з буры гістарычнай…» Сам жа Э. Чапскі, на жаль, не дачакаўся канца пабудовы палаца (выставачнага павільёна) і канчатковай арганізацыі музея і яго экспазіцыі. Паўстала яна ва ўсёй прыгажосці дзякуючы апякунству, старанням і намаганням ягонай жонкі, баранесы Эльжбеты Чапскай-Мейендорф.

Пра гэтую музейную калекцыю ўпаміналася ў часопісных публікацыях, якія з’явіліся пасля смерці Э. Чапскага. Заслугоўваюць пільнай увагі, у прыватнасці, цікавыя і змястоўныя артыкулы Антонія Халанеўскага, Марыяна Гумоўскага, Аляксандра Ельскага, Януша Рэўмана, Генрыка Садоўскага.

Шэраг змястоўных і цікавых публікацый зрабіла Марыя Чапская, унучка Э. Чапскага, дачка Юрыя Чапскага, якая пасля другой сусветнай вайны засталася жыць у Францыі. У 1970 г. М. Чапская выдала ў Парыжы кнігу «Еўропа ў сям’і» (на французскай мове), у якой прывяла шмат падрабязнасцей з сямейнага жыцця Эмерыка Гутэн Чапскага, дэталёва апісала маёнтак Станькава і з сімпатыяй распавядала пра тыя вялікія перамены, якія адбыліся на Беларусі ў пасляваенныя гады.

У 1978 г. у Кракаве выйшла кніга Марыі Кацуёвай «Памяткі бацькоўскія, уратаваныя з буры гістарычнай. Музей Эмерыка Гутэн Чапскага (Станькава — Кракаў)», дзе аўтарка цікава і змястоўна расказала пра гісторыю ўзнікнення, збор і стварэнне музея Э. Чапскага ў Станькаве і Кракаве і дзе змешчаны шматлікія падрабязнасці, малавядомыя дэталі і факты ўзаемаадносін у графскім родзе Гутэн Чапскіх. У гэтай кнізе, напрыклад, на старонцы 9 змешчаны фотаздымак — Эльжбета і Эмерык Чапскія ў 1895 г. у Кракаве. З фотаздымка на нас глядзіць Эмерык Чапскі — прыемны прыгожы твар, барада, як у рускага пісьменніка І. С. Тургенева, на галаве капялюш, двухбортнае паліто на 5 гузікаў, у руцэ кіёк. У Эльжбеты адкрыты валявы твар, у руцэ трымае парасон.

 Фотаздымак на старонцы 9 - Эльжбета і Эмерык Чапскія ў 1895 г. у Кракаве.
Фотаздымак на старонцы 9 — Эльжбета і Эмерык Чапскія ў 1895 г. у Кракаве.

На старонцы 22 змешчаны фотаздымак палаца графа Чапскага ў маёнтку Станькава — двухпавярховы беласнежны будынак. На пярэднім плане фотаздымка каля круглых газонаў графінькі Чапскія. На жаль, гэты палац да нашага часу не захаваўся. На старонцы 23 змешчаны здымак «скарбчыка» — такі ж, як і цяпер. Але ж гэта — дэталі…

 Фотаздымак на старонцы 22 - Палац графа Чапскага ў маёнтку Станькава
Фотаздымак на старонцы 22 — Палац графа Чапскага ў маёнтку Станькава.

Графскі род Гутэн Чапскіх актыўна ўдзельнічаў у стварэнні нашай, беларускай, і польскай гісторыі. З гэтага роду выводзіцца шмат знакамітых мужоў, хаця іх заслугі шырокай грамадскасці хутчэй за ўсё пакуль што мала вядомы (гл. вышэй спіс найбольш вядомых постацей графскага роду фон Гутэн Чапскіх).

 Фотаздымак на старонцы 23 - «Скарбчык»
Фотаздымак на старонцы 23 — «Скарбчык».

Прозвішча графаў фон Гутэн Чапскіх перш-наперш звязана з Эмерыкам Гутэн Чапскім, вядомым калекцыянерам, нумізматам, фундатарам музея ў Станькаве — Кракаве. Эмерык Гутэн Чапскі належаў да трэцяга пакалення графаў Чапскіх, што прэтэндавалі на маёнтак Станькава ў Мінскім павеце і валодалі разлеглымі абшарамі, што акалялі прыгожую сядзібу Станькава. Як ужо адзначалася, Францішак Станіслаў Чапскі (Костка) даводзіўся дзедам Эмерыку Чапскаму. Маёнткам Станькава графы Чапскія валодалі да 1917 г.

Менавіта тут, у Станькаве, з’явіўся на свет будучы калекцыянер, нумізмат, бібліяфіл і сабраў свой бясцэнны скарб. Месца гэта надзвычай маляўнічае, вылучалася ва ўсім наваколлі вялікім прыгожым паркам поўным рэдкіх парод дрэў.

Маёнтак Станькава стаў цудоўным месцам цішыні і спакою для сваіх уладальнікаў. Гэты спакой не турбавала нават суседства Мінска — губернскага горада. У другой палове ХІХ ст. Мінск налічваў каля 40 тыс. жыхароў і быў аддалены за 40 вёрстаў на поўнач ад Станькава.

Дарэчы, граф Э. Гутэн Чапскі ў час аматарскіх раскопак курганоў у ваколіцах маёнтка Станькава знаходзіў манеты, медалі, іншыя рэчы. У 1894 г. у час раскопак знайшоў 2 манеты. Малодшая манета была 904 г. Гэта дзірхем часоў дынастыі Саманідаў у Арабскім халіфаце, пры праўленні Ісмаіла ібн Ахмада (891 — 907).

На думку аўтара, магчыма, па прапанове Э. Чапскага беларускі археолаг, гісторык, краязнавец і калекцыянер Г. Х. Татур (1846 — 1907) у 1892 г. правёў прафесіянальныя раскопкі, а не аматарскія, як раней гэта рабіў сам граф Эмерык Чапскі, 40 курганоў каля Станькава і ў 1891 г. — 40 курганоў каля в. Прылукі на землях графа Чапскага, а таксама напісаў працу «Гісторыя Станькава». Дарэчы, у Расійскай імперыі самавольныя археалагічныя раскопкі былі забаронены ўказам імператара Мікалая І у 1846 г. З 1889 г. дазваляла і кантралявала раскопкі на дзяржаўных гарадскіх і сялянскіх землях (на памешчыцкія землі правы яе пашыраліся). Археалагічная камісія — цэнтральная археалагічная ўстанова Расіі, — створаная ў 1859 г. Гэта было выклікана тым, што пачынаючы з ХІХ ст. хатняе калекцыяніраванне становіцца модай. У многіх людзей з’яўляюцца багатыя археалагічныя калекцыі, зборы антыкварыяту, рэдкія і каштоўныя археалагічныя знаходкі. На тэрыторыі Беларусі скарбашукальніцтвам, раскопкамі ў асноўнай масе непрафесійна займаліся памешчыкі, сяляне, вайскоўцы, студэнты і інш. Для навядзення пэўнага парадку навуковымі ўстановамі пачалі выдавацца адкрытыя лісты — дазвол, афіцыйны дакумент, на права правядзення даследчыкамі археалагічных разведак і раскопак. На Беларусі першы адкрыты ліст ці грамату, падпісаную рэктарам Віленскага універсітэта, атрымаў 14 снежня 1818 г. вядомы беларускі славяназнавец, пачынальнік беларускай, украінскай, рускай і польскай археалогіі, фалькларыст, этнограф і дыялектолаг 3. Я. Даленга-Хадакоўскі (А. Чарноцкі, 1784 — 1825).

Дарэчы, паводле Статута 1566 г. ВКЛ, манетныя скарбы, якія знойдзены на сваёй зямлі, належалі таму, хто іх знайшоў, а не на сваёй — пароўну дзяліліся паміж землеўладальнікам і тым, хто іх знайшоў, знойдзены ж свядома на чужой зямлі манетны скарб належаў таксама землеўладальніку, палова скарбу, знойдзенага на закладзенай зямлі, належала таму, хто знайшоў, другая — дзялілася паміж землеўладальнікам і ўласнікам, які ўзяў зямлю пад заклад. Паводле норм юрыспрудэнцыі Рэчы Паспалітай ХVІ ст. манетны скарб належаў гаспадару зямлі, а памеры ўзнагароды вызначаў землеўладальнік ці судовыя ўстановы. У Расійскай імперыі да 1917 г. уладальнікам манетнага скарбу прызнаваўся землеўладальнік.

Эмерык Захар’яш Мікалай Севярын Гутэн Чапскі, як ужо адзначалася, нарадзіўся 5 (17) лістапада 1828 г. у маёнтку Станькава ў сям’і маршалка шляхты Мінскага павета, пазней ганаровага куратара школ Слуцкага павета, Караля Гутэн Чапскага (1778 -1836) і Фабіяны Чапскай [1794 (?) — 1876] з роду Абуховічаў. У маладосці Эмерык Чапскі зацікавіўся старадрукамі, шукаў памяткі старасветчыны, часта наведваў кнігарні. Быў ён надзвычай інтэлігентны. Э. Чапскага высока цаніў яго сябра, публіцыст, пісьменнік, этнограф Аляксандр Карлавіч Ельскі (1834 — 1916), які адзначаў, што Э. Чапскі, «будучы яшчэ вучнем Віленскай гімназіі, з захапленнем аддаваўся збору старажытных манет і старадрукаў». Пасля заканчэння Віленскай гімназіі, ён скончыў прыродазнаўчы факультэт Маскоўскага універсітэта са ступенню кандыдата навук.

Думка аб перанясенні збору памятак старадруку, старасветчыны, калекцый манет, зброі, фарфору ў Кракаў зарадзілася ў яго на шмат гадоў раней, чым была ажыццёўлена. Такога рашэння ад Э.Чапскага дабіваўся кракаўскі антыкварый, бібліяфіл і нумізмат, адзін з заснавальнікаў Нумізматычнага і археалагічнага таварыства ў Кракаве (заснавана ў 1888 г.) і да 1900 г. галоўны рэдактар часопіса «Нумізматычныя і археалагічныя ведамасці» Уладзіслаў Бартыноўскі (1832 — 1918), дарадчык і сябра Э. Чапскага. Наконт перанясення збораў у Кракаў сам Э. Чапскі доўга вагаўся — не мог прыняць канчатковага рашэння.

Марыя Кацуёва лічыць, што на гэта, верагодна, паўплывала ўвядзенне ў Галіцыі пасля 1860 г. аўтаномных формаў кіравання, якія вельмі спрыялі развіццю нацыянальных культур у Аўстрыйскай імперыі *. У 1890 г. у Галіцыі створана ўкраінская радыкальная партыя, якая напачатку адыграла прагрэсіўную ролю ў грамадскім руху ў Галіцыі.

Варшаўская грамадскасць раўназначна цікавілася зборамі, як і іх уладальнікам графам Эмерыкам Чапскім. Блізкія кантакты Э. Чапскага з Варшавай наладзіліся значна раней, чым з Кракавам. Гэтыя кантакты мелі месца дзякуючы Каралю Баўэру і антыквару ў Варшаве.

Не без уплыву на бліжэйшыя сувязі Э. Чапскага з Варшавай адыгрывала значна меншая адлегласць яе ад Станькава і латвійская чыгунка, дзякуючы непасрэднаму злучэнню паміж Пецярбургам і Варшавай.

У канцы 80-х гадоў таварыства варшаўскіх калекцыянераў прапанавала Э. Чапскаму прыняць удзел у вялікай выставе «Старажытнае мастацтва і сучаснае ў стасунку да прамысловасці», якая была арганізавана ў лістападзе — снежні 1889 г. у будынку Музея прамысловасці і сельскай гаспадаркі Варшавы.

Экспанаты на гэтай выставе былі размешчаны ў 8 аддзелах: старажытныя часы, паганскія, язычніцкія (археалагічныя знаходкі); нумізматыка, геральдыка, сфрагістыка, рукапісы, старадрукі, кніжная справа; мэбліроўка і касцёльнае начынне; упрыгожанні жаночага і мужчынскага ўбораў; даўнейшыя ўборы, зброя і інструменты; хатняя мэбля, фарфор, фаянс, гадзіннікі; габелены, музычныя інструменты; кераміка, экзэмпляры сучаснага ўжытковага (прыкладнога) мастацтва.

Цудоўным упрыгожаннем выставы стала ўпершыню прывезеная са Станькава і паказаная шырокай варшаўскай публіцы частка калекцыі Эмерыка Чапскага. Калекцыя графа складалася з 409 польскіх манет і медалёў часоў караля Жыгімонта І Старога (1467 — 1548) да апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 — 1795); збор 69 ордэнаў, ордэнаў-зорак і іншых адзнак заслуг; фрагменты даўнейшага ўзбраення ХVІІ ст., кароткі гарлач з 1594 г., частка шаблі з даробленай рукаяткай часоў польскага караля Яна ІІІ Сабескага (1676 — 1696), стрэльба з плоскім дулам, ахвяраваная горадам Эльблёнгам Яну Анегры Чапскаму (? — 1742) у 1733 г., буздыган [род жэзла, старшынская (начальніцкая) булава — жалезная дубіна] пазалочаны з ХVІІ ст., два сагайдакі (чахол на лук) скураныя, аздобленыя срэбрам, з ХVІІІ ст., бронзавая эмалірованая ладаўніца (посуд для захоўвання ладана) з гербам ХVІІІ ст., ладаўніца з крыжам Пінскай брыгады, сярэбраная ахоўная похва ад вайсковай пішчалкі з гербам «Пагоня» ХVІІІ ст., бронзавая спінка да пяра ад шпагі часоў караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, рукаятка агатавая з жалезным кальцом, багата арнаментаваная, ХVІІ ст., сярэбраная кульбяка (сядло), пазалочаная і аздобленая дарагімі камянямі, ХVІІ ст., два камплектныя сярэбраныя рады пазалочаныя і ў канцы два сярэбраныя пухары з візрункамі Яна ІІІ Сабескага і Міхала Карыбута Вішнявецкага (1640 — 1673) і шмат іншых экспанатаў.

Камітэтам па правядзенню выставы Эмерык Чапскі ў 1890 г. быў узнагароджаны дыпломам прызнання «за прадстаўленую знакамітую і каштоўную калекцыю рэдкіх манет, медалёў, ордэнаў і знакаў адрознення, а таксама за літаратурныя працы на ніве краёвай нумізматыкі».

Удзел экспанатаў са збору Э. Чапскага на выставе ў Варшаве спрычыніўся да розгаласу калекцыі са Станькава і адначасова паспрыяў заслужанай славе самому калекцыянеру. Многія аматары збору нацыянальных памятак па аглядзе каштоўных экспанатаў і памятак, выстаўленых Э. Чапскім, зацікавіліся пытаннем, якія ж яшчэ скарбы захоўваюцца за сценамі прыгожага палаца Э. Чапскага ў маёнтку Станькава.

Выстава ў Варшаве, аднак, не зрабіла большага ўплыву на пашырэнне цесных кантактаў графа Э. Чапскага з Варшавай, а пасля смерці Караля Баўэра сувязі гэтыя зусім згарнуліся.

Клапатлівая рэдакцыйна-выдавецкая праца графа Э. Чапскага, звязаная з каталогам старажытных манет і медалёў, новыя кантакты з грамадскасцю Кракава, калекцыянерамі, знаўцамі і вучонымі, а таксама перспектывы набыцця новых экспанатаў усё часцей і часцей прыцягвалі графа Э. Чапскага ў Кракаў.

18 сакавіка 1894 г. жонка Эмерыка Чапскага Эльжбета Чапская пісала: «Здаецца мне, што праўда падобна пры энтузіязме Эмерыка да Кракава і яго жыхароў, які не мае нікога блізкага на Літве, што скончыцца на пераносіны (музея Э. Чапскага. — А.В.) туды. Будучыня гэта пакажа!..»

На канчатковае рашэнне пераносін з маёнтка Станькава музея ў Кракаў паўплывалі і сямейныя справы, і асабліва канфлікт паміж Э. Чапскім і яго старшым сынам Каралем Чапскім… У гэтай сітуацыі перанясенне музея ў Кракаў было адзіна правільным і разумным выйсцем. З часам, калі Караль Чапскі прысвяціў сваю грамадскую дзейнасць, звязаную з пасадаю галавы горада Мінска, паказалася, як ён быў падобны ў сваіх учынках на свайго бацьку.

Як для Эмерыка Чапскага былі асабістым захапленнем зборы, так Караль Чапскі без астатку прысвяціў сябе Мінску. Аказалася, што менавіта тады, калі абодва былі прывязаны да сябе і да Станькава, апрача непаразуменняў паміж Эмерыкам Чапскім і яго сынам Каралем Чапскім і захаплення працай у Мінску, Караль Чапскі надалей адміністраваў маёнткі бацькі, трактуючы сядзібу Станькава як свой уласны дом.

Вясною 1894 г. Караль Чапскі вырашыў ажаніцца. Шлюб адбыўся 4 ліпеня 1894 г. з Марыяй Пуслоўскай (Марыкета). Пасля вяселля быў падзел маёнтка Станькава паміж сынамі. Усёй зямлі граф Эмерык Чапскі ў той час меў каля 40 тыс. дзесяцін, апрача лясных абшараў, млыноў, бровараў, смалакурняў, цагельняў, вінакурняў, садоў і інш.

Паводле фармальнага падзелу графу Каралю Чапскаму перайшлі станькаўскія маёнткі разам з засульскімі і фальваркамі: Станькава, Негарэлае, Прусінава, Зубрэвічы, Самуэлева, Засулле і інш.

Граф Караль Чапскі ў пачатку ХХ ст. валодаў маёнткамі Станькава, Прусінава, Негарэлае ў агульнай колькасці 25 тыс. дзесяцін зямлі ў Мінскім і Ігуменскім паветах. Паводле дадзеных Мінскай казённай палаты ў Мінскім павеце графу Каралю Чапскаму ў пачатку ХХ ст. належалі маёнткі Станькава — 8921 дзесяціна зямлі, Каралёва — 2918, Прылукі — 4251, Скарынічы — 449, Негарэлае — 2800, Прусінава — 7277 дзесяцін зямлі.

Малодшы сын Э.Чапскага граф Юрый Чапскі атрымаў у спадчыну Каралёва, Прылукі, Скарынічы і невялікія засценкі ў Ігуменскім павеце.

Што прадстаўлялі сабою Станькава і Прылукі ў 80-я гады ХІХ ст.: «Станькава — вёска з гміннай (валасной) управай у Мінскім павеце. Мае 30 сядзіб поўнага надзелу, прыхадская царква Святога Мікалая, пабудаваная ў 1858 г. насупраць парку. Царква мураваная. Заснавальнік яе Эмерык Чапскі. 2200 парафіян. Царква мае 11/2 валокі зямлі. Яе філіял святой Ганны з 1815 г. у Крысаве мае 2 валокі зямлі. Капліцы на могілках ёсць у Дабрынёве, Станькаве, Краснай, Кулях, Лапцэвічах і Вязані. Гмінная школка і нядзельная школа, закладзеная ў 1868 г., ёсць вясковы шпіталь. Гміна складаецца з 5 сельскіх таварыстваў, мае 574 сядзібы. 1958 сялян-мужчын, маюць 5994 дзесяціны. Насельніцтва заможнае, але пакідае стары звычай і нават гутарку (мову) сваіх бацькоў. Землі, уласнасць калісьці князёў Радзівілаў. Вераніка Радзівіл — адна з пяці дачок князя Міхала Радзівіла (Рыбанькі), ваяводы віленскага, выдана замуж за Францішка Чапскага, ваяводу хелмскага. Напачатку, аднак, Станькава не было рэзідэнцыяй Чапскіх, у другой палове 18 ст. заставалася ў Мінскага скарбніка Дзярэаса, толькі ў 1799 г. Францішак Чапскі стаў ім валодаць. Караль Чапскі, сын Францішка, падняў эканоміку Станькава, упрыгожыў сваю рэзідэнцыю. Сын яго, граф Эмерык Чапскі, жанаты з баранэсай Мецэндорф, збудаваў тут густоўны (шыкоўны) палац і заснаваў у ім знакаміты музей, разам са слаўным зборам нумізматыкі, ацэнены знаўцамі больш за 100 тыс. рублёў. Бібліятэка, закладзеная ў асобным павільёне з адборных і рэдкіх кніг, налічвае каля 20 000 тамоў; маецца вялікая калекцыя гравюр і эстампаў (гравюр на медзі), некалькі дзесяткаў каштоўных карцін, сярод якіх творы Айвазоўскага, Валенція Ваньковіча і інш. Знаходзіцца тут і мноства каштоўных памятак і архіў. Велічны парк ёсць аздоба ваколіцы. Рэзідэнцыя і ўсе будынкі гаспадарчыя і фальварачныя мураваныя. Пры палацы знаходзіцца дваровая капліца (мураваная) парафіі Койданаўскай, пры якой заўсёды жыў капелан. Гаспадарка земляробчая ў Станькаве знаходзіцца ў добрым стане. У Станькаве ёсць вялізны бровар. У станькаўскіх уладаннях — пяць млыноў, ад якіх падаходны чынш і ад шляхты загродавай прыносіць значны даход. Абшырныя лясы старанна дагледжаны».

«Прылукі — маёнтак над р. Пціч, Мінскага павета, Самахвалавіцкай гміны, парафія рымска-каталіцкая ў Воўчкавічах, у 20 вёрстах на поўдзень ад Мінска, на шляху вялікага старажытнага тракту Станькава — Мінск. Маёнтак прасціраецца на 2 тыс. 376 дзесяцін, складаецца з трох фальваркаў: Воўчкавічы, Цімошкі, Атолін і з засценкаў: Шчомысліца, Атолін, Талькаўшчына. Сам фальварак Прылукі пад будоўляй і агародамі займаў 16 дзесяцін, ворнай зямлі 295 дзесяцін, сенакосу 105 дзесяцін, лесу 1240 дзесяцін, вады і неўраджайнай зямлі 85 дзесяцін, разам 1741 дзесяцін.

Калісьці Прылукі былі ўласнасцю Сенькевічаў. У пачатку 19 ст. Прылукі належалі Іваноўскім; у 1849 г. праз Іваноўскую, жонку Лявона Ашторпа, шматгадовага маршалка шляхты Мінскай губерні, перайшло да апошняга.

У 1851 г. Ашторп памёр, а маёнтак перайшоў да яго дачкі з Ашторпаў-Горват, маршалковай мінскай. Даўні палац (былы кляштар), які дагэтуль быў вялікім чатырохбаковым будынкам, аздобіла мастацкай лепкай і вежамі, усе будынкі, што знаходзіліся паблізу палаца, упрыгожыла архітэктанічнымі прыдумкамі. Палац згарэў у 1868 г., але ўжо ў 1872 г. Прылукі набыў граф Эмерык Гутэн Чапскі і пабудаваў палац па даўнейшаму ўзору, але на больш трывалай аснове. Палац гэты прыгожай архітэктуры, з бастыёнамі і стаячай паблізу гадзіннікавай вежай, на гарышчы пакрытай тэрасамі і агародамі, вельмі маляўнічага выгляду.

Прылукі ствараюць зараз (дадзеныя на 1888 г. — А.В.) адзіны ансамбль са Скарынічамі, фальваркамі, набытымі праз графа Чапскага ў 1876 г., і ўваходзяць у склад вялікага маёнтка графа Э. Чапскага (сучасны Станькаў). У сучасны момант Прылукамі і Скарынічамі валодае сын Эмерыка граф Юрый Чапскі, які ажаніўся ў 1886 г. з графіняй Тгун-Гогенштэйн. Да 1864 г. тут размяшчалася станцыя пры тракце з Мінска ў Пінск. Від на Прылукі Н. Орда змясціў у сваім альбоме. Архімандрыт Мікалай на падставе архіўных крыніц сцвярджае, што з даўніх часоў у Прылуках існавалі дзве царквы, адна на так званай Германаўскай гары, у памяць найсвяцейшай Марыі, і другая — Святой Троіцы, пры якой Ганна з Агінскіх Сенькевічава (ці Сенькевіч па-сучаснаму. — А.В.) фундавала (заклала) у 1635 г. мужчынскі манастыр з дазволу Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (1596 — 1647). У 1740 г. быццам бы пад ўплывам мінскага старосты Іосіфа Іваноўскага (тагачаснага ўладальніка), манахі пакінулі, манастыр і ён заклаў уніяцкую царкву ў 1763 г. імя Святога Духа, а маёнтак манастыра Стукацічы далучыў да Прылукаў, ад якіх зноў быў аддзелены па суду ў 1778 г. на карысць мінскіх базыльянаў».

Пасля падзелу маёнтка Э. Чапскага было пастаноўлена: неадкладна пакінуць Эмерыку Чапскаму Станькава, выехаўшы на месца свайго пастаяннага жыхарства ў Кракаў, і вывезці са Станькава музей у Кракаў. Лета 1894 г. Эмерык і Эльжбета Чапскія правялі яшчэ ў маёнтку Станькава: патрэбна было пракантраляваць упакоўку, рэчаў для адпраўкі ў Кракаў.

Для фарміравання музея ў Кракаве, Чапскія купілі аднапавярховы палацык (палац, зразумела, які размяшчаўся паблізу цэнтра горада) у неакласічным стылі (захаваўся да нашага часу. — А. В.), пабудаваны ў 1884 г. архітэктарам Антоніем Сідэкам.

У кастрычніку 1894г. Э. Чапскі быў поўным уладальнікам гэтага будынка. Напачатку муж і жонка Чапскія паехалі на курорт, а зборы з маёнтка Станькава былі высланы ў Кракаў на адрас Францішка Селенка. Да нашага часу захаваўся вопіс гэтай экспедыцыі, які быў занатаваны ў газеце «Час» ад 8 студзеня 1895 г. у яе аддзеле «Хроніка»: «Скарбы будучага музея знаходзяцца ў нашым горадзе, менавіта, прыйшлі з Вільні 134 скрыні, прывезеныя ў 6 вагонах, у якіх знаходзіліся нумізматыка, медальёны, стары фарфор, старая зброя, старая гданьская мэбля, каштоўная бібліятэка, якая налічвала рэдкія экзэмпляры кніг з пецярбургскай бібліятэкі Залусскіх, нарэшце, геалагічныя зборы, якія могуць залічвацца да каштоўнейшых у Еўропе (…). Ад суботы яны пераносяцца фірмай п. Буяньскага да тамчасовага склада, перад тым, як будуць прадстаўлены для публічнага агляду ў Музей імя графа Эмерыка Чапскага».

Што ж вывез з сабою граф Эмерык Чапскі ў Кракаў у 134 скрынях? Абмежаваны памер кнігі не дае магчымасці аўтару больш-менш поўна расказаць пра тыя багацці калекцый, якія былі вывезены з Беларусі і Расіі ў Польшчу. Але…

У калекцыі медалёў, сярод іншых, знаходзілі: юбілейную залатую медаль, адлітую ў гонар 25-годдзя навуковай працы Э.К.Гутэн Чапскага. 1871 — 1896; медаль у гонар сярэбранага вяселля Эмерыка і Эльжбеты Гутэн Чапскіх. 1854 -1879; медаль Э.К.Гутэн Чапскаму ад варшаўскіх нумізматаў. 1896; медаль караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога (1467 — 1548). 1532; медаль Жыгімонта ІІ Аўгуста. 1532; медаль Боны Сфорцы. Каля 1561 г.; медаль Януша Радзівіла. 1653; медаль Яна ІІ Казіміра Вазы (1649 -1668). 1660; медаль апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732 — 1798) і многія іншыя.

Сярод манет: дынар польскага князя з 992 г., з 1025 г. польскага караля Баляслава Храбрага (967 — 1025). Каля 1000 г.; дукат Уладзіслава Лакеткі. Каля 1330 г.; партугал рускі караля Стэфана Баторыя (1533 — 1586). 1586; манета Уладзіслава ІV Вазы (1632-1648). 1635; дукат Уладзіслава ІV Вазы. 1644; дукат Жыгімонта ІІІ Вазы (1587 — 1632). 1617; дукат Жыгімонта ІІІ Вазы. 1621; талер караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага (1629 — 1696); дукат Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 1777; партугал каронны Яна ІІ Казіміра Вазы. 1661 і многія іншыя.

У калекцыі таксама захоўваліся: патэнт на ордэн святога Станіслава І класа, выдадзены Э. Чапскаму ў 1871 г.; крыж ордэна Белага Арла. 1762; дыплом, выдадзены Э. Чапскаму ў сувязі са зборамі ў Варшаве ў 1889 г., і іншыя.

Сярод іншых каштоўнасцей можна выдзеліць: польскія гусарскія латы ХVІІ і ХVІІІ стст.; сагайдак (чахол на лук) скураны, аздоблены срэбрам, ХVІІІ ст.; сядло польскае ХVІІІ ст.; лыжку польскую першай паловы ХVІІ ст.; залаты пярсцёнак ХVІІІ ст.; пояс кракаўскі Францішка Маслоўскага ХVІІІ ст.; слуцкі пояс ХVІІІ ст.; альбом з калекцыяй грошай ХVІІІ і ХІХ стст. і многія іншыя. У кракаўскіх музеях захоўваюцца слуцкія паясы і ўрэцка-налібоцкае шкло з калекцыі Э. Чапскага.

У ліку арыгінальных форм шклянога посуду з шкляных прадпрыемстваў Урэчча і Налібок варта нагадаць «куляўкі» («штрафны келіх»). Яны маюць умяшчальныя аб’ёмы, але без стапыпадстаўкі. Іх можна паставіць на стол, толькі выпіўшы віно да дна і перавярнуўшы чашу вусцем уніз. Такі пацешны посуд меў папулярнасць у мясцовай беларускай шляхты і простага люду. Адна з такіх «кулявак» паступіла ў Нацыянальны музей Кракава з прыватнага збору ўрэцка-налібоцкага шкла графаў фон Гутэн Чапскіх у 1913 г. з маёнтка Станькава Мінскай губерні. На ёй гравіраваны тыповы для «кулявак» надпіс: «Згубіў нагу сваю, у вас абедзве адбяру». Своеасаблівую форму мелі «куляўкі» ў форме ствала гарматы, аздобленыя гравіроўкай і граненнем па донцу і вусцю, і мелі вышыню 32 см і дыяметр да 6 см. Вось які «штрафны келіх» павінен быў выпіць ганарлівы і пыхлівы засцянковы шляхцюк ці высокапастаўлены польскі чын!

Сярод партрэтаў у калекцыі: Уладзіслава ІV Вазы 1624 г.; Жыгімонта ІІІ Вазы, мастака А. Годэнберга (без году напісання); польскай каралевы Боны Сфорцы, мастака Н. Неллі 1588 г.; Жыгімонта ІІ Аўгуста; Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбанькі), бацькі Веранікі Чапскай (бабкі Эмерыка Чапскага); Войцаха Пуслоўскага — пасла (дэпутата) на чатырохгадовы сойм; Ігнацыя Чапскага (? -1792) – кашталяна гданьскага і яго жонкі Тэафіліі і іх сына Францішка Станіслава Чапскага (Косткі) — апошняга ваяводы хелмскага; Міхала Чапскага (1702 – каля 1790); Юрыя Чапскага — малодшага сына Э. Чапскага 1908 г., а таксама экслібрысы самога Эмерыка Чапскага і яго сыноў — Караля і Юрыя, экслібрыс — партрэт Томаша Чапскага (1711 — 1776) ХVІІІ ст.; акварэль «Эмерык Гутэн Чапскі», работа В. А. Баброва 1876 г., і многія іншыя.

У зборах Эмерыка Чапскага былі 192 партрэты Пятра І, 150 — Кацярыны ІІ, 64 — Паўла І, 199 — Аляксандра І, 43 — Мікалая І, англійская карыкатура на Кацярыну ІІ, 16 партрэтаў Багдана Хмяльніцкага, 70 партрэтаў Тадэвуша Касцюшкі і мініяцюра «Тадэвуш Касцюшка» (1796), 10 партрэтаў Адама Міцкевіча, партрэт Уладзіслава IV Вазы (1624), партрэты беларускага і польскага паэта, публіцыста Вінцэся Каратынскага (1831 -1891), сына Міцкевіча Уладзіслава Міцкевіча (1838 — 1926), пастара Юліяна Бергеля (1819 -1895) са Слуцка, партрэт фельдмаршала Дубіча, карціна «Фрагмент бітвы пад Варшавай 18 ліпеня 1656 г.» В.Свідэ (1696), карціна «Асада Смаленска» С. Саверу (1635), «Карыкатура салдата» А. Арлоўскага, карціна «Старая какетка» О. Фалька (1656 — 1658), партрэты магнатаў Радзівілаў, Сапег, Агінскіх, Тышкевічаў, простых людзей: аўчар Антон Галец з Навагрудчыны і многія іншыя. Цікавыя малюнкі нясвіжскага гравёра Тамаша Макоўскага (1562 ці 1575 — 1630) у тым ліку віды Клецка, Нясвіжа, Коўна, унікальныя віды беларускіх гарадоў, у тым ліку гравюры Маціса Цунта і Георга Кіліяна, выкананыя ў 1568 і 1580 гг. у Гродна. Сабрана значная колькасць калекцыі рукапісаў, у тым ліку 31 на пергаменце, рукапіс з ІV кнігі «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча, аўтографы Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшкі, Юльяна Нямцэвіча, П. Адынца, рукапісны зборнік вершаў, прадыктаваны А. Кабылінскім А. Міцкевіч. У бібліятэцы, якая займала ў «скарбчыку» некалькі пакояў і налічвала каля 20 тыс. тамоў, было шмат унікальных выданняў, у тым ліку з беларускіх друкарняў -Брэсцкая Біблія 1563 г., 10 магілёўскіх, 10 нясвіжскіх рарытэтаў, кнігі з аўтографамі Адама Міцкевіча, Тышкевічаў, Аляксандра Ельскага. У бібліятэку ўвайшлі зборы кніг Ю. Бергеля са Слуцка, аматара старажьгтнасцей А. Кабылінскага з Мінска, беларускага і польскага паэта, публіцыста Вінцэся Каратынскага. Шэраг кніг мелі надпісы іх уладальнікаў. У зборах Э. Чапскага быў алтар, дзе захоўвалася Брэсцкая Біблія 1563 т., выдадзеная ў Брэст-Літоўску, старажытныя абразы.

Акрамя манет і медалёў (каля 11 тыс. назваў) у музеі шмат старых малюнкаў, гравюр, карцін, апісаных у асобным каталогу, які быў выдадзены Эльжбетай Гутэн Чапскай у 1901 г. у Кракаве.

У музеі захоўвалася 409 манет і медалёў польскіх, пачынаючы ад караля Жыгімонта І Старога і да Станіслава Аўгуста Панятоўскага, збор 69 ордэнаў і зорак і іншых адзнак заслуг, 3500 эстампаў, 2300 партрэтаў, 300 аўтографаў, шмат іншых партрэтаў, карцін, цікавых рэдкіх экспанатаў.

У калекцыі было шмат гербаў родаў, якія на працягу стагоддзяў парадніліся з графамі Чапскімі, сярод іх — Радзівілаў, Пуслоўскіх, Канапацкіх, Абуховічаў, Горскіх, Жэвускіх, Плавінскіх, Ліпскіх, Мельцунскіх, Ёдкаў-Наркевічаў, Мейендорфаў, Мяльжынскіх, Ржэвускіх, Тгун-Гогенштэйнаў і многіх іншых.

Тут дарэчы прывесці прыклад, які яскрава сведчыць аб каштоўнасці рукапісаў, што захоўваліся ў гэтым зборы. Гэта «Ліст да Абуховіча» Цыпрыяна Камунякі ад 6 чэрвеня 1655 г. Ён быў адрасаваны Піліпу Казіміру Абуховічу (? — 6 верасня 1656), дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, дыпламату, пісьменніку, смаленскаму ваяводу, які кіраваў абаронай Смаленска ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 1667 гг. і пасля аблогі з 25 чэрвеня да 23 верасня 1654 г. здаў горад рускім войскам, за што быў абвінавачаны ў здрадзе, а таксама ў тым, што за хабар і падарункі здаў г. Смаленск і Смаленскае ваяводства маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу, але апраўданы польскім соймам. Арыгінал гэтага ліста, набыты Эмерыкам Чапскім, захоўваўся ў «народным музеі» імя Эмерыка Чапскага ў Кракаве. Упершыню поўны тэкст «Ліста да Абуховіча» быў апублікаваны беларускім гісторыкам, філолагам, этнографам, пісьменнікам Вацлавам Ластоўскім (1883 — 1938) у кнізе «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыданне 1992. С. 78 — 81). У «Лісце да Абуховіча» Ц. Камуняка развенчвае бяздарнасць ваяводы ў ваеннай справе, асуджае яго, як здрадніка. У асобе Піліпа Абуховіча аўтар выкрывае буйную шляхту таго часу, высмейвае яе норавы і паводзіны, з’едліва крытыкуе яе за сквапнасць, прадажнасць, бездапаможнасць у справе абароны Радзімы. Твор глыбокапатрыятычны, напісаны жывой беларускай мовай, месцамі рыфмаванай, пазбаўленай паланізмаў, перасыпанай вострымі словамі і дасціпнымі параўнаннямі, каларытнымі прыказкамі і прымаўкамі.

Натуральна, што Э. Чапскі не агаліў і не спустошыў зусім маёнтак Станькава. Патрэбна адзначыць, што ён забраў тыя зборы і, асабліва, экспанаты, якія лічыў за каштоўнейшыя і да якіх быў найбольш прывязаны (асабліва выбар кніг). Галоўным крытэрыем выбару было — магчымая прыдатнасць для будучага музея, даступнага шырокай грамадскасці. Адсюль была перш за ўсё паланістыка. Пакінуў у Станькаве, напэўна, значную частку бібліятэкі (зразумела, на рускай мове) і збору гравюр на рускую тэматыку.

Сыноўняя ж (ці руская, як яе называюць некаторыя даследчыкі) частка збору — кнігі, карціны, гравюры заставаліся ў маёнтку Станькава да 1916 т., пакуль дзеля выратавання ад кайзераўскіх войск не былі тэрмінова вывезены ў Маскву, дзе след іх безнадзейна згубіўся.

Дарэчы, у «Слоўніку нумізмата» Х. Фенглера, Г . Гіроу, В. Унгера (Масква, 1993) на старонках 78 — 79 змешчаны артыкул пра графа Э. Гутэн Чапскага, дзе ў дэфініцыі ён названы «польский собиратель произведений искусства и нумизмат» і, далей, «жил после ухода с государственной службы в России в имении Станков под Минском, незадолго до смерти переехал в Краков» і, далей: «Наряду с выдающимися произведениями национальной культуры Г.-Ч. принадлежала также обширная коллекция польских монет и медалей (свыше 12 000), описанная им в 5-томном труде «Catalogue de la collection des medailles et monnaies polonaises du Comte Emeric Hutten-Czapski» . – Petersbourg, Paris, Krakow,1871 — 1916 (reprint Craz, 1967), не утратившем свое значение и в наше время. Калекцыя Эмерыка Чапскага знаходзіцца цяпер у Кракаўскім музеі імя Гутэн Чапскіх.

Нельга пагадзіцца з аўтарамі, якія пішуць, што Э. Гутэн Чапскі — «польский собиратель произведений искусства и нумизмат». Усю сваю нумізматычную калекцыю (і не толькі нумізматычную!) Э. Гутэн Чапскі на працягу дзесяцігоддзяў збіраў у Расійскай імперыі, карыстаючыся сваёй службовай пасадаю, і толькі «незадолго до смерти переехал в Краков».

Сваю калекцыю ён, адбіраючы для вывазу ў Кракаў, падзяліў на дзве часткі: пакінуў тут, на Беларусі, у Станькаве, усе расійскія манеты, карціны, медалі, памяткі старасветчыны, г. зн. тое, што было беларускае і расійскае, т.зв. росіку, а ў Кракаў вывез усё польскае, усю польскую тэматыку.

І так, Чапскія «для ратавання здароў’я», як сцвярджала тагачасная прэса, знаходзіліся разам са зборамі ў Галіцыі.

Новая нерухомая маёмасць у Кракаве пасля правядзення пэўных работ выключна падыходзіла на такую рэзідэнцыю. Дом гэты быў весялейшы, чым у Станькаве, бо быў менш зацемнены, выдаваўся больш зручным.

Аднак аказаўся цеснаватым для размяшчэння такіх багатых збораў і калекцый. У такой сітуацыі Э. Чапскі вырашыў пабудаваць спецыяльны павільён, які быў бы прызначаны выключна для збораў. Падрыхтоўку праекта павільёна ён даручыў маладому, але які добра зарэкамендаваў сябе, архітэктару Тадэвушу Струеньскаму (1849 — 1943).

Э. Чапскі адразу ж пасля зацвярджэння плана пачаў будаваць павільён. Але рабочыя страйкі (забастоўкі) адмоўна ўплывалі на ўзвядзенне будучага павільёна. Калекцыянер са Станькава, поўны захаплення і энергіі, з нецярпеннем чакаў заканчэння работ, імкнуўся сам дапамагаць у працы сваімі ўласнымі рукамі, падобна як калісьці Ізабэла Чартарыйская, якая ўзнесла святыню Сыбіліі ў Пулавах. Гэтыя незвычайныя намаганні Эмерыка Чапскага перарвала хвароба. У лістападзе 1895 г. Э. Чапскі заразіўся тыфам. Хвароба злажыла яго на два месяцы, стан яго быў вельмі цяжкі, хвілінамі безнадзейны. Толькі ў лютым 1896 г., дзякуючы клапатлівай апецы жонкі Эльжбеты і моцнаму арганізму, Э. Чапскі прыйшоў да сябе.

Пасля цяжкай хваробы Э. Чапскі змізарнеў, стаў худым і шчуплым, але не страціў прыроджанай жыццёвасці і энергіі, абсалютна не адмовіўся ад сваіх зацікаўленняў. Аднак хвароба ўсё ж падарвала арганізм Э. Чапскага, якому тады было 67 год. Згодна парадзе ўрачоў, Э. Чапскі паехаў лячыцца на курорт у г. Вісбадэн (Германія), але змену клімату пераносіў дрэнна, перарваў лячэнне і ў маі 1896 г. зноў вярнуўся ў Кракаў. Э. Чапскі адчуваў сябе не вельмі добра і пагэтаму старанна хаваў ад жонкі сваё недамаганне. Але паранейшаму ён інтэнсіўна працаваў над падрыхтоўкай да друку каталога гравюр са свайго збору, рыхтаваў 5-ы том каталога манет і медалёў, папаўняў адначасова сваю калекцыю, дзеля чаго, рызыкуючы сваім здароўем, ездзіў у Каламыі, Новы Сончук, Інавроцлаў (гарады ў Польшчы).

Трагедыя наступіла ў ноч на 23 ліпеня 1896 г. Перад смерцю Эмерык Чапскі выказаў жаданне, каб яго пахаванне адбылося без шырокай агалоскі, як мага найсціплей. На жалобным пахавані былі нешматлікія асобы: яго найбліжэйшая сям’я і вядомыя грамадзяне Кракава. Удаву за труною нябожчыка суправаджалі абодва сыны — Караль і Юрый, цесць Юрыя Чапскага — Яраслаў Тгун-Гогенштэйн, Адамава Патоцкая, Андрэевыя Патоцкія, Дамінікі Радзівілавы, Марцэлі Чартарыйскі, Антаневыя Патоцкія з Ольшы, Пуслоўскія, Раман Сангушка, прафесар Казімеж Мараўскі. Горад Кракаў прадстаўлялі: прэзідэнт Юзаф Фрыдляй, некалькі мясцовых дарадчыкаў, два дырэктары кас ашчаднасці — Францішак Сленк і Зыгмун Кавальскі, кола кракаўскага навуковага грамадства. На пахаванні былі нумізматы Уладзіслаў Бартыноўскі і Пётр Умінскі. Імша адбылася ў касцёле Святой Барбары, пахаванне — на Раковіцкіх могілках, на галоўнай алеі, ля грабніцы вядомага польскага мастака — жывапісца Яна Матэйкі (1838 — 1893), з якім развіталіся тры гады таму, пахаваны на вечны спачын нястомны калекцыянер-нумізмат, родам са Станькава, што на Койданаўшчыне.

Эльжбета працягвала працу, якую вяла разам з мужам. Асабіста кіравала складаннем каталогаў бібліятэкі. У 1900 г. за ўласны кошт выдала каталог «Спіс друкаў эпохі Ягелонскай». У 1901 г. зноў жа за свае грошы выдала каталог «Спіс карцін, якія прадстаўляюць пераважна польскіх асоб». Сама рабіла малюнкі манет у чатырох тамах нумізматычнага каталога, які складаў яшчэ Эмерык Чапскі, і выдавала іх. Намаганнямі Эльжбеты быў падрыхтаваны і ў 1916 г. выдадзены апошні пяты том гэтага каталога. Крыху раней яна ажыццявіла выкананне тэстамента (завяшчання) мужа ў тым пункце, які быў прысвечаны калекцыям. Эмерык Чапскі хацеў, каб яны сталі ўсеагульнай уласнасцю. Эльжбета дамагалася таго, каб ўсё, што яна сабрала разам з мужам, было падаравана гораду Кракаву.

Дзеля таго каб усё гэта адразу ж стала музеем, падаравала ўласны палац. Пад канец жыцця вярнулася на Беларусь. Жыла ў маёнтку Станькава і ў Мінску. Але працягвала апякаць музей у Кракаве, падтрымлівала рэгулярныя сувязі з навукова культурнымі ўстановамі і дзеячамі Кракава. Памерла Эльжбета Гутэн Чапская ў 1916 г. у Мінску. Нам жа застаўся адзін з самых прыгожых і вядомых палацава-паркавых комплексаў на Беларусі — Станькаўскі парк.

…Эмерык Чапскі, яшчэ будучы студэнтам, захапіўся зборам рэчаў і прадметаў старасветчыны, галоўным чынам манет. А тады, калі Э. Чапскі заняў дзяржаўную пасаду, ужо нічым не абмяжоўваў сваіх захапленняў. Гэтаму ў многім яму спрыялі частыя службовыя раз’езды неаднаразова ў самыя аддаленыя мясціны Расійскай імперыі. Часта ён займаўся абменам адных рэчаў на больш каштоўныя і цікавейшыя з яго пункту гледжання. Працуючы дырэктарам Ляснога дэпартамента, Э. Чапскі цікавіўся лёсам рускіх лясоў і нярэдка паднімаўся на іх абарону, чым выклікаў незадавальненне царскай улады. У 1879 г., з-за наспяваючага канфлікту з царом Аляксандрам ІІ, ён выйшаў у адстаўку, пасяліўся ў Станькаве і заняўся класіфікацыяй сваіх збораў і друкаваннем каталогаў.

Мода збірання ўсялякіх памятак старасветчыны ў Расійскай імперыі ў тую пару не была такой папулярнай, як гэта было, напрыклад, у Заходняй Еўропе. У 50 — 60-х гадах ХІХ ст. калекцыянерства стала прывілеяй невялікай колькасці прадстаўнікоў царскай сям’і, вышэйшых сфер арыстакратыі, а часам, зрэдку, багацейшых — мяшчан. У прыватных зборах, раскіданых на велізарных абшарах Расійскай імперыі, можна было знайсці шэраг цікавых рэчаў, якія б хацелі набыць калекцыянеры-аматары. Таму існавалі вялікія магчымасці ў набыцці рэдкіх экспанатаў старасветчыны па адносна даступных цэнах.

Тут трэба адзначыць, што развіццю калекцыянерскіх схільнасцей Э. Чапскага спрыялі шырокія кантакты і сямейныя сувязі, а таксама асабістае знаёмства з уплывовымі асобамі ў Расійскай імперыі. Не захавалася ў архівах матэрыялаў і дакументаў, якія б сведчылі аб дакладным часе, калі Э. Чапскі пачаў збіраць расійскія медалі і манеты. Хутчэй за ўсё гэта адбылося тады, калі 23-гадовы юнак быў вылучаны ў Імператарскае археалагічнае таварыства. Сапраўдную калекцыянерскую дзейнасць Э. Чапскі разгарнуў тады, калі ў якасці чыноўніка па спецыяльным даручэнням у 1852 г. быў накіраваны ў Яраслаўскую губерню, дзе меў магчымасць дэталёва азнаёміцца з узорамі рускіх манет. Раўназначную пакупку, якая склала аснову збору польскіх манет і медалёў, Э. Чапскі набыў у вядомага археолага, гісторыка і калекцыянера Я. П. Тышкевіча (1814 — 1873) у 1852 г., гэта значыць годам пазней.

Мы толькі дакладна ведаем, што з 12 сакавіка 1851 г. і да самай смерці Э. Чапскі быў сапраўдным (действительным) членам Імператарскага археалагічнага таварыства, статут (прыняты ў 1849 г.) якога аб’яўляў, што ў сапраўдныя члены вылучаюцца асобы, вядомыя па археалагічных і нумізматычных працах, незалежна ад іх нацыянальнасці.

Калі нам сур’ёзна прыняць рэаліі ХІХ ст., у якіх рос, выхоўваўся і вучыўся малады Э. Чапскі, зразумелым становіцца напрамак яго інтарэсаў. І не можа потым здзіўляць, што пасля заканчэння Маскоўскага універсітэта Э. Чапскі звязаў свой лёс на 30 гадоў з царскай адміністрацыяй, выкончваючы функцыі чыноўніка ў Міністэрстве ўнутраных спраў, пазней у Міністэрстве юстыцыі, потым у Міністэрстве фінансаў. Не без уплыву царскай адміністрацыі быў таксама шлюб з баранэсай Эльжбетай Мецэндорф, у сваю чаргу параднёнай з уплывовым пры царскім двары родам Стацкельбергаў. Э. Чапскі меў шмат падстаў для сваёй бліскучай кар’еры. Гэтаму садзейнічалі выхаванне, паходжанне і роднасныя сувязі.

Але тут трэба зазначыць, што прасоўванне па службе было дзякуючы перш за ўсё асабістым заслугам, працаздольнасці і таленту, што дало магчымасць заняць пасаду віцэ-губернатара Пецярбурга, віцэ-дырэктара Горнага дэпартамента, потым дырэктара Ляснога дэпартамента. Яго 30-гадовая кар’ера ў царскай адміністрацыі была перапынена ў 1879 г. Паводле радавога падання, Э. Чапскі падаў у адстаўку, ушчэмлены амбіцыямі па асабістаму канфлікту з імператарам Расіі Аляксандрам II па пытанню палярных поглядаў па ўпраўленню ляснымі масівамі Расійскай імперыі. Э. Чапскі перастаў выконваць свае абавязкі дырэктара Ляснога дэпартамента ў чэрвені 1879 г., але службовая неабходнасць затрымала яго на гэтай пасадзе аж да красавіка 1880 г.

Абставіны, якія былі звязаны з падачай Э. Чапскага ў адстаўку ў чэрвені 1879 г., паўплывалі не толькі на карэнную змену ўстаноўленага парадку яго жыцця, але, верагодна, і на яго светапогляды.

Прыкрасць, якую ён зведаў, вярнулі Э. Чапскага да існуючай рэальнасці і ў сувязі з гэтым паступова парушыліся сувязі з Расіяй, што, верагодна, прывяло Э. Чапскага да ахаладжэння эмацыянальнага стану да збірання росікі (расійскіх медалёў і манет).

Інакш нам цяпер цяжка патлумачыць перапрадажу ў 1884 г. Э. Чапскім сваёй калекцыі росікі вялікаму князю Георгію Міхайлавічу Раманаву (1863 — 1917 ці 1918). «Высокородный» пакупнік калекцыі росікі Э. Чапскага, у будучым вядомы калекцыянер і аўтар шэрагу прац па нумізматыцы, меў у той час 21 год і быў пачаткоўцам у нумізматыцы і калекцыяніраванні.

І 16 студзеня 1884 г. Г. М. Раманаў асабіста паклапаціўся, каб за 4 тыс. фунтаў стэрлінгаў ці за 38 тыс. 352 руб. 1/2 кап., набыць нумізматычную калекцыю росікі ў Эмерыка Чапскага.

У свой час, карыстаючыся ўласнымі сродкамі са свайго маёнтка Станькава, Э. Чапскі мог выдзеліць сабе для гэтай справы значныя сумы грошай. Напрыклад, толькі ў 1860 — 1884 гг. Э. Чапскі набыў манет і медалёў на агульную суму 10 тыс. 233 руб. 1/2 кап., што бачна з яго сшыткаў рэгістрацыі набыткаў. Які педантызм са скурпулёзнасцю! Гэтаму можна толькі пазайздросціць!

Э. Чапскі на працягу дзесяцігоддзяў у сваім палацы ў Станькаве засяроджваў рэчы і прадметы з розных галін чалавечай дзейнасці. З цягам часу зборы яго паслужылі полем для навукова-даследчай працы па вывучэнню мінуўшчыны ў розных галінах матэрыяльнай культуры. Таму Э. Чапскі адразу ж звярнуў асаблівую ўвагу на апрацоўку экспанатаў. Для гэтай мэты за парадаю яму даводзілася звяртацца да многіх спецыялістаў у тых ці іншых галінах ведаў і навукі. Збор гістарычных памяткак Э. Чапскі абмежаваў іх адносінамі да свайго роднага краю — Беларусі, а таксама Польшчы і Расіі. У калекцыю Э. Чапскага траплялі шматлікія рэчы, апрача гістарычных памятак, як старажытная зброя, так і тканіны — асабліва кунтушовыя паясы, старое серабро, фарфор, шкло, словам, прадметы і рэчы, якія мелі адзнаку старасветчыны, а потым станавіліся аб’ектамі для агляду і вывучэння ў музеях.

Э. Чапскі, якога службовыя абавязкі прымушалі да наведвання розных гарадоў Расійскай імперыі, заўсёды за свой пастаянны дом лічыў радавую сядзібу ў Станькаве. Ён тут найбольш праводзіў вольнага часу і гэтае месца выбраў на сталы прытулак для сваёй сям’і, а таксама і для сваіх збораў.

Шматгадовыя сувязі з Пецярбургам, якія выцякалі са справаздач Э. Чапскім сваіх функцый, навучанне сыноў Караля і Юрыя ў пецярбургскіх школах схіляюць нас да высновы, што і там Чапскія мелі сваю рэзідэнцыю. Аднак нам думаецца, што Э. Чапскі, менавіта, у маёнтку Станькава захоўваў свае велізарныя зборы. Туды пасля набыцця іх ён прывозіў, пра што яскрава сведчаць яго каталогі. Аб прывязцы і ролі, якая прызначалася радавой сядзібе Станькава, сведчыць генеральная перабудова станькаўскіх будынкаў у 1861 — 1862 гг. Новы ўзведзены палац на месцы даўняга двара, пабудаванага дзесьці на мяжы ХVІІ — ХVIII стст., меў не толькі выгоды жыхарам яго, але стаў свайго роду прыватным музеем — апорай на гэтых землях для ацалелых гістарычных памятак сівой мінуўшчыны.

А.І. Валахановіч «Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі, 2003 г.»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.