Главная > Книга > АРХЕАЛАГІЧНЫЯ ПОМНІКІ В.ПРЫЛУКІ І НАВАКОЛЛЯ

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ ПОМНІКІ В.ПРЫЛУКІ І НАВАКОЛЛЯ

У сучасных беларускіх энцыклапедычных выданнях пра в.Прылукі напісана, што яны вядомы з XVI стагоддзя. Сапраўды, у 1508 г. намеснік мінскі князь Багдан Іванавіч Заслаўскі атрымаў прывілей, які пацвярджаў яго правы на валоданне дворцам (невялікай шляхецкай ці панскай сядзібай, маёнткам) Прылукі, які разам з іншымі наданнямі ён атрымаў яшчэ ад вялікага князя літоўскага Аляксандра, магчыма, разам з пасадаю намесніка мінскага, на якой Багдан знаходзіўся са жніўня 1499 г. да канца жыцця (1530 г.). Верагодна, разам з Прылукамі князь Багдан Заслаўскі атрымаў і двор Лошыца (хутчэй за ўсё – Лошыца Сухая), што знаходзіўся пры дарозе з Мінска на Слуцк, на беразе рэчкі Лошыца (зараз у межах Мінска, па вул.Лошыца 2-я, насупраць НДІ артапедыі і траўматалогіі). Прыналежнасць двара Лошыца Сухая да маёмасці князя Б.Заслаўскага пацвердзіла знойдзеная тут пры археалагічных раскопах двора кафля з выяваю герба “Пагоня”, якая мае характэрныя для 1520-1530 гг. марфалагічныя асаблівасці. З XIV ст. родавым гербам князёў Заслаўскіх быў “Леў” (выява яго маецца на пячатцы князя Міхала Яўнутавіча Заслаўскага, адбітай на пергаменце, датаваным 1 сакавіком 1386 г.). Аднак, як прамыя патомкі князя Гедыміна, Заслаўскія мелі права карыстацца яго гербам “Пагоня”, які з цягам часу родавага герба Гедымінавічаў зрабіўся дзяржаўным гербам Вялікага княства Літоўскага. Такім чынам, калі перадача Прылук князю Багдану Заслаўскаму сапраўды была звязана з прызначэннем яго на пасаду намесніка Мінскага, то гэта адбылася не пазней, чым у 1499 г., у канцы XV ст.

Кафля з выявамі гербаў
Кафля з выявамі гербаў

Агульнапрынята лічыць пунктам адліку гісторыі таго ці іншага населенага пункта дату першага згадвання аб ім у пісьмовых крыніцах (летапісах, хроніках і іншых дакументах). Аднак нярэдка бывае, што археалагічныя матэрыялы, здабытыя ў межах пасялення ці блізка ад яго, не толькі пацвярджаюць дату пісьмовых крыніц, але даюць іншую, як правіла, больш старэйшую. Мяркую, што выкарыстанне археалагічных крыніц для высвятлення першапачатковай даты пасялення магчыма толькі тады, калі прыцягваюцца не асобныя выпадковыя знаходкі, а комплекс культурнага пласта, які адпавядае тыпу паселішча, для высвятлення ранняй даты якога прыцягваецца. Напрыклад, для вёскі альбо сяла – гэта культурны слой селішча; для горада – культурны слой дзядзінца (замка), пасада.

Назва вёскі старажытная і мае славянскія карані. Паходзіць яна ад слова “лука” – выгін ракі ці берага іншага вадаёма. І сапраўды, побач з вёскаю рэчышча Пцічы мае некалькі прыкметных выгінаў-лук. Паселішча, якое ўзнікла каля гэтых выгінаў, магло называцца вёскаю альбо сялом “ прылуках”, падобная назва з часам магла трансфармавацца ў “Прылукі”. Блізкую па паходжанню назву мае адзін са старажытных населенных пунктаў Полацкай зямлі – Лукомль (мясцовае вымаўленне – “Лукамль”) і вядомае па пушкінскім творы казачная мясцовасць Лукамор’е.

У 1930 г. археалагічныя помнікі ў даліне р.Пціч абследаваў і картаграфаваў Анатоль Рынейскі. Ён адзначыў, што найбольшая колькасць курганоў прыпадае на тэрыторыю Самахвалавіцкага раёна. Высокая канцэнтрацыя курганных могільнікаў назіраецца ў бліжэйшым наваколлі в.Прылукі. Курганныя могільнікі – гэта пераважна вясковыя пахавальныя помнікі, якія сведчаць аб наяўнасці і канцэнтрацыі ў дадзенай мясцовасці вясковага насельніцтва X-XII стст.

Карта А.Рынейскага, 1930 г.
Карта А.Рынейскага, 1930 г.

Падобная канцэнтрацыя вясковага насельніцтва тут была не выпадковая і тлумачылася наступнымі фактарамі.

Па-першае, рака Пціч з`ўлялася воднай магістраллю, па якой усходнеславянскія плямёны (пераважана дрэгавічы) прасоўваліся з поўдня на тэрыторыю цэнтральнай Беларусі. Такую ж ролю, хоць спачатку і ў меншых маштабах, адыгрывала і Свіслач, значэнне якой пачало ўзрастаць з канца X-XI ст. Па Свіслачы на тэрыторыю сучаснай Міншчыны з Падняпроўя, Пасожжа праз нізоўі Бярэзіны траплялі асобныя групы радзімічаў, што засведчана раскопкамі сенніцкіх курганоў і козараўскага селішча ў Мінску. Сувязь паміж шляхамі па Пцічы і Свіслачы ажыццяўлялася па прытокам апошняй – рэчках Лошыцы і Сенніцы, ўздоўж берагоў якіх зафіксавана шмат курганных могільнікаў і селішчаў X-XII стст.

Па-другое, глебы гэтага рэгіёна, па дадзеных на сярэдзіну XIX ст., вызначаліся высокай урадлівасцю ( яна набліжалася да паказчыкаў слуцкай і наваградскай зон, якія называлі “беларускай Украінай”).

Па-трэцяе, геаграфічная блізкасць буйнога горада, цэнтра воласці, а потым удзельнага княства і зямлі – Менска, які спачатку месціўся на правым прытоку Пцічы – рэчцы Мена (Менка), а з канца XI ст. знаходзіўся пры ўпадзенні рэчкі Нямігі ў Свіслач.

Вялікая колькасць курганоў зафіксавана А.Рынейскім не толькі ў наваколлях Прылук, але і ў самой вёсцы, дзе ў адзінаццаці месцах мелася 60 курганоў пераважна сярэдніх памераў. Непадалёку ад Прылук, каля в.Стукацічы, ў пяці месцах знаходзіліся 103 курганы, самы вялікі могільнік ва ўрочышчы Ялавіца налічываў 90 насыпаў. Як паказалі нядаўнія раскопкі яго рэшткаў, курганы ў Ялавіцы датуюцца X – першай паловай XI ст. Больш за 50 курганоў даволі вялікіх памераў знаходзіліся ў трох месцах каля в.Скарынічы. Вельмі верагодна, што гэтыя скопішчы значных па колькасці насыпаў курганных могільнікаў маркіруюць сухапутную частку шляху ад Свіслачы да Пцічы, якая пачыналася непадалёку ад Прылук, каля вытокаў рэчкі Сенніцы (побач з аднаназоўнай вёскай) і цягнулася ў напрамку р.Пцічы, выходзячы на яе побач з вёскамі Прылукі і Лецкаўшчына.

Курганная группа при дороги из д.Прилуки в д.Лесковщина. План 1930 г.
Курганная группа при дороги из д.Прилуки в д.Лесковщина. План 1930 г.

Невядома, займаліся ўладальнікі Прылук графы Чапскія аматарскімі раскопкамі курганоў у сваіх уладаннях ці не, аднак можна меркаваць, што вялікая колькасць гэтых помнікаў на іх землях, з аднаго боку, і вялікая цікавасць адукаванай часткі грамадства тых часоў да археалогіі – з другога маглі стымуляваць падобныя раскопкі.

У адрозненне ад курганоў, якія добра бачныя на мясцовасці, селішчы (рэшткі неўмацаваных пасяленняў, пераважна вясковых) не маюць выразных знешніх прыкмет, акрамя спецыфічнай цёмнай афарбоўкі культурнага пласта, якая паступова страчваецца ад шматгадовага разворвання. Таму невыпадкова, што ў розных спісах археалагічных помнікаў на адно вядомае селішча прыпадае некалькі адзінак, а то дзесяткаў могільнікаў. І ўсё ж за апошнія дзесяцігоддзі нашымі намаганнямі на берагах Пцічы, Свіслачы і іх прытокаў знойдзены і часткова вывучаны каля паўсотні селішчаў X-XIII стст. Паралельна з пошукамі селішчаў адкрываліся і вывучаліся не вядомыя раней курганныя могільнікі гэтага рэгіёна.

Некалькі селішчаў знойдзены намі ў межах маёнтка графаў Чапскіх ці ў непасрэднай блізкасці ад іх. У сваёй большасці яны маюць адносна невялікую плошчу (ад 1,5 да 2 га: Лецкаўшчына, Каханоўшчына і інш.). Матэрыялы, якія былі на іх сабраны падчас археалагічных разведак, выразна падзяляюцца на дзве храналагічныя групы: X-XII (радзей XIII) і XV-XVIII стст., прычым ніжняя дата артэфактаў другой групы можна вызначацца XVI і нават XVII ст.

Адначасова з такімі адносна невялікімі існавалі і больш значныя па памерах селішчы, напрыклад каля в.Стукацічы (амаль 4 га) і Забалацце – Прылучкі. Апошнія праходзяць у літаратуры як два асобныя селішчы, але на справе з`яўляюцца адным, якое падзяляецца на дзве часткі балоцістай лагчынай з рэшткамі ручая, што ўпадаў у Пціч. Матэрыялы X-XII стст. з культурнага пласта селішчаў каля в.Забалацце і Прылучкі цалкам ідэнтычныя, і гэта дазваляе меркаваць, што па сутнасці гэта адзінае селішча, якое падзялялася ручаём на дзве няроўныя часткі. Агульная плошча селішча дасягала 5,6 га.

Селища у д.Заболотье, Прилучки, Лецковщина
Селища у д.Заболотье, Прилучки, Лецковщина

У 1997 г. пры абследаванні тэрыторыі в.Прылукі на схіле паўночнага берага сажалкі, на агародах было знойдзена селішча плошчай каля 1,4-1,5 га на тэрыторыі якога былі сабраны матэрыялы, якія выразна падзяляюцца на дзве храналагічныя групы: другой паловы X-XII і XVII-XVIII стст. Гэта рэшткі вёскі, з якой пачыналася гісторыя Прылук, што налічвае, такім чынам, не менш як 1000 гадоў.

Агляд помнікаў даўніны Прылукскага наваколля быў бы няпоўным без згадвання знакамітага манетнага скарбу, знойдзенага ў 1894 г. у в.Лецкаўшчына мясцовым селянінам. Найбольш грунтоўныя звесткі па гэтым скарбе ўтрымліваюцца ў манаграфіі А.Маркава. Паколькі кніга была напісана яшчэ ў 1893 г., звесткі пра больш познія знаходкі змешчаны ў дадатку да яе. Згодна з А.Маркавым, скраб знойдзены ў в.Лецкаўшчына (у публікацыі яна памылкова названа “Ленциковщина “), складаўся з 502 дырхамаў, якія чаканіліся паміж 816 і 911 гг.: 19 аббасідскіх, 5 тагерыдскіх, 6 саффарыдскіх, 405 саманідскіх і 7 імітацый апошніх, а таксама 60 манет, якія нельга вызначыць з прычыны іх моцнай зношанасці. (Вызначэнне манет скарбу зроблена ў Імператарскай Археалагічнай Камісіі баронам В.Г.Тызенгаўзенам).

У гэтай жа публікацыі згадваецца манетны скарб, знойдзены селянінам ва ўладаннях графа К.фон Гутэн-Чапскага. Яго А.Маркаў агледзеў у мясцовам паліцэйскім ўпраўленні. Звесткі пра гэтыя зназходкі змешчаны адпаведна пад нумарамі 13 і 14 у дадатку да яго кнігі. Гэта, а таксама няўважлівае ўспрыняцце інфармацыі парадзіла версію аб існаванні нібыта двух асобных скарбаў. Пытанне яшчэ больш заблытала публікацыя Г.В.Штыхава, у якой ідзе гаворка менавіта пра два скарбы. Між тым з параўнання апісанняў скарбаў, змешчаных пад нумарамі 13 і 14 у дадатку да кнігі А.Маркава, вынікае, што гаворка ідзе пра адзін і той жа скарб. На гэта ўказвае наступнае.

Па-першае, у абодвух выпадках знаходкі зроблены ў адным і тым жа годзе – 1894-м.

Па-другое, месца знаходкі аднаго скарбу названа амаль дакладна: «Минской Губернии, Минского уезда Самахваловичской волости в деревне Ленциковщине» (так у Маркава, замест «Лецковщине»), пра другі сказана: «Минской губернии около города Минска в имении графа К.Гуттенъ-Чапскаго». Аднак, у 1894 г. в.Лецкаўшчына знаходзілася, як і зараз, непадалёку ад Мінска і ўваходзіла ў склад маёнтка графа Караля фон Гутэн-Чапскага.

Па-трэцяе, абедзве манеты з “другога скарбу”, якія былі вызначаны самім А.Маркавам (саманіцкі дырхам, чаканены ў Балхе ў 292 (904) г. і падборка пад саманіцкі дырхам) цалкам упісваюцца ў склад і датаванне манет скарба з Лецкаўшчыны.

Адзінае разыходжанне, якое ёсць у апісанні скарбаў, змешчаных у дадатку да кнігі А.Маркава пад нумарамі 13 і 14, — гэта звесткі пра колькасць манет, адпаведна 502 і 500. Дарэчы, розніца ў гэтых дадзеных не такая ўжо і значная і мае тлумачэнне. Знаёмства з архіўнымі справамі Імператарскай Археалагічнай камісіі (кнігі запісаў аб паступленні манетных скарбаў) паказала, што пасля вывучэння складу скарбу (месцы і даты чаканкі манет) камісія звычайна адбірала для сталічных музеяў рарытэтныя манеты (ад адной да некалькіх), а астатнія вяртала “находчику” ці, калі захаванасць іх была зусім дрэнная, аддавала на пераплаўку. Вельмі верагодна, што скарб з Лецкаўшчыны Археалагічная Камісія вярнула селяніну, які знайшоў яго, праз мясцовае паліцэйскае управленне, дзе А.Маркаў і бычыў скарб. Зразумела, за мінусам тых двух манет, што засталіся ў камісіі.

Сказанае вышэй дазваляе нам меркаваць, што пад нумарамі 13 і 14 дадатка ў манаграфіі А.Маркава гаворка ідзе пра адзін і той жа скарбе, які быў знойдзены селянінам ў в.Лецкаўшчына ў 1894 г.

Ужо ў канцы XX ст. шляхам апытання старажылаў вёскі ўдалося вызначыць прыкладнае месца, дзе быў знойдзены скарб. Высветлілася, што схаваны ён быў на тэрыторыі селішча, з паверхні якога сабраны фрагменты вырабленага на ганчарным крузе керамічнага посуду другой паловы X – другой паловы ці пачатку XIII ст. Аднак знаходка на тэрыторыі гэтага археалагічнага помніка скарбу першай паловы X ст. дазваляе спадзявацца, што ў культурным пласце будуць адшуканы больш раннія артэфакты, якія наблізяць храналогію лецкаўшчынскага селішча да храналогіі паселішча на р.Мена (Менка), дзе ў 1999 г. у нашым раскопе XVII быў знойдзены срэбны дырхам 280 г.х. (893/894), які чаканіўся на манетным двары горада Шош (вызначэнне В.Н.Рабцэвіча). Дарэчы, дырхамы, якія чаканіліся ў гэтым самым горадзе і ў той жа год, меліся сярод манет скарба з Лецкаўшчыны.

Юрый Заяц «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *