Главная > А.І. Валахановіч > ГРАФ ЭМЕРЫК ФОН ГУТЭН-ЧАПСКІ — Кароткі нарыс жыцця і дзейнасці

ГРАФ ЭМЕРЫК ФОН ГУТЭН-ЧАПСКІ — Кароткі нарыс жыцця і дзейнасці

Граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі нарадзіўся 5 (18) лістапада 1828 года ў маёнтку Станькава Мінскага павету ў сям’і графа Караля фон Гутэн-Чапскага і Фабіяны з роду Абуховічаў нарадзіўся першынец – сын Эмерык-Захарый-Мікалай-Севярын – будучы вядомы дзяржаўны дзеяч, калекцыянер, нумізмат, бібліяфіл, заснавальнік і стваральнік музея імя Эмерыка фон Гутэн-Чапскага ў Станькаве – Кракаве.

Эмерык закончыў Віленскую гімназію і прыродазнаўчы факультэт Маскоўскага універсітэта са ступенню кандыдата прыродазнаўчых навук. Займаючыся на трэцім курсе Маскоўскага універсітэта, ва ўзросце 20 гадоў, малады граф захапіўся збіральніцтвам усякага тыпу старажытнасцяў. З цягам часу гэта захапленне перарасло ў прафесійную дзейнасць.

З 1851 года Эмерык фон Гутэн-Чапскі – правадзейны член Рускага археалагічнага таварыства, з 1890 года – член Маскоўскага нумізматычнага таварыства. У 1851 годзе граф быў прыняты на дзяржаўную службу ў Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі.

У 1854 годзе граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі ажаніўся. Жонкай яго стала Эльжбета фон Гутэн-Чапская (1833 – 1916) у дзявоцтве Ліза Меендорф. Яна была з сям’і вучонага, падарожніка, пісьменніка, палкоўніка штаба пасольства Расійскай імперыі ў Бухары, стацкага дарадца, барона Георгія-Вальтэра-Конрада Меендорфа (1795 – 1861) і маці велікасвецкай дэспатычнай дамы з сям’і барона Штакельберга – Сафіі Штакельберг (1806 – 1891).

І бароны Меендорфы і бароны Штакельбергі былі прыбліжанымі да царскага двара Расійскай імперыі. Гэты шлюб даў графу Эмерыку фон Гутэн- Чапскаму доступ у самыя высокія сферы расійскай арыстакратыі, уключаючы членаў царскай сям’і. Давер да графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага расійскай эліты быў такі вялікі, што расійскі імператара Аляксандр II прызначыў яго ў 1863 годзе губернатарам Наўгародскай губерні ў час паўстання Кастуся Каліноўскага 1863 – 1864 гадоў, што было амаль неверагодным для паляка (граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі быў каталіцкага веравызнання), у 1865 годзе – віцэ-губернатарам Санкт-Пецярбурга.

Да таго часу Эмерык фон Гутэн-Чапскі быў ужо вядомым як нумізмат і археолаг, валодаў унікальнымі калекцыямі даўніны, якія былі сабраны ў радавым маёнтку Станькава. Толькі, напрыклад, яго картаграфічная калекцыя была найлепшай не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай.

У 1856 годзе графу Эмерыку фон Гутэн-Чапскаму было даручана правесці інспекцыю паўднёвых правінцый Расійскай імперыі , якія ахоплівалі тэрыторыю Крымскага паўвострава і паўночнага ўзбярэжжа Азоўскага мора пасля Крымскай вайны 1853 – 1856 гадоў і паволжскія нямецкія калоніі, якія былі заснаваны яшчэ ў эпоху расійскай імператрыцы Кацярыны II.

У час сялянскай рэформы 1861 года ён быў абраны міравым пасрэднікам Мінскага павета. Ён даслужыўся да высокага чына – сапраўднага стацкага дарадца і камергера Двара Яго Імператарскай Вялікасці. У 1875 – 1879 гадах працаваў дырэктарам Ляснога дэпартамента Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Расійскай імперыі. У 1879 годзе граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі нечакана падаў у адстаўку «по семейным делам».

Сапраўднай жа прычынай паслужыла, як распавядае сямейнае паданне, і пра гэта згадваюць у сваіх кнігах графіня Марыя фон Гутэн-Чапская і Марыя Кацуёва, сварка ў поўным сэнсе гэтага слова, з расійскім імператарам Аляксандрам ІІ, якая ўзнікла пасля таго, як Аляксандр ІІ пачаў дарыць і раздаваць сваім прыбліжаным лясы для вырубкі і вывазу за межы Расійскай імперыі. Эмерык фон Гутэн-Чапскі смела паўстаў на абарону рускіх лясоў, за што і паплаціўся сваёй высокай пасадай. Два беларусы, якія яшчэ мелі дачыненне да Аляксандра ІІ, — В.І.Дыбоўскі і І.Я.Грынявіцкі. В.І. Дыбоўскі паўстаў у абарону Камандорскіх астравоў, дзе водзяцца каланкі, і І.Я.Грынявіцкі, як проста забіў імператара Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881 года.

Пасля такога грознага канфлікта з Аляксандрам ІІ на высокім узроўні, Эмерык фон Гутэн-Чапскі вярнуўся ў Станькава на сталае месца жыхарства і заняўся класіфікацыяй сваіх вялізарных збораў. Эмерык фон Гутэн-Чапскі склаў і надрукаваў каталогі старажытных манет і грашовых купюр Старажытнай Русі, прывёў у належны парадак усе свае калекцыі, асабліва нумізматычную. Асаблівае месца сярод нумізматычных збораў того часу, як адзначалі сучаснікі, займала вялікая калекцыя звыш 10 тысяч адзінак, якая захоўвалася у памяшканнях палаца. Калекцыя толькі расійскіх манет налічвала каля 5 тысяч штук. Многія манеты калекцыі былі пазначаны мініяцюрнай контрамаркай. Асаблівую каштоўнасць мелі першыя залатыя манеты: дукат Уладзіслава Лакеткі і дынар Баляслава Храбрага, датаваны прыкладна 1000 годам і які захаваўся ў адзіным экзэмпляры ў Станькаве. Гэты збор у Станькаўскім маёнтку размяшчаўся ў 1879–1894 гадах, аж да вывазу яго графам Эмерыкам фон Гутэн-Чапскім у Кракаў. Ён упарадкаваў сваю вялікую бібліятэку, якая налічвала каля 20 тысяч тамоў, і ў якой захоўваліся рукапісы Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшкі, Юліяна Нямцэвіча, Пятра Адзінца, Напалеона Орды і іншых, звыш 300 рукапісных рарытэтаў, 31 з якіх были на пергаменце, фаліянты старажытных выданняў, кнігі, гравюры, экслібрысы, партрэты у тым ліку і роду графаў фон Гутэн-Чапскіх і параднённых з імі радоў, лісты, карты (мапы), карыкатуры, творы жывапісу і графікі і многае іншае. Для дублікатаў, менш каштоўных кніг і кніг рускай тэматыкі і рускага выдання, ён рэканструіруе і мадэрнізіруе былы летні павільён, які быў пабудаваны яшчэ на мяжы ХVІІ – ХVІІІ стагоддзяў, і ператварае яго ў цудоўны мініяцюрны рамантычны сярэдневяковы “замок” — палацавы павільён – “Скарбніцу” (“Scarbiс”, “Сокровищница”), які захаваўся да нашых дзён і які з сярэдзіны 2008 года рэстаўрыруецца.

Найбольш каштоўная і старажытная частка бібліятэкі заняла адзін з самых вялікіх залаў палаца, што быў размешчаны па цэнтру паркавага фасада. Дубовыя шкафы для бібліятэкі зрабіў Пікулік — мясцовы майстар-чырвонадрэўчык. У бібліятэцы захоўваліся каштоўныя кнігі – каля 700 кніг, што былі выдадзены ў ХVІ стагоддзі, кнігі з аўтографамі і экслібрысамі і кнігі, набытыя ў Вільні, Мінску, Слуцку. Шмат кніг было пераплецена мясцовымі майстрамі — С.Хаскіным з Мінску і іншымі. У вялікіх металічных незгараемых сейфах захоўваліся сямейныя каштоўнасці графаў фон Гутэн-Чапскіх.

Менавіта, гэтыя каштоўныя экспанаты запоўнілі станькаўскі палац і сталі асновай буйнейшага прыватнага Еўрапейскага музея імя Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, які быў створаны клопатам і працаю Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.

У станькаўскім палацы захоўваліся і выстаўляліся калекцыі археалогіі з раскопак, якія праводзіў вакол Станькава і на навакольных курганах вядомы археолаг і гісторык Генрых Татур, нумізматыкі, ордэнарыкі, зброі, даспехаў, іконаграфіі, жывапісу, гравюры, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, посуд, мэбля, фотаздымкі, прадметы сялянскага побыту, вядомыя слуцкія паясы і іншае.

У зборах Эмерыка фон Гутэн-Чапскага былі 192 партрэты Пятра І, 150 – Кацярыны ІІ, 64 — Паўла І, 199 – Аляксандра І, 43 — Мікалая І, англійская карыкатура на Кацярыну ІІ, 16 партрэтаў Багдана Хмяльніцкага, 70 партрэтаў Тадэвуша Касцюшкі і мініяцюра “Тадэвуш Касцюшка” (1796), 10 партрэтаў Адама Міцкевіча, партрэт Уладзіслава VІ Вазы (1624), партрэты беларускага і польскага паэта, публіцыста Вінцэся Каратынскага (1831 — 1891), сына Адама Міцкевіча Уладзіслава Міцкевіча (1838 – 1926), пастыра Юліяна Бергеля (1819 – 1895) са Слуцка, партрэт фельдмаршала Дубіча, карціна “Фрагмент бітвы пад Варшавай 18 ліпеня 1656г.” (1696) Свідэ , карціна “Асада Смаленска” (1635) С.Саверу, “Карыкатура салдата” А.Арлоўскага, карціна “Старая какетка” (1656 – 1658) О.Фалька, партрэты магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Тышкевічаў, простых людзей: аўчар Антон Галец з Навагрудчыны, 3500 экспанатаў, 2300 партрэтаў, 300 аўтографаў, шмат іншых партрэтаў, карцін, цікавых рэдкіх экспанатаў. Цікавыя малюнкі нясвіжскага гравёра Томаша Макоўскага (1562 ці 1575 – 1630), у тым ліку відокі Клецка, Нясвіжа, Коўна, унікальныя віды беларускіх гарадоў, у тым ліку гравюры Маціса Цунта і Георга Кіліяна, выкананыя ў 1568 і 1580 гадах у Гродна.

Сабрана значная колькасць калекцыі рукапісаў, у тым ліку 31 напісаных на пергаменце, рукапіс з ІV кнігі “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча, аўтографы Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшкі. Юльяна Нямцэвіча. П.Адынца, рукапісны зборнік вершаў, прадыктаваны А.Кабылінскім А.Міцкевіч. У бібліятэцы, якая займала ў “скарбчыку” маёнтка Станькава некалькі пакояў і налічвала каля 20 тысяч тамоў, было шмат унікальных выданняў, у тым ліку з беларускіх друкарняў – Брэсцкая Біблія 1563 года, 10 магілёўскіх, 10 нясвіжскіх рарытэтаў, кнігі з аўтографамі Адама Міцкевіча, братоў Тышкевічаў, Аляксандра Ельскага і іншых. У бібліятэку ўвайшлі зборы кніг Ю.Бергеля са Слуцка. Аматара старажытнасцяў А.Кабылінскага з Мінска, беларускага і польскага паэта, публіцыста Вінцэся Каратынскага. Шэраг кніг мелі надпісы іх уладальнікаў. У зборах Эмерыка фон Гутэн-Чапскага быў алтар, дзе захоўвалася Брэсцкая Біблія 1563 года, выдадзенная ў горадзе Брэст-Літоўску, старажытныя абразы.

У калекцыі захоўвалася шмат гербаў родаў, якія на працягу стагоддзяў парадніліся з графамі фон Гутэн-Чапскімі , сярод іх – Радзівілаў, Пуслоўскіх, Канапацкіх, Абуховічаў, Горскіх, Жэвускіх, Плавінскіх, Ліпскіх, Мельцунскіх, Ёдкаў-Наркевічаў, Меендорфаў, Мяльжынскіх, Ржэвускіх, Тгун-Гогенштэйнаў і іншых.

Тут дарэчы прывесці прыклад, які яскрава сведчыць аб каштоўнасці рукапісаў, што захоўваліся ў зборы графа фон Гутэн-Чапскага . Гэта “Ліст да Абуховіча” Цыпрыяна Камунякі ад 6 чэрвеня 1655 года. Ён быў адрасаваны Піліпу Казіміру Абуховічу (? — 06.09.1656) , дзяржаўнаму і ваеннаму дзеячу, дыпламату, пісьменніку, смаленскаму ваяводу, які кіраваў абаронай Смаленска ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў. І пасля аблогі з 25 чэрвеня да 23 верасня 1654 года здаў горад рускім войскам, за што быў абвінавачаны ў здрадзе, а таксама ў тым, што за хабар і падарункі здаў горад Смаленск і Смаленскае ваяводства маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу, але быў апраўданы польскім сеймам. Арыгінал гэтага ліста, які быў набыты графам фон Гутэн-Чапскім, захоўваўся ў “народным музеі” імя графа фон Гутэн-Чапскага ў горадзе Кракаў.

Упершыню поўны тэкст “Ліста да Абуховіча” быў апублікаваны беларускім гісторыкам, філолагам, этнографам, пісьменнікам Вацлавам Ластоўскім (1883 — 1938) у кнізе “Кароткія гісторыі Беларусі” (1910), перавыданне 1992, с.78 – 81. У “Лісце да Абуховіча” Цыпрыян Камуняка развенчвае бяздарнасць ваяводы ў ваеннай справе, асуджае яго, як здрадніка. У асобе Піліпа Абуховічуа аўтар выкрывае буйную шляхту таго часу, высмейвае яе норавы і паводзіны, з’едліва крытыкуе яе за сквапнасць, прадажнасць, бездапаможнасць у справе абароны Радзімы. Твор глыбока патрыятычны, напісаны жывой беларускай мовай, месцамі рыфмаванай, пазбаўленай паланізмаў, перасыпанай вострымі слоўцамі і дасціпнымі параўнаннямі, каларытнымі прыказкамі і прымаўкамі.

Акрамя манет і медалёў (каля 11 тысяч назваў) было шмат старых малюнкаў, гравюр, карцін, апісаны у асобым каталогу, які быў выдадзены графіняй Эльжбетай фон Гутэн-Чапскай у 1901 годзе ў Кракаве.
У канцы 1889 года ў Варшаве экспанаты са Станькава ўдзельнічалі ў вялікай выстаўцы “Старажытнае і новае мастацтва ў адносінах да прамысловасці” і ўразілі наведавальнікаў. Было прадстаўлена 409 манет і медалёў, пачынаючы ад часоў караля Жыгімонта І Старога да Станіслава Аўгуста Панятоўскага — апошняга караля Рэчы Паспалітай, якога дарэчы, пасля 1795 года прыхапіла з сабою ў Санкт-Пецярбург Кацярына ІІ, 69 ордэнаў, медалёў і іншых знакаў адрознення, даспехі ХVІ – ХVІІ стагоддзяў, якія былі багата ўпрыгожаны каштоўнымі металамі, камянямі, старажытныя сёдлы, два сярэбраныя бакалы з выявамі караля Яна ІІІ Сабескага і Міхаіла Карыбута Вішнявецкага. Выстаўленыя рэдкія экспанаты выклікалі вялікі рэзананс у прэсе, якая зацікавілася: а што ж яшчэ цікавага захоўваецца ў сценах станькаўскага скарбчыка і ў станькаўскім маёнтку?

У Кракаў з багацейшых станькаўскіх збораў Эмерык фон Гутэн-Чапскі адправіў гравюры, малюнкі, акварэлі, якія былі звязаны з паланістыкай. Нумізматычная калекцыя станькаўскага калекцыянера была ўнікальнай у славянскім свеце, самым вялікім зборам у Польшчы манет, медалёў, ордэнаў і іншых дзяржаўных знакаў адрознення.

На канчатковае рашэнне аб перанясенні музея з маёнтка Станькава ў горад Кракаў паўплывалі і сямейныя абставіны і, асабліва, канфлікт паміж графам Эмерыкам фон Гутэн-Чапскім і яго сынам графам Каралем-Янам-Аляксандрам фон Гутэн-Чапскім. У няпростай сітуацыі, якая склалася ў адносінах “отцов и детей”, перанясенне музея са Станькава ў Кракаў было адзіна правільным рашэннем.

З часам, калі Караль фон Гутэн-Чапскі прысвяціў сябе дзяржаўнай дзейнасці, звязанай з пасадаю мэра горада Мінска, якую ён займаў у 1890 – 1901 гадах, было бачна, што ён вельмі падобны ў сваіх учынках на бацьку. Як для Эмерыка былі асабістым захапленнем яго шматлікія зборы, так Караль прысвяціў сябе гораду Мінску. Так атрымалася, што, менавіта, тады, калі абодва былі прывязаны да сябе і да маёнтка Станькава, акрамя непаразуменняў паміж бацькам і сынам, Караль фон Гутэн-Чапскі кіраваў маёнткам бацькі — Станькаўскім ключом і невялікімі засценкамі і фальваркамі ў Ігуменскім павеце, лічачы маёнтак Станькава сваёй уласнай рэзідэнцыяй.

І такі выпадак у хуткім часе здарыўся: вясной 1894 года Караль фон Гутэн-Чапскі рашыў ажаніцца. Шлюб адбыўся 4 (17) ліпеня 1894 года з графіняй Марыяй Пуслоўскай (Марыэта). Пасля пышнага вяселля адбыўся фармальны раздзел маёнтка Станькава паміж сынамі — Каралем і Ежы (Юрыем). Усёй зямлі ў графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага ў той час было звыш 34 тысяч дзесяцін, акрамя лясных угоддзяў, млыноў, бровараў, смалакурань, цагляных заводаў, вінакурань, пладовых садоў і іншай нерухомай маёмасці.

Паводле фармальнага падзелу Каралю фон Гутэн-Чапскаму перайшлі станькаўскія маёнткі з засульскімі і фальваркамі: Станькава, Негарэлае, Прусінава, Зубрэвічы, Самуэлева, Засулле і іншыя. Юрый (Ежы) атрымаў у спадчыну маёнтак Каралёва, Прылукі, Скарынічы і невялікія засценкі ў Ігуменскім павеце. У паўднёва-заходнім напрамку ад Мінска — вёска Скарынічы Мінскага раёна і вёска Прусінава Уздзенскага раёна гэта канчатковыя пункты Станькаўскага ключа — адлегласць паміж імі каля 90 кіламетраў. Во якое было багацце ў графаў фон Гутэн-Чапскіх! А гэта толькі ў адным месцы! А такіх месц у іх было шмат у Беларусі! Граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі актыўна скупляў і акругляў свае вялікія ўладанні вакол Станькава.

Пасля раздзела маёнтака, графу Эмерыку фон Гутэн-Чапскаму было прапанавана неадкладна выехаць са Станькава разам з музеем у горад Кракаў. Вось вам і сыноўняя любоў! І багатыя таксама плачуць! Ды якімі слязьмі – рэкамі слёз!

Праўда, лета 1894 года Эмерык і Эльжбета фон Гутэн-Чапскія правялі яшчэ ў маёнтку Станькава: трэба было пракантраляваць укладку, упакоўку і адпраўку экспанатаў музея ў Кракаў. Для фарміравання музея ў горадзе Кракаве, графы фон Гутэн-Чапскія набылі двухпавярховы палац у неакласічным стылі, які быў пабудаваны ў 1884 годзе архітэктарам Антоніем Сідэкам, дарэчы, які захаваўся да нашых дзён. У гэтым доме ў Кракаве на вуліцы Вольскай, 10, знаходзяцца экспанаты музея імя Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, мякка кажучы, у сціплым і сціслым выглядзе. Чаму? Мы самі не ведаем і не бачылі, бо з Беларусі нас, беларускіх турыстаў, туды не пушчаюць паглядзець, што ж там засталося ад музея імя Эмерыка фон Гутэн-Чапскага. А засталося там, відаць, вельмі мала.

У 50-я гады ХІХ стагоддзя Эмерык фон Гутэн-Чапскі заклаў ў маёнтку Станькава парк, фарміраванне якога зацягнулася да пачатку ХХ стагоддзя, калі ўжо гаспадароў і старога і маладога не было ў жывых. У аснову арганізацыі прасторы парка быў пакладзены прынцып перспектыў, якія былі зарыентаваны ў бок пакатага схілу да невялікай рэчкі Рапуса — левы прыток Усы, басейн Нёмана, які ўпадае ў Курскую касу Балтыйскага мора. У парку былі высаджаны групы экзатычных дрэў — сасны веймутавай, піхты сібірскай, вязы, ліпы сэрцападобныя, сосны звычайныя, вязы ніцыя (голыя) Кампердаўна, тыя што растуць “каранямі ўверх”.

Граф фон Гутэн-Чапскі не верыў у цуды, не верыў і не сумняваўся ў майстэрстве свайго садоўніка. Але незвычайнае дрэва насуперак усялякім законам прыроды вырасла. Кажуць, на яго каранях, якія па-ранейшаму цягнуцца да неба, да сонца, да цяпла, перыядычна з’яўляюцца нежныя зялёныя лісцікі.
Вось вам міфы, легенды і паданні пра дрэва, якое расце “каранямі ўверх”. У парку растуць дубы, бярозы, альха, 75 відаў клёнаў, некаторыя з іх з’яўляюцца самымі высокімі ў Беларусі — звыш 25 метраў.

За возерам стаяў млын і Станькаўская Свята-Мікалаеўская праваслаўная царква, з бірузовым (блакітна-зелянаватым) купалам, якая была пабудавана талерантным (сам граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі быў каталіцкага веравызвання) графам і прыхажанамі і асвячоная архіепіскапам Мінскім і Бабруйскім Міхаілам (Галубовічам) 15(28) жніўня 1858 года. 150 — годдзе з дня заснавання Станькаўскай Свята-Мікалаеўскай царквы шырока адзначалася ў жніўні 2008 года.

Дарэчы, граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі недалюбліваў М.Галубовіча і “за глаза” кпіў з яго, кажучы “ у него поповские глаза”, што азначае “зависть, как (что) поповские глаза”.

На востраве — усе яго называюць востраў “Радасці”, востраў “Сустрэч” — на возеры пабудавана альтанка (бяседка) у выглядзе круглай ратонды з васьмю выбеленымі гашонаю вапнаю круглымі калонамі. Альтанка была акружана невялікімі купкамі дрэў рознага складу — дубы, бярозы, альха і з’яўлялася малой архітэктурнай формай гэтай часткі станькаўскага парка. У цэнтры альтанкі некалі стаяў мармуровы стол у выглядзе вазы, а не другім востраве – востраве “Смутку” – на пастаменце, узвышалася скульптура Маці Боскай з белага мармура.

У 30-я гады ХХ стагоддзя тут здымалі мастацкі фільм “Дуброўскі”, паводле аднаіменнай аповесці А.С.Пушкіна. На востраве, вакол альтанкі, раслі старыя бярозы. І востраў і альтанка захаваліся да нашага часу. Альтанка чакае сваёй чаргі на рэстаўрацыю. А Станькаўская Свята-Мікалаеўская царква аднаўляецца з 16 кастрычніка 2007 года. Прастою ў аднаўленні не было ні воднаго дня, акрамя рэлігійных свят і непрацоўных дзён.

У кастрычніку 1894 года граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі стаў законным уладальнікам дома ў Кракаве на вуліцы Вольскай 10, дзе планавалася размясціць яго калекцыю. Захаваўся вопіс гэтай калекцыі, прыведзены ў газеце “Время” ад 8 студзеня 1895 года ў аддзеле “Хроніка”:
“Сокровища будующего музея находятся в нашем городе, они прибыли из Вильно в 134 ящиках в шести вагонах. В них находились нумизматика, медальоны, ордена, медали, раковины, старый фарфор, древнее оружие, старая гданьская мебель, ценная библиотека, включающая многочисленные экземпляры вывезеной [ из Варшавы А.В.] в Петербург библиотеки Залусских, наконец, геологическая и минералогическая коллекции, которые могут считаться самыми большими в Европе… Начиная с субботы, работники фирмы г. Буянского переносят все это во временный склад, пока не передадут на пользу общества в музей имени графа Эмерика фон Гуттен-Чапского”:

У “ Списке гравюр, на которых изображены портреты польских знаменитых личностей в собрании графа Эмерика фон Гуттен-Чапского в Кракове”, які быў выдадзены Эльжбетай фон Гутэн-Чапскай, толькі гравюр налічвалася ў вядомага калекцыянера 2 тысячы 383 адзінкі захавання. Найбольш каштоўнымі былі відокі горада Гродна, які выканаў мастак Маціс Цюндтом у 1568 годзе, партрэт Пятра Іванавіча Пацёмкіна мастака Абрахама Блотсінга, адбітак на белым бархаце партрэта Пятра І, сцэна аблогі горада Смаленска ў 1654 годзе. Толькі партрэтаў караля Яна ІІІ налічвалася 76. Шмат было прадстаўлена партрэтаў магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, іншых вядомых радоў, з якімі графы фон Гутэн-Чапскія парадніліся, 70 партрэтаў Тадэуша Касцюшкі, 10 — Адама Міцкевіча і многіх іншых.

 “Время” ад 8 студзеня 1895 года”
“Время” ад 8 студзеня 1895 года

Граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі са Станькава ў Кракаў перавёз і музейныя экспанаты: мужчынскія тканыя паясы ў колькасці 16 штук, з іх 4 слуцкія з залатымі і сярэбранымі ніткамі з адзнакаю “ В град Слуцк” , “Дело Маднари”, старажытныя ваенныя даспехі, кальчугі, шлемы, коп’і, шматлікія вырабы з золата і срэбра, урэчскае і налібоцкае шкло, знакамітыя куляўкі “штрафны келіх” розных формаў і відаў, кераміка, масонскія знакі і іншае.

Граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі забраў тыя зборы і экспанаты, якія лічыў каштоўнейшымі і да якіх быў найбольш прывязаны (асабліва выбар кніг). Галоўным крытэрыем было – магчымая прыдатнасць да будучага музея, даступнага шырокаму колу грамадскасці. Перш за ўсё гэта была паланістыка. Пакінуў у Станькаве значную частку бібіліятэкі на рускай мове і збор гравюр на рускую тэматыку.

Сыноўняя (ці руская) частка збору – кнігі, карціны, гравюры – заставаліся ў маёнтку Станькава да 1916 года, пакуль дзеля выратавання ад кайзераўскіх войск не былі тэрмінова вывезены ў Маскву, дзе след іх безнадзейна згубіўся.

Такім чынам, усю сваю калекцыю граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі , адбіраючы для вывазу ў Кракаў, падзяліў на дзве часткі: пакінуў тут, у Беларусі, у маёнтку Станькава, усе расійскія манеты, медалі, карціны, памяткі старасветчыны, тое,што было беларускае і расійскае, так званую росіку, а ў Кракаў вывез усё польскае, усю польскую тэматыку – паланістыку. Будынак у Кракаве добра падыходзіў для размяшчэння музея, але аказаўся цеснаватым для размяшчэння такіх багатых збораў і калекцый.

Граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі вырашыў пабудаваць спецыяльны павільён, які быў бы прызначаны выключна для збораў. Падрыхтоўку праекта павільёна ён даручыў маладому архітэктару Тадэвушу Струельскаму (1849 – 1943).

Пасля зацвярджэння плана пачалося будаўніцтва павільёна, але рабочыя страйкі (забастоўкі) адмоўна ўплывалі на ўзвядзенне павільёна. Эмерык фон Гутэн-Чапскі з нецярпеннем чакаў заканчэння работ, сам імкнуўся дапамагаць уласнымі рукамі.

Перасяліўшыся ў 1894 годзе ў горад Кракаў, граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі пачаў актыўна абустрайваць сваё новае месца жыхарства ў двухпавярховым доме на вуліцы Вольскай 12 і ў доме 10, дзе былі размешчаны ўсе яго зборы. З Кракава ён ездзіў у Каламыю і Інавроцлаў за новымі антыкварнымі набыткамі. Пад непасрэдным кіраўніцтвам графа да дома-музея прыбудавалі яшчэ двухпавярховы павільён — фондасховішча.
У гэты час рыхтаваўся да друку чарговы том “Каталог. Коллекция медалей и монет польских. Петербург- Краков”. Складалася апісанне партрэтных гравюр.

Летам 1896 года графіня Эльжбета фон Гутэн-Чапская паехала да сыноў у Станькава і Прылукі ў госці. Праз нейкі час у Эмерыка фон Гутэн-Чапскага раптам разбалеўся зуб. Ён звярнуўся за дапамогаю да вядомага кракаўскага дантыста, які ў час лячэння занёс інфекцыю і 23 ліпеня (5 жніўня) 1896 года граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі памёр. Перад смерцю граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі выказаў жаданне, каб яго пахаванне адбылося без шырокай агалоскі, як мага найсціплей.

Развітацца з памерлым прыйшло ўсё кіраўніцтва горада Кракава, увесь цвет інтэлігенцыі, прыбылі шматлікія сваякі — арыстакраты амаль з усёй Еўропы. Імша адбылася ў касцёле Святой Барбары. Пахавалі графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага на Ракавіцкіх могілках, на галоўнай алеі, побач з магілаю выдатнага польскага мастака-жывапісца Яна Матэйкі, які памёр у 1893 годзе. На Ракавіцкіх могілках пахаваны і вядомы беларускі паэт Алесь Гарун і пісьменнік, гісторык, калекцыянер Адам Кіркор. Сярод іх і іншых вядомых постацей пахаваны на вечны спачын і наш нястомны калекцыянер-нумізмат родам са Станькава, што на Койданаўшчыне.

Наш вядомы зямляк шмат зрабіў для прапаганды гістарычнага мінулага славянскіх народаў, клапаціўся, каб усё ім сабранае і апублікаванае стала народным здабыткам і належала народу.

Як жа ўшанавана імя графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага і памяць у гісторыі мастацтва, літаратуры, медальерным мастацтве?


Праца графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага адзначана вялікім сярэбраным медалём Рускага археалагічнага таварыства, “За вучоныя працы па археалогіі. У гонар 25-годдзя навуковай працы. 1871 – 1896“. Мастак А.Барташэвіч, золата, серабро, бронза.
Г.Х.Татур напісаў працу “Гісторыя Станькава” (рукапіс захоўваецца ў архіве доктара гістарычных навук, прафесара Г.А.Каханоўскага).
А.К.Ельскі выдаў брашуру – некралог у 1896 годзе пра графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.
Міхаіл Галубовіч, “Дыярыуш ХIХ стагоддзя”. Мн., 2001.
Чапская Марыя. Еўропа ў сям’і. Парыж. 1970.
Кацуёва Марыя. Памяткі бацькоўскія, уратаваныя з буры гістарычнай. Музей Эмерыка фон Гутэн-Чапскага (Станькава – Кракаў)”. У кнізе змешчана шмат матэрыялаў пра графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.
”Слоўнік нумізмата”. Х.Фенглер і інш. М.,1993.
Экслібрыс графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.
Валахановіч А.І. Графы фон Гутэн-Чапскія на Беларусі. Мн., 2003.
Валаханович А.И., Кулагин А.Н. “Дзержинщина: Прошлое и настоящее”. Мн., 1986.
Валахановіч А.І. пра Эмерыка фон Гутэн-Чапскага напісаў шмат артыкулаў і пра графаў фон Гутэн-Чапскіх у перыядычным друку.
Памяць. Дзяржынскі раён. Мн., 2004.
Памяць. Уздзенскі раён. Мн., 2004.
Кісялёў У.М. Пуцявіля Наднёмана. Мн., 2009.
Газета “Советская Беларусь”: статьи А.В.Мальдиса, Л.Ф.Селицкой и др.
“Беларуская энцыклапедыя”. У 18-ці тамах.
“Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”. У 6-ці тамах.
Газета “Звязда” . Артыкулы пра графаў фон Гутэн-Чапскіх.
Федорук А.Т. Утеренные усадьбы Беларуси. Мн.,
Федорук А.Т. Старинные усадьбы Минского края. Мн.,
Троська Я. Станькаўскі парк і асаблівасці яго дрэвастану.

У Мінску, Станькаве, Дзяржынску, Прылуках няма вуліцы, названай ў гонар графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, але ёсць надзея, што такая вуліца з’явіцца і гэта будзе даніна памяці графу Эмерыку фон Гутэн-Чапскаму, які шмат зрабіў для папулярызацыі культуры і мастацтва Беларусі, Польшчы, Расіі.

Анатоль Іосіфавіч Валахановіч, пісьменнік, гісторык-журналіст, краязнавец

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *