Главная > А.І. Валахановіч > АРХІЕПІСКАП МІНСКІ I БАБРУЙСКІ МІХАІЛ ГАЛУБОВІЧ

АРХІЕПІСКАП МІНСКІ I БАБРУЙСКІ МІХАІЛ ГАЛУБОВІЧ

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе, 13 (24) красавіка была ўтворана Мінская епіскапская кафедра. Яна ахоплівала тэрыторыю Беларусі прыблізна ў сучасных межах. Пачалося «церковное устроение», якое адпавядала кананічым устанаўленням Святога Праваслаўя. Нанова ўтворанай Мінскай епархіі было наканавана «олицетворять Матерь Церковь» на землях, якія доўгі час знаходзіліся ў юрысдыкцыі ўніяцкага свяшчэннаначалля.

У лона прабацькоўскай Праваслаўнай царквы былі вернуты тысячы вернікаў, продкі якіх яшчэ ў XVI стагоддзі былі адарваны ад Усяленскага Праваслаўя і прываблены ў рымска-каталіцкую царкву. Цікава адзначыць, што кананічная тэрыторыя новаўтворанай Мінскай епархіі ўключала ў сябе і старажытныя Тураўскую і Пінскую землі (княствы). Мінская епіскапія з’яўлялася гістарычнай і духоўнай пераемніцай і Пінска-Тураўскай епархіі, якая ў свой час брала пачатак ад старажытнай Тураўскай епіскапскай кафедры.

У 1793 годзе землі, якія адыйшлі да Расійскай імперыі, утварылі тры губерні: Мінскую, Ізяслаўскую і Брацлаўскую. Для кіравання Праваслаўнай Царквы ў гэтых землях Свяшчэнны Сінод заснаваў 33-ю па ліку ў Расійскай імперыі епархію — Мінскую са статутам архіепіскапіі.

Першапачаткова кананічная тэрыторыя займала абсягі Валыні, Падоліі і амаль усёй Мінскай губерніі. Да часу заснавання епархіі на гэтай тэрыторыі знаходзілася каля 7 тысяч царкоўных прыходаў, і амаль усе яны былі пад уніяй.

Першым прадстаяцелем Мінскай епархіі з тытулам «Мінскі, Ізяслаўскі і Брацлаўскі» стаў архіепіскап Віктар (у свеце Васіль Сімяонавіч Садкоўскі). Увядзенне яго на Мінскую кафедру адбылося адначасова з яе ўтварэннем 13 (24) красавіка 1793 года. Усіх правячых архіерэяў Мінскай епархіі з часу яе заснавання было 30.

Трыццатым па ліку стаў Высокапрэасвяшчэннейшы Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патыяршы Экзарх усяе Беларусі з 1978 года (дарэчы, нядаўна шырока адзначалі 40 год яго архіпастарскага служэння, накіраванага на ўмацаванне, устраенне прыходскога жыцця і духоўнага ўзрастання паствы). Студэнты Мінскай духоўнай семінарыі выпусцілі асобны нумар часопіса «Ступени”, які выдаецца Мінскай епархіяй.

Восьмым па ліку правячым архіерэем Мінскай епархіі быў архіепіскап Міхаіл (у свеце Міхаіл Аляксеевіч Галубовіч), пра якога ў нас і пойдзе ў далейшым гутарка. Міхаіл Галубовіч нарадзіўся 8 лістапада 1807 года ў сяле Высокае Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Паходзіў з сям’і ўніяцкага святара. У 1816 — 1823 гадах вучыўся ў Свіслацкай гімназіі Гродзенскай губерні, якую закончыў па першым разрадзе, як у нас з залатым медалём.

У 1823 — 1828 гадах Міхаіл Галубовіч працягваў вучобу ў Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце, па заканчэнні якой атрымаў ступень магістра багаслоўя. У 1828 годзе ён быў рукапакладзены ва ўніяцкага святара і прызначаны інспектарам і прафесарам Літоўскай семінарыі ў Жыровічах. У 1830 годзе Міхаіл Галубовіч абараніў дысертацыю ў Віленскім імператарскім універсітэце на ступень доктара багаслоўя і кананічнага права. Будучы выкладчыкам дагматычнага багаслоўя і царкоўнай гісторыі ў семінарыі, ён быў прызначаны членам Літоўскай уніяцкай кансісторыі. У 1835 годзе ўзведзены ў пратаіерэі і прызначаны віцэ-старшынёй Літоўскай кансісторыі.

Міхаіл Галубовіч
Міхаіл Галубовіч

Пратаіерэй Міхаіл актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы ўз’яднання ўніяцкай царквы з праваслаўнай. “Ён паспяхова выконваў даручанае яму місіянерства, раз’язджаючы па розных цэрквах», — успамінаў архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Антоні (Зубко), які быў правячым архіерэем Мінскай епархіі ў 1840 — 1841 гадах. Дарэчы, архіепіскап Міхаіл змяніў архіепіскапа Антонія на гэтай пасадзе.

Пратаіерэй Міхаіл ў 1839 годзе падпісаўся пад актам Полацкага сабора і быў прыняты ў клір Рускай Праваслаўнай Царквы. Стаўшы ўдаўцом, у 1839 годзе пратаіерэй прыняў манаскі пострыг і быў пасвячоны ў архімандрыта Быценскага Петра-Паўлаўскага мужчынскага манастыра, а потым быў рукапакладзены ў епіскапа Пінскага, вікарыя Літоўскай епархіі.

Яго архіерэйская хіратонія была здзейснена ў Храме Віленскага Свята-Духава манастыра архіепіскапам Літоўскім Іосіфам (Сямашкам), епіскапамі — Полацкім Ісідарам (Нікольскім) і Брэсцкім Антоніем (Зубко). У 1840 годзе епіскап Міхаіл быў прызначаны епіскапам Брэсцкім, вікарыем Літоўскай епархіі. Шмат гадоў пастырская дзейнасць Міхаіла была звязана з Літоўскай духоўнай семінарыяй і духоўным вучылішчам.

7(19) кастрычніка 1828 года ў мястэчку Жыровічы Слонімскага павета Віленскай губерні ў Свята-Успенскім мужчынскім манастыры ў дзень святых Сергія і Вакха адбылося ўрачыстае адкрыццё Літоўскай духоўнай семінарыі і духоўнага вучылішча. Рэктарам быў прызначаны пратаіерэй Антоні Зубко. Яму, як цяпер кажуць, “зверху” была спушчана інструкцыя з указаннем звяртаць асаблівую ўвагу на вывучэнне прадметаў на рускай мове і аднаўленне чысціні ўсходняга праваслаўнага абраду.

Антоні Зубко і Антоні Тупальскі старанна падбіралі педагагічны склад семінарыі. Вось у гэтую духоўную семінарыю і быў прызначаны інспектарам член Літоўскай кансісторыі святар Міхаіл Галубовіч, дзе ён выкладаў дагматычнае багаслоўе і нямецкую мову.

Чаму менавіта тут была адкрыта духоўная навучальная ўстанова?

Вялікія будынкі, цудоўнае месцазнаходжанне — беларуская Швейцарыя ў поўным сэнсе гэтага слова (падыміцеся на гару, дзе на могілках стаіць Свята-Георгіеўская царква — і перад Вамі адкрыецца вельмі прыгожы пейзаж), а таксама здаровы клімат, намоленае месца, адсутнасці моцнага каталіцкага ўплыву, і, самае галоўнае, праваслаўная святыня — Жыровіцкі абраз Божай Маці — былі спрыяльнымі ўмовамі для выхавання юнацтва ў духу Праваслаўя.

У 1834 годзе епіскап Іосіф (Сямашка), інспектуючы Жыровіцкую духоўную семінарыю і вучылішча, звярнуў пільную ўвагу на тое, што многія святары не ведаюць славянскай мовы і аддаў распараджэнне выклікаць на чарзе духавенства Літоўскай епархіі ў Жыровічы для навучання семінарыстаў чытанню, спевам і праваслаўным абрадам. 3 гэтай мэтай з ліку выкладчыкаў семінарыі ў Жыровічах была створана спецыяльная камісія з 6 чалавек, у якую увайшоў і Міхаіл Галубовіч.

Гэтыя экстраардынарныя меры неўзабаве далі станоўчыя вынікі: 4 верасня 1834 года ўпершыню ў Жыровіцкай семінарыі на рускай мове прагучала казань, якую правёў інспектар Іпаліт Гамалінскі, 29 снежня 1934 года ў Саборы на рускай мове прагучала казань студэнта семінарыі Брэна.

Выкладчыкі Літоўскай семінарыі і члены кансісторыі прадстаўлялі сабой адзіны згуртаваны калектыў, злучаны не толькі сяброўскімі, але і сваяцкімі сувязямі.

Чатыры дачкі старшыні кансісторыі Антонія Тупальскага сталі жонкамі — Міхаіла Галубовіча, Плакіда Янкоўскага, Карла Вронскага і Пракопія Дабрахотава (будучы епіскап Павел).

У 1837 — 1839 гадах вялікі поспех мела дзейнасць віцэ-старшыні кансісторыі Міхаіла Галубовіча, які добра ведаў многіх святароў епархіі. Поспеху ўкаранення праваслаўя ў Літоўскай епархіі садзейнічала і тое, што Жыровіцкая семінарыя знаходзілася адносна далёка ад каталіцкіх цэнтраў і некалькі разоў на год яе наведвала вялікая колькасць паломнікаў, якія адусюль прыходзілі на пакланенне Жыровіцкаму абразу Божай Маці. Дзякуючы гэтаму руская сістэма адукацыі, якая была ўстаноўлена ў Жыровіцкай семінарыі, Праваслаўнае богаслужэнне ў Саборы, казанні на зразумелай рускай мове мелі станоўчы ўплыў на вернікаў, паломнікаў і святароў, якія наведвалі Жыровічы.

Каталіцкі публіцыст Валяр’ян Харкевіч у той час пісаў, што “Жыровічы сталі труною уніі”, але гэта “труна, — як адзначаў архімандрыт Антоні (Мельнікаў), — была ідэйная, і нязгодных тут у труну не заганялі”.

Да канца 1838 года 1305 уніяцкіх святароў падалі свае падпіскі за ўз’яднанне з праваслаўем. У пачатку 1839 года абставіны ў заходніх губерніях складваліся такім чынам, што адкладаць ўз’яднанне Уніяцкай Царквы з Праваслаўнай стала немэтазгодным.

12 лютага 1839 года ў Полацку адбылася гістарычная падзея — на Царкоўным Саборы быў падпісаны акт аб уз’яднанні Уніяцкай Царквы з Праваслаўнай. Полацк і Жыровічы сталі цэнтральнымі духоўнымі месцамі, дзе ўрачыста адзначалася гэтая падзея.

Духоўная семінарыя ў Жыровічах праіснавала да 1845 года. У выніку ўтварэння Віленскай губерні Літоўская семінарыя і епархіяльнае ўпраўленне былі пераведзены ў Вільню.

Архіепіскап Іосіф Сямашка са шкадаваннем развітаўся з Жыровічамі. У сувязі з гэтым ён пісаў: “Жыровічы ёсць сапраўднае сэрца епархіі. Колькі я ні думаю, а ўсё спыняюся на той думцы, што трэба пакінуць у Жыровічах і семінарыю і духоўную кансісторыю. Тут сапраўдны цэнтр епархіі”.

Замест семінарыі ў Жыровічах было ўтворана духоўнае вучылішча, а манастырскія памяшканні зноў засялілі манахі, узнавіўшы тым самым існаванне Жыровіцкага манастыра, які дзейнічае да нашага часу.

1 сакавіка 1848 года епіскап Міхаіл быў прызначаны на Мінскую кафедру. Што здзейсніў архіепіскап Міхаіл у 1848 — 1868 гадах за 20 гадоў сваёй нястомнай пастырскай працы — у маім наступным матэрыяле.

Архіпастырскае служэнне Высокапрэасвяшчэннейшага Міхаіла, Архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага (1848-1868).

Дваццаць гадоў архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Міхаіл быў на пасадзе правячага архіерэя Мінскай епархіі. Яму дасталося ў спадчыну шмат нявырашаных праблем. I галоўнай з іх было гаротнае становішча прыходаў і вернікаў, якія былі далучаны з Уніі да Праваслаўя. У гэтым ён сам увачавідкі ўпэўніўся ў час сваёй актыўнай візітацыі Мінскай епархіі ў 1848 годзе і ў іншыя гады. Асаблівых клопатаў і ўвагі ў той час патрабавалі і манастыры.

У 1852 годзе епіскап Міхаіл падаў прашэнне ў Свяцейшы сінод аб пераводзе ў Мінск Вальнянскага Троіцкага жаночага манастыра, які знаходзіўся ў Навагрудскім павеце. Але перавод у Мінск гэтага манастыра не адбыўся паводле матэрыяльных стасункаў, да таго ж, і манахінь у жаночым манастыры было мала.У 1853 годзе епіскап Міхаіл быў узведзены ў сан архіепіскапа.

У 1854 годзе паводле Указа Свяцейшага Сінода быў скасаваны Слуцкі Ільінскі жаночы манастыр, бо не было сродкаў на яго ўтрыманне, не было штатнай колькасці манахінь і не было асаблівай патрэбы аднаўляць манастыр.

У Мінскай епархіі заставаліся два жаночыя манастыры (2-класны Пінскі Варварынскі і 3-класны Вальнянскі Троіцкі) і чатыры мужчынскія манастыры (1-класны Слуцкі Троіцкі; 2-класны Пінскі Багаяўленскі; 3- класны Грозаўскі Іаана-Багаслоўскі; 3-класны Лядянскі Свята- Благавешчанскі, які існуе да нашага часу ў Смалявіцкім раёне ў вёсцы Малыя Ляды, што за 45 км ад Мінска); у сярэдзіне 1850 гадоў — Дзятлаўскі Спаса-Праабражэнскі манастыр.

У 1855 годзе ў прашэнні Свяцейшаму Сіноду архіепіскап Міхаіл хадайнічаў аб пераводзе ў Мінск Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Але гэты перавод манастыра ў Мінск затрымаўся на многія гады.

Аўтарытэт уладыкі Міхаіла сярод вышэйшых колаў грамадства Беларусі садзейнічаў здзяйсненню яго планаў па паляпшанні становішча цэркваў і манастыроў Мінскай епархіі.

У 1852 годзе клопатамі сям’і Мінскага генерал-губернатара шанаваны цудатворны абраз Божай Маці «Мінскай» ў Кафедральным Свята-Петра- Паўлаўскім саборы быў упрыгожаны новай сярэбранай рызай з каштоўнымі камянямі.

У 1856 годзе з блаславення ўладыкі Міхаіла і па ініцыятыве Мінскага генерал-губернатара ў Крупцах замест старой капліцы была пабудавана Свята-Пакроўская царква, у якой знаходзіўся Крупецкі абраз Божай Маці.

У Пінску, Парычах і Мінску былі адкрыты духоўныя вучылішчы. 3 1865 года паводле выканання слоў «общения не забывайте» (яўр.: 13,16) пачалі дзейнічаць благачынніцкія сходы, так званыя “соборники духовенства». У Мінску быў узведзены новы будынак для духоўнай семінарыі і асвячоны архіерэйскі дом са Свята-Пакроўскай царквой.

Архіепіскап Міхаіл з асаблівай увагай адносіўся да стану спраў у Мінскай духоўнай семінарыі і духоўных вучылішчах Мінскай епархіі. Дзякаваць Богу, у яго ў гэтай справе быў вялікі вопыт, пра што я распавядаў раней.

У 1859 годзе пачалося будаўніцтва новага семінарскага будынка. У сувязі з пачаткам рамонтна-будаўнічых работ у семінарскім будынку для семінарыстаў у 1860 годзе ў Мінску быў асвячоны ў імя святых Кірыла і Мефодыя храм закрытага у 1852 годзе манастыра бернардзінак (сучасны Свята-Духаў кафедральны сабор).

У 1860 годзе апекаю знакамітай сям’і Пушчыных і па благаславенню архіепіскапа Міхаіла ў мястэчку Парычы Бабруйскага павета было адкрыта вучылішча для дзяўчат, якія паходзілі з сем’яў святароў.

Дзякуючы клопатам архіепіскапа ў 1867 годзе было заснавана Мінскае жаночае духоўнае вучылішча, якое размясцілася ў будынку на месцы былога старажытнага Спаса-Узнясенскага манастыра. У 1860 годзе было завершана ўзвядзенне новага двухпавярховага архіерэйскага дома.

Архіепіскап Міхаіл з’яўляўся віцэ-старшынёй Мінскага турэмнага камітэта. Пры архіспіскапе Міхаіле ў 1865 годзе былі створаны Мінскае Мікалаеўскае і Слуцкае Мікалаеўскае брацтвы.

Архіепіскап Міхаіл першым з архіерэяў Рускай Праваслаўнай Царквы склікаў у 1865 годзе схол благачынных сваёй епархіі для абмеркавання актуальных пытанняў рэлігійнага выхавання і маралі.У хуткім часе яго прыкладу паследавалі і іншыя епіскапы.

У 1860-я гады ў Мінскай епархіі значная колькасць католікаў перайшла ў праваслаўе, былі пабудаваны новыя і адрамантавалы старыя праваслаўныя цэрквы, перададзены праваслаўным каталіцкія касцёлы.

Асвячанне касцёлаў у праваслаўныя храмы праходзілі пры ўдзеле архіепіскапа і ў прысутнасці ваенных і грамадзянскіх чыноў.

Архіепіскап Міхаіл шмат зрабіў для ўмацавання Праваслаўя ў Мінскай епархіі. У 60-я галы было пабудавана каля 20 мураваных і каля 70 драўляных храмаў, адрэстаўравана 16 мураваных і 58 драўляных цэркваў.

Паўсюдна ў Мінскай епархіі адкрываліся царкоўна-прыходскія школы (ЦПШ). Усяго пры ім іх было заснавана больш за 500 з колькасцю вучняў звыш 11 тысяч, прычым настаўнікамі ў асноўным былі прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. Дзякуючы клопатам архіепіскапа Міхаіла з 1868 года пачалі выдавацпа “Минские Епархиальные Ведомости” — афіцыйны епархіяльны друкаваны орган, які выдаецца і цяпер.

У 1868 годзе архіепіскап Міхаіл пайшоў на пакой. У маі 1868 года да 20-годдзя ягонага пастырскага праўлення ім былі заснаваны 2 яго імянныя стыпендыі ў Мінскім жаночым духоўным вучылішчы.

У апошні раз архіепіскап Міхаіл адслужыў багаслужэнне ў Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім Кафедральным саборы, развітаўся са сваёй паствай і падкрэсліў, што яго “желания и намерения, клонящиеся к утверждению Православной веры, к просвящению духом веры и благочестия, насомых не вполне достигли своей цели; многие предприятия ещё не приведены к концу”. “Желания были пламенны, — отметил он, — но силы скудны. К тому же много препятствовали и исключительные обстоятельства жизни епархии”.

Знаходзячыся на пакоі. архіепіскап жыў у Жыровіцкім Свята- Успенскім мужчынскім манастыры. Ён быў узнагароджаны ордэнам святой Анны III ступені, іншымі ордэнамі. Архіепіскап быў вядомы як актыўны распаўсюджвальнік Праваслаўя, таленавіты арганізатар, дзеяч асветы, грамадскі дзеяч.

6 сакавіка 1881 года архіепіскап Міхаіл памёр. Ён пахаваны ў падалтарнай частцы крыпты ў Свята-Яўленскай царкве Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра.

Свята-Яўленская царква
Свята-Яўленская царква

У адзін з прыездаў у Жыровічскі манастыр прыхажане з Мінску Анатоль Валахановіч, Андрей Грышкевіч, Ніна Іванова. Таццяна Якутоўская, каб пабыць там, наведаць святую купель, узяць святой вады, абавязкова сустрэцца з інакам Мікалаем, вядомым беларускім вучоным, кандыдатам філасофскіх навук, паэтам, выдаўцом, сынам знакамітага беларускага архітэктара, народнага архітэтара, СССР Андрэя Бембеля – пацікавіліся, ці захавалася месца ўпакаення архіепіскапа Міхаіла. Каб туды трапіць, патрэбна благаславенне архіепіскапа Лідскага і Навагрудскага Гурыя, намесніка Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Брат Агапій гэта благаславенне ўзяў, і ўсе яны спусціліся ў падалтарную частку крыпты, дзе пахаваны Міхаіл Галубовіч.

Крыпта мае форму прамавугольніка – 5,2×3,6 метра. Глыбіня яе 2 метры. Падлогі пяма, пад нагамі пясок. Справа над алтаром у цаглянай сцяне царквы металічная дошка закрывае труну архіепіскапа Міхаіла Галубовіча. ІІамер дошкі 75×60 см. На дошцы па чатырох кутках — выявы прыгожых адлітых з чыгуну херувімаў, у версе на дошцы — крыж і надпіс: «Епископъ Минскій и Бобруііскій Михаилъ. 1807-18..”.Дзве апошнія лічбы не былі пасля смерпі архіепіскапа Міхаіла адліты, што сведчыць аб тым, што дошку рабілі пры яго жыцці. У царкве было сфатаграфавана ўсё: алтар, крыпта, дошка, камень прастола. А на дрэва каля царквы благаславення не было. I фотаапарат не сфатаграфаў: у гэты момант сапсаваўся. Усе вышэйпералічаныя асобы яшчэ раз паехалі ў Жыровічы і дафатаграфавалі ўсё тое, што не змаглі зрабіць у папярэдні прыезд. Свята-Яўленская праваслаўная царква заходзіцца ў цэнтры тэрыторыі Жыровіцкага Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра.

Унутры царквы.
Унутры царквы.

Першапачаткова цудатворны Жыровіцкі абраз Маці Божай захоўваўся ў драўлянай царкве, якая была пабудавана на месцы яю з’яўлення. Але прыкладна ў 1520 годзе ў час пажару царква згарэла, і цудатворны абраз знік. Але міласць Божай Маці не пакінула гаротных людзей. У хуткім часе абраз зноў быў “обретён”. Сялянскія дзеці, якія гулялі на схіле горкі, недалёка ад згарэўшай царквы, убачылі Дзеву Марыю нябачанай прыгажосці, якая сядзела на валуне. Дзеці не адважыліся падыйсці да яе, але хутка паведамілі аб незвычайным бачанні бацькам. Калі жыхары Жыровіч разам са святаром прыйшлі на гэтае месца, то знайшлі на каменю абраз, які раней знік, а сам камень меў на сябе след стапы Божай Маці.

Камень, на якім з’явілася Маці Божая, хутка зрабіўся месцам асаблівага пакланення вернікаў і паломнікаў. Паломнікі пачалі адколваць ад каменя фрагменты. Каб захаваць валун і адзначыць месца цудатворнага другога яўлення абраза, была пабудавана царква, якая атрымала назву Яўленскай. Царква была пабудавана ў 1672 годзе з цэглы. Магчыма, што першая царква, якая была пабудавана на гэтым месцы, у XVI стагоддзі была драўлянай. Свята-Яўленская царква з’яуляецца самым старым будынкам манастыра, якая захавалася да нашага часу. У 1769 годзе царква была перабудавана: разабраны фасад, дабудаваны прытвор і хоры. У пачатку 70-х гадоў XIX стагоддзя над царквою з’явіўся невялікі купал у неарускім стылі, відаць, пад уплывам расійскага архітэктара К.А.Тона. Будынак набыў прыгожы барочны ацік — завяршэнне фасада. Царква мае прамавугольную форму 8×20 метраў. Унутраны аб’ём царквы невялікі: іканастас адносіцца да канна XIX сіагоддзя. Асаблівасць Свята-Яўленскай царквы ў тым, што яна не мае электрычнага асвятлення.

Камень-валун, на якім дзеці ўбачылі Маці Божую, быў пастаўлены ў царкве і асвечаны як прастол. Летам у царкве адбываюцца ранішнія Бажэсцвенныя Літургіі і малебны з акафістам Божай Маці кожную пятніцу ў 17 гадзін.

Штогод 20 мая ў дзень святкавання яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці, паводле прынятага ў манастыры звычаю, пасля Літургіі ў Свята-Успенскім саборы хрэсны ход накіроўваецца да дзвярэй Свята- Яўленскага храма для адпраўлення малебна з акафістам Жыровіцкаму абразу. Міхаіл Галубовіч пакінуў нам багатую спадчыну-сваю кнігу-дзённік “Дыярыуш з XIX стагоддзя ”. Пра яго — мой трэці і апошні матэрыял.

Правящие архиереи Минской епархии со времени ее основания.
Правящие архиереи Минской епархии со времени ее основания .

Дыярыуш з XIX стагоддзя: «Дзённік» Міхаіла Галубовіча (1858-1860).

Дзённікавыя нататкі архіепіскапа Міхаіла Галубовіча вяліся ім старанна і працяглы час. Напачатку ён вёў дзённікі на польскай мове. Дзённік як частка з поўнага тэксту, які мы разглядаем, ахоплівае тры гады – 1858-1860. Ён мае нумар 7, што значыць — 7-я частка “Дзённіка”.

Пасля паўстання 1863 — 1864 гадоў архіепіскап Міхаіл вёў дзённік на рускай мове, пра што сведчыць частка “Дзённіка” за 1865 — 1867 гады.

“Дзённік” № 7 мае 112 старонак дробнага ўборыстага тэксту, фармат паперы 22×18 см, почырк адной рукой. Яго пераклаў з польскай мовы і падрыхтаваў да друку пісьменнік і навуковец, кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч — аўтар звыш 200 навуковых артыкулаў і больш за 10 кніг. Кніга Я.Янушкевіча мае назву “Дыярыуш з XIX стагоддзя”. У ёй ёсць уступ “Люстрадзён эпохі Багрыма і Дуніна-Марцінкевіча” і даведка “Асноўныя прынцыпы публікацыі тэксту” на беларускай і польскай мовах, тэкст самога “Дзённіка” на польскай і беларускай мовах, каментар, паказальнік імёнаў, геаграфічны паказальнік, гласар (тлумачальны слоўнік малавядомых і састарэлых слоў старажытнага тэксту) і “Summary” на англійскай мове, якую пераклаў Алег Жлутка.

Імянны паказальнік утрымлівае звыш 650 прозвішчаў, геаграфічны паказальнік — звыш 200 назваў гарадоў, мястэчкаў, сёл, вёсак, засценкаў, фальваркаў, хутароў, маёнткаў, урочышчаў і іншых.

“Дзённік” чытаецца лёгка, цікава і займальна. Святар паказаў сябе як цудоўны распавядальнік, дасціпны чалавек, бясконцы актыўны падарожнік-візітоўнік. Калі прасачыць па датах, то амаль усе дні тыдня, месяца, года Галубовіч быў у вандроўках — у брычцы, карэце, фурманцы, у вазку, увесь час у дарозе. Машын жа ў той час яшчэ не было. Конны транспарт падавалі яму і паны, і святары, і дваране, і графы, і сябры, і калегі. Ён ездзіў з візітамі ў цэрквы і саборы губернскіх гарадоў.

У “Дзённіку” зафіксаваны погляды архіепіскапа на тыя ці іншыя падзеі ў Мінскай епархіі, у цэлым па Беларусі, у Расійскай імперыі і за мяжою. Архіепіскап Міхаіл меў знаёмствы з рознымі людзьмі — маладымі, у гадах, з дзяўчатамі, дзецьмі, нават з Андрэйковічам — “ворагам Русі і Праваслаўя”, гэта значыць апазіцыянерам, якога ён сустрэў у Прылуках у Атона Горвата — тагачаснага ўладальніка маёнтка Прылукі.

Паводле дзённікавых запісаў можна зрабіць цікавую выснову, што дзённік пісаў неабыякавы да супрацьлеглага полу, хаця і святар высокага рангу, чалавек. Ён дае трапнейшыя характарыстыкі акаляючых яго людзей. У прыватнасці, ён не любіў графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, хаця ездіў да яго ў госці — па запрашэнні Эмерыка фон Гутэн-Чапскага Галубовіч асвячаў Станькаўскую Свята-Мікалаеўскую царкву 15 (28) жніўня 1858 года, пра што напісаў у “Дзённіку”. Галубовіч любіў купляць старажытныя і найноўшыя перадавыя рэчы, гандляваць, купляць сажанцы, быць спагадлівым, жаласлівым, добрым.

У “Дзённіку” ён дае цікавыя звесткі пра расійскага імпсратара Аляксандра II (упамінае яго каля 30 разоў) і свайго служку Андрэя, якога ўпамінае 13 разоў.

Галубовіч згадвае ўсіх святароў, з якімі сустракаўся і да якіх ездзіў на візіты (архіепіскап Аляксандр Дабрынін, Арсен Масквін, Пракопій Дабрахотаў, Антоні Зубко, протаіерэй Іпацій Гамалінскі, Леўшыноўскі, Лісевіч, святары Атраховіч, Гарачка, Кіркевіч, Кучынскі, Лаўроўскі, дыякан Аганоўскі, аканом Караль Віторскі, дваровы Грышка М.Галубовіча, садоўнік Ігнат, дваровы Нупрэй, ксяндзы Андрэй Баўблеўскі, Вішнеўскі, пісьменнік Паўлюк Багрым, Ксаверы-Эдвард Вайніловіч, паэт, перакладчык твораў А.С.Пушкіна рускі пісьменнік, П.Валуеў, В.Дунін-Марцінкевіч, мастакі Браніслаў Залескі, Міхаіл Кулеша, Напалеон Орда (і яго сям’я), знакаміты фатограф Якаў Брафман — унук яго Владлен Хадасевіч, жонка Н.М.Берберава, аўтар кнігі “Железная женщина”, пан Уладзіслаў Рохаў Брахоцкі, стваральнік вядомага сыра “брахоцкі” (жыў у маёнтку Вязань, каля Фаніпаля).

Упамянута адзін раз Галубовічова — жонка М.Галубовіча. Жонка яго памерла ал запалення лёгкіх. Згадваюцца сям’я Горватаў — іх маёнтак Прылукі і іншыя ўладанні, сям’я паноў Кастравіцкіх.

Келер Эдвард Тэадоравіч, мінскі губернатар (1858 — 1862), і яго сям’я — сын Тэадор, дочкі Аляксандра, Марыя, Келерава Марыля, графіня, жонка Келера, “дама вольных нораваў”.

Кеневіч Ядвіга — мастачка, намалявала копію (спіс) абраза Маці Божай Юравіцкай (захоўваецца ў Кракаве ў касцёле Св.Барбары), цётка вядомай пані Ядвігі Любанскай, гаспадыні Лошыцы, якая трагічна загінула пры невысветленых абставінах ў дзень свайго нараджэння 15 чэрвеня 1905 года.

Лапа Дамінік — уладальнік Халопенічаў, хросны банька Адама Багдановіча. Адам Багдановіч — банька класіка беларускан літаратуры Максіма Багдановіча.

Марыя Аляксандра — Максіміліяна – Вільгельміна – Аўгуста — Соф’я Марыя (1824 — 1880), дачка Вялікага Герцага гесенскага Людвіга II, жонка расійскага імператара Аляксандра II з 16 красавіка 1841 года. У 17 год аддалі яе замуж за будучага імператара.

Мікалай Мікалаевіч, Вялікі Князь (1856 — 1929), старшы сын князя Мікалая Мікалаевіча і прынцэсы Альдэнбургскай. “За сталом сядзеў і сын, якому няма яшчэ 2-х гадоў, але ён не па гадах буйны і жвавы, ды вельмі бурлакаваты. Вочы вялікія, пукатыя, нос кароткі. “Сказаў ім, шго ілбом і вачыма падобны да дзеда, імператара Мікалая — гэта вельмі ўсцешыла Вялікую Княгіню”, — зазначыў у “Дзённіку” 8 жніўня 1858 года М.Галубовіч.

Мураўёў Міхаіл Міхайлавіч (1796 -1866) — знакаміты Віленскі генерал-губернатар “Мураўёў-вешальнік”. Меендорф — бацька жонкі і цесць графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага. Наргалевіч Ян, муж сястры братоў Дыбоўскіх — вядомых беларускіх вучоных – біёлагаў, географаў, геолагаў. Немаршанская, уладальніца маёнтка Дворышча. Немаршанскі Адрыян, уладальнік маёнтка Лошыца. Паеўскія, сваякі М.Галубовіча. Паеўская Юстына, сястра Міхаіла Галубовіча. Пішчала Рудольф Станіслаў (? — пасля 1862), падрадчык — будаўнічы Мінскага турэмнага замку ў 1825 год (знакамітая “Валадарка”). Пішчаліха, жона яго. Прушынскі Яўстаф, уладальнік Лошыцы і сям’я Прушынскіх. Пушчын М.І., камендант Бабруйскай крэпасці, дзекабрыст, уладальнік маёнтка Парычы, генерал. Радзівілы, магнаты. Туганоўскі Канстанцін, уладальнік маёнтка Туганавічы, жанаты з Зосяй Верашчакай, братніцай Марылі, каханкі Адама Міцкевіча. Граф Эмерык фон Гутэн-Чапскі — 11 раз упамянуты ў “Дзённіку”. Ястрэмбскі Фелікс. У свой час слынны фартэпіянны фабрыкант (“яго піяніна шукаюць па ўсёй Еўропе”).

Вось далёка не поўны спіс прозвішчаў вядомых людзей Беларусі, з якімі актыўна кантактаваў Міхаіл Галубовіч, будучы архіепіскапам Мінскім і Бабруйскім. “Дыярыуш з XIX стагоддзя”, які мы з вамі разгледзелі – пацвержанне гэтаму.

Анатоль Валахановіч «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *