Цеплым летнім днём амаль дзвесцe гадоў таму ў маёнтку Станькава, што знаходзіцца непадалёку ад мястэчка Койданава, хавалі маладую прыгожую жанчыну. Яе імя было, як у славутай польскай каралевы, — Ядзіга і лёс яе такім жа нешчаслівым, бо давялося пайсці ў нябыт зусім маладой. Гаспадар станькаўскай сядзібы, граф Чапскі,распарадзіўся, каб пахаванне было пышным: нябожчыцу прыбралі ў дарагую бархатную сукенку, расшытую жэмчугам; касцел, у якім адпявалі красуню, літаральна тануў у кветках; белыя жывыя лілеі былі па-майстэрску ўплецены ў чорныя доўгія косы памерлай; бедным шчодра раздавалася міласціна, каб дабром успомнілі тую, што так хутка развіталася з жыццём; іншых чакала багатая памінальная вячэра. Усё рабілася так, каб нават нетутэйшы адразу зразумеў — хаваюць высакародную, адну са старажытнага і вядомага роду Чапскіх — маладую жонку графа.
Уладальнік станькаўскага маёнтка паклапаціўся, каб былі захаваны ўсе звычаі і традіцыі яго роду, — пра іх звычайна ўспаміналі толькі ў сувязі з такімі падзеямі, як хрэсьбіны, вянчанне ці пахаванне. Быццам бы шляхетным суседзям, якія прыехалі развітацца з графіняй і выказаць графу свае шчырыя спачуванні, не знаходзілася, чым дакараць Чапскага, — тым не меньш, ціхі шэпт, загадкавыя позіркі, шматсэнсавыя ўздыхi суправаджалі труну да самых радавых могілак, што знаходзіліся за вёскай Станькава. Шмат таямнічага, незразумелага і загадкавага было вакол гэтай смерці.
Пані Ядзвіга памерла даволі нечакана, — усе, хто ведаў яе з дзяцінства, сцвярджалі, што яна ніколі не была не толькі хворай, але нават і сумнай. Графіня Чапская ўзяла з сабой у магілу таксама і сваё ненароджанае дзіця — такое двайное гора магло б зламаць любога мужчыну. Але ўдавец на людзях выглядаў надзвычай спакойным і ўраўнаважным. Людзі пляткарылі і пра адсутнасць на пахаванні сваяка красуні Ядзвігі — кузена Уладзіслава. Па незразумеламу і страшнаму супадзенню ў той самы дзень, калі яна памерла, юнак быў цяжка паранены невядомым на дуэлі. Цяпер жа ён, непрытомны, знаходзіўся ў доме свайго сябра. Цікаўныя шукалі разгадку, якая была вядома толькі траім: нябожчыцы Ядзвізе, непрытомнаму, цяжка параненаму дуэльянту Уладзіславу і ўдаўцу.
Гэты дзень і вечар вельмі стамілі графа, які не адпачываў і ўчора. Ён з нецярпеннем чакаў, калі яго урэшце, пакінуць аднаго. Калі ж апошні спачувальнік ад’ехаў, удавец адаслаў слуг і, бяссільны, упаў на шыкоўны ложак пад балдахінам, які не адно стагодзе служыў Чапскім і лічыўся сямейнай рэліквіяй. Графу здавалася, што ён адразу засне. Але ў галаве ўсё мільгалі, праносіліся вобразы, цені, адбіткі сённяшняй падзеі. Нават снатворнае дапамагло графу праваліцца ў міласэрнае забыццё толькі на кароткі час, бо пачаліся бачыцца кашмары…
Бледная жанчына з раскудлачанымі, як у фурыі, валасамі, з вачыма, напоўненымі жахамі, ляжала ля яго ног, абдымала іх, хапалася за адзенне, цалавала рукі, упрошваючы пакінуць ёй жыццё… Граф зноў і зноў уваскрашаў у сне тое, што зусім нядаўна давялося яму перажыць. Ён ведаў, што гэта сон, што трэба толькі скінуць яго, адмахнуцца ад яго, але нейкая звышнатуральная сіла перашкаджала яму гэта зрабіць.
— А Уладзіслаў? Мой Уладзіслаў? Што ты зрабіў з ім? Няўжо ты не пашкадаваў і яго? Няўжо ў цябе камень замест сэрца? — тое ж крычала яму напярэдні смерці яго жонка.
Стогны і плач даносіліся з яе пакоя, дзе граф Чапскі замкнуў у рэшце рэшт жонку, да самай поўначы. Потым раптоўна перарваліся, быццам жанчына захлябнулася імі. Стала ціха… І граф з палёгкай перакрысціўся…
Калі трыццацігадовы граф Чапскі ўрэшце вырашыў ажаніцца, яго выбар здзівіў шмат каго. Нявеста сапраўды была вельмі прыгожай, але яна з’яўлялася прадстаўніцай пыхлівага, шматлюднага роду дробных польскіх шляхцюкоў. Яе родзічы былі беднымі і тым не менш лічылі, што шлюб з прадстаўніцай іх сям’і — вялікае шчасце для кожнага і вялікая міласць з іх боку.
Першыя расчараванні граф Чапскі адчуў праз два месяцы пасля вяселля. Пані Ядзвіга запрасіла гасцей у станькаўскі маёнтак, яе сваякі — шасцёра чалавек — ласкава згадзіліся правесці тут усё лета. Маладога мужа вельмі здзівіла, што жонка нават не падумала спытацца пра яго згоду і дазвол. Але яму не хацелася сварыцца з Ядзвігай у першы ж год іх сямейнага жыцця.
Госці паводзілі сябе надзвычай нахабна: распараджаліся слугамі як хацелі, уваходзілі без дазволу ў любы пакой і ў любы час, у любое памяшканне станькаўскай сядзібы, былі чамусці ўсім незадаволены. Некалькі разоў Чапскі памыкаўся пагаварыць сур’ёзна з Ядзвігаю, але яна альбо сапраўды нічога не заўважала, альбо толькі рабіла выгляд. Кожны асцярожны намёк мужа на тое, што гасцям пара і меру ведаць і час ужо і развітацца з хлебасольнымі гаспадарамі, жонка ўспрымала нявіннай усмешкаю і просьбамі альбо зрабіць каму-небудзь з яе сваякоў чарговы падарунак, альбо пазычыць ім грошай.
Аднойчы граф заўважыў юнага кузена Ядзвігі, Уладзіслава, у сваім кабінеце. Той знаёміўся з начыннем гаспадарова стала. Гэта было ўжо занадта. Гасцей у той жа дзень настойліва папрасілі пакінуць маёнтак Станькава і ў той жа дзень адбыўся першы канфлікт паміж мужам і жонкаю. Ядзвіга з’ехала ў Нямеччыну — Ніцу — да сяброўкі дзяцінства і вярнулася толькі тады, калі зразумела, што чакае дзіця. Але графіня вярнулася з-за мяжы не адна — з ёй прыехала дрэнная слава. Чапскі са здзіўленнем даведаўся, што ў Ніцу да кузіны прыязджаў Уладзіслаў. Шмат хто бачыў іх там разам. Потым стары сябра бацькоў Чапскага быццам бы выпадкова прагаврыўся пры ім, што яшчэ ў 15 гадоў Ядзвіга была заручана з Уладзіславам. Заручыны скасавалі праз год, бо ні жаніх, ні нявеста не мелі сродкаў для шлюбу: нерухомасць была даўно ўжо заложана, грошы растрачаны яшчэ іх бесталковымі бацькамі.
У галаве Чапскага з’явіліся страшэнныя падазрэнні. Але ён не спяшаўся з рашэннем. Запаволены флегматычны розум графа патрабаваў упэўненасці. З гэтага моманту кожны рух графіні, кожны ўчынак, кожнае яе слова перадаваліся мужу. Верныя слугі перахапілі два лісты, змест якіх абвінавачваў Ядзвігу ў нявернасці. Але Чапскі яшчэ хістаўся: жанчыны яго саслоўя рэдка выдаваліся замуж па каханню. Яго цалкам магло б задаволіць і тое, што жонка, кахаючы іншага, захоўвае павагу да гонару мужа. Каб не зрабіць памылкі, граф рашыўся запрасіць на баль у дзень жончыных імянін Уладзіслава. Святкаванне цягнулася тры дні. Ядзвіга была такой шчаслівай, такой удзячнай, такой вясёлай… Але, менавіта, тады графініна служанка здабыла для яе мужа страшэнны доказ Ядзвігінай здрады. Была падслухана размова, у якой графіня ў тым, што яе будучае дзіця — плод іх кахання.
Цэлы месяц пасля такой весткі Чапскі рыхтаваўся да помсты. Спачатку, па яго плану, павінны быў быць пакараны шчаслівы сапернік. Майстар-брэцёр выклікаў яго на дуэль і прастраліў грудзі. Будучы ўпэўненым, што Уладзіслаў ужо мёртвы, граф паведаміў пра гэта Ядзвізе. А калі пачуты жах ператварыў яе заўсёды румяны твар у бледны твар прывіда, Чапскі паднёс шклянку вады. Яна выпіла, не заўважыўшы незвычайнага прысмаку, і з гэтага моманту пачалося пакутлівае, доўгае паміранне. Граф спадзяваўся, што зможа вытрымаць усё і застацца халаднакроўным. Але праз тры гадзіны нервы яго пачалі здаваць, і ён вымушаны быў зачыніць Ядзвігу ў яе пакоі. Яна памерла з праклёнамі на вуснах. І незразумела было, чыё жыццё аплаквала графіня больш: сваё, ненароджанага дзіцяці ці Уладзіслава.
Чапскі супакоіўся, калі яна адышла. Душэўны спакой не пакідаў яго пад час пахавальных клопатаў і самой цырымоніі. Ён ганарыўся сабою. Здаецца, адзінае, што перашкоджала графу ўздыхнуць з палёгкай, была вестка аб тым, што Уладзіслаў яшчэ жывы. І тут гэты сон… Граф устаў з ложка ўстрывожаны: а раптам гэта пачынаюцца душэўныя згрызоты сумлення? Не трэба паддавацца ім! Ён знішчыў не жанчыну, а зло. Ён уступіўся за свой зняважаны гонар — што можа быць больш вартым?
Малады Уладзіслаў, няшчасны каханак пані Ядзвігі, памёр толькі праз тыдзень. Яго моцны, малады арганізм змагаўся з непазбежнасцю да апошняга. А граф Чапскі ўвесь гэты час змагаўся са сваімі начнымі кашмарамі, прыходзячы ў адчай ад таго, што не можа іх пераадолець. Нябожчыца трывожыла яго спакой штоноч. Яна ўжо больш не аплаквала свой лёс, а ўспамінала пра каханага: «Бог змілуецца над ім, ён застанецца жывым, каб адпомсціць табе за нас», — гаварыла Ядзвіга. І яе забойцу ў ложку кожную ноч працінаў ліпкі халодны пот…
Калі Чапскаму паведамілі пра смерць Уладзіслава, ён уздыхнуў з палёгкай. Але дарэмна спадзяваўся граф, што душа нявернай жонкі пакіне яго ў спакоі. У гэтую ноч ён меў гутарку ўжо з дзвюма зданямі. Ядзвіга пяшчотна абдымала свайго прыгожага кузена, і Уладзіслаў цалаваў ёй валасы і тонкія, далікатныя пальцы. Яны лашчылі і кахалі адзін другога ўсю ноч, і Чапскі ў бяссіллі стагнаў і рваў зубамі прасціны, бо не мог ні прачнуцца, ні перашкодзіць ім. Пад раніцу нябожчыца-графіня помсліва прагаварыла, звяртаючыся да злачынцы: «Ты хацеў разлучыць нас, але, сам не ведаючы гэтага, аб’яднаў. Пры жыцці мы ўтойвалі наша каханне, сустракаліся рэдка і баючыся. Цяпер жа нам няма каго баяцца. Кожная ноч будзе наша. І ты будзеш сведкам гэтага. Вось такое табе пакаранне…»
Усяго за паўгода граф Чапскі з моцнага мужчыны ператварыўся ў старога сівога вар’ята. Ён баяўся цемры і ночы, свайго ложка. Ён баяўся спаць, падаўжаючы свой дзень спецыяльнымі лекамі супраць сну. Кожнаму, хто загаворваў з ім, станькаўскі гаспадар-самотнік пачынаў доўга, забываючыся і заблытваючыся, апавядаць нешта пра няверных жонак і нахабных каханкаў… Незразумелы, бессэнсоўны апавед часта перарываўся смехам ці слязамі.
Даведаўшыся пра гэткі стан графа, яго бліжэйшыя родзічы прыехалі ў Станькава, каб узяць апякунства над ім. Але ні заслугі мясцовага святара, ні святая вада, прывезеная спецыяльна для хворага з Іерусаліма, ні клопаты лепшых дактароў не дапамагалі. Граф Чапскі павольна сыходзіў у магілу. За некалькі дзён да смерці граф загадаў знайсці велізарны камень-валун і пакласці яго на магілу пані Ядзвігі, спадзяючыся, што, можа, хоць ён перашкодзіць яе душы лятаць на спатканні з душою загінуўшага на дуэлі каханага Уладзіслава. Ёй ніколі не выбрацца з-пад гэтага каменя, бо яна ж заўсёды была вельмі танклявай і далікатнай! «Цяпер мне ніхто не перашкодзіць выспацца!» — з палёгкай уздыхнуў граф Чапскі.
Сапраўды, у гэтую ноч граф Чапскі спаў спакойна і нават усміхаўся ў сне. Толькі раніцаю ён ужо не ўстаў з ложка. Медыкі вырашылі, што граф Чапскі памёр ад таго, што надарваўся, дапамагаючы сялянам класці вялікі і цяжкі камень на магілу сваёй нявернай жонкі. Але сяляне графа Чапскага лічылі інакш: іх гаспадар так змучыўся ад бясконцых кашмарных начэй, што ўпершыню заснуўшы спакойна, не захацеў больш прачынацца. Можа, яно і так!
А.І. Валахановіч «Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі, 2003 г.»