Главная > Книга > Багушэвічы-Мінькоўскія і Іваноўскія – ўладальнікі Прылук

Багушэвічы-Мінькоўскія і Іваноўскія – ўладальнікі Прылук

Пачатак валодання Прылукамі Багушэвічамі Мінькоўскімі адлічваецца з 1-й паловы XVII ст. У цудам захаваўшыхся актавых кнігах Менскага гродскага суда з 40-я гады гэтага стагоддзя знойдзены дакумент аб заставе Прылук і інвертар (падрабязнае апісанне) самога мення. Аказваецца, дакумент аб пазыцы быў складзены яшчэ да пачатку вайны з Масквой і запарожскімі казакамі, менавіта – 18 лютага 1645 г. Дакумент пасведчылі высокія асобы, браты Валадковічы: Крыштоф, пісар земскі, і Тэадор, войскі – ураднікі Менскага ваяводства. Пад зарукай (пагрозай спагнання штрафа) у 30000 польскіх злотых (вельмі вялікай сумы грошай) сам Крыштоф Стэцкевіч, падкаморы Браслаўскі, стараста Азярышчанскі атрымаў грошы ў памеры 45000 польскіх злотых спаўна і перадаў праз вознага Менскага Фёдара Сівіцкага Станіславу Багушэвічу, харужаму Парнаўскаму, Прылукі ў яго поўнае карыстанне да моманту вяртання пазыкі. На 6 мая той самы Фёдар Сівіцкі складае інвентар мення Прылуцкага з усімі прылеглымі да яго сёламі, населенымі шматлікімі падданымі, і праводзіць яго агранічэнне (устанаўленне межаў з суседнімі ўладаннямі). Дзякуючы руплівай працы вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзіма Урублеўскага мы сёння можам прывесці назовы ўсіх сёл Прылуцкага імення разам са звесткамі аб колькасці дымоў у кожнай частцы гэтага вялікага, нават па меркам таго часу, маёнтка. Да часу вяртання ўсёй суммы пазычаных грошай Станіслаў Багушэвіч і яго жонка Крыстына Васілевічаўна атрымалі ў заставу даволі значныя зямельныя ўладанні: Прылукі — з 33 дымамі, Падгай – 32, Лёцкаўшчызну – 29, Цімашковічы – 26, Каханоўшчыну – 19, Шчамысліцу – 19 і Слабаду з 7 дамамі. Агульная колькасць дамоў у Прылуках і прыналежных да гэтага маёнтка сёлах дасягала 162 дымоў. Улічваючы, што, дзякуючы хібам тагачаснага падатковага права, у сярэднім дым (сялянская гаспадарка) мог налічваць да дзесяці чалавек і ўключаць некалькі сямей, звязаных блізкім сваяцтвам, колькасць сялян абодвух полаў, разам з дзецьмі і старымі, пражываючых у Прылуцкім маёнтку, магла складаць каля 1200 чалавек. Адсюль зразумела, што сапраўдны прадажны кошт Прылук з усімі прылеглымі вёскамі быў вельмі вялікі, значна большы, чым памер заставы Прылук у 1645г.

Дзеля таго, каб найбольш поўна прадставіць гісторыю Прылук, нам неабходна ў адпаведных мясцінах нашага апавядання рабіць адступленні. Гэта неабходна для знаёмства з некаторымі момантамі, які прама не звязаныя з разгляданым перыядам, але маюць вялікае значэнне для разумення прычын падзей, звязаных з гісторыяй сяла. На гэты раз мы звернемся да гісторыі пераходу Прылук у рукі Стэцкевічаў, а затым зробім невялікі агляд генеалогіі Багушэвічаў — Мінькоўскіх за час іх пражывання ў межах Менскага павета.

Крыштоф Стэцкевіч паходзіў з вельмі ўплывовага ў ВКЛ роду, які выкарыстоўваў герб Касцеша. Пачатак заможнасці Стэцкевічаў ідзе ад падскарбія дворнага Жыгімонта І – Івана Андрэявіча. Сын Івана Вільгельм Стэцкевіч, маршалак Браслаўскі, стараста Кокенгаўзскі, каралеўскі ротмістр, з-за маёнтка Завержа ў Браслаўскім павеце менаваны Заверскім, уступіў у другі шлюб з адной са шматлікіх дачок Рыгора Друцкага Горскага Бурнеўскага і Тамілы Заслаўскай – пані Аўдоццяй Друцкай Горскай. У сям’і князя Рыгора Бурнеўскага нарадзілася дзевяць дзяцей, з іх толькі дачок было пяць, і ніводзін з нашчадкаў Рыгора і Тамілы Горскіх не застаўся без добрага пасагу. Нас цікавяць толькі тры асобы з гэтай вялікай сям’і: сын Пётр, дачка Раіна і адна з самых малодшых дачок Рыгора і Тамілы Друцкіх Горскіх – Аўдоцця. Яны падзялілі паміж сабой вялікія абшары зямель, што некалі належалі Заслаўскім – бацькам пані Тамілы Горскай. У гэтай сям’і нарадзіліся толькі чатыры дачкі. Аднак у сувязі з тым, што толькі ў Тамілы нарадзіліся дзеці, спадчына яе беспатомных сясцёр спала на яе. Усе гэтыя землі размешчаны на поўдзень ад Менска. Па сённяшнім часе яны абмежаваны: з захаду – чыгункай на Брэст, з уходу – аўтамабільнай дарогай на Магілёў. Лошыца, Міханавічы, Мачулішчы з Калядзічамі і Новым Дваром трапілі да аднаго з старэйшых сыноў Горскіх – Пятра, які ўступіў у шлюб з Паланеяй Валадковічаўнай. Землі вакол Самахвалавіч і Стаўбуновіч, атрымала Раіна, пашлюбіўшая бацьку Паланеі – Марціна Валадковіча, суддзю земскага Менскага. Нарэшце, самую заходнюю частку былых валоданняў князёў Заслаўскіх, а потым і Горскіх атрымала ў якасці пасагу Аўдоцця Багданавая Іванавічавая Стэцкевічавая, маршалковая Браслаўская.

У Багдана і Аўдоцці Стэцкевічаў нарадзіліся: дачка Марына, пайшоўшая за Лукомскага, і Вільгельм, таксама як і бацька, прафесійны ваяр. Вільгельм Стэцкевіч, уступіўшы ў шлюб з Ганнай з Агінскіх значна пашырыў свае зямельныя валоданні. Акрамя маёнткаў, атрыманых ад бацькі і маці, значныя зямельныя добры перайшлі да яго праз выгадны шлюб з Ганнай з Агінскіх. Некаторая частка каралеўскіх зямель, падлеглых леннаму праву, была атрымана ім, без права перадачы нашчадкам у спадчыну, па прывілеях каралёў Польскіх і вялікіх князёў Літоўскіх за выдатную вайсковую службу. 24 кастрычніка 1597 г. Вільгельм Багданавіч Стэцкевіч атрымлівае каралеўскі прывілей на ўрад падкаморства Браслаўскае, якое трымаў да самвай сваёй смерці ў 1616 годзе. На 1600 г. Стэцкевіч валодалі Любавічамі і Сяменічамі ў Мсціслаўскім ваявадстве, Дайновічамі ў Ашмянскім і Расоснай і Чаркасамі ў Аршанскім паветах. Вялікія абшары зямель належалі ім у межах Навагародскага ваяводства, Браслаўскага і Мазырскага паветаў. Аднак несумненна, што найбольш каштоўным дыяментам у іх валоданнях былі Прылукі.

У Вільгельма, падкаморыя Браслаўскага, і Ганны з Агінскіх Стэцкевічаў нарадзілася трое сыноў: Крыштоф, падкаморы Браслаўскі і каралеўскі дваранні, Багдан, падкаморы Мсціслаўскі, і Ян, харужы Аршанскі, які памёр у вельмі маладым веку. Акрамя сыноў, у Вільгельма і Ганны Стэцкевічаў нарадзілася і дачка Елена, уступіўшая ў шлюб з Казімірам Пацам, пісарам Літоўскім. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Елена не была адзінай дачкой Вільгельма Стэцкевіча. Яшчэ адна дачка (нажаль, яе імя гісторыкі не паведамляюць) уступіла ў шлюб з Крыштофам Друцкім Сакалінскім. З яго сястрой Крыстынай Крыштоф Стэцкевіч уступіць у шлюб пасля смерці Гальшкі Акунёўны.

Крыштоф Стэцкевіч, як і дзед, і бацька – прафесійны ваяр, двойчы ўступаў у шлюб. Першай яго абранніцай стала Зося Пятроўна князёўна Крошынская. Для яе гэта быў ужо другі і шлюб. Каля 1610 г. яна пашлюбіла Яна Окуня, маршалка Ваўкавыскага павета, чалавека, маючага шмат гадоў за плячыма. Пасля нараджэння ў пачатку 1641 г. дачкі Гальшкі маршалак Ваўкавыскі памірае. Жыццё Зосі як удавы аказалася нялёгкім. Суседзі пачалі нападаць на маёнткі пані Акунёўны. У часе аднаго такога нападу Савіцкага на Гарадзішча ледзьве не загінула 3-гадовая Гальшка. Пасля вяртання ў пачатку 1619 г. Крыштофа Стэцкевіча з чарговага вайсковага паходу Ўладзіслава Вазы пані Зося Акунёвая ўступіла ў шлюб з каралеўскім ротмістрам. У 1619 г. Крыштоф Стэцкевіч атрымлівае каралеўскі прывілей на харуства Браслаўскае. Крыху пазней ён атрымлівае прывілей на пажыццёвае валоданне староствам Азярышчанскім . Пасля смерці Васіля Масальскага, былога падкаморыя Браслаўскага, 20 лютага 1624 г. атрымаў каралеўскі прывілей на гэтую пасаду, якую займаў да самай сваёй смерці і ягоны бацька. Каля 1640 г. пані Зося з князёў Крошынскіх памірае, пакінуўшы мужу двух сыноў:Вільгельма і Юр’я (Ежы).

Вільгельм Стэцкевіч не ўдзельнічаў у справах, звязаных з заставай Прылук. У 1649 г. пасля смерці Януша Уніхоўскага ён атрымлівае прывілей на вакантны ўрад харужага Менскага і з пачаткам вайны і ўварання маскоўскіх войск на тэрыторыю краіны на чале харугвы Менскай шляхты абараняе Віцебск. У часе адной з вылазак за муры крэпасці Вільгельм Стэцкевіч быў забіты. Яго родны брат Юр’я Стэцкевіч пражыў вельмі доўгае, поўнае авантур жыцце, удзельнічаў у многіх ваенных паходах, прымаў самы актыўны ўдзел у падзеях, звязаных з выбіццём Багушэвічаў з Прылук, уступіў у шлюб з Ганнай – сястрой Станіслава Багушэвіча — Мінькоўскага і скончыў жыццё да 1684 г., як і старэйшы брат, на пасадзе харужнага Менскага.

Другой абранніцай Крыштоф Стэцкевіча, каралеўскага ротмітсра, стала князёўна Крыстына Друцкая Сакалінская, кашталянка Полацкая. У гэтым шлюбе нарадзіліся два сыны: Ян Вайсім, які пашлюбіў Тышкевічаўну, падкамаранку Берасцейскую, і Аляксандр. Менавіта Ян Вайсім Стэцкевіч, падкаморый Браслаўскі, прымаў самы дзейсны ўдзел у захопе Прылук. Крыштоф Стэцкевіч памёр да 8 лютага 1651 г. Пані Крыстына Сакалінская перажыла свайго мужа толькі на 2 гады – яна памерла 16 снежня 1653 г.

Першым з Багушэвічаў — Міньскоўскіх, хто стала пражываў у межах Менскага павету, у поле нашага зроку трапіў Станіслаў Багушэвіч — Мінькоўскі, будучы харужы Парнаўскі, дзед Бенедыкта Багушэвіча — Мінькойскага, скарбніка Менскага. На 20 чэрвеня 1639 г. Станіслаў Багушэвіч — Мінькоўскі падпісвае арэндны ліст Рыгора Друцкага Горскага, старасты судовага Аршанскага павета, і яго жонкі Ганны Копцеўны на Каралішчавічы. Само запрашэнне Станіслава Багушэвіча да сведчання дакумента такой асобы, якой быў Рыгор Друцкі Горскі, сведчыць пра яго высокі сацыяльны статус. У выпадку невыканання ўмоў заставы да адказнасці прыцягваліся і асобы, якія пасведчылі гэты дакумент. На іх ускладваліся абавязкі па кампенсацыі страт пацярпеламу баку.

Упамінаецца Станіслаў Багушэвіч — Мінькоўскі і ў другім застаўным дакуменце на маетнасць Нягонічы (або Выгонічы), унесеным у акты Метрыкі Вялікага княства 28 верасня 1642 г. Па гэтым дакуменце, Крыштоф Івашэнцавіч Макаревіч, пляменнік былога суддзі земскага Менскага ваяводства Рыгора Макаревіча, перадае пані Апалоніі Шэметаўне Крыштофавай Кавячынскай, падкаморыне Менскай, маетнасць у забеспячэнне пазыкі ў 5000 злотых. Менне перадавалася падкаморыне Менскай яшчэ да ўзгаднення пытанняў па завяршэнню ранейшай заставы. Некалькімі гадамі раней Нягонічы былі застаўлены Мацею Шмарлоўскаму. Не дачакаўшыся вяртання пазыкі і адчуваючы вострую патрэбу ў наяўных грашах, нават не пытаючы згоды Крыштофа Макаравіча, Шмарлоўскі перазаставіў маёнтак Станіславу Багушэвічу — Мінькоўскаму. Зразумела, што Станіслаў Багушэвіч — Мінькоўскі не дапусціў у Нягонічы новых застаўнікаў і пачаў шукаць праўду ў судах княства.

У вывадковых дакументах Багушэвічаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, ёсць звесткі пра Тамаша, бацьку Яна і Станіслава Багушэвічаў, і пані Ганну, якая ўступіла ў шлюб з Юр’ям Стэцкевічам, падкаморычам Браслаўскім, а ў канцы жыцця – харужым Менскім. Тамаш Багушэвіч памёр, склаўшы тэстамент у 1619 годзе. Аднак у захаванях дакументах Менскіх судоў з 1615 па 1620 гг. Тамаш Багушэвіч не ўпамінаецца, што можа ўскосна сведчыць аб яго пражыванні па-за межамі Менскага павету. Ян Багушэвіч атрымаў па дароўным запісе ад свайго крэўнага Рыгора Багушэвіча менні Нача і Арэхава ў межах Полацкага ваяводства і, уступіўшы ў шлюб з пані Кацярынай Слупянскай, лічыўся зямянінам гэтага ж ваяводства. Ужо адно ўпамінанне пра наданне гэтых менняў Яну Багушэвічу сведчыць аб тым, што Багушэвічы пачалі жыць у межах Полацкага ваяводства яшчэ ў XVI ст.

Што ж датычыцца Станіслава Багушэвіча — Мінькоўскага, які перад 1652 г. атрымаў каралеўскі прывілей на харуства Парнаўскае і быў у шлюбе з Крыстынай Васілевічаўнай, то яго менні былі размешчаны ў межах суседніх паветаў: Ашмянскага, Аршанскага і Менскага. З яго дзяцей вядомы толькі Стэфан, падчашы Аршанскага павету, які займаў гэты ўрад з 1688 па 1716 год. З 1650 г. Станіслаш Багушэвіч — Мінькоўскі пачынае больш часта ўпамінацца ў матэрыялах Менскіх судоў.

Праз чатыры гады пасля атрымання Багушэвічамі Прылук пачалася вайна, якая доўжылася амаль дваццаць гадоў. Колькасць насельніцтва цэнтральных паветаў Вялікага княства Літоўскага, дзе пераважна і праходзілі ваенны дзеянні, скарацілася ў некалькі разоў. Калі да пачатку вайны насельніцтва Менскаг павету налічвала 181244 чалавек, то пасля сканчэння вайны яно склала толькі 67288 – г.зн. зменшылася ў 2,6 разоў. Паводле дадзеных Юзафа Можы, такія сёлы, як Дрысвяты ў Браслаўскім, Ляхавічы і Быцень у Навагародскім паветах, меўшыя на 1667 г. адпаведна 22, 17 і 10 дымоў, да вайны налічвалі 50, 215 і 25 дымоў. Пасля вайны ў такіх гарадах, як Полацк з 1500 дымамі, Чашнікі і Копцавічы, належачыя да Полацкага павета, адпаведна з 90 і 96 дымамі, Магілёў з 2367 дымамі, Стары Быхаў з 2000 у Аршанскім павеце і Віцебск з 981 дымамі засталося адпаведна 102, 23, 12, 577, 704 і 56 дымоў. Не абмінуў гэты жудасны лёс і жыхароў Прылук. Наступны попіс жыхароў Прылук і памежны сёл, неабходны для ўстанаўлення памераў падаткаў, праводзіўся праз 22 гады, ужо пасля сканчэння той страшэннай па наступствах вайны 1649-1667 гг. Згодна з попісам падымнага Менскага ваяводства ад 1667 г., у Прылуках, якія знаходзіліся ў застаўным карыстанні Багушэвічаў, заставалася на гэты час толькі 19 дымоў падданых. Па мерках Менскага ваяводства, дзе згодна з попісам падымнога большасць уладанняў не перавышала 3-4 дымы, гэта было ўсё ж такі вялікае ўладанне.

Многія прадстаўнікі роду Багушэвічаў — Мінькоўскіх прынялі значны ўдзел у вайне Рэчы Паспалітай з Масквой і казацкімі загонамі Багдана Хмяльніцкага. Як паведамляюць гістарычныя крыніцы, чацвёра сыноў Яна і Кацярыны Багушэвічаў таксама прынялі дзейсны ўдзел у вайне. Рафал і Стэфан загінулі ў часе крывавых вайсковых дзеянняў у 1654 г., а Ўладзіслаў трапіў у палон і памёр у няволі, не дачакаўшыся вяртання на радзіму. У гэтай страшэннай віхуры выжыў толькі Станіслаў, які яшчэ да вайны ўступіў у шлюб з Буйніцкай.

Згодна з Бабятынскім, галоўным арганізатарам абароны Сапежынскага Старага Быхава ў перыяд ваенных дзеянняў у 1654 — 1655 гг. быў Канстанты Багушэвіч. Асноўныя зямельныя ўладанні Канстанты Багушэвіча знаходзіліся ў межах Слонімскага павету, а ў матэрыялах судоў гэтага павету ўтрымліваюцца звесткі і пра гэтага прадстаўніка рода Багушэвічаў. На 4 чэрвеня 1630 г. Канстанты Багушэвіч вёў у земскім судзе павету справу з Гальшкай Бабуравай з-за прыналежнасці грунтоў фальварка Васевічы.

Стэфан Багушэвіч паспеў паваяваць у войсках абодвух варагуючых бакоў. На першым этапе вайны ён, як і ўся акалічная Менская шляхта праваслаўнага веравызвання, перашоў на бок Масквы і нават паставіў свій подпіс пад пісьмом Маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу аб узнаўленні ў Менскім павеце дзеяння судовых павятовых устаноў. Цікава, што побач з подпісам Стэфана Багушэвіча стаіць і подпіс Юр’я Стэцкевіча. Вяртанне пад родныя сцягі ледзьве не скончылася трагедыяй: падчас ваенных дзеянняў Багушэвіч трапіў у палон да маскоўскіх ваяроў і толькі праз значны час смог вярнуцца дадому за вялікі выкуп.

Верагодна, па нейкім часе дэталі атрымання пазыкі і перадачы Прылук у заставу Станіславу Багушэвічу сцёрліся з памяці нашчадкаў удзельнікаў справы. У квітацыйным запісе ад 1692 г. па качатковым вырашэнні справы аб забойстве Станіслава Багушэвіча — Міньскоўскага, харужага Парнаўскага, пазначана, што ён пазычыў “… некалі памершым, Юр’ю і Яну Крыштофавічам з Завержа Стэцкевічам, падкаморычам Браслаўскім, і іх малодшаму брату Аляксандру Стэцкевічу, у апецы быўшаму па памерлым Бацьку Крыштофу Стэцкевічу, падкаморым Браслаўскім, 34000 польскіх злотых…”.

Патрэбна дадаць, што для Стэцкевічаў Прылукі былі не проста сялом, якое можна лёгка заставіць або прадаць. Некаторыя святло на адносіны Стэцкевічаў да Прылук пралівае фундушовы запіс пані Ганны з Агінскіх Вільгельмавай Стэцкевічавай, падкаморыны Браслаўскай. У запісе складзеным яе сынамі Крыштофам, падкаморыем Браслаўскім, і Багданам, падкаморыем Мсціслаўскім, Кацярынай Сангушкаўнай Ковельскай Янавай, харужынай Аршанскай, Стэцкевічамі і некаторымі іншымі прадстаўнікамі сям’і 16 лютага 1645 г., несумненна, на падставе яе перадсмяротных слоў (памёрла каля 1631 г.) пазначана, што яна парадавала, у асобе айца ігумена Менскага манастыря святых апосталаў Пятра і Паўла Езофа Груковіча, брацці Прылуцкага манастыра святой Тройцы, размешчанага ў Прылуках, 4 валокі зямлі ў вёсцы Сухоцічы на рацэ Птіц. Самае ж галоўнае заключалася ў тым, што на могілках каля Прылуцкага манастыра былі пахаваны самыя блізкія людзі Ганны з Агінскіх: яе муж Вільгельм Стэцкевіч, падкаморы Браслаўскі, (памёр у 1616 г.) і сын Ян, харужы Аршанскага павета. Як вынікае з матэрыялаў, фундуш надаваўся толькі пры выкананні асаблівай умовы. Ні Прылуцкі манастыр, ні Германаўская царква “У неба Ўзяцця Панны Марыі” не павінны былі пераходзіць у вунію. “Вунія і рымскае набажэнства” не маглі быць уведзены. Абавязковым было захаванне манастыра і царквы “ …падпаслушэнствам Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы і Менскага ігумена пры царкве Пятра і Паўла…”. На могілках пры царкве знайшлі свій апошні прытулак “…княжаты Заслаўскія і Вішнявецкія…”. Улічваючы ўсе вышэйпералічаныя абставіны, можна зразумець паводзіны нашчадкаў Крыштофа Стэцкевіча, падкаморыя Браслаўскага ў адносінах да Станіслава Багушэвіча — Мінькоўскага, харужага Парнаўскага.

Для разуменя ўсей гэтай справы неабходна дадаць, сам Крыштоф Стэцкевіч, падкаморы Браслаўскі, каля 1620 г., перайшоў у каталіцізм і, як пішуць аб гэтай падзеі польскія гісторыкі, “пазбыўся схізмы”. У той жа час браты падкаморыя Браслаўскага і некаторыя з яго дзяцей не адыйшлі ад праваслаўя і нават фундавалі (выдзялялі грошы на будаўніцтва) праваслаўныя манастыры.

Прылукі былі для Стэцкевічаў амаль што святым месцам, для вяртання якога яны не спыніліся б ні перад чым. Верагодна, што сыны Крыштофа Стэцкевіча, падкаморыя Браслаўскага, паспрабавалі ўсе мірныя сродкі для вяртання ад Станіслава Багушэвіча Мінькоўскага, харужага Парнаўскага, застаўленных маёнткаў, але безвынікова. Станіслаў Багушэвіч не хацеў нават атрымліваць тыя грошы, якія некалі пазычыў Стэцкевічам.

Прайшоў час. Крыштоф Стэцкевіч, падкаморы Браслаўскі, памёр у 1651 г., а ад грошай ва ўмовах вайны засталіся адны ўспаміны. Яны спаўна былі выдаткаваны на набор ваяроў у харугвы Стэцкевічаў. Амаль усе маетнасці Стэцкевічаў знаходзіліся ў межах Браслаўскага павета, які быў арэнай жорсткіх ваенных дзеянняў, і былі цалкам разрабаваныя абодвума варагуючымі бакамі. На працягу значнага часу з пераманным поспехам адбываліся судовыя працэсы. Па дэкрэце Менскага гродскага суда ад 22 сакавіка 1654 г. Станіславу Багушэвічу — Міньскоўскаму былі канчаткова прысуджаны Прылукі з усімі прылеглымі да яго сёламі і фальваркамі.

Як паведамляе А.Рахуба, Станіслаў Багушэвіч — Мінькоўскі памёр да 6 сакавіка 1656 г. Верагодна, што А.Рабуха тут памыляецца двойчых: першы раз – калі піша, што Станіслаў Багушэвіч — Мінькоўскі памёр, а другі раз, калі даводзіць, што адыход харужага Парнаўскага з гэтага свету адбыўся да сакавіка 1656 г. З квітацыйнага запісу, складзенага 7 кастрычніка 1692 г. Стэфанам Багушэвічам, падчашым Аршанскім, па атрыманню “галаўшчызны” за забітага Стэцкевічамі бацькі, вынікае, што яго яшчэ ў 1661 г. па-зладзейску забіў Ян Крыштофавіч з Завержа Стэцкевіч, падкаморыч Браслаўскі.

У апошні свой шлях харужы Парнаўскі выехаў 23 лютага 1661 г. з Койданава. Дарога была даўно вядомая, не аднойчы ездзіў ён па ёй з Койданава ў Прылукі, але на гэты раз Станіслаў Багушэвіч — Мінькоўскі, харужы Парнаўскі, не даехаў да свайго двара. Яго шлях да дому пралягаў каля земляў, якія знаходзіліся ў валоданні падкаморычаў Браслаўскіх, так што братам не было патрэбы траціць вялікі час на пераезд. Крыштофу Стэцкевічу, падкаморыю Аршанскаму, належалі Чаркасы з карчмой і млынам, а Яну і Юр’ю – Гарадзішча і Воўчкавічы з 31 дымам паданных. Ян Стэцкевіч, падкаморыч Браслаўскі, паручнік харугвы Самуэла Кміціца, каралеўскага палкоўніка забіў яго з засады. Здаецца, што ў забойстве Багушэвіча ўдзельнічаў не толькі Ян Стэцкевіч і яго слугі і падданыя. У засадзе з ім на дарозе з Койданава знаходзіліся і яго баявыя сябры.

На наступны дзень пасля забойства Станіслава Багушэвіча Стэцкевічы з вялікай грамодай захапілі Прылукі. Сам Стэфан Багушэвіч — Мінькоўскі, на той час яшчэ харужыц (сын харужага) Парнаўскі, знаходзіліся ў Маскоўскім палоне і нічым не мог дапамагчы сваёй сям’і. Самае цікавае ў гэтай справе тое, што брат забойцы Станіслава Багушэвіча пан Юр’я Стэцкевіч, які потым, у канцы XVII ст. некаторы час будзе займаць урад харужага Менскага, быў у шлюбе з сястрой Станіслава Багушэвіча — Мінькоўскага, харужага Парнаўскага – пані Ганнай Багушэвічаўнай — Мінькоўскай. Пані Крыстына Васілевічаўна звярнулася са скаргай на дзеянні Стэцкевічаў у судовыя ўстановы княства. Асноўную адказнасць пані Васілевічаўна звярнулася са скаргай на дзеянні Стэцкевічаў ў судовыя ўстановы княства. Асноўную адказнасць пані Васілевічаўна ўскладвала на “… Яна Стэцкевіча, падкаморыча Браслаўскага, паручніка харугвы Самуэля Кміціца, каралеўскага палкоўніка, і Ганну Тышкевічаўну, падкамаранку Берасцейскую, яго жонку, і брата Юр’я і Ганну Мінькоўскую — Багушэвічаўну, ражоную братавую…” сястру. “ Яны яе мужа па-тыранску пакаралі, забілі і замардавалі і Прылукі захапілі”. На Стэцкевічаў у Галоўным Трыбунале вынеслі баніцыю, што, зважаючы на ваенны час і знаходжанне ўсіх віноўных у забойстве Багушэвіча на “ваеннай паслузе”, не магло быць выканана. Пані Кацярына Васілевічаўна не пагадзілася з прысудам і патрабавала пакараць Яна Стэцкевіча і Ганну Тышкевічаўну “на горла, як самых злосных забойцаў”.

Такі трагічны вынік аказася магчымым яшчэ і таму, што ўсе ўдзельнікі гэтых падзей па каралеўскіх прывілеях у залежнасці ад абставін трацілі правы на Прылукі, а затым атрымлівалі іх зноў. У сярэдзіне 50-х гг. XVII ст. войскі Маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча захапілі амаль усю тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. У гэтых умовах у пачатку 1655 г. значная частка шляхецтва Віленскага, Віцебскага, Менскага, Мсціслаўскага і Троцкага ваяводстваў прыняла прысягу на вернасць новым уладам. Зразумела, да такой здрады каралеўская адміністрацыя аднеслася адпаведным чынам. Усе “здрайцы, веру скруціўшыя і на бок Масквы перадаўшыяся…” трацілі свае набыткі ў межах княства, дзе б яны ні знаходзіліся. Першым пераўшоў на бок маскоўскіх войск Стэфан Багушэвіч — Мінькоўскі, харужыч Парнаўскі. Весткі ў тыя часы распаўсюджваліся не вельмі хутка, і толькі праз некалькі месяцаў усе валоданні Станіслава Багушэвіча і яго сына, уключаючы і Прылукі, перадаюцца Яна Вайсіму Стэцкевічу навечна. У каралеўскім прывілеі Яну Стэцкевічу, на той час харужаму казацкаму адной з харугваў войска ВКЛ, перадаваліся “… усе сумы, грошы на Прылуках і на дзедзічных (атрыманых у спадчыну ад дзядоў і прадзедаў) яго іменнях даравалі па здрайцы Стэфану Багушэвічу, нашым і Рэчы Паспалітай рэбеліянце”. Да кастрычніка 1655 г. войскі Хаванскага і атрады прысяглай шляхты з ваяводстваў паветаў ВКЛ пад началам Слонскага апанавалі тэрыторыю Навагародскага і Берасцейскага ваяводства. У іх руках апынуліся некаторыя часткі Гарадзенскага, Ковенскага і нават Вількамірскага паветаў. Да 17 кастрычніка 1655 г. Ян і Юр’я Стэцкевічы, падкаморычы Браслаўскія, таксама як і Стэфан Багушэвіч, прынеслі прысягу маскоўскаму баярыну С.А.Урусаву. Рэакцыя каралеўскіх уладаў Рэчы Паспалітай не прымусіла чакаць. У канцы 1655 г. “ … добры Прылукі, Воўчкавічы, Гарадзішча па рэбеліянце Ежы Стэцкевічу, падкаморычу Браслаўскаму Казіміру Стэцкевічу, ротмістру нашаму…”

Час знаходжання Багушэвіча і Стэцкевічаў пад маскоўскімі сцягамі быў непрацяглы: ужо ў 1656-1657 гг. яны ізноў вярнуліся пад свае харугвы ў войску ВКЛ. Зразумела, што такіх ваяроў сустрэлі з вялікай ласкай: ім даравалі мінулыя грахі, а Багушэвічу вярнулі правы на ўсе яго землі. Як на гэтую каралеўскую міласць да Багушэвіча рэагавалі Стэцкевічы, можна лёгка здагадацца.

Больш чым трыццаць гадоў цягнуўся разгляд скаргі Стэфана Багушэвіча і яго маткі пані Крыстыны Васілевічаўны Станіславай Багушэвічавай Мінькоўскай, харужынай Парнаўскай. Першымі зрабілі крок да замірэння з харужыцам Парнаўскім баявыя сябры Яна Стэцкевіча, якія удзельнічалі ў забойстве яго бацькі. 10 кастрычніка 1667 г. Стэфан Багушэвіч пасля доўгіх судоў атрымаў ад Казіміра Макавецкага, таварыша роты казацкай і харугвы цэлай Крыштофа Стэцкевіча, падкаморыя Аршанскага, палкоўніка каралеўскіх войск “…усе добры і рухомасць, сумы грошай (па смерці) дабрадзея майго родзіча і ад усіх прэтэнзій на ўсю харугву на вечныя часы адрокся…”.

Што ж датычыцца братоў Стэцкевічаў, то яны, відаць, і не збіраліся пайсці на прымірэнне з Багушэвічам па справе валодання Прылукамі. У канцы 1685 г. абставіны склаліся настолькі сур’ёзна, што Стэфан Багушэвіч — Мінькоўскі пачаў усур’ёз хвалявацца за свае жыцце. Коштам вялікіх грашовых выдаткаў яму ўдалося дабіцца атрымання ахоўнай граматы караля Яна ІІІ для абароны ад пагроз Стэцкевічаў. Між тым Стэцкевічы, не зважаючы на каралеўскую ахоўную грамату, перайшлі ад слоў да здзяйснення сваіх намераў. Да 13 мая 1686 г. з вялікімі натоўпам слуг, сваіх сяброў і ўзброеных каламі і косамі падданых з Воўчкавіч яны напалі на Прылукі і ў чарговы раз пакінулі пасля сябе такую ж страшэнную пустэчу, якая засталася ў гэтым сяле пасля сканчэння вайны. Рэестр стратаў у Прылуках у выніку нападу Стэцкевічаў ледзь змясціўся на двух аркушах паперы.

Толькі пасля смерці Яна і Ежы Стэцкевічаў іх нашчадкі пагадзіліся пайсці на прымірэнне з Багушэвічам. У кастрычніку 1692 г., атрымаўшы згодна з дэкрэтамі Галоўнага Трыбунала галаўшчызну (штраф за забойства) ў памеры 2300 польскіх злотых наяўнымі і значную суму двума пазыковымі лістамі ад Казіміра, сына Яна Стэцкевіча, падкаморыча Браслаўскага, Стэфан Багушэвіч — Мінькоўскі, падчашы Аршанскі, выдаў квінцыйны запіс аб завяршэнні разлікаў. У Казіміра Стэцкевіча не хапіла грошай, каб спаўна разлічыцца ў адпаведнасці з дэкрэтам Галоўнага Трыбунала, і ён выдаў пазыковыя лісты і невядома, ці расплаціўся і па гэтых абавязацельствах. Маетнасць Прылукі з прылеглымі сёламі назаўсёды засталася ў валоданні Багушэвічаў. Магчыма, што гэтыя пазыковыя лісты і прывялі да трагедыйнага працягу гісторыі Прылук у сярэдзіне 30-х гг. XVIII стагоддзя.

Пасля смерці Ежы і Ганны Багушэвічаўны Мінькоўскай Стэцкевічаў, харужых Менскіх, не пакінуўшых нашчадкаў мужчынскага пола, на спадчыну пачалі прэтэндаваць звязаныя з харужымі Менскімі крэўнымі повязямі Багушэвічы — Мінькоўскія. У харужага Менскага засталіся толькі дочкі, але яны пры ўступленні ў шлюб задаволіліся пасаговымі сумамі і невялікай выправай (розная хатняя маёмасць, неабходная для пачатку сямейнага жыцця, адзенне і каштоўнасці). Па атрыманні пасагу муж і жонка складалі бацькам маладой адмову ад прэтэнзій у будучым на застаўшуюся ў бацькоў маёмасць і не маглі прэтэндаваць на яе ў будучым. З цягам часу на спадчыну выказалі свае прэтэнзіі Станіслаў Пішчала, падстолі і падстараста судовы Аршанскі, палкоўнік каралеўскіх войск, які ўступіў у шлюб з Крыстынай Іваноўскай, і яе родныя браты – Ежы і Юзаф Міхал Іваноўскія.

Калі паглядзець на захаваныя судовыя справы, то можа ўзнікнуць думка, што ў тыя часы ўся шляхта толькі і мела таго занятку, што балявала, а падгуляўшы, учыняла пабаявішча. Каб потым доўга і зацята судзіцца. Скончыўшы адзін суд, учыняла напад на чужую маетнасць, захоплівала маёмасць, звозіла падданых дзеля таго, каб зноў распачаць чарговы шматгадовы судовы працэс. Зразумела, што гэта вельмі памылковая думка. Судзяцца і сёння, трэба думаць, яшчэ больш, чым гэта рабілі нашы продкі. Але па-за старонкамі актавых кніг застаецца простае чалавечае жыццё, дзе было месца і радасці, і шчасцю, і праявам вернага сяброўства. Такая ўжо спецыфіка крыніц, якія захаваліся да нашага часу. Таму пра жыццё Стэфана Багушэвіча — Мінькоўскага, падчашага Аршанскага павета, мы можам апавядаць толькі на основе, захаваных матэрыялаў яго судовых працэсаў.

На 1670 г. Стэфан Багушэвіч яшчэ не атрымаў прывілея на падчаства Аршанскае і менаваўся, як гэта было ў звычаі таго часу, харужыцам (сынам харужага) Парнаўскім. Каралеўскі прывілей на падчаства Аршанскае пану Стэфану Багушэвічу — Мінькоўскаму быў падпісаны да 3 лютага 1676 года. Адначасова з Стэфанам Багушэвічам на 1688 г. трымаў урад падчашага Аршанскага яшчэ і пан Падбіпента. Судовага працэса аб законнасці надання ўрада паміж гэтымі асобамі не было.

Цікава, што ў каралеўскім прывелеі на наданне ганаровага тытула падчашага Аршанскага павета, вельмі важным дакуменце, Стэфан Багушэвічам – Мінькоўскім мянуецца Мікалаем Багушэвічам — Мінькоўскім. Цяперашнім часам памылка ў адну літару ў якім-небудзь дакуменце выбівае чалавека надоўга з каляіны жыцця. А тады ніхто і не звяртаў увагу на тое, што прывілей на ўрад выпісаны на іншага чалавека. Дарэчы, яшчэ ў адным дакуменце Метрыкі Вялікага княства, ад 22 жніўня 1680 г., ізноў упамінаецца Мікалай Багушэвіч — Мінькоўскі, абраны дэпутатам Галоўнага Трыбунала ад Аршанскага павету. Згодна нашых звестак, Мікалай Багушэвіч — Мінькоўскі сапраўды існаваў, ён займаў урад пісара гродскага свайго Аршанскага павету, але нам ніколі не сустракалася ўпамінанне аб трыманні ім падчаства Аршанскага.

Добра, што ў такой вялікай колькасці захаваліся матэрыялы Галоўнага Трыбунала і каралеўскага задворнага асэсарскага суда. Сёння мы ведаем, што 13 жніўня 1670 г. каралеўскі суд выдаў баніцыйны ліст Тамашу Быкоўскаму і яго жонцы Еве Пузыноўскай на Стэфана Багушэвіча. Усе шкоды і страты паноў Быкоўскіх, разам з судовымі накладкамі, былі старанна падлічаны ў часе разгляду гэтай справы на пасяджэнні Галоўнага Трыбунала яшчэ 16 жніўня 1668 г. Стэфану Багушэвічу Мінькоўскаму, харужыцу Парнаўскаму, было прад’яўлена патрабаванне аб аплаце 4405 польскіх злотых. Ёсць падставы лічыць, што большасць судовых працэсаў Стэфан Багушэвіч выйграў. Так, 14 лютага 1680 г. Стэфан Багушэвіч Мінькоўскі, ужо падчашы Аршанскі, атрымаў з канцылярыі Вялікага княства Літоўскага кантумацыйны (дазвол на працяг пераследу) ліст на пані Тэафілію Вайнянку, былую Мантыгайлавую, падкаморыну Пінскага павета, а цяпер Крыштофавую Богушавую, скарбнікавую Мазырскую, і самога Крыштофа Богуша скарбніка Мозырскага павета і ўсіх спадчыннікаў памерлага Андрэя Юшкевіча. Ад памерлага Стэфану Багушэвічу была налічана на атрыманне, з улікам судовых наклалаў, якія ішлі адпаведнай судовай установе, сума ў 5770 злотых. За нестанне на суд на абвінавачаных усклалі баніцыю. Як можна зразумець, гэтае паседжанне каралеўскага суда было не першым, на якім разглядалася справа аб праве ўласнасці на грунты ў Дайнове, размешчанай ў Ашмянскім павеце. Папярэдняе пасяджанне задворнага асэсарскага суда адбылася яшчэ 20 снежня 1678 г. Для Стэфана Багушэвіч справа ўскладнялася яшчэ і тым, што на гэта менне прад’явіў свае прэтэнзіі і Геронім Комар.

Верагодна, што ў Стэфана Багушэвіча былі неблагія адносіны з Марцінам Казімірам Валадковічам, гараднічым і падстарастам судовым Менскім. Багушэвіч неаднаразова замяняў Валадковіча на яго судовай пасадзе ў часе яго адсутнасці або пры разглядзе судовай справы, датычнай самога гараднічага і падстарасты судовага гродскага Менскага. Аднак самыя цёплыя, сяброўскія адносіны ўсталяваліся ў падчашага Аршанскага з Адамам Янішэўскім, пісарам гродскім Менскім. Стэфан Багушэвіч запрашаўся пісарам гродскім для сведчання самых важных папер. На 18 чэрвеня 1690 г. ён сведчыць рэестр выправы для дачкі Адама Янішэўскага, пані Гелены, пісараўны гродскай Менскай, якая ўступіла ў шлюб з Пятром Янам Корсакам Уздзельскім, падчашым Полацкім. Усе гэтыя дакументы Стэфан Багушэвіч падпісвае з пазначэннем прыдомка «Байрак». Паміраючы, Адам Янішэўскі запісаў у сваім тэстаменце жаданне, каб пасля сваёй смерці яго найлепшы сябра Стэфан Багушэвіч Байрак Мінькоўскі, падчашы Аршанскі, быў пахаваны побач з ім у яго асабістай капліцы. Акрамя Адама Янішэўскага, падчашы Аршанскі вельмі шчыра сябраваў і з Уладзіславам Янавічам Іваноўскім, спачатку з 6 кастрычніка 1666 г. — падчашым Віленскім, а з 1 верасня 1696 г. — падстоліем Вількамірскага павету. Мы павінны прывесці гэтыя звесткі, бо ў будучым яны спатрэбяцца для разумення прычын перахода Прылук да Іваноўскіх. Уладзіслаў Іваноўскі, у канцы жыцця падстолі Вількамірскі, двойчы ўступаў у шлюб. Першай яго абранніцай была Зося Падлецкая. У гэтым шлюбе нарадзіўся сын Стэфан, які кароткі час, з цэсіі (згоды) свайго бацькі з 18 снежня 1701г. і прыкладна да 6 лютага 1713г., трымаў урад падстолія Вількамірскага. Асаблівых звестак пра яго не засталося, ды і ў нашай гісторыі ён ніякага ўдзелу пс прымаў. Значна большую цікавасць выклікае другі шлюб Уладзіслава Янавіча Іваноўскага з Кацярынай Стэцкевічаўнай дачкой Ежы і Ганны Багушэвічаўны Мінькоўскай Стэцкевічаў, харужых Менскіх. У гэтым шлюбе нарадзіліся дачка Крыстына і два сыны: Ежы, у будучым суддзя гродскі Менскі і стараста Вісліцкі, і ІОзаф Міхал, спачатку гараднічы, а потым да канца свайго жыцця стараста судовы гарадавы Менскі. Памёр падстолі Вількамірскі 6 ліпеня 1702 т., склаўшы тэстамент, у якім прызначыў апекунамі сваіх непаўналетніх дзяцей і жонкі Стэфана Багушэвіча і Караля Казіміра Уніхоўскага, пісара земскага Менскага.

У 1700г. Стэфан Багушэвіч не пабаяўся выклікаць у гродскі суд Менскага ваяводства такіх асоб, як Шрэттэр, скарбны ВКЛ, Ежы Сапегу, стольніка ВКЛ, і Ізабэлу Палубінскую, маршалкоўну ВКЛ. Гэтыя прадстаўнікі эліты ВКЛ мелі свае маетнасці побач з Прылукамі і не саромеліся нападаць на грунты, якія належалі Стэфану Багушэвічу, падчашаму Аршанскаму, дзеля звоза ўпадабаных імі чужых падданых. Для разумення сутнасці справы неабходна дадаць, што на гэты час краіна была ахоплена грамадзянскай вайной: большасць шляхты Вялікага княства аб’ядналася вакол ідэі пакарання магутных Сапегаў, ўчыніўшых, як падавалася абывацелям княства, замах на іх вольнасці. На менні апальных Сапегаў не нападаў толькі самы лянівы.

Перажытая трагедыя не паспрыяла змякчэнню характара Стэфана Багушэвіча. У некаторых выпадках ён паводзіў сябе гэтаксама, як і забойца яго бацькі. У час Паўночнай вайны Стэфан Багушэвіч Мінькоўскі, падчашы Аршанскі, арганізаваў бандыцкі хаўрус. Узброіўшы падданых, челядзь, а таксама некаторых асабліва ахвочых да вялікіх грошай шляхціцаў, ён рабаваў мясцовую шляхту, цэрквы, звозіў чужых падданых, набіваў вазы рухомай маёмасцю, краў коней і быдла. Прычым, як сведчыў адзін з пацярпелых – пан Антоні Хлапіцкі, уладальнік невялікай часткі Астрашыцкага Гарадка, Стэфан Багушэвіч Мінькоўскі, падчашы Аршанскі, рабіў напады, легка ўступаючы ў змову як з Масквой, так і са шведамі. Самога Хлапіцкага, злавіўшы, пасеклі шаблямі так, што жывога месца на ім не засталося. Уратавалі небараку чужыя людзі.

Стэфан Багушэвіч Мінькоўскі, харужыц Парнаўскі і падчашы Аршанскі, ўступіў у шлюб з пані Марыянай з Кастравіцкіх. Праз жонку Стэфан Багушэвіч аказаўся ў сваяцтве з магутным родам Валадковічаў, які заўсёды імкнуўся быць першым сярод уладных родаў ваяводства. Сынам Стэфана Багушэывіча Мінькоўскага быў Марцін, якога забілі навучэнцы Менскага езуіцкага калегіума.

Шмат звестак захавалася пра Бенедыкта Багушэвіча – сына Стэфана Міькоўскага, падчашага Аршанскага, ад шлюбу з Марыянай з Кастравіцкіх. У той самы час Станіслаў Пішчала, падстолі і падстараста судовы Аршанскі, у сваёй скарзе ў Гродскі суд Менскага ваяводства ад 11 кастрычніка 1710 г. сярод сваіх крыўдзіцеляў згадвае не толькі Бенедыкта, але і Ежы. Ёсць меркаванне, што дачкой Стэфана Багушэвіча, падчашага Аршанскага, была Гелена Багушэвічаўна, якая на 1722 г. была ў шлюбе з Тамашом з Шкваркаў Гансеўскім, мечным Смаленскім. Вельмі часта прозвішча мечнага Смаленскага сустракаецца ў дакументах побач з імем і прозвішчам Бенедыкта Багушэвіча, на 30 снежня 1712 г. – стольніка Смаленскага, а потым з 1720 г. – і скарбніка Менскага ваяводства.

У пачатку 1701 г. Стэфан Багушэвіч Мінькоўскі, падчашы Аршанскі, атрымаў у заставу ад Яна Мікалая Радзівіла, крайчага ВКЛ, старасты Лідскага і Юрбакскага, сына канцлера ВКЛ Дамініка Радзівіла, частку Астрашыцкага Гарадка. Ян Радзівіл узяў пазыку ў памеры 44000 польскіх злотых і перадаў свае дзедзічныя ўладанні, як думалася, на час, а аказалася, назаўсёды Стэфану Багушэвічу.

У Багушэвічаў Мінькоўскіх па нейкіх прычынах не склаліся адносіны з навучэнцамі Менскага іезуіцкага калегіума, рэктарам якога на той час быў Бжастоўскі. Улічваючы сур’ёзную дысцыпліну, пануючую ў шэрагах гэтага ордэна, навучэнцы не маглі дзейначаць інакш як з намовы сваіх старэйшых. Здаецца, што і адсутнасць самога рэктара калегіума ў гэты дзень не была беспрычыннай. Як апавядаюць у дакуменце, унесеным у актавыя кнігі Менскага гродскага суда 13 жніўня 1707 г., Стэфан, падчашы Аршанскі, і Марыяна з Кастравіцкіх Багушэвічы разам з Бенедыктам, стольніка Смаленскім, іх сынам, ноччу з 17 лютага гэтага года, навучэнцы калегіума забілі іх сына Марціна. Як пазначаецца ў дакуменце : “ …езуіты, слугі і завядоўца адной маетнасцяў, належачых калегіуму сабраліся…” і чакалі прыезду Марціна Багушэвіча. “… У познюю вячэрняю пару Марцін Багушэвіч, падчашыч Аршанскі, разам з хлапцом ішоў праз рынак да свайго двара…” Як толькі ён параўняўся з гасподай (наёмнае жыллё) Уніхоўскга, пісара земскага Менскга, і агарожай езуіцкага кляштара, з незачыненай форткі кляштара выбеглі натоўпам навучэнцы калегіума, якія даўно яго чакалі, з кіямі і пачалі збіваць іх сына і барата. Як апісваюць гэты ўчынак крэўныя Марціна Багушэвіча, нападаўшыя навучэнцы “…здрадліва абкружылі, адабралі шаблю, разбілі галаву да мозга і павыбівалі вочы…”. Аб прычынах такога жорскага нападу і забойства чалавека, добра вядомага ў павеце, сёння можна толькі гадаць. На некаторыя думкі наводзіць прысутнасць сярод навучэнцаў і служак калегіума завядоўцы аднаго з многіх менняў, што належалі калегіуму. Здаецца, што калегіуму моцна даўся ў знакі малады і энергічны падчашыч Аршанскі.

З моманту свайго з’яўлення ў межах Вялікага княства Літоўскага езуіты даволі хутка ператварыліся ў бадай што самых багатых уладальнікаў зямель, менаваных земскімі і прадвызначаных раней для забеспячэння служылых людзей. Толькі ў Менскім павеце езуітам належалі такія вялікія менні, як Глівін і Упірэвічы, дзе ў другой палове XVIII ст. мелася каля 800 падданых толькі мужчынскага полу. Як суседзі езуіты былі вельмі нязноснымі: добра адукаваныя, маючыя сувязі ва ўсіх уладных колах дзяржавы і адукаваючыя іх несумненную падтрымку яны лёгка выйгравалі судовыя спрэчкі па валоданні зямлёй з малаадукаванай, а вельмі частка і зусім непісьменнай шляхтай.

Дарэчы, у радаводзе Багушэвічаў Мінькоўскіх, які знаходіцца ў справах дваранскага дэпутацкага сходу, аб існаванні ў Стэфана Багушэвіча, падчашага Аршанскага, яшчэ аднаго сына не ўпамінаецца. Ніколі аб сваім браце не ўпамінае і Бенедыкт Багушэвіч, скарбнік Менскі. Здаецца, што бакі хутка прыйшлі да згоды, крэўныя забітага Марціна атрымалі галаўшчызну, а ўспамінаць пра гэтую трагедыю не было патрэбны нікому.

Бенедыкт Багушэвіч, скарбнік Менскі, двойчы ўступаў у шлюб. Першай яго абранніцай была Грахоўская, памёршая каля 1720 г. У гэтым шлюбе нарадзіліся сыны Марцін і Стэфан і дачка Канстанцыя, пайшоўшая ў шлюб за Стэфана Жыжэмскага, пісарэвіча гродскага Менскага, старасту Кершніцкага. У другі раз ажаніўся скарбнік Менскі на Юдыце Рдултоўскай, дачцы Яна – свайго найлепшага прыяцеля, у будучым кашталяна Навагародскага.

Гаспадаранне Багушэвічаў Мінькоўскіх у Прылуках скончылася амаль праз 90 гадоў пасля атрымання гэтай вялікай некалі маетнасці. Трэба мець на ўвазе, што памеры Прылук з усімі прылеглымі да іх, як тады пісалі,сёламі і фальваркамі не былі аднолькавымі ў параўнанні з 1541 г. – ані ў 1645 г., ані ў 1730 г. Патрэба ў наўных грашах існавала заўсёды, і для яе задавальнення асобныя часткі маёнткаў аддзяляліся ад асноўнай часткі і пасля правядзення размежавання перадвалі ў заставу ахвочым асобам.

Пасля смерці ў пачатку 1734 г. скарбніка Менскага Бенядыкта Багушэвіча Мінькоўскага на землі Прылук звярнулі асаблівую ўвагу браты Іваноўскія-Ежы, стараста Вісліцкі і суддзя гродскі Менскі, і Юзаф Міхал, тады яшчэ гараднічы Менскі, пазней таксама стараста судовы Менскі. Асноўным прэтэндэнтам на Прылукі аказаўся стараста Вісліцкі. Як мы ўпаміналі крыху раней, Іваноўскія мелі неаспрэчныя правы не толькі на спадчыну па Ганне Багушэвічаўне Мінькоўскай Ежынай Стэцкевічавай, харужынай Менскай, але і на Прылукі. Будучы апекуном непаўналетніх яшчэ дзяцей падстолія Вількамірскага, Стэфан Багушэвіч прыбраў да сваіх рук значную частку багатай спадчыны харужых Менскіх. Пакуль падстолічы Вількамірскія былі ў апецы, усё было добра для Багушэвічаў. Становішча рэзка змянілася пасля дасягнення імі сталасці і выхаду іх з-пад апекі. Ня ўсё было скончана і з заставай Прылук. Згодна з дзеючым правам, крэўныя мелі некаторую магчымасць патрабаваць вяртання маетнасці прамым спадчыннікам Стэцкевічаў. Тым болей, што Багушэвічы атрымалі ад нашчадкаў Крыштофа Стэцкевіча, падкаморыя Браслаўскага, каля 11000 польскіх злотых – чацвёртую частку ўсёй застаўнай сумы. Да ўсяго гэтага свае асабістыя прэтэнзіі дадалі і самі Іваноўскія. Пасля выходу з-пад апекі Ежы і Юзаф Іваноўскія, склаўшы рэестр бацькоўскіх набыткаў, не далічыліся некаторых з іх. Зусім верагодна, што ў руках старасты Вісліцкага аказаліся пазыковы запісы скарбніка Менскага. Ежы Іваноўскі змог выкупіць іх прад’явіць для аплаты спадчыннікам памерлага. Дзеці Бенедыкта Багушэвіча ад яго другога шлюба на Юдыце Рдултоўскай, дачцы яго бліжэйшага сябра і хаўрусніка Яна, спачатку скарбніка Менскага, а ў канцы жыцця і кашталяна Навагародскага, Казімір і Антоні яшчэ не дасягнулі сталасці і не маглі аказаць сур’ёзнага супраціву. Да ўсяго гэтага Багушэвічаў спасціг няшчасны лёс. Памерлі сыны скарбніка Менскага ад яго шлюбу з Грахоўскай: Стэфан і Марцін. Прычым Марцін Багушэвіч, хутчэй за ўсё, быў забіты ў часе яго спрэчак з братамі Іваноўскімі, падстолічамі Вількамірскімі. Не змог аказаць дзейснай дапамогі і Ян на Рдултове Рдултоўскімі, кашталян Навагародскі. Марцін Багушэвіч Мінькоўскі, часта памылкова менаваны ў дакументах скарбнікам Менскім, і яго жонка Тэрэза з Тышкевічаў паспелі пасварыцца з ім з-за Хожава, размешчанага пад Маладзечнам.

Асабліва вострыя сутычкі адбыліся ў 1736 г. Як можна зразумець, самыя драматычныя падзеі пачаліся ў самым пачатку таго года. 5 красавіка Марцін Багушэвіч, мянуючы сябе скарбнікам Менскім, хаця, па сутнасці справы, ён быў толькі скарбнікавічам (сынам скарбніка) Менскім, ад свайго імя і імя сваіх непаўналетніх родных братоў Казіміра і Антонія ўносіць пратэст на гвалтоўныя дзеянні Ежы, старасты Вісліцкага, і Юзафа Міхала, гараднічага Менскага, Іваноўскіх. Вялікі натоўп слуг і памочнікаў Іваноўскіх, узначаленых Міхалам і Марцінам Жыжэмскімі, пісарэвічамі гродскімі Менскімі, крэўнымі жонкі Юзафа Іваноўскага, Аляксандрам Трускоўскім і Жыдовічам, напалі на іх маёнтак у Прылуках. Перастрашаныя дзеці і некаторая частка прыслугі заселі ў доме, чакаючы ўварвання рабавальнікаў у дом. Аднак, у нападаючых, відаць, быў загад не чапаць дзяцей. Вакол дома паставілі варту са стрэльбамі і дзідамі. Значная частка слуг і падданых Іваноўскіх занялася звычайным грабяжом. Пакуль на падводах вывозілі рознае дабро со свірнаў і іншых сховаў, зводзілі з двара быдла і коней, некалькі чалавек на вачах дзяцей “…форткі, дзверы ў доме ламалі і выбівалі…”. “Палі, на якіх мост праз раку збіраліся будаваць, павыціналі…”. Толькі апоўначы, пасля таго, як з сяла вывезлі ўсё. Што толькі можна было звезці, нападнікі пакінулі Прылукі. На гэтым справа не скончылася. 30 мая 1736 г. Юзаф Іваноўскі зводзіць падданага Марціна Багушэвіча Андрэя Качароўскага з сяла Дубравы. Неабходна адзначыць, што сялян зводзілі да іншага гаспадара часцей за ўсё з яго асабістай згоды. Як і сёння, тады таксама дзейнічаў прынцып “рыба шукае дзе глыбей, а чалавек дзе лепей”. Малады селянін не мог і марыць аб атрыманні ўласнага, няхай і невялікага, надзелу каб ажаніцца і пачаць самастойна весці сваю гаспадарку. А ў новага пана яму абяцалі каля паўвалокі зямлі, некалькі вольных ад аплаты падаткаў гадоў, некаторую дапамогу ў пабудове свайго асобнага дома.

Аб характары Ежы Іваноўскага, старасты Вісліцкага, ды і самога Юзафа, можна атрымаць уяўленне з падзей, адбыўшыхся 1 ліпеня 1726 г. У гэты дзень стараста Вісліцкі не пабаяўся ўчыніць напад на землі самога Антонія Агінскага, пісара Вялікага княства Літоўскага. Як паведамляецца аб гэтым у дакуменце, грамада слуг і падданых маладога Іваноўскага “…з стрэльбамі агністымі, трыбам (парадкам) жолнерскім на сяло і засценак Скробаўшчыну каля Койданава напаў і да дома Рыгора Дубкоўскага наехаў і акружыў яго. Страляў па ягоным доме і матку яго Кацярыну збіў і скрывавіў і скалечыў…”. А паколькі да самога гаспадара не змог дабрацца, то захапіў яго крэўнага Адама і звёз ў Чаркасы, дзе пасадзіў у вязанне, закаваўшы у ланцугі. Небарака знаходзіўся ў гэткіх умовах яшчэ 15 ліпеня таго ж года.

Да 1740 г. Прылукі поўнасцю перайшлі ў рукі Ежы, старасты Вісліцкага, і яго жонгі Розы са Слізняў, у першым шлюбе Стэфанавай Валадковічавай, падсудковай земскай Менскай. У гэтым шлюбе не было нашчадкаў. Пасля смерці брата Юзаф Міхал Іваноўскі не дапусціў, каб багатыя землі старасты Вісліцкага, уключаючы і Прылукі, перайшлі да дзяцей Стэфана Валадковіча. Яны без выняткаў сталі часткай яго вялікіх зямельных валоданняў. Як тлумачыў сам Юзаф Іваноўскі, брат пазычыў у яго значную суму грошай і не змог разлічыцца.

Пасля атрымання Прылук Юзаф Міхал Іваноўскі хутка стаў узнімацца ўгору па лесвіцы пасад і ўрадаў. Па каралеўскім прывілеі ад 19 верасня 1746 г. ён атрымаў тытул гараднічага Менскага. Крыху пазней ён атрымаў прывілей на староства судовае гарадавое Менскае. Як прызнаваўся перад смерцю сам Юзаф Іваноўскі, атрыманне староства яму вельмі дорага абышлося. Акрамя праўных (на правядзенне працэдур, звязаных з атрыманнем пасады) выдаткаў, прадугледжаных дзеючым правам, ён выдаткаваў яшчэ каля 120000 польскіх злотых.

Перад смерцю, 1 верасня 1760 г., на 60-м ад нараджэння годзе, Юзаф Міхал Іваноўскі, стараста судовы гарадавы Менскі, склаў тэстамент, дзе паклапаціўся аб забеспячэнні сваёй жонкі пані Марыяны з Жыжэмскіх і шматлікіх нашчадкаў. Жонцы перадаваліся ў пажыццёвае карыстанне дзве часткі Прылук, якія яму дасталіся ад памерлага брата Ежы, старасты Вісліцкага. Для забеспячэння пасагам незамужняй дачкі Розы і стварэння годных умоў жыцця малодшага сына Станіслава вылучаліся: Лахаўшчына з фальваркам Слабада, Стакоцічы, фальварак Талькаўшчына, Шчамысліца, іменне Падгай і Каханоўшчына. Стараста судовы гарадавы Менскі адчуў сябе нездаровым яшчэ ў 1759 г., але тады, як ён пісаў, “…яму дазволіў жыць яго нябесны заступнік святы Юзаф…”.

У мясцовай шляхты меліся вельмі сур’ёзныя прычыны для нараканняў на характар вядзення судовых спраў у гродскім судзе, які падпарадкоўваўся Іваноўскаму. Аднак Юзаф Іваноўскі дабіваўся у судах Вялікага княства Літоўскага рашэнняў па гэтых справах на сваю карысць.Несумненна, што акрамя нябеснага патрона, у судовага старасты Менскага меліся і зямныя абаронцы. Паміраючы, Юзаф Міхал Іваноўскі даручыў сваю сям’ю апекунам, якімі прызначыў самых аўтарытэтных асоб у ВКЛ. Апекунамі ягонай жонкі і дзяцей згадзіліся стаць: Міхал Радзівіл, ваявода Віленскі, гетман ВКЛ, Ігнацы з Казельска Агінскі, маршалак ВКЛ, Тадэвуш з Казельска Агінскі, кашталян Троцкі, ксёндз Солтык, біскуп Кракаўскі, і Ежы Мнішак, каронны маршалак надворны.

Праз некаторы час пасля пахавання мужа, менавіта – 16 лістапада 1761 г. пані Марыяна з Жыжэмскіх Юзафавая Іваноўская, старасціна судовая Менская, праз вознага правяла інтрамісію (уступленне ў правы валодання) у Прылуках, Прылучках, Слабадзе, Падгаі, Каханоўшчыне і іншых маёнтках, згодна з тэстаментам старасты судовага Менскага.

Пасля смерці мужа і бацькі для Іваноўскіх насталі цяжкія часы. Крэдыторы прад’явілі прэтэнзіі на значную суму грошай, якую ім завінаваціўся былы стараста судовы Менскі. У апошнія гады выдаткі Юзафа Іваноўскага перавышалі грашовыя паступленні ад яго камерцыйных устаноў і прыналежных яму падданых. Зразумела, што вастрыня праблемы крыху заспакойвалася тым, што старэйшы сын Юзафа Ігнацы Іваноўскі па цэсіі (згодзе) бацькі і з прывілея караля Станіслава Аўгуста ад 18 лютага 1760 г. атрымаў стараста судовае Менскае. Яго паўнамоцтваў хапала, каб крыху супакоіць патрабаванні крэдытораў. Аднак агульная сума прад’яўленых крэдыторамі грашовых патрабаванняў не магла быць забяспечана тымі грашовымі сродкамі, якія меліся ў распараджэнні самога Ігнацыя Іваноўскага і яго родных братоў. Да таго ж, яго браты, як і ён сам, прывыклі весці раскошнае жыццё. Марыяна з Жыжэмскіх і Ігнацы, яе сын, стараста судовы Менскі, Іваноўскія вымушаны былі правесці эксдывізію (выставіць на аўкцыён) па значнай частцы Прылуцкіх іменняў.

Яшчэ 24 кастрычніка 1777 г. Тэаніла з Іллічоў Іваноўская, старасціна судовая Менская, ад сябе і ад сына Максіміліяна і дачкі Караліны перадае ў заставу Франціску Вайдзевічу, суддзі гродскаму Менскаму, частку Лахаўшчыны. У рукі Францыска Вайдзевіча і яго жонкі пані Ганны з Праздзецкіх да 21 скавіка 1782 г. такім жа парадкам перайшлі Каханоўшчына, Падгаі і некаторыя іншыя фальваркі, аддзеленыя ад Прылук. Заўсёды землі перадаваліся ў заставу з вялікім спадзяваннем на тое, што цяжкія часы пройдуць і настане момант іх вяртання ў свае рукі. Вельмі мала можна прывеці прыкладаў здзяйснення гэтых надзей.

Да 1780 г. і Іваноўскія пазбыліся большай часткі Прылук. 26 студзеня 1778 г. Станіслаў з Рагала Іваноўскі, старасціч судовы Менскі, і яго жонка Барбара з Ратамскіх прадаюць значную частку сваіх асабістых валоданняў у Прылуках. Толькі за 20000 польскіх злотых Матэвуш і Кацярына з Янішэўскіх Ваньковічы, суддзі земскія Менскія, набываюць у старасцічоў Менскіх пазасталых ў іх трэць Прылук і Лахаўшчыны.

Вёска Прылучкі перайшла ў валоданне Багдана Кастравіцкага, будаўнічага Менскага. Перад смерцю, складаючы свой тэстамент, будаўнічы Менскі запісаў гэты фальварак сваёй добрай знаёмай пані Марысі Янавай.

Фёдар Чарняўскі «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *