Главная > Книга > Гаспадыня маёнтка Станькава — Эльжбета Меендорф

Гаспадыня маёнтка Станькава — Эльжбета Меендорф

Эльжбета фон Гутэн-Чапская нарадзілася 22 верасня 1833 года ў Інфлянтах. Бацька яе – вучоны, падарожнік, пісьменнік, палкоўнік штаба пасольства Расіі ў Бухары, стацкі дарадца, барон Георгій-Вальтэр-Конрад Меендорф (1795 – 1861). Маці, Соф’я Штакельберг (1806 – 1891), велікасвецкія дэспатычная дама з сям’і барона Штакельберга. І бароны Меендорфы і бароны Штакельбергі былі прыбліжанымі да царскага двара Расійскай імперыі.

Не без уплыву царскай адміністрацыі быў і шлюб у 1854 годзе графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага з баранэсай Эльжбетай Меендорф, у сваю чаргу параднёнай з уплывовым пры царскім двары родам баронаў Штакельбергаў. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, гэта была “паненка вельмі пасажная, добрага выхавання і адукаванасці”. Жывучы ў маёнтку Станькава, яна змагла зрабіць яго цудоўным месцам цішыні і спакою для сваёй сям’і. Гэтую цішыню і спакой не турбавала нават блізкае суседства шматтысячнага насельніцтва губернскага горада Мінска.

 графиня София Штакельберг и Георгий-Вальтер-Конрад фон Мейендорф
графиня София Штакельберг и Георгий-Вальтер-Конрад фон Мейендорф

У 50-я гады ХІХ стагоддзя графамі фон Гутэн-Чапскімі быў закладзены парк. Яго фарміраванне цягнулася аж да пачатку ХХ стагоддзя. У Станькаўскім парку на яго ўзвышанай частцы стаяў шыкоўны беласнежны двухпавярховы мураваны палац з партэрнымі прыбудовамі ў эклектычным стылі. Улетку прыгожосць палацу надавалі вялікія клумбы рознакаляровых дываноў кветак і старадаўнія траўнікі – тады бялізна муроў палаца кантраставала яшчэ ярчэй і прыгажэй на фоне зеляніны. Ад цэласнасці і злітнасці збудаванняў адгароджвала аплеценая плюшчом веранда з боку агарода – улюблёнае месца адпачынку графскай сям’і ў час летняй гарачыні і спёкі. Пра гэты палац сучаснікі казалі, што ён хоць і не вызначаўся адмысловай архітэктурай, але нагадваў агромістую скарбонку, якая была напоўненая найвялікшымі каштоўнасцямі.

Шлюб з Эльжбетай Меендорф даў Эмерыку фон Гутэн-Чапскаму доступ у самыя высокія колы расійскай арыстакратыі, уключаючы членаў царскай сям’і. І давер да яго быў такі вялікі, што расійскі імператар Аляксандр II прызначыў Эмерыка Чапскага ноўгарадскім губернатарам у час паўстання 1863 – 1864 гадоў, што было амаль неверагодна для паляка паводле веравызнання.

Апека над рознымі гатункамі дрэў, догляд усіх экзэмпляраў флоры ў парку і станькаўскім агародзе былі любімымі заняткамі графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага і яго жонкі Эльжбеты фон Гутэн-Чапскай ў вольны час. Аб гэтых інтарэсах сведчаць успаміны ў лістах Эмерыка з Крыма да сваёй жонкі. У адным з лістоў ён з радасцю паведамляў, што выбраўся да Мінеты, каб убачыць арбарэтум – тэрыторыю, дзе размяшчаюцца калекцыі дрэў, хмызнякоў, ліянаў і іншых, якія культывуюцца пад адкрытым небам і служаць для навуковых, вучэбных і культурна-асветніцкіх мэт, а пазней Э.Гутэн-Чапскі з вялікім веданнем справы даводзіў Эльжбеце Гутэн-Чапскай пра гатункі гэтых экзатычных дрэў і раслін.

Разам з тым, Э.Гутэн-Чапскі пісаў жонцы з Харкава: «Я отыскал здесь четыре великолепные монеты, за которые должен прислать [свои] дубликаты из Петербурга».

Станькаўскі парк – зялёнае цуда прыроды, якое было створана больш, чым з 8-мі тысяч дрэў і хмызнякоў. Акрамя мясцовых раслін, тут атрымалі “прапіску” шаноўныя госці з розных краін свету. У беларускую землю былі высаджаны піхта сібірская, гібрыд вяза з аўстралійскім арэхам, сасна, клён серабрысты, таполя лаўралістая, сасна Веймутавая, вяз голы Кампердаўна, ліпа сэрцападобная, лістоўніца, клён востралісты Шведлера, конскі каштан васьмітычынкавы, туя заходняя і многія іншыя экзатычныя расліны. На штучным востраве, на возеры, якое тут утварае рака Рапуса перад беласнежнай прыгожай альтанкай – адзіны ў Беларусі экземпляр дуба чарэшчатага ніцага (голага).

Ад маёнткавага палаца ішоў злёгку нахілены да поймы ракі Рапусы і Станькаўскага возера разнатраўна-злакавы луг, які займаў нівеляваны схіл тэрасы. Яго пакрывалі суцэльныя зараснікі барвенку, якія ўтваралі ў час цвіцення прыгожы блакітны фон. Улетку каляровы эфект Станькаўскаму парку надавалі адзінкава раскіданыя па перыметру пасадкі дрэў клёну востралістага Шведлера, які маляўніча выдзяляўся аліўкава-чырванаватай лістотай на агульным фоне зеляніны і ўзмацняў мастацкае ўздзеянне пейзажу на чалавека.

Гэтая прыгожосць Станькаўскага парку ў многім была дасягнута дзякуючы мастацкаму густу і намаганням графіні Эльжбеты фон Гутэн-Чапскай.

Акрамя гаспадарчых клопатаў у маёнтку Станькава, графіня Эльжбета фон Гутэн-Чапская актыўна дапамагала мужу ў сістэматызацыі вялізарнай нумізматычнай калекцыі і ўпарадкаванню збораў.

Елизавета-Каролина-Анна и Эмерик-Захарьяш-Николай-Северин фон Гуттен-Чапские в Кракове в 1895 году.
Елизавета-Каролина-Анна и Эмерик-Захарьяш-Николай-Северин фон Гуттен-Чапские в Кракове в 1895 году.

У лістападзе 1895 года граф Эмерык Гутэн-Чапскі заразіўся тыфам. Хвароба злажыла яго на два месяцы, стан яго быў цяжкі, хвілінамі безнадзейны. Толькі ў лютым 1896 года, дзякуючы клопату і апецы Эльжбеты фон Гутэн-Чапскай і моцнаму арганізму, Эмерык фон Гутэн-Чапскі прыйшоў да сябе.

Пасля смерці графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага 23 ліпеня 1896 года ў Кракаве Эльжбета фон Гутэн-Чапская працягвала ўпарадкаванне нумізматычна-археалагічных скарбаў, калекцый і пабудову музея. Яна асабіста кіравала складаннем каталагаў бібліятэкі, якая налічвала тысячы тамоў. У 1900 годдзе за ўласны кошт у Кракаве Эльжбета Гутэн-Чапская выдала каталог «Spis drukow epoki jagiellonskiej» (“Спіс друкаў эпохі Ягелонскай”). У 1901 годдзе зноў жа за свой кошт выдала каталог «Spis rucin przedstawiajacych portrety przewaznie osobistosci polskich» (“Спіс карцін, якія прадстаўлялі пераважна польскіх асоб”). Графіня Эльжбета фон Гутэн-Чапская засведчыла аб сабе і як таленавітая мастачка. Яна зрабіла прыгожыя малюнкі манет у чатырох тамах нумізматычнага каталога, які ў 1871 – 1896 гадах складаў Эмерык Гутэн-Чапскі і выдаваў іх. Намаганнямі Эльжбеты Гутэн-Чапскай быў падрыхтаваны і ў 1916 годзе выдадзены ў Кракаве, апошні, пяты том «Catalogue de la collection des medailles et monnaies polonaises du Comte Emeric Hutten-Czapski» (“Каталог. Коллекция медалей и монет польских”) (1871 – 1916).

Эльжбета фон Гутэн-Чапская выдала ”Список гравюр, на которых изображены портреты польских знаменитых личностей в собрании Эмерика графа Гуттен-Чапского в Кракове”, дзе налічвалася 2 тысячы 383 адзінкі і захавання.

Фото Елизаветы-Каролины-Анны фон Гуттен-Чапской и Феликса Корреры в кабинете Э.Гуттен-Чапского в Кракове в 1897 году
Фото Елизаветы-Каролины-Анны фон Гуттен-Чапской и Феликса Корреры в кабинете Э.Гуттен-Чапского в Кракове в 1897 году

Эльжбета фон Гутэн-Чапская скончыла будаўніцтва фондасховішча ў Кракаве, упарадкавала ўсе зборы Эмерыка фон Гутэн-Чапскага. У музейным памяшканні адкрыла памятную дошку мужу. Але найбольш, чым у Кракаве, яна жыла ў Станькаве ў сына Караля. З цягам часу музей у Кракаве станавілася для яе ўсё цяжэй.

Крыху раней графіня Эльжбета фон Гутэн-Чапская ажыццявіла выкананне тэстамента (завяшчання) графа Эмерыка Гутэн-Чапскага ў тым пункце, які быў прысвечаны калекцыям. Эмерык фон Гутэн-Чапскі пажадаў, каб яго вялікія і каштоўныя калекцыі сталі ўсеагульнай уласнасцю. Эльжбета фон Гутэн-Чапская дамаглася таго, каб ўсё, што яны сабралі з мужам, было падарвана гораду Кракаву. Дзеля таго, каб усё гэта стала музеем, графіня Эльжбета фон Гутэн-Чапская падарвана гораду Кракаву свой уласны будынак музея. У гэтым будынку і па сённяшні дзень захоўваецца музейная калекцыя графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага.

І найбагацейшы, і найцікавейшы музей “Зборы імя графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага” з’явіўся на свет божы дзякуючы велізарнай аматарскай калекцыі Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, якую ён старанна збіраў на працягу дзесяткаў гадоў і перавозіў у маёнтак Станькава. У Кракаў гэта калекцыя была перавезена графам Эмерыкам фон Гутэн-Чапскім пад канец жыцця ў 1894 годзе. Паўстала ж гэтая калекцыя ва ўсёй сваёй унікальнасці і прыгажосці дзякуючы апякунству, старанням і намаганням графіні Эльжбеты фон Гутэн-Чапскай.

У Кракаве на вуліцы Вольскай, 12 над уваходам у будынак быў надпіс на лацінскай мове:”Monumentis Patriae naufragio ereptis” (”Айчынным рэліквіям, якія былі выратаваны ў гістарычнай буры”). А ніжэй было напісана:”Нацыянальны музей, філіял імя Эмерыка Гутэн-Чапскага”. А над ўваходам у суседні будынак на вуліцы Вольскай,10 па-польску напісана :”Збор імя графаў Гутэн-Чапскіх”.

 Елизавета-Каролина-Анна фон Гуттен-Чапская в Прилуках в 1903 г.
Елизавета-Каролина-Анна фон Гуттен-Чапская в Прилуках в 1903 г.

Пасля смерці графа Эмерыка Гутэн-Чапскага, пад канец жыцця Эльжбета фон Гутэн-Чапская пераехала на сталае месца жыхарства ў Мінск. Яна жыла ў сыноў — Караля ў Станькаве і Юрыя (Ежы) ў Прылуках.

Працягвала актыўна апякаць музей у Кракаве, падтрымлівала рэгулярныя сувязі з навукова-культурнымі ўстановамі і грамадскімі дзеячамі горада Кракава.

Елизавета-Каролина-Анна фон Мейендорф
Елизавета-Каролина-Анна фон Мейендорф

Памерла графіня Эльжбета фон Гутэн-Чапская 17 кастрычніка 1916 года ў маёнтку Станькава. Пахавана ў Станькаве ў радавай крыпце пад касцёлам, які быў разбураны яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.

Нам жа застаўся адзін з самых прыгожых і вядомых палацава-паркавых комплексаў у Беларусі – Станькаўскі парк. Цяпер тут аднаўляецца вядомая “Скарбніца” і Станькаўская Свята-Мікалаеўская праваслаўная царква.

Ад касцёла да нашага часу засталася каваная ўзорчатая брамка і невялікі пагорак фундамента, на якім растуць дрэвы – прыгожыя белыя бярозы.

Каваная брамка цяпер знайшла сваё ганаровае месца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея.

Усе міфы, легенды і паданні, якія з мінуўшчыны дайшлі да нас пра графаў фон Гутэн-Чапскіх і іх няверных жонак, да Эльжбеты фон Гутэн- Чапскай не маюць ніякага дачынення. З дзяцінства баранэса Ліза Меендорф была выхавана ў надзвычай строгіх пурытанскіх норавах, і таму для яе здрада мужу была вялікім грэхам. Пры такой строгай і дэспатычнай маці, якой была Софь’я Штакельберг, Эльжбеце фон Гутэн-Чапскай пра здраду мужу ні жадання, ні нават думак у галаве не было.

Асноўныя і найбольш папулярныя легенды “Графскі садоўнік” і “Няверная жонка”, якія дайшлі да нашага часу пра графаў фон Гутэн-Чапскіх і іх жонак – гэта ці то багатая народная фантазія, ці то проста падмена прозвішчаў дзеючых асоб і месца дзеяння іх у гэтых легендах.

Анатоль Валахановіч «ЖЫЦЦЁ АЙЧЫНЕ,ГОНАР НІКОМУ»

P.S. Орфография автора сохраняется

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter.

Игорь Калюжный - автор идеи исторического блога czapski.by. Увлекается историей древнего рода Гуттен-Чапских.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *